«Выказванні Васкрасенскага патрабуюць прынцыповай юрыдычнай ацэнкі». Што не так з адказамі праўладнага палітолага незалежнаму праваабаронцу
Падчас гутаркі праваабаронцы, былога палітвязня Леаніда Судаленкі з праўладным палітолагам, сябрам так званай «камісіі па вяртанні» Юрыем Васкрасенскім прагучала пытанне наконт зняволеных беларускіх журналістаў. Прыводзім даслоўны пераказ гэтага моманту і каментар кіраўніка Прававога цэнтра БАЖ Алега Агеева.

Гутарка Леаніда Судаленкі і Юрыя Васкрасенскага. Фота: з асабістага архіва Леаніда Судаленкі
«Суд пацвердзіў абвінавачанне — усё! Сядзі!»
Леанід Судаленка:
— У беларускіх турмах цяпер 40 журналістаў, дакладней, 38 на сёння, уключна таго беларуса-паляка, пра якога мы ўжо сёння казалі, — Анджэя Пачобута. Што перашкаджае рэжыму вызваліць журналістаў адным разам, адным указам аб памілаванні, каб гэтая тэма больш не гучала ў міжнародных СМІ?
Юрый Васкрасенскі:
— Леанід, а што перашкаджае, скажам, брытанскаму рэжыму вызваліць людзей, якія пасаджаныя за нейкія лайкі, за рэпосты, людзей, што выйшлі на вуліцу, абураныя чарговым зняволеннем або згвалтаваннем дзяцей мігрантаў? Яны сядзяць там. А што перашкаджае рэжыму Зяленскага вызваліць шэсць тысяч чалавек, якіх ён назваў калабарантамі? Яны таксама сядзяць там. Там і бабулі за анекдоты сядзяць, і дзядулі, і дэпутаты Рады — там ужо цэлая фракцыя будзе хутка.
Вось што перашкаджае? Ёсць прысуд суда. У нас тут, ведаеце, не нейкае «шэпета» (балбатня). Ёсць следства, ёсць абвінавачанне, суд яго пацвердзіў — усё! Сядзі!
А калі нехта хоча, каб яны выйшлі датэрмінова, тады трэба весці перамовы. Пяць гадоў нам распавядалі, што гэта немагчыма, што нельга пэцкаць рукі. І вось, калі ласка, самая галоўная дзяржава на планеце і адна з яе ключавых асобаў, якая вызначае знешнюю палітыку, — спадар Кэлаг — прыехаў і паказаў, што, аказваецца, можна!
Дык навошта тыя, хто абвешваўся плакатамі, бралі куратарства ў Еўрапейскім парламенце і гэтак далей, — чаго вы пяць гадоў чакалі і мучалі людзей? Чаму вы раней не прыехалі і не пачалі перамовы? Вы ж нават з тэрарыстамі размаўляеце і кажаце, што гэта патрэбна, маючы на ўвазе дзейны ўрад Сірыі. А з нармальным, адэкватным лідарам вы не хочаце гаварыць?
«Спасылкі на “прысуд суда” не могуць апраўдваць незаконнае пазбаўленне волі»
Каментар ад намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, кіраўніка Прававога цэнтра БАЖ Алега Агеева.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. Фота: БАЖ
— З пункту гледжання міжнароднага і нацыянальнага права выказванні спадара Васкрасенскага патрабуюць прынцыповай і дакладнай юрыдычнай ацэнкі.
1. Незаконны крымінальны пераслед журналістаў
На сёння ў Беларусі сапраўды за кратамі застаюцца 38 журналістаў і супрацоўнікаў медыяў, у тым ліку сябры БАЖ.
Іх зняволенне ёсць наступствам законнай прафесійнай дзейнасці — збору, апрацоўкі і распаўсюду інфармацыі, што гарантуецца не толькі Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (арт. 33 і 34), але і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі, уключна з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 19).
Журналісты не здзяйснялі гвалтоўных злачынстваў, не заклікалі да варожасці. Пераслед іх лічыцца праваабарончай супальносцю Беларусі палітычна матываваным, а самі журналісты прызнаныя палітычнымі зняволеннымі.
Юрыдычна прысуды, вынесеныя супраць журналістаў, ёсць вынікам парушэння правоў журналістаў, а не справядлівага і незалежнага судовага разбору. Таму спасылкі на «прысуд суда» не могуць апраўдваць незаконнае пазбаўленне волі.
2. Абурае параўнанне з іншымі краінамі
Адсылкі Васкрасенскага да сітуацый у іншых дзяржавах, у тым ліку Вялікабрытаніі, Украіне ці Сірыі, — гэта класічны прыклад падыходу «а вось у іх…», які не мае юрыдычнага значэння і выкарыстоўваецца выключна для адцягнення ўвагі ад сутнасці праблемы.
Ніводнае патэнцыйнае парушэнне правоў чалавека ў іншай краіне не здымае адказнасці з беларускіх уладаў за масавыя парушэнні свабоды слова і незаконныя рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў.
Больш за тое, у адрозненне ад беларускага рэжыму, які даўно страціў права называцца «прававым», суды ў Вялікабрытаніі і ва Украіне падпарадкоўваюцца падыходам, што заснаваныя на прынцыпе верхавенства права. І іх прысуды, хучэй за ўсё, адпавядаюць патрабаванням стандартаў справядлівага суду.
3. Памілаванне і магчымасць вызвалення
Кіраўнік дзяржавы мае права памілаваць зняволеных асоб (п. 19 арт. 84 дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь). Пры гэтым патрабаванне «весці перамовы» для вызвалення з’яўляецца юрыдычна неабгрунтаваным і этычна непрымальным, калі гаворка ідзе пра людзей, грамадзян Беларусі, якія аказаліся за кратамі толькі таму, што мірна рэалізоўвалі свае правы, выконвалі сваю прафесійную або грамадзянскую місію.
4. Заявы пра «перамовы» і міжнародную супольнасць
Спекуляцыі на тэму перамоў з міжнароднымі структурамі выглядаюць, як спроба перакінуць адказнасць за ўласныя рэпрэсіі на тых, хто патрабуе іх спынення.
БАЖ, як і іншыя праваабарончыя арганізацыі, неаднаразова заклікаў да безумоўнага і неадкладнага вызвалення ўсіх журналістаў і іншых палітвязняў, не патрабуючы ніякіх палітычных «гандлёвых умоў».
Тым больш, што на сёння пераважная частка санкцый на рэжым Лукашэнкі была накладзеная не за масавыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а за іншыя дзеянні: паветранае пірацтва і саўдзел у агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Таму зняволенне журналістаў у Беларусі з’яўляецца грубым парушэннем як нацыянальнага, так і міжнароднага права. Замест таго каб апраўдваць гэта так званымі «прысудамі» ці шукаць прыклады ў іншых краінах, уладам Беларусі варта як найхутчэй прыняць палітычнае і прававое рашэнне аб вызваленні ўсіх журналістаў, а таксама спынення тэрору насельніцтва Беларусі.
Незалежная журналістыка — не злачынства, а аснова свабоднага грамадства.
