• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ryanair» адмовіў у пасадцы беларускаму ўцекачу, які меў ляцець з Літвы праз Брытанію

    Чытач «Белсату» заяўляе, што меў усе належныя дакументы, і паказвае, што папярэдне пытаў у «Ryanair» і брытанскіх уладаў, ці дадуць яму паляцець з такімі паперамі. Запэўнівалі, што праблемаў не будзе, а ў самалёт не пусцілі.

    У чым праблема

    Беларускі журналіст, рэжысёр і дакументаліст Мікалай Мамінаў атрымаў у Літве статус уцекача і адмысловы падарожны дакумент уцекача – так званы «жэнеўскі пашпарт». Таксама ён атрымаў пастаянны від на жыхарства ў Літве. Мамінаў збіраўся з сям’ёй паляцець у Іспанію, выбраў рэйс «Ryanair» з Вільні з перасадкай у Злучаным Каралеўстве.

    Пасажырам, якія лятуць «з Шэнгену ў Шэнген» і робяць перасадку ў Злучаным Каралеўстве, не патрэбная транзітная віза ў выпадку, калі яны злятаюць у той жа дзень, маюць візу ў пункт прызначэння і дзейныя праязныя дакументы. Знаёмая Мамінава расказала яму, што мела праблемы з пасадкай на рэйс «Ryanair» з перасадкай у Брытаніі праз якраз такое пытанне, але пасля настойлівых спрэчак змагла трапіць на рэйс. Мамінаву вядома пра іншыя выпадкі, калі беларусаў з падобнымі сітуацыямі не пускалі на рэйсы «Ryanair».

    Раней адносна «Ryanair» былі іншыя скандалы з адмовай у абслугоўванні. Летась выявілася, што «Ryanair» сам вырашыў забараніць грамадзянам Расеі ляцець у шэраг краінаў Еўразвязу з краінаў па-за Шэнгенскай зонай, калі яны не маюць віду на жыхарства ў гэтых краінах або візы ад краінаў, што не ў спісе забароны, а візы тыпу C у грамадзянаў Расеі вырашылі не прымаць. Таксама летась стала вядома, што «Ryanair» ладзіў грамадзянам Паўднёвай Афрыкі тэст на веданне мовы афрыкаанс, хоць гэта толькі трэцяя паводле распаўсюду мова краіны і мова, на якой мясцовых прымушалі размаўляць каланісты. Такім тэстам хацелі праверыць, ці не падробленыя пашпарты, і калі чалавек не праходзіў тэст, у пасадцы адмаўлялі.

    Таму перад вылетам Мамінаў і ягоная знаёмая загадзя перапытвалі ў онлайн-службы падтрымкі «Ryanair» і ў брытанскай Службы візаў і міграцыі, ці не трэба для палёту транзітная віза. Мамінаў паказвае «Белсату» скрыншоты і раздрукоўкі перапіскі, запісы тэлефанаванняў: запэўнівалі, што не трэба. Запэўнівае, што ў аэрапорце меў пры сабе раздрукоўкі, аднак пытанне пра транзітную візу ў Злучанае Каралеўства нават не ўзнікала.

    Як адмовілі ў паслугах

    Мамінаў з жонкай і дзецьмі 13 чэрвеня прыехаў у аэрапорт Вільні, прайшоў на стойку рэгістрацыі і здаў багаж, перапытаў яшчэ раз пра тое, ці прапусцяць яго на рэйс з тым набораў дакументаў, што ён мае. Супрацоўніца аэрапорту не была ўпэўненая: сказала што «шанцы 50/50», можа спатрэбіцца пераправерка. Чаму, Мамінаў з ейных тлумачэнняў не зразумеў.

    У залі чакання пасадкі жанчына ў форме з лагатыпам «Ryanair» адмовілася прапускаць сям’ю. Паводле Мамінава, жанчына адмовілася растлумачыць дакладную прычыну і нават адмаўляла сваю датычнасць да «Ryanair» (але супрацоўнік памежнай службы аэрапорту пацвердзіў яму, што жанчына – прадстаўніца «Ryanair»). Таксама яна адмовілася даць пісьмовае пацверджанне адмовы ў пасадцы на рэйс.

    Жанчына, кажа Мамінаў, не цікавілася наяўнасцю брытанскай транзітнай візы, але сказала, што дакументы «не падыходзяць». Усе дакументы і раздрукоўкі перапісак яе не пераканалі. Яна кансультавалася па тэлефоне з кімсьці, каго назвала «службай кантролю Ryanair», а Мамінаву не дала паразмаўляць з тым чалавекам. Параіла толькі звяртацца са скаргамі ў галоўны офіс «Ryanair» у Дубліне. У аэрапорце Мамінаву расказалі, што «Ryanair» мае нейкую ўласную міграцыйную службу, але онлайн-падтрымка кампаніі гэта абвяргала.

    Мамінаў з сям’ёй усё ж трапіў у месца, куды планаваў, але ляцець давялося не з Вільні, а з Коўны, ды таксама самалётам кампаніі «Ryanair». Рэйс быў з перасадкай у краіне Еўразвязу, праблемаў з пасадкай не ўзнікла – але перад пасадкай супрацоўнік «Ryanair» таксама тэлефанаваў камусьці, гэты хтосьці дазволіў пасадку. Некаторыя планы былі сарваныя, квіткі былі даражэйшыя, але, кажа ён, справа не ў фінансах, а ў кепскім стаўленні.

    У цэнтральным офісе «Ryanair» на ліст аб вяртанні грошай за прапушчаныя рэйсы Мамінаву пазней адказалі па электроннай пошце, што пачалі разбіральніцтва. Цяпер ён збіраецца падаваць у суд, каб дамагчыся кампенсацыі маральнай шкоды.

    Ён тлумачыць, што мог бы і атрымаць транзітную візу, калі б яна была неабходная, ды не стаў рабіць гэтага, бо «Ryanair» і брытанскія ўлады пераканалі яго, што атрымліваць транзітную візу не трэба – ды й віза каштавала б дадатковых грошай.

    Гэта законна?

    Згодна рэгуляцыі Еўразвязу нумар 261/2004, авіякампанія можа адмовіць у пасадцы, калі ёсць «рэзонныя падставы», як то рызыкі здароўю і бяспецы або неадпаведныя падарожныя дакументы. Пра права перавозніка на нейкую альтэрнатыўную інтэрпрэтацыю заканадаўства аб праязных дакументах у рэгуляцыі не гаворыцца. Аднак згадваецца, што пасажыры маюць права на кампенсацыю, а перавознік абавязаны паказаць пасажыру, якому адмовілі ў пасадцы, дзе той можа пачытаць пра свае правы на кампенсацыю і дапамогу.

    Прэс-служба «Ryanair» не дала «Белсату» аператыўны адказ на запыт аб гэткіх адмовах у паслугах. Калі адказ прыйдзе, «Белсат» яго апублікуе.

    Чытайце яшчэ: 

    Сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў заблакавалі ў Расіі

    «Айфоны калег ускрылі спецыяльнай прыблудай на раз-два». Аповед журналістаў, чыю рэдакцыю знішчылі два месяцы таму

    Власти пытаются лишить белорусов доступа к информации. Как подобное делал СССР и как этому противостояли его граждане?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці