• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Шэсць гадоў узмоцненага рэжыму: у Гродне вынеслі прысуд журналісту Паўлу Мажэйку

    Гродзенскі абласны суд 26 ліпеня вынес прысуд журналісту і грамадскаму дзеячу Паўлу Мажэйку і былой адвакатцы Юліі Юргілевіч. Суддзя Максім Філатаў прысудзіў Паўлу 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юліі — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта столькі запрасіў пракурор Дзмітрый Сініла.

    Паўла і Юлію судзілі паводле ч. 2 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна групай асоб па папярэдняй змове. Іх абвінавацілі ў перадачы звестак тэлеканалу «Белсат» у лютым–сакавіку 2022 года, што расцанілі як «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». (3 лістапада 2021 года беларускія ўлады прызналі тэлеканал «Белсат» «экстрэмісцкім фармаваннем»

    Суддзя Філатаў — рэкардсмен па палітычных прысудах. Менавіта ён даў Вітольду Ашурку пяць гадоў калоніі, вынес прысуды ад 2,5 да 25 гадоў калоніі фігурантам «справы Аўтуховіча».

    Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч затрымалі 30 жніўня 2022 года. Доўгі час дэталі справы былі таямніцай — усе, хто хоць нешта пра яе ведаў, былі пад падпіскай аб неразгалошванні. Паўлу блакавалі ліставанне, не перадавалі вітаміны за краты. 20 верасня праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі Паўла палітычным вязнем. У абарону журналіста з патрабаваннем яго вызвалення выступіла таксама Еўрапейская федэрацыя журналістаў.

    Сёлета 17 чэрвеня, напярэдадні суда, адвакацкай ліцэнзіі пазбавілі адваката Паўла — Аляксандра Бірылава, які да гэтага абараняў журналіста Анджэя Пачобута.

    Суд над Паўлам Мажэйкам і Юліяй Юргілевіч пачаўся 10 ліпеня 2023 года і адбываўся спачатку ў адкрытым рэжыме. Затым перад апошнім словам суд зрабілі закрытым. Пракурор заявіў, што паколькі ў судзе будуць дапытваць ІТ-спецыяліста, то неабходна схаваць яго імя і забяспечыць яму бяспеку.

    Падтрымайце Паўла і Юлію: 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Турма № 1. Павел Іванавіч Мажэйка, Юлія Пятроўна Юргілевіч.

    Згодна з матэрыяламі справы, Павел Мажэйка, «па папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч», з лютага па сакавік 2022 года перадаў для размяшчэння на сайце «Белсата» інфармацыю ад Юліі Юргілевіч пра пазбаўленне яе ліцэнзіі адваката і выключэнне з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў і пра разгляд Мінскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні да мастака Алеся Пушкіна і прызначэнне яму пакарання.

    Тым самым, паводле абвінавачання, Юлія Юргілевіч і Павел Мажэйка «групай асоб па папярэдняй змове аказалі іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, якое загадзя накіраванае на планаванне, арганізацыю, падрыхтоўку і здзяйсненне замахаў на асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады <…> шляхам распаўсюду ў гэтых мэтах заведама фальшывых звестак».

    У матэрыялах справы няма ніякіх прамых доказаў перадачы якой-небудзь інфармацыі «Белсату», толькі ўскосныя факты. Тым не менш, следчыя назбіралі такога інфармацыйнага «смецця» на чатыры тамы крымінальнай справы, а пракурор ацаніў амаль на максімальна магчымы тэрмін.

    Юлія Юргілевіч працавала адвакатам амаль 18 гадоў. Яна абараняла ў судзе палітвязняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцара, Андрэя Аўсіевіча, Андрэя Сакалоўскага.

    23 лютага 2022 года яе выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў з фармулёўкай «за сістэматычныя парушэнні заканадаўства». Жанчыну ўтрымліваюць пад вартай ужо больш за дзесяць месяцаў.

    Павел Мажэйка — вядомы журналіст, менеджар культуры, стваральнік ліквідаванай уладамі культавай гродзенскай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця», каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», якая спецыялізавалася на выданні кніг аўтараў з Гродна і пра Гродна. У сакавіку 2021 года Паўла Мажэйку затрымалі разам з мастаком Алесем Пушкіным, які выставіў у «Цэнтры гарадскога жыцця» партрэт дзеяча антысавецкага руху часоў Другой сусветнай вайны. У дачыненні да Паўла распачалі крымінальную справу «за наўмысныя дзеянні, скіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Але пасля 72 гадзін затрымання Паўла вызвалілі з фармулёўкай «зніклі падставы для затрымання». У канцы 2021 года крымінальную справу супраць яго спынілі. Пасля гэтага Павел мог з’ехаць з Беларусі, аднак ён заставаўся ў краіне.

    Пасля апошняга затрымання Паўла ў сеціве з’явілася старонка, прысвечаная журналісту. Сайт распавядае, хто такі Павел, чаму ён — чалавек-легенда, і як яго можна падтрымаць.

    Чытайце яшчэ:

    Родныя Анджэя Пачобута не атрымліваюць ад яго лістоў амаль тры тыдні

    «За кратамі ўвесь час марыў пра дранікі». Леанід Судаленка пра першыя дні на волі

    Аляксандра Ханевіч: «У іх зброя, а ў нас толькі праўда і ўсё»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці