• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сайту “Народныя Навіны Віцебска” – 10 гадоў

    Віцебскія БАЖаўцы павіншавалі з гэтай датай заснавальніка і рэдактара Сяргея Серабро, а таксама ўсіх, хто супрацоўнічаў і супрацоўнічае з гэтым інтэрнэт-рэсурсам.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/vitebsk_0904_f1.jpg

    Сайт “Народныя Навіны Віцебска” змясціў першыя публікацыі 1 верасня 2006 года. У той час ужо была закрыта газета “Віцебская трыбуна” – адно з апошніх гарадскіх незалежных выданняў. “Спрыяць на сваіх старонках вырашэнню праблемаў роднага гораду і дапамагаць усім віцяблянам змагацца за справядлівасць ды адстойваць праўду”, – такім чынам некалі сфармуляваў крэда газеты яе рэдактар Сяргей Серабро. І тую ж стратэгію мела працягваць інтэрнэт-выданне “Народныя Навіны Віцебска”.

    “Калі я ствараў сайт, то не планаваў жыццё на 10 гадоў наперад”

    10-гадовы гадовы юбілей настаў у пэўным сэнсе неспадзявана, жартуе сёння Сяргей Серабро:

    – Калі мы стваралі “Народныя Навіны Віцебска” ў 2006‑м годзе, ў нас былі спадзевы, што вось-вось, і нешта зменіцца – і стане прасцей выдаваць незалежныя газеты. Тады марылася менавіта пра друкаваную газету, і пра тое, што сайт праіснуе цэлыя 10 гадоў, дакладна ніхто не думаў. Яшчэ і таму, што калі табе самому 30, то 10 гадоў – гэта цэлая траціна жыцця, вельмі шмат. А ў 40 – гэта ўжо проста частка, і 10-гадовы тэрмін успрымаецца па-іншаму…

    Нам у пэўным сэнсе пашанцавала: якраз у тыя гады імкліва расла колькасць карыстальнікаў інтэрнэта, і шмат хто адразу далучаўся да кола нашых чытачоў. Памятаю, у Віцебск тады прыехаў палітык Алесь Міхалевіч, які казаў: “Як файна, што ў Віцебску ёсць такі сайт! Калі ў вас будзе 500 чытачоў, то вы зможаце ўплываць на сітуацыю ў рэгіёне. Праз гадоў 5 у нас было ўжо пад 3 тысячы чытачоў, і нашы публікацыі насамрэч пачалі на нешта ўплываць”, – гаворыць Сяргей Серабро.

    Уплыў гэты, канешне, не бязмежны, адзначае рэдактар-юбіляр.

    – Нешта мы ў стане змяніць да лепшага. Так, прыкладам, не так даўно ў нас з’явілася публікацыя Юрыя Шэпелева пра кепскі стан ходнікаў на вуліцы Зяньковай. І праз колькі дзён там пачалі мяняць брукоўку! Калі справа тычыцца нейкіх мясцовых недахопаў, якія можна выправіць лакальна, то “ННВ” могуць паўплываць на сітуацыю. Вядома, калі вядзецца пра нейкія буйныя фінансавыя ўкладанні, пра распараджэнні рэспубліканскага ўзроўню адносна Віцебска – тут ўжо не.

    Мы можам колькі заўгодна пісаць аб няспраўджаным абяцанні пусціць тралейбус у адным з раёнаў горада або пра неабходнасць будаўніцтва новай школы ці паліклінікі ў мікрараёне Білева. Але гэта не дапаможа, на жаль… Увогуле ж першыя спасылкі на “Народныя Навіны Віцебска”, перадрукоўкі ў агульнабеларускіх і замежных інтэрнэт-рэсурсаў, якія прынеслі вядомасць і папулярнасць нашаму сайту я згадваю датычна 2007-га года.

    Тады ўвесну на плошчы Свабоды ў Віцебску пачалі мяняць трубы, нагналі спецтэхнікі і раскапалі парэшткі знішчанага Мікалаеўскага сабора. Выявілася, што працы ў ахоўнай гістарычнай зоне праводзіліся без адпаведнага дазволу, і разгарэўся вялікі скандал. Мы рабілі публікацыі пра гэта напрацягу некалькіх дзён, іх чытала і каментавала вялікая колькасць людзей. У сайта знайшлося і шмат прыхільнікаў, і шмат апанентаў”, – дадае рэдактар сайта.

    “Каб я ствараў навінавы сайт сёння, то не ўпэўнены, што ў мяне атрымалася б”

    У 2006‑м годзе стварыць сайт было танней, чым выпускаць друкаваную газету. А сёння ўсё больш выразную альтэрнатыву навінавым сайтам ствараюць сацыяльныя сеткі, адзначае Серабро:

    – Чаму ў мяне з’явілася тады ідэя “Народных Навінаў Віцебска”? Тады гэта было нашмат танней, чым ствараць друкаваную газету. Не патрэбна ліцэнзія, не патрэбныя грошы на друк, на распаўсюд, не трэба думаць, ці будзе прадавацца газета, ці не… Нейкіх грошай, канешне, каштаваў хостынг. Праграмаваннем я займаўся сам, узяў ужо існуючы рухавік, якім, дарэчы, зараз шмат хто карыстаецца, у тым ліку дзяржаўныя газеты, бо ён зручны…

    Магчыма, сёння я проста стварыў бы суполку “Вконтакте”. Бо тут зусім не патрэбныя ні хостынг, ні праграмаванне. Да ўсяго, сацыяльныя сеткі самі даюць структуру ўзаемадзеяння з аўдыторыяй. Я яны зараз – гэта ўжо канкурэнцыя. Канешне, розніца ў тым, што там дублююць інфармацыю, а не займаюцца стварэннем кантэнту. Але я ўпэўнены: калі заўтра раптам не стане “ННВ”, то мясцовыя навіны ўсе адно будуць з’яўляцца ў сацыяльных сетках.

    Зараз “Народныя Навіны Віцебска” маюць свае групы ў “Фэйсбуку” і ў “Вконтакте”. Яны досыць шматлікія, і менавіта адтуль – найбольш значная колькасць пераходаў на матэрыялы сайта. У групах карыстальнікі час ад часу распавядаюць пра падзеі, якія робяцца нагодай для напісання навінаў. Аднак не так часта, як магло б быць, гаворыць рэдактар “ННВ”:

    – Некалі была ідэя, што гэта будуць “народныя навіны”: што з сайтам будуць супрацоўнічаць “пазаштатныя карэспандэнты”, “валанцёры”. Гэты разлік не дужа апраўдаўся. З сайтам супрацоўнічалі хутчэй журналісты — прафесіяналы — Таццяна Мацьвеева, Наталля Партоліна, Георгі Каржанеўскі, Зміцер Казакеіч, Вікторыя Дашкевіч. А вось каб проста гараджане імкнуліся напісаць пра нейкія рэчы на добраахвотных пачатках – такога амаль не здаралася. Цяпер гэтка верагоднасці ўсё менш: тыя, хто хоча «рабіць свае навіны”, выкладае іх зноў-такі ў сацыяльных сетках. Верагодна, і я сам сёння ствараў бы ўжо не інтэрнэт- сайт, а проста групу “Вконтакте”.

    “Сёння ўжо не я кірую сайтам, а сайт кіруе мной”

    – Сёння я ў стане вавёркі, якая разагнала кола і ўжо не можа спыніцца, – прызнаецца Сяргей Серабро. Бо, апрача сайту, які штодня трэба абнаўляць, за мінулыя 10 год у яго з’явілася шмат іншых клопатаў:

    – Пасля таго, як памер мой бацька, траціну году я мушу правдзіць на вёсцы – там гаспадарка ў маёй маці. Ёсць карова, свіння, каля 15 сотак бульбы, каля 10 сотак ячменя, сотак 30 пшаніцы, некалькі вулляў, cад – яшчэ дзедаўскі… Калі я ранкам прачынаюся ў вёсцы, то адразу стаўлю новыя тэксты на сайт. Штодня – мінімум тры, калі менш – будзе спад наведваемасці. Потым займаюся сельскагаспадарчымі клопатамі — акучваю бульбу, тручу каларадскіх жукоў, трамбую сала ў слоікі, лажу да пчол, кручу кілбасы – гледзячы па сезоне. Увечары, калі маці ўжо кладзецца спаць, я пішу нешта на раніцу. Цяпер гэта рабіць не так цяжка, як раней: у інтэрнэце размяшчаюцца розныя зводкі, а некаторыя службы адмыслова дасылаюць нам свае навіны. Каб яшчэ быў лепшы інтэрнэт, дык і зусім было класна! А так то ўключыш мадэм, то выключыш, то ёсць сувязь, то няма”…

    Сяргей кажа, што жыццё сайта сёння залежыць ад ягонай сілы волі. Пакуль яе хапае. Але паралельна гэтаму жыве яшчэ і мара.

    “Я хацеў бы выдаваць часопіс. Інтэлектуальны і папсовы адначасова”

    – Мая мама адзін час працавала паштальёнкай. І гэты пах тыпаграфскай фарбы запамінаецца на ўсё жыццё! Таму да друкаваных выданняў у мяне асаблівы піітэт. Выдаваць газету з навінамі, на мой погляд, сёння сэнсу асаблівага няма. Навошта? Каб друкаваць у штотыднёвіку ўжо састарэлыя навіны? Вось часопіс – гэта іншая справа!

    Па-першае, друкаване выданне заўжды выглядае больш сур’езна і рэспектабельна, калі параўноўваць з інтэрнэт-выданнем. Па-другое, у часопіса можна друкаваць сур’ёзныя вялікія артыкулы. Вось у “ННВ” практычна няма лонгрыдаў. Адзін час такія тэксты для нашага сайта пісала Таццяна Мацвеева, і ў пэўнай часткі чытачоў яны былі вельмі папулярныя. Але для сайта, з аднаго боку, гэта не выгадныя матэрыялы. Бо высілкі, якія на іх трацяцца аўтарам, часта аказваюцца марнымі – не кожны будзе чытаць доўгія тэксты.

    З другога боку, гэткія матэрыялы вельмі спрыяюць падвышэнню аўтарытэта, “сур’ёзнасці” выдання.  Для часопіса яны былі б запатрабаваныя. Па-трэцяе, няхай бы ў Віцебску быў свой тоўсты глянцавы часопіс, каб у ім можна было друкаваць творы нашых мастакоў і нашых фатографаў. Чытачы “ННВ” вельмі любяць здымкі Юрыя Шэпелева, Ігара Мацьвеева”, – разважае Сяргей Серабро.

    Дарэчы, вядомы ў Віцебску фатограф і ён сам. І не толькі ў Віцебску: некалькі разоў ён быў у шэрагах пераможцаў конкурсу «Прэс-фота Беларусі». Цяпер яму ёсць каму перадаць сваё майстэрства, бо прамінулыя гады адметныя для Сяргея Серабро не толькі прафесійнымі дасягненнямі.

    Самая значная падзея за гэты час – прыбаўленне ў сям’і, нараджэнне сына Сцяпана. Блакітнавокі хлопчык вельмі падобны да бацькі. Гэта асабліва кідаецца ў вочы, калі бачыш іх побач. Вось яны разам разглядаюць жартоўныя падарункі ад віцебскіх БАЖаўцаў: гэта канструктары “Верталёт” і “Гоначная машына”, падораныя, “каб хутчэй за ўсіх дабрацца да свежых навінаў”, надзіманая цацачная лодка – “каб у рэдакцыі былі ў наяўнасці ўсе транспартныя сродкі”, пластылін – “каб у выпадку неабходнасці наляпіць супрацоўнікаў для шматлікіх рэдакцыйных заданняў…

    Вядома ж, “імянінны” торт, на якім трэба задзьмуць свечкі, загадаўшы самае запаветнае жаданне. І яшчэ сто свечак асобна – каб, згодна з традыцыйным пажаданнем “100 гадоў!” нашым “Народным Навінам Віцебска” жыць доўга-доўга.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці