• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэжысэрка Дар’я Жук: «Усе першыя праекты незалежнай кінаакадэміі зьвязаныя зь Беларусьсю»

    Дар’я Жук — кінарэжысэрка, прадусарка, сцэнарыстка, ляўрэатка шматлікіх кінэматаграфічных прэмій і сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі, адказала на пытаньні Радыё Свабода.

    Трылер для Netflix паклалі на паліцу

    — Мы папярэдне дамаўляліся пагутарыць яшчэ год таму, але Расея тады пачала маштабнае ўварваньне ва Ўкраіну. У той час вы меліся здымаць у Расеі сэрыял для Net­flix — крымінальны трылер пра зьнікненьне дзіцяці ў закрытым горадзе. Які лёс таго праекту?

    — Праект, на жаль, паклалі на паліцу. Было зьнята недзе палова матэрыялу. Мне дагэтуль здаецца, што гэта найлепшы матэрыял, які я зьняла ў сваім жыцьці.

    Я працавала з цудоўным сцэнарыстам Мішам Шпрыцом — мы зь ім жылі разам у Нью-Ёрку, а потым у Маскве. Быў вельмі добры, цікавы матэрыял. Быў зроблены ўвесь кастынг, абраныя ўсе лякацыі.

    На жаль, Net­flix вырашыў сысьці з расейскамоўнай прасторы, і я разумею іх рашэньне. Спачатку яны хацелі паглядзець, што будзе далей, але праз два тыдні стала зразумела, што сытуацыя зацягнулася.

    Мне цяпер здаецца, што гэты праект ужо ніколі ня выйдзе і ніхто яго ніколі не пабачыць. Але для мяне гэта быў выдатны творчы досьвед. Спадзяюся, што тыя навыкі, якія я атрымала як рэжысэр, змагу па-іншаму скарыстаць у будучыні.

    Летась атрымалася так, што на пачатку лютага я зьехала ў Лос-Анджэлес здымаць яшчэ адзін праект — тады ў мяне быў шэраг цудоўных праектаў. У Лос-Анджэлесе я працавала з Apple Plus. Сэрыял называўся «Маленькая Амэрыка», і адзін з эпізодаў быў заснаваны на маёй аўтабіяграфічнай гісторыі першага каханьня.

    Вайна пачалася, калі я ўжо зьехала ў Лос-Анджэлес. Калі ўсё спынілася з сэрыялам у Расеі, я ўжо была па-за праектам, працавала зь людзьмі на адлегласьці, а яго часткова працягваў здымаць іншы рэжысэр.

    «Гэтая частка жыцьця засталася ў мінулым»

    — Наколькі вайна памяняла ня толькі вашыя творчыя пляны, але і вашае жыцьцё агулам?

    — Гэта быў кардынальны паварот. Мне пашанцавала, бо я працягвала працаваць над эўрапейскімі і амэрыканскімі гісторыямі цягам усёй сваёй карʼеры.

    Я здымала праект у Расеі, бо мне вельмі падабаўся сцэнарыст — ён мой блізкі сябар. І ўсё адно гэта быў напалову эўрапейскі праект, які рабіла амэрыканская кампанія. Хоць праект быў і расейскамоўны, ён меў патэнцыял выхаду на шырокую аўдыторыю па ўсім сьвеце. Ён меўся выходзіць у адзін дзень ва ўсіх краінах, дзе ёсьць Net­flix.

    У мяне на той час было шмат патэнцыйных праектаў, ад якіх давялося адмовіцца. Я пра гэта не шкадую, бо я ня мела жаданьня рабіць нешта менавіта для гэтай публікі. Таму я вельмі хутка сфакусавалася на нейкіх іншых новых праектах.

    — Вы шмат працавалі з расейскімі акторамі і іншымі калегамі — да прыкладу, здымалі ў Расеі сэрыял «Утрыманкі». Як цяпер складаюцца вашы адносіны з тымі, з кім вы працавалі ў Расеі?

    — Мы цяпер ня маем ніякіх працоўных адносін. Гэта была частка жыцьця, але яна засталася ў мінулым.

    Некалькі разоў мне яшчэ тэлефанавалі і нешта прапаноўвалі, але гэта ўжо было праз трэціх асобаў, не наўпрост.

    Шмат тых людзей, зь якімі я працавала, цяпер жывуць у Эўропе, нехта жыве ў Лос-Анджэлесе. Цудоўны апэратар, зь якім я здымала праект для Net­flix, эміграваў у Нямеччыну. Я спадзяюся цяпер яго пабачыць на кінафэстывалі Berli­nale.

    У нас могуць быць у будучыні супольныя творчыя пляны, але гэта будуць ня здымкі на расейскай мове і не ў Расеі.

    «Усе першыя праекты кінаакадэміі зьвязаныя зь Беларусьсю»

    — Ваш фільм «Крышталь» быў пра чалавечую гісторыю ў Беларусі 90‑х. Ці ёсьць у вас задумы зьняць нешта зьвязанае зь Беларусьсю цяперашняй?

    — Так, у мяне быў праект пра сучасную Беларусь, які быў вельмі блізкі да запуску. У Менску зьняць яго было немагчыма, таму мы плянавалі яго зьняць у Харкаве. Зразумела, што з пачаткам вайны гэтая лякацыя стала абсалютна недаступная.

    Я цяпер спрабую неяк «перасабраць» гэты праект. Паўстае пытаньне: дзе здымаць, каб гэта не было небясьпечным для чальцоў здымачнай групы? Я і мае калегі спрабуем па-новаму вынайсьці, як рабіць гэтыя гісторыі. Ці можна іх здымаць у Польшчы? Ці можна іх здымаць недзе ў Славаччыне? Як шукаць беларускіх актораў у Эўропе?

    Над усім гэтым задумвалася ня толькі я, але і цэлы шэраг маладых кінэматаграфістаў зь Беларусі, і так мы самаарганізаваліся ў Беларускую незалежную кінаакадэмію. Бо мы глядзім у адзін бок, разумеем, што нам трэба падтрымка і што разам мы — сіла, супольнасьць і можам шмат чаго дасягнуць.

    Мы зьбіраемся прэзэнтаваць нашы праекты на Berli­nale 17 лютага. Гэта будуць нашы першыя крокі як суполкі.

    — Ці будзе Беларуская незалежная кінаакадэмія канцэнтравацца на матэрыяле, які зьвязаны зь Беларусьсю, ці яна будзе прасоўваць любыя праекты творцаў зь Беларусі, на любую тэму?

    — Вядома ж, беларускія кінэматаграфісты могуць здымаць на любыя тэмы. Тут не абавязковая прывязка да Беларусі. Тое, што яны нарадзіліся ў Беларусі, для нас ужо дастаткова важкі аргумэнт.

    Але калі я гляджу на каталёг праектаў, якія мы робім, зразумела, што наша сучасная гісторыя настолькі траўматычная, і многія праекты зьвязаныя з найноўшай гісторыяй Беларусі. Таму тут можна сказаць, што нас трымае сувязь «на ўзроўні ДНК». І тыя праекты, якія будуць прэзэнтавацца, усе зьвязаныя зь Беларусьсю.

    «Новае пакаленьне кінэматаграфістаў гатовае брацца і рабіць»

    — З вашага досьведу жыцьця і працы ў ЗША, наколькі амэрыканскай публіцы цяпер цікава тое, што адбываецца ў нашым рэгіёне — найперш вайна ва Ўкраіне, але таксама і Беларусь?

    — Наконт амэрыканскай, вядома ж, цяжка. І ня толькі адносна Беларусі. Амэрыканцы ўвогуле ня надта любяць усё неамэрыканскае. Яны вельмі зацыкленыя на ўласных пытаньнях — на гендэрнай ідэнтыфікацыі, на тым, што ў іх цяпер адбываецца ў палітыцы.

    Калі я кажу пра прэзэнтацыю на Berli­nale, мы найперш разьлічваем на эўрапейскага гледача. Ім гэта бліжэйшае і цікавейшае. Хоць, вядома ж, амэрыканскіх калегаў я таксама запрашаю пачуць пра нашы праекты.

    — Наколькі вы падтрымліваеце кантакты зь іншымі беларускімі творцамі? Ці ёсьць у вас нейкія супольныя праекты апошнім часам?

    — Так, вядома ж. За апошні праект, зьвязаны зь Беларусьсю, я ўзялася з маладой пісьменьніцай. Ад таго часу мы шмат і шчыльна працуем разам. Але я лепш раскажу падрабязьней пра гэты праект пасьля прэзэнтацыі на Berli­nale.

    Што тычыцца Беларускай незалежнай кінаакадэміі, дык мы вельмі імкнёмся стаць празрыстай арганізацыяй, да якой могуць далучыцца ўсе, хто адпавядае крытэрам. Гэтая арганізацыя была цалкам створаная добраахвотнымі намаганьнямі некалькіх чалавек, і мы на пачатку нашага шляху.

    Але мы маем цьвёрды намер вывешваць на вэб-сайце ўсе крытэры і ўсе нашы пляны. Мы хочам, каб да нас далучылася больш сябраў, якія таксама змогуць удзельнічаць у кіраваньні гэтай арганізацыяй.

    Я яшчэ 6–7 гадоў таму марыла, каб такая арганізацыя зьявілася. Але тады здавалася, што гэта немагчыма. А цяпер мяне радуе, што зьявілася новае пакаленьне кінэматаграфістаў, якія гатовыя брацца і рабіць.

    «Я зрабіла правільны выбар»

    — Мы некалі размаўлялі пра ваш фільм «Крышталь». Тады ён меўся ісьці ў пракаце ў Беларусі, і вы казалі, што пагодзіцеся на тое, каб там адрэзалі «палітычную» канцоўку. Калі б вы цяпер трапілі ў мінулае, ці зрабілі б вы тое ж самае?

    — Цікава, што мяне нядаўна запрасілі на паказ, і я абсалютна выпадкова дала ім ня тую копію. Гэта была якраз цэнзураваная ў Беларусі копія фільма. І я магу сказаць, што яна таксама цудоўна і завершана спрацавала і адгукнулася ў сэрцах гледачоў — усе ўсё зразумелі.

    Таму, калі б зноў стаяў выбар — паказваць так ці не паказваць увогуле, — дык мне здаецца, што я зрабіла правільны выбар. Я вельмі рада, што фільм тады выпусьцілі ў Беларусі, было шмат цікавых размоваў, былі дыскусіі, спрэчкі. Гэта была невялікая адліга ў маёй сьвядомасьці.

    Таго дыстрыбʼютара ўжо няма ў Беларусі. Але мне здаецца, што людзі, якія працавалі ў той кампаніі, калі б трапілі ў мінулае зь сёньняшняга часу, не прасілі б мяне адрэзаць гэтую сцэну, яны б мяне больш падтрымалі.

    Чытайце яшчэ:

    Шэнгенскі бан для журналіста і праваабаронцы. Як бюракратыя прыводзіць да жыццёвай драмы

    Дзмітры Плакс: Беларускія справы ў Швецыі сталі менш гучнымі, але не менш важнымі

    Белорусской журналистке в Варшаве отказали в размещении рекламы ее магазина на белорусском языке

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці