• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Айфоны калег ускрылі спецыяльнай прыблудай на раз-два». Аповед журналістаў, чыю рэдакцыю знішчылі два месяцы таму

    Мінулі два месяцы з таго дня, як я і мае калегі засталіся без працы — без улюблёнай справы, без сваіх чытачоў, планаў і задумак. 18 чалавек былі вымушаныя напісаць заявы «па ўласным жаданні». Прычына для Беларусі самая банальная — прызнанне маёй газеты, усіх яе інтэрнэт-пляцовак і нават лагатыпа «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

    Ведаю, што прайшлі праз такое не мы адныя. І можна сказаць, што мы яшчэ лёгка адвязаліся. У параўнанні з тым, праз якія цяжкія выпрабаванні зараз праходзяць лепшыя людзі Беларусі, знаходзячыся ў няволі.

    Ацэньваючы пражытыя два месяцы, за якія перавярнулася ўсё маё жыццё, хачу расказаць пра самыя яркія моманты як негатыўныя, так і пазітыўныя. Мне здаецца, важна даносіць досвед, які, магчыма, каму-небудзь дапаможа.

    «Наяўнасць візітовак вядомых людзей, большасць з якіх ужо не ў Беларусі, выклікала сапраўднае ўзбуджэнне сілавікоў»

    Першы шок — ператрусы ў рэдакцыі і па дамах у калег. Пасля яго было над чым задумацца.

    Падчас вобшукаў высветлілася, што мноства рэкамендацый па бяспецы не спрацавалі. Праверкі працоўных камп’ютараў выявілі ў нейкіх старых забытых тэчках выявы «экстрэмісцкай» сімволікі, партрэты лідараў апазіцыі і іншы «кампрамат», за які пры жаданні можна ўчапіцца і падрыхтаваць справу.

    Яшчэ адна «засада» — візітоўкі вядомых людзей, большасць з якіх ужо не ў Беларусі. Іх наяўнасць у шуфлядах сталоў выклікала сапраўднае ўзбуджэнне сілавікоў. Усе візітныя карткі былі сфатаграфаваныя. БАЖаўскія паштоўкі і лагатыпы таксама. Здавалася, усё «лішняе» стараліся падчысціць, выдаліць ці вынесці з рэдакцыі. Аднак усё роўна нешта знайшлося…

    Мабільнікі… Пра артыкул аб абароне персанальнай інфармацыі можна забыцца ў цяперашняй Беларусі. Паролі? Ніхто вашыя пальцы не будзе заціскаць у дзверы, каб разблакаваць тэлефон.

    Айфоны калег ускрылі спецыяльнай прыблудай на раз-два. Яшчэ і пасмяяліся.

    У тэлефонах таксама шмат небяспек. Падпіскі на розныя крыніцы і чаты актуальнымі ў нашым выпадку не былі. Кэдэбістаў цікавілі кантакты, нумары, падпісаныя сапраўднымі прозвішчамі вядомых калег са спісу «экстрэмістаў». Па кожным былі пытанні: што звязвае, якія агульныя справы, калі бачыліся, размаўлялі і г. д.

    Як адкрыта сказаў адзін з кадэбістаў на допыце калегі: «Мы вас ужо тры месяцы распрацоўвалі». Гэта значыць усё, да чаго ў іх быў доступ, чыталася, праглядалася, праслухоўвалася, аналізавалася. Атрымліваецца, што гісторыя пра тое, што ўварваліся, абшукалі і знайшлі «экстрэмізм», у цяперашні час ужо неактуальная.

    Яшчэ адна парада з досведу: як толькі з’явілася падазрэнне, што ў рэдакцыю наляцелі, тут жа выдаляйце агульны працоўны чат у сацсетках і месенджарах!

    Стварыце іншы і дзяліцеся там сваімі хваляваннямі наконт сітуацыі — не дайце ім атрымліваць асалоду ад вашых страху і адчаю!

    «Дойдзем да прэзідэнта». Як чытачы змагаліся за газету

    Прыемна здзівілі чытачы і рэкламадаўцы. З пытаннямі пра вяртанне грошай за падпіску і рэкламу звярнуліся ад сілы чалавекі тры. Ці гэта не падтрымка і павага газеце! Людзі разумелі, што па сваёй волі мы ніколі б не пакінулі іх. Таму, мяркую, і не хацелі ў гэты складаны час абцяжарваць рэдакцыю фінансавымі прэтэнзіямі.

    Былі званкі ад партнёраў і чытачоў з прапановай дапамогі. Прапаноўвалі — хто што мог, ад грошай да прадуктаў. Такое стаўленне надавала сіл, але, вядома, нічога не змяняла ў корані.

    Былі і наіўныя спробы «аднавіць справядлівасць».

    Група падпісчыкаў тэлефанавала ў мясцовы райвыканкам і ў жорсткай форме патрабавала зноў адкрыць газету, інакш пагражалася «дайсці да прэзідэнта». Смех скрозь слёзы…

    Наогул, паводле слоў калег і па сваім уласным досведзе, мноства знаёмых, чытачоў, партнёраў падтрымалі рэдакцыю ў месенджарах, у асабістых паведамленнях і званках, у каментарах.

    Флэшбэкі пасля ператрусаў і «сутак»

    Я з’ехала з Беларусі яшчэ да разгрому маёй рэдакцыі. Свае функцыі выконвала праз інтэрнэт. Таму, калі ўсё здарылася, мне ў плане бяспекі было лягчэй, чым іншым.

    І ў хуткім часе сапраўдным шчасцем стала сустрэча калег у аэрапорце. Канешне, з’ехаць змаглі не ўсе. Але тыя, для каго былі актуальныя пытанні бяспекі, абралі для сябе міграцыю. Ночы і дні за размовамі і апавяданнямі «як гэта было»: пра ператрусы ў рэдакцыі і па месцы жыхарства, мардаванне допытамі ў КДБ, ціск, прыніжэнне, насмешкі…

    У першы час па прыездзе былі вельмі прыкметныя пэўныя асаблівасці ў паводзінах калег: рэакцыя на стук, гучны гук, на мікрааўтобус з танаваным шклом. Ці вось хаця б адзін з прыкладаў.

    Зайшлі ў супермаркет, там прайгравалася нейкая англамоўная песня. Калега аж збялеў і выбег з залы на вуліцу. Аказалася, што ўсе 15 сутак, якія ён адбываў «за супраціў», з раніцы да ночы круцілі менавіта гэтую песню…

    Спатрэбіўся не адзін тыдзень, каб такія рэакцыі на пэўныя фактары згладзіліся.

    За сабой заўважаю таксама некаторыя змены ў паводзінах — мозг адмаўляецца ад чытання навін з Беларусі, са свайго мястэчка. Выключэнне — тэлеграм-каналы «Зеркала», «Салідарнасці», «Нашай Нівы». Спадзяюся, што гэта не назаўсёды.

    Замест эпілогу

    Ці былі мы гатовыя да такога фіналу? Вядома, мы разумелі, у якой краіне жывем і якія «законы» там працуюць.

    Але псіхічна здароваму чалавеку немагчыма быць гатовым да таго, што ў адзін дзень будзе нахабна растаптана ўсё, што стваралася амаль чвэрць стагоддзя.

    Што ўсю тваю працу нехта, надзелены ўладай, палічыць «экстрэмісцкай», шкоднай для дзяржавы. Што калег будуць судзіць за супраціў васьмі амапаўцам. Дзіўна, як гэтыя прафесійна падрыхтаваныя хлопцы, «змардаваныя» двума медыйшчыкамі, яшчэ маральную кампенсацыю не запатрабавалі ў судзе?

    Падрыхтавацца да гвалту і беззаконня ў прынцыпе немагчыма. Мне здаецца, што ўсе мы ў душы ідэалісты, пакуль да нас не прыйшлі і не растапталі…

    Чытайце яшчэ:

    «Если одного из нас посадят, то второй берет ребенка и уезжает из страны». Ключевое из доклада правозащитников о психологическом состоянии политэмигрантов

    Появилось новое белорусское медиа Plan B. Его главред — Ольга Лойко

    «Сенатары» не падвялі: татальны кантроль над СМІ ўсё бліжэй да заканадаўчага статусу

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці