• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Скандал ва Украіне: за камандай журналістаў-расследавальнікаў сачылі. Медыйшчыкі лічаць гэта кампаніяй па запалохванні

    У гучны скандал трапіла каманда расследавальнікаў з украінскага праекта Bihus.Info. З'явілася відэа, на якім зафіксавана, як яго супрацоўнікі ўжываюць, верагодна, забароненыя рэчывы. Хто сачыў за камандай і арганізаваў зліў? Першакрыніца сюжэту — інфармацыйны рэсурс «Народная правда», галоўрэд якой Марыя Швяцова нібыта працавала ў «Нашай Ниве» (назва выдання пазначаная менавіта так). У беларускай рэдакцыі «НН» гэтую інфармацыю нам абверглі.

    Тры дні таму, 16 студзеня, у інтэрнэце з’явілася відэа, на якім зафіксавана, як супрацоўнікі Bihus.Info, верагодна, ужываюць забароненыя рэчывы. Пасля гэтага высветлілася, што за камандай сачылі каля года, а ролік складаецца з розных аўдыёзапісаў, якія былі зробленыя за працяглы перыяд часу — паміж прыведзенымі размовамі прайшло некалькі месяцаў.

    Кіраўнік праекта Дзяніс Бігус запісаў відэазварот з тлумачэннямі і запэўніў, што ўсе, хто супрацоўнічае з Bihus.Info, здадуць тэсты на ўжыванне наркотыкаў. А тыя, хто быў зафіксаваны на відэа, з’яўляліся аператарамі (а не журналістамі), і ўжо звольненыя.

    Факт сачэння за журналістамі-даследчыкамі выклікаў вострую рэакцыю не толькі ў медыясферы, але і ў палітычных колах. Каманда праекта фіксавала не толькі злачынствы расійскіх вайскоўцаў, але таксама шмат часу прысвячала аналізу карупцыйных схем украінскіх чыноўнікаў, іх эканамічных інтарэсаў і неадпаведнасці выдаткаў і даходаў, пазначаных у дэкларацыях.

    Вымушаны быў адрэагаваць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён паведаміў, што правёў нараду з праваахоўнікамі, у тым ліку з кіраўніком СБУ Васілём Малюком. Абмяркоўвалася сачэнне за журналістамі Bihus.Info.

    Камісія па журналісцкай этыцы апублікавала заяву з нагоды ціску на ўкраінскіх журналістаў-расследавальнікаў і назвала гэта небяспечнай пагрозай для дэмакратыі і будучыні краіны.

    — Праслухоўванне, прыхаваная здымка, няпрошаныя візіты па адрасе пражывання, цкаванне ў сацыяльных сетках, абвінавачванні ў нібыта парушэнні заканадаўства — усё гэта мы расцэньваем як запалохванне журналістаў-расследавальнікаў і іх каманд, — сказана ў каментары. — Мэтай такіх нападаў з’яўляецца знішчэнне рэпутацыі вядомых журналістаў і правакаванне недаверу да журналісцкіх расследаванняў ва Украіне.

    У заяве камісіі таксама адзначаецца, што следствам ўмяшання ў прыватнае жыццё медыйшчыкаў можа быць раскрыццё канфідэнцыйных крыніц. Гэта можа прадстаўляць пагрозу для крыніц і ў будучыні ўскладніць пошук інфармацыі для ўсіх журналістаў.

    Цікавасць выклікае спосаб распаўсюджвання кампраметуючай інфармацыі. Зліў аб камандзе Bihus.Info з’явіўся на непапулярным рэсурсе «Народная правда». Відэа суправаджалася такімі каментарамі: «адваротны бок Bihus.Info: нюхнулі фена, закінуліся MDMА, курнулі травы і пагналі рабіць расследаванні».

    Як сцвярджае ўкраінская фактчэкерка Алена Раманюк, галоўнага рэдактара выдання «Народная правда» Марыі Швяцовай не існуе. Гэта выдуманая асоба. Яна выказала здагадку, што яе фота згенеравана штучным інтэлектам: вочы ненатуральнай формы, таксама нешта вельмі дзіўнае з завушніцамі — яны не ўваходзяць у мочкі і расплываюцца.

    Аўтар БАЖ скарыстаўся сэрвісам AI or not, які таксама ідэнтыфікаваў малюнак як, хутчэй за ўсё, выяву, створаную нейрасеткай.

    Цікава, што адным з месцаў, дзе нібыта працавала Марыя Швяцова, пазначаная «Наша Нива». Але такога выдання ва Украіне няма. БАЖ звярнуўся па каментар у беларускую рэдакцыю «Нашай Нівы», дзе падкрэслілі, што такой супрацоўніцы ў іх ніколі не было. Астатнія месцы працы Марыі Швяцовай таксама выклікаюць пытанні: паводле Алены Раманюк, ва Украіне няма выданняў «Новости Киева» і «Антикоррупционер».

    Мяркуючы па ўсім, гісторыя толькі разгараецца, і ва ўкраінскіх журналістаў-расследавальнікаў ёсць моцны стымул даведацца, хто хаваецца за «Народной правдой» і хто арганізаваў сачэнне за супрацоўнікамі Bihus.Info.

    Чытайце яшчэ:

    «Сёння цана памылак вельмі высокая». Як ва ўмовах эміграцыі і «прававога дэфолту» ў Беларусі працуюць журналісты-расследавальнікі

    Станіслаў Івашкевіч: Каб перамагчы антысанкцыйнае лобі, трэба безумоўныя і стоадсоткавыя доказы «кармушкі»

    Былыя журналісты БРЦ стварылі новае расследавальніцкае медыя — «Бюро»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці