• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Не цярпела рэдактароў, якія цэнзуравалі мае выпускі». Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў – пра прафесію і харвацкія медыі

    Мая Север адмыслова сёлета прыехала ў Вільню на ўзнагароджанне лаўрэатаў конкурсу «Вольнае слова». Пасля цырымоніі прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў сустрэлася з беларускімі медыйшчыкамі ў нефармальнай абстаноўцы, дзе расказала пра сябе і сваю працу.  

    Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север

    Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север. Вільня, 10 верасня 2024 года

    «У 20 гадоў стала ваенным рэпарцёрам»

    Мая Север пачала сваю прафесійную кар’еру ў якасці ваеннай рэпарцёркі харвацкай грамадскай тэлекампаніі HRT. Журналістка перажыла сацыялістычную дыктатуру, войны падчас развалу Югаславіі, усё сваё жыццё змагалася з цэнзурай і ціскам. 

    «Вайна пачалася ў 1991 годзе. Я ва ўзросце 20 гадоў стала ваенным рэпарцёрам. Праз пару жудасных гадоў я вярнулася ў Заграб і пачала на практыцы вывучаць, што такое журналістыка.

    Быць журналістам падчас узброеных канфліктаў і прытрымлівацца стандартаў — гэта вельмі цяжка, асабліва калі гэта твая Радзіма. З аднаго боку, ты маеш вайну, а з іншага боку, у тваёй краіне застаюцца вось гэтыя звычайныя праблемы — карупцыя, праблемы з адкрытасцю ўладаў для грамадства. Цяжка заставацца цалкам аб’ектыўнай, бо раніцай п’еш каву з калегамі, а вечарам даведваешся, што іх забілі на фронце», — разважае яна. 

    Уся сям’я Маі тым ці іншым чынам звязана з журналістыкай. Спадарыня Север прызнаецца, што ўвогуле напачатку яна хацела быць актрысай ў тэатры. 

    «Але пайшла вучыцца журналістыцы, таму што праваліла іспыт на актрысу, а гэты ўніверсітэт знаходзіўся побач», — жартуе Мая. 

    «Палітыкі не любілі тэмы, якія мы асвятлялі»

    Пасля заканчэння вайны ў Харватыі Мая Север стала працаваць рэдактаркай і журналісткай папулярнага вечаровага шоў. 

    «14 гадоў я правяла там у якасці вядучай навінаў, а таксама журналісткі і шэфа каманды, — расказвае яна. 

    – Я не цярпела рэдактароў, якія хацелі цэнзураваць мае выпускі, вучылася змагацца з імі і пераадольваць. Яны хацелі змяніць кантэкст, казалі, што мы павінны асвятляць забаўляльныя, пазітыўныя рэчы.

    Рэдактары выкарыстоўвалі ўсе магчымасці для ціску на мяне: пасоўвалі эфірны час, уцягваліся ў хэйт-спіч кампаніі супраць мяне і калег ды іншае, бо палітыкі не любілі тэмы, якія мы асвятлялі. Напрыклад, пра ваенныя злачынствы, скандалы ў каталіцкай царкве».

    Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север

    Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север (справа) падчас нефармальнай сустрэчы з беларускімі журналістамі. Вільня, 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    Выступоўца ўзгадвае гісторыю, як харвацкія медыі не хацелі публікаваць матэрыял пра чыноўніка, які займаўся карупцыяй. 

    «Мы ў праграме зрабілі гэта. Тады нас выклікала галоўная рэдактарка, стала мне казаць, што знішчыць маю праграму, звольніць. А праз некалькі дзён галоўны шэф, які быў над ёй, запытаўся ў рэдактаркі, чаму не апублікавалі гісторыю пра карупцыю. І яна як бы з гонарам сказала, што як раз апублікавалі яе», — кажа Мая.  

    Але пасля гэтага выпадку праграму спадарыні Север закрылі, а яе звольнілі. 

    «Адзін з аргументаў галоўнага рэдактара быў пра тое, што яны нібыта атрымалі шмат лістоў ад гледачоў са скаргамі на праграму. Але высветлілася, што гэта была спецыяльная хэйт-спіч кампанія супраць праграмы і мяне.

    Адзін з удзельнікаў кіруючай партыі краіны, сябар парламенту ў дзень майго звальнення ў сацсетках напісаў, што дужа шчаслівы наконт гэтага, таму што нібыта я ненавідзела ўсё харвацкае. Мая адвакатка прапанавала падаць на яго пазоў у суд. Я спачатку адказала, што ў яго дэпутатцкая недатыкальнасць, імунітэт, але пасля пагадзілася. На судзе гэты мужчына казаў, што не ведае, чаму так напісаў. Я прасіла толькі выбачэнняў ад яго, але суддзя прызначыла яму яшчэ і штраф — каля 2000 еўра», — расказвае Майя. 

    «Мы, журналісты, сапраўды можам мяняць свет і уплываць на яго»

    Хутка новая праца знайшла Маю — на харвацкім радыё і тэлебачанні. 

    «Праз паўгады даведалася, што адзін з супрацоўнікаў з маёй мінулай працы сказаў, што навошта закрылі маю праграму, бо цяпер на новым месцы ў мяне шмат часу, каб рабіць «вэрхал», як ён выказаўся», — кажа яна. 

    Сцяг НСЖУ

    Падчас канферэнцыі ў Вільні быў разгорнуты сцяг Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны. Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі, старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус, прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север, старшыня БАЖ Андрэй Бастунец і намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў, 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    Спадарыня Север не хавае, што шмат разоў атрымлівала пагрозы ад розных людзей.

    «Я шмат разоў атрымлівала пагрозы ад розных людзей: напрыклад, пісалі ў сацсетках, што хочуць забіць мяне і маіх дачок. Я зрабіла скрыншот і адправіла ў паліцыю. У выніку высветлілася, што напісаў пагрозы эмігрант з Францыі, які прыехаў у Харватыю. Яго арыштавалі і адправілі на восем месяцаў пад назіранне праваахоўных органаў.

    Я зрабіла з гэтага працэсу цэлую піяр-кампанію, каб астатнія бачылі, наколькі важна думаць пра тое, што і як выкажаце публічна ў сацсетках. І заклікала калег рабіць тое ж самае ў выпадку, калі яны атрымліваюць пагрозы. Гэта не нармальна, калі ў грамадстве нейкія людзі думаюць, што могуць пагражаць журналістам за іх сумленную працу гвалтам і забойствам, пісаць гэта на «Фэйсбуку», і ім за гэта нічога не будзе», — упэўнена спадарыня Север.

    Журналістка прызнаецца, што яна часта думала над тым, каб здацца. Але гэта хутка праходзіла. 

    «Я стала адказвала сабе, што не сдамся, бо люблю гэтую прафесію. Яна найлепшая, бо мы, журналісты, сапраўды можам мяняць свет і уплываць на яго, — перакананая Мая. — Калі мой калега публікуе нейкае расследаванне пра карупцыю ва ўладзе, заўсёды чакаю, калі на публіцы з’явіцца чыноўнік, які будзе чырванець і апраўдвацца. Гэта вартае таго». 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці