• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Класкоўскі: “…І мы ўдваіх з Віцькам начысцілі яму пысу, растаўклі нюхаўку”

    Аляксандр Класкоўскі ў размове не аднойчы называў сам сябе “стары”, хоць мае ўсяго 54 гады. Але, падумаць толькі, некалі ён прымаў на працу маладых Валянціна Жданко, Алену Ціхановіч, Алега Груздзіловіча, Віталя Цыганкова, Алеся Ліпая — цяпер эліту нашай журналістыкі…

    Ужо да трыццаці год Класкоўскі паспеў папрацаваць галоўным рэдактарам часопіса “Парус”, які дасягнуў тады накладу мільён асобнікаў (!), у трыццаць узначаліў газету “Знамя юности”, якая пры ім узняла наклад да 800 тысяч (!). Потым быў намеснікам галоўнага рэдактара легендарнай “Народнай газеты” часоў Іосіфа Сярэдзіча, потым — адным з распрацоўшчыкаў праекта і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

    Але пагутарылі мы, натуральна, не толькі пра гэта. І пра слэнг Класкоўскага, круты нават для студэнтаў. Пра падабенства журналістаў да малпаў. Пра трох сыноў, дачку і двух жонак. Пра прадзеда, дзеда і бацькоў. І, вядома, пра інтэрнэт-троляў.

    АСАБІСТАЯ СПРАВА БАЖ

    Аляксандр Класкоўскі нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Новы Двор Мінскага раёна. Скончыў журфак БДУ. Працаваў у газеце “Знамя юности” (ад супрацоўніка сакратарыята да галоўнага рэдактара), адказным сакратаром “Звязды”, галоўным рэдактарам часопіса “Парус”, намеснікам галоўнага рэдактара “Народнай газеты”, галоўным рэдактарам інтэрнэт-выдання “Naviny.by”.

    Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў, палітычны аглядальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, лектар ЕГУ, эксперт сайта “Медыякрытыка”, медыйны трэнер.

    У разводзе, мае трох сыноў і дачку. Сябра БАЖ з 1996 года.

     

    “Як толькі журналіст становіцца халодным рамеснікам — гэта капец”

    Спадар Аляксандр, ці хутка і ці лёгка пішуцца вам артыкулы?

    Аляксандр Класкоўскі: Ёсць такая добрая рэкамендацыя — пісаць артыкулы “з галавы”. Тут прынцып Парэта дзейнічае — “80/20”. За 20 хвілін робіш каркас матэрыялу, а потым пачынаеш ужо нешта ўдакладняць, насычаць цытатамі, устаўляць лічбы. Бо іншым шляхам — калі гэта выбудоўваць паслядоўна, па абзацы — у разы болей часу адымае, і ў выніку перагружаны атрымліваецца матэрыял.

    Якраз і хацеў у вас запытацца: дзе вось такому навучыцца журналісту? Вы выйшлі з савецкай журналістыкі. Але сёння, чытаючы Класкоўскага, нават моладзь кажа: ну дзядзька дае, якім слэнгам лупіць! Раней жа вы, пэўна, так не пісалі. Як паспяваеце ў нагу з часам?

    Аляксандр Класкоўскі: Слэнг — не галоўнае. Гэта толькі адна з фішак. Найперш — самаадукацыя. Пакуль у цябе ёсць маторчык, які цябе штурхае самаўдасканальвацца, датуль ты жывеш у журналістыцы, можаш казаць нешта новае. Як толькі журналіст становіцца халодным рамеснікам — гэта капец. Можа такія гладкія рабіць матэрыялы, але гэта не будзе чапляць.

    Так, журналістыка мусіць трымацца стандартаў, але сама яна — нестандарт. Стандарт — пісаць сёння лепей, чым учора.

    Аднак выглядае, што ўсе гэтыя “кручкі” і “энерджайзеры”, якія вы скарыстоўваеце ў сваіх тэкстах — спалучаюцца з халодным разлікам, у чым вы і самі часам прызнаецеся. Называеце артыкул “Кейс Чудзянцова” — і тут жа прызнаецеся, што гэта толькі кручок, каб зачапіць чытача. Альбо гаворыць сур’ёзны чалавек — і раптам “а гэта — капец!” І ўсе адразу: “Што? Дзе? Дзе капец?”

    Аляксандр Класкоўскі: Нейкі час усімі гэтымі інструментамі я карыстаўся несвядома. Савецкі факультэт журналістыкі, які я скончыў, даў грунтоўную гуманітарную адукацыю. Я 90% літаратуры, мусіць, прачытаў да 22 гадоў — а потым праца, сям’я, дзеці… На журфаку самой журналістыцы не вучылі — было мала практыкаў, ды і ўвогуле ўсё выкладанне грунтавалася на прымаце ідэалогіі. Галоўнае — каб ты пісаў у адпаведнасці з генеральнай лініяй.

    Калі я паставіў сабе задачу пісаць нестандартна, то сам інтуіцыйна намацваў нейкія прыёмы. І калі стала дасяжная замежная прафесійная літаратура, то пераканаўся, што там гэта ўсё ўжо раскладзена па палічках. Ужо ў даволі сталым узросце я даведаўся, што трэба пісаць лід — такой тэрміналогіі на журфаку нават не было! А калі прачытаў кнігу “50 прыёмаў пісьма” амерыканскага мэтра Кларка, то — як той герой Мальера, каторы не ведаў, што ўсё жыццё размаўляў прозай, — нечакана высветліў, што прыкладна 45 з гэтых 50 прыёмаў ужо выкарыстоўваю! Таму цяпер я імі карыстаюся свядома.

    У 2006 годзе мне прапанавалі весці курс майстар-класаў сучаснай журналістыкі ў ЕГУ — і гэта мяне прымусіла прывесці ў сістэму тое, што самавукам намацаў у плане прафесійных прыёмаў журналістыкі. Плюс сталі запрашаць ладзіць трэнінгі для сябраў БАЖ, творчай моладзі. Потым я яшчэ напісаў пару прафесійных брашур — і бачу, што яны добра разыходзяцца.






    “Як малпу навучаюць палкай збіваць банан, так журналіста навучаюць, як падчапіць чытача”

    Вы калі казалі пра журфак, у мяне ўзнікла адчуванне, што мы з вамі ў адной групе вучыліся. А між нашай вучобай жа добра часу прамінула! Як вы думаеце, проста “так палучаецца” ці гэта нейкі свядомы ход?

    Аляксандр Класкоўскі: Рэч у тым, што савок быў — савок збольшага і застаўся. Праўда, я ўжо шмат гадоў неўязны на журфак — зразумела, калі ты з недзяржаўнай прэсы, то для журфака, мовячы словамі Валянціна Акудовіча, “цябе няма”.

    Аднойчы я толькі туды патрапіў — як была адліга ў дачыненнях з Еўропай, нейкія шведы прыехалі, ладзілі супольны семінар. На мяне там некаторыя глядзелі як на выкапня. І нават сядзеў, відаць, адмыслова падрыхтаваны сябар БРСМ, які наскокваў з правакацыйнымі пытаннямі. Адліга скончылася — і зноў я на журфаку не бываю.

    І нават шведы ўжо не памогуць!

    Аляксандр Класкоўскі: Так! Але я ўскосна магу меркаваць, бо чую водгукі, гутару са студэнтамі і выпускнікамі, што атмасфера саўка засталася. Хаця, наколькі ведаю, там ёсць розныя выкладчыкі, у тым ліку людзі прагрэсіўныя — але яны вымушаныя мімікрыраваць.

    Аднак самае галоўнае — практыка. Нельга навучыцца плаваць без вады. Тады, за савецкім часам, мне банальна не хапала стыпендыі — таму я пайшоў супрацоўнічаць у “Знамя юности”, на той час гэта была прасунутая моладзевая рэдакцыя, узгадаваная на хрушчоўскай адлізе.

    Тая школа шмат у чым страчаная. Цяпер такая пластмасавая, клавіятурная журналістыка з мёртвымі словамі. Хоць тады былі свае мінусы — неставала аператыўнасці, нельга было пісаць пра катастрофы… Памятаю, мяне-студэнта прымушалі па дзесяць разоў загаловак прыдумваць, казалі: “Гэта не тое, гэта не коціць!”.

    Тая школа дагэтуль працуе — цяпер ужо я муштрую моладзь, прымушаючы перарабляць загалоўкі, і не толькі загалоўкі. Моладзь бухціць: “Вось, стары Класкоўскі зноў прыдзіраецца!..”. Але тут мусіць быць, як у казарме — маладога трэба паганяць, каб потым у яго на аўтамаце ішла крэатыўная журналістыка.

    Якраз пра “клавіятурную журналістыку”, здаецца, казаў Віктар Малішэўскі. Што цяпер на майстар-класах галоўная мэта — навучыць пісаць загалоўкі і ліды. Дрэсіроўка на форму. А як жа змест?..

    Аляксандр Класкоўскі: Цяпер сапраўды — паколькі ў Беларусі няма такой сучаснай профільнай акадэмічнай адукацыі, гэта кампенсуюць усялякімі экспрэс-семінарамі. І тут ужо іншая крайнасць, бо пайшла ўжо дрэсура. Бяруць папулярныя заходнія метадычкі — і як малпу навучаюць кіем збіваць банан, так журналіста навучаюць, як падчапіць чытача. Але рамесніцкая азбука — гэта, можа быць, дзясятая частка журналісцкага поспеху.

    Журналістыка, на мой погляд — гэта думка, стыль і драйв эмацыйны. І тая самая аўтарская журналістыка, як у Калінкінай, вызначаецца не толькі суб’ектыўнасцю, а тым, што гэта напісана таленавіта, з душой і з драйвам. Гэта выпрацоўваецца жыццём і грамадзянскай пазіцыяй. Калі ты не быў у рэальных канфліктах, калі ты не біты воўк па жыцці, ты не напішаш вось так, каб гэта праймала іншых.







    “Сістэма метадычна дабівала чалавека — фактычна за адну фразу, якая была супраць шэрсці камуністам”

    Ведаю, што журналісцкую кар’еру вы пачыналі з раёнкі?

    Аляксандр Класкоўскі: Не кар’еру, а супрацу. У дзявятым класе пачаў пісаць гумарэскі ў газету Мінскага раёна “Шлях камунізму”. У мяне ўжо быў да таго часу кагнітыўны дысананс — бо жыццё, якое апісвалі ў газетах, не супадала з рэальным. У раёнцы пісалі, што перадавы трактарыст устае з першымі промнямі сонца і думае, як бы хутчэй сесці на жалезнага каня ды працягнуць працу. А я ведаў, што найперш ён бяжыць пахмяліцца самагонкай да бабкі Зосі. І я пачаў пра нейкія такія анекдатычныя выпадкі з вясковага жыцця пісаць гумарэскі. І яны пайшлі на ўра, бо ў раённай газеце заўжды не стае матэрыялаў.

    Гэта мне дапамагло пісаць не стандартныя заметкі пра перадавых даярак, а своеасаблівыя фельетончыкі з вясковага жыцця.

    І пра трактарыста, які бяжыць пахмяляцца, таксама напісалі?

    Аляксандр Класкоўскі: Можна сказаць, што так. Адна з маіх першых гумарэсак называлася “Дзве бутэлечкі чарніла”. Гэта быў рэальны выпадак у вёсцы, калі адзін рабацяга даў хлопчыку траяк і папрасіў збегаць у краму, узяць “пару чарніла”, а на рэшту — сабе цукерак. Ну малы пабег, купіў дзве бутэлечкі фіялетавага чарніла, а сабе — вялікі пакет цукерак! Той рабацяга валасы на сабе рваў!

    Вы ж зямляк Купалы, так?

    Аляксандр Класкоўскі: Я сапраўды нарадзіўся побач з Вязынкай, каля Радашкавіч мая вёска Новы Двор. Гэта ў пэўнай ступені паўплывала на мяне — бо калі з’язджаліся паэты ў Вязынку, трошкі выпівалі і пачыналі дэкламаваць вершы — я дзякуючы дынамікам чуў нават за некалькі кіламетраў у сваёй вёсцы.

    Гэта тыя мясціны, дзе яшчэ была такая дыхтоўная беларуская мова, цэнтральнабеларуская гаворка. Маці мая была вострая на язык. Нейкія фразеалагізмы ад мамы і цяпер самі выскокваюць у мяне. Вось дзе сапраўды — усмактана з матчыным малаком.

    У Вас, як у Барадуліна проста!

    Аляксандр Класкоўскі: У мяне як у Класкоўскага. Кожны мусіць быць сам сабой.

    Ведаю, што ваш прадзед Вацлаў Класкоўскі пацярпеў у часе сталінскіх рэпрэсій. Выглядае, што ўжо не першае пакаленне Класкоўскіх церпіць “за палітыку”?

    Аляксандр Класкоўскі: З расповедаў сваякоў ведаю, а нядаўна і сайт “Радыё Свабода” гэта даў у “Картатэцы Сталіна”, што прадзед Вацлаў быў асуджаны падчас калектывізацыі “тройкай” “за бандытызм і антысавецкую агітацыю”, гэта быў 1930 год. Усіх заганялі ў калгасы — і ён на нейкім вясковым сходзе засумняваўся ў перавагах калгаснага ладу. За гэта трапіў у ГУЛАГ.

    Акрамя таго, на нейкім расійскім сайце я знайшоў, што пасля вайны, у 1947 годзе прадзеду яшчэ дадаткова ўпаялі чатыры гады, калі ён адматаў першы тэрмін і там недзе на Амуры ўладкаваўся конюхам. Сістэма метадычна дабівала чалавека — фактычна за адну фразу, якая была супраць шэрсці камуністам.

    Мой адзін з першых успамінаў дзяцінства — гэта пачатак 1960‑х гадоў, прадзед Вацлаў стары, згорблены. Мяне дзівіла, што я малы — а ён прыкладна такога ж росту. У яго трэсліся рукі, і ён гэтай дрыготкай рукой мне даваў цукерку-падушачку. Ён на свае капейкі, жабрацкую пенсію, купляў дзецям цукеркі. Неўзабаве прадзед памёр. Ужо потым я асэнсаваў ягоны лёс — забралі квітнеючага мужчыну, селяніна, кармільца сям’і — вярнуўся знясіленым старцам.

    Мой дзед Юзік, сын Вацлава, чырвонаармеец-кулямётчык, загінуў ў баі ва Усходняй Прусіі ў 1944‑м. Аднавясковец, які выжыў, расказваў, што немцы пайшлі ў контратаку, ён прыкрываў адыход роты… Была такая калатнеча, што пасля бою не знайшлі нават цела, запісалі “прапаў без вестак”. І праз гэта сям’я нават не атрымлівала пенсіі жабрацкай, бо не “загінуў”, а “прапаў”! Бацькава сям’я сядзела без граша, жыла ў голадзе і холадзе…

    А чаму так было з беларусамі на вайне? Гэта ўсё дзеячы кшталту маршала Жукава, наконт якога тут некаторыя надрываюцца, помнікі ставяць. А ён і да яго падобныя нашых дзядоў кідалі без падрыхтоўкі у бой, бо, бачыце, беларусы былі пад акупацыяй, маўляў, фашыстаў салам кармілі — дык мы вас за гэта ў самае пекла. Гэта мне распавядалі тыя землякі-франтавікі, хто выжыў. Зразумела, вайна не санаторый, але ж было і такое, што беларусаў фактычна выкарыстоўвалі як штрафныя батальёны — бралі хлопцаў, мужчын цэлымі вёскамі і не навучаных як след кідалі на перадавую, на кулямёты…

    Я нарадзіўся пазней, але добра ведаў гэта ад старэйшых. Памятаю, як навучыўся чытаць у чатыры гады, як трымаў у руках каляровы часопіс “Огонек”, на вокладцы якога быў лысы дзядзька ў кукурузе. Акурат ішла хрушчоўская эпоха.

    Чытво з маленства захапіла мяне настолькі, што я праглынуў тры бібліятэкі — школьную, саўгасную і сельсавецкую. Калі ў жніўні куплялі камплект падручнікаў, я прачытваў іх за некалькі дзён!

    А што потым рабілі цягам навучальнага года?

    Аляксандр Класкоўскі: Чытаў для душы мастацкую літаратуру, а параграфы проста прабягаў па дыяганалі, каб асвяжыць у памяці. Школу я скончыў на выдатна, але не атрымаў залатога медаля. І гэта таксама было лакальнае сутыкненне з сістэмай. Я напісаў сачыненне без памылак, правільна выканаў пісьмовую матэматыку. Але працы пайшлі ў раённы аддзел адукацыі на дадатковую праверку, і там перакрэслілі мае пяцёркі і паставілі чацвёркі, бо ў сачыненні было “мала цытат класікаў”, а па матэматыцы можна было на адно дзеянне меней зрабіць.

    “Класікаў” — гэта ў сэнсе “леніных-марксаў”?

    Аляксандр Класкоўскі: Так, і Брэжнева таксама. А я напісаў проста, як бы цяпер сказалі, крэатыўны тэкст і не здагадаўся насыціць цытатамі Леаніда Ільіча. А потым мне ўжо сказалі, што проста на раён даюць два медалі, і загадзя вядома, каму іх трэба даць. Было пачуццё вострай крыўды, пачуццё фальшы гэтай сістэмы.

    Наколькі ўвогуле далёка ведаеце свой радавод?

    Аляксандр Класкоўскі: На жаль, як гэта бывае ў сялянскіх сем’ях, далей за прадзеда не ведаю… Па бацьку — гэта цэнтральна- і заходнебеларускія сяляне. Маці сама з усходу, Мсціслаўскі раён, мяжа з Расіяй. У маёй сям’і спляліся два пачаткі Беларусі — праваслаўе і каталіцызм, усходні пачатак і заходні. Маці часам бацьку жартам у спрэчцы казала: “Ну ты паляк упарты!”.





    “Я быў самы меншы ў класе — і трэба было самасцвярджацца, каб не лупілі гэтыя хуліганы, якія ўжо курылі буквары”

    Спадар Аляксандр, як вы ўвогуле на навуку ўзбіліся? Бадай жа, у вёсцы не самы папулярны занятак быў за кніжкамі сядзець…

    Аляксандр Класкоўскі: Бацькі хоць і былі вяскоўцы, але ж з адукацыяй — маці Горацкую сельгасакадэмію скончыла, бацька — фінансава-эканамічны тэхнікум, быў здатны да навукі. У маці была схільнасць да літаратуры, да гуманітарных навук, але ёй сказалі: “Куды ты, вясковая дзяўчына, палезеш!..”. У выніку паступіла дзе бліжэй — у сельгасакадэмію, прыехала па размеркаванні галоўным аграномам у саўгас пад Мінскам, дзе і пазнаёмілася з бацькам у 1957 годзе, а праз год я нарадзіўся. Таму маё сядзенне над кніжкамі не было нечым ненатуральным — бацькі гэта ўсяляк заахвочвалі.

    Але потым я адчуў праз гэта комплекс непаўнавартасці, бо быў самы меншы ў класе — і трэба было самасцвярджацца, каб не лупілі гэтыя хуліганы, якія ўжо курылі буквары пакрысе і пачыналі піць самагонку. Таму я пачаў займацца спортам, навучыўся гуляць у футбол даволі някепска. У садзе каля хаты знайшоў нейкую ржавую вось — і пачаў рабіць сілавыя практыкаванні. Заўважыў, што праз нейкі час мяне пачалі паважаць.

    А да гэтага тырылі?

    Аляксандр Класкоўскі: Не, па-першае, тыя бэйбусы ў мяне спісвалі, таму цанілі, а па-другое, мы з братам удваіх біліся, калі што, нікому не паддаваліся. Аднойчы на хакеі такі вялікі бамбіза пачаў з намі высвятляць стасункі. Мы ўдваіх з Віцькам начысцілі яму пысу, растаўклі нюхаўку.

    Двое на аднаго?

    Аляксандр Класкоўскі: Дык мы былі яму па пояс! Далі адпор агрэсару — і далей нас ужо не чапалі.

    Брат маладзейшы?

    Аляксандр Класкоўскі: Маладзейшы на паўтара года.

    Як склаўся ягоны лёс?

    Аляксандр Класкоўскі: Ён быў інжынерам у саўгасе, але потым саўгас разваліўся. Цяпер Віця працуе таксістам у Мінску — любіць самастойнасць, любіць свабоду. Ездзіць з бел-чырвона-белай налепкай.




    “І ў мяне былі такія тады маладыя кадры як, напрыклад, Валянцін Жданко, Алена Ціхановіч, Алесь Ліпай, Алег Груздзіловіч, Віталь Цыганкоў…”

    Значыцца, у “Шлях камунізму” вы пісалі толькі гумарэскі. А калі пачалі ўласна журналістыкай займацца?

    Аляксандр Класкоўскі: Калі паступіў на журфак, там вымагалі, каб кожны нешта пісаў менавіта ў тых жанрах, якія мы вывучалі: нататкі, рэпартажы… І я пайшоў у “Знамя юности”. І мне зноў жа пашанцавала, што пры такой вялікай газеце быў “жабятнік” — спецвыпуск для студэнтаў, якія працавалі ў будатрадах. Ён называўся “Знамя юности на студенческой стройке”. Для мяне гэта была выдатная школа, бо меў магчымасць пабываць у будатрадах і па ўсёй Беларусі, і па ўсім Саюзе.

    Праз некалькі гадоў я сам стаў рэдактарам гэтага спецвыпуску, мне было, можа, 24 гады. І ў мяне былі такія тады маладыя кадры як, напрыклад, Валянцін Жданко, Алена Ціхановіч — сённяшняя эліта “Радыё Свабода”… У 1986 годзе я нечакана (меў толькі 27 гадоў) стаў галоўным рэдактарам усесаюзнага моладзевага часопіса “Рабочая смена”, потым яго назвалі “Парус”. Ужо пачалася перабудова — і знайшлі мяне, бо Гарбачоў казаў, што патрэбная маладая кроў (а ў многіх моладзевых выданнях тады сядзелі дзяды і бабулі).

    Дарэчы, у мяне яшчэ адтуль звычка выкарыстоўваць моладзевы слэнг. Бо мы пачалі для падлеткаў, для птвэшнікаў пісаць на іхняй мове. Пісалі пра рок-музыку, на апошняй старонцы вокладкі давалі постэры… Давалі навуковую фантастыку, шмат пісалі пра аўтарскую песню…

    Пачалі кранаць і грамадска-палітычныя тэмы. Напрыклад, я злётаў у Львоў — мы атрымалі ліст ад “сепаратыстаў”, якія выказалі думку “а чаму б нам не аддзяліцца ад Савецкага Саюза”. Напісаў матэрыял — фурор! Але тут жа да мяне прыйшоў чалавек у цывільным, паказаў пасведчанне — аж цэлы маёр быў КДБ. І спытаўся: “Дзе вы набраліся такіх думак?”. А ў мяне на паліцы стаяла савецкая Канстытуцыя, я адкрыў і паказаў яму артыкул, што “за кожнай савецкай рэспублікай захоўваецца права выхаду з СССР”. І трэба было пабачыць, як у гэтага маёра адвісла сківіца!

    Вы кажаце, што гэты часопіс быў усесаюзны. А ці было там што беларускае?

    Аляксандр Класкоўскі: Там былі маладыя беларускія аўтары, вершаў мы шмат друкавалі — праўда, пераважна на рускай мове. А вось пазней, калі ў 1988 годзе я стаў рэдактарам “Знамени юности” (гэта быў працяг маёй шалёнай перабудовачнай кар’еры), то адным з першых кадравых рашэнняў было ўзяць студэнта і маладога паэта Алеся Ліпая, які амаль што адразу стаў загадчыкам аддзела — і пачаў весці ў рускамоўнай камсамольскай газеце паласу “Родны склон” на беларускай мове! Камсамол выпаў у асадак! Але праглынуў гэта ўсё.

    У той жа час у мяне пачыналі працаваць маладыя журналісты Алег Груздзіловіч, Віталь Цыганкоў. Гэтая каманда крышыла ўсе бар’еры — бо мы адчулі, што наступіў час, якога ў нашым жыцці, магчыма, больш не будзе. Тады фішка была ў тым, што Гарбачоў дэклараваў лозунгі — перабудова, галоснасць… І мы маглі перад мясцовымі беларускімі камуністычнымі артадоксамі прыкрывацца Масквой — а вось жа, генсек сказаў! І яны прыкусвалі язык.

    Мы пачалі пісаць крамольныя рэчы пра палітыку. Я, напрыклад, узняў тэму шматпартыйнасці, увечары артыкул цалкам зачыталі па “Радыё Свабода”, сказаўшы, што такое пытанне ставіцца ўпершыню ў “савецкім падцэнзурным друку”. І жонка Людміла, выслухаўшы з каменным тварам, сказала: трэба сушыць сухары.

    Адначасна мы здымалі табу з такіх тэм, як прастытуцыя, дзедаўшчына ў войску… Дарэчы, дзедаўшчына мне агукнулася. Ваенкаматы былі ўсемагутныя — і “палітычнае рэкруцтва” я спазнаў яшчэ ў тую эпоху. Праўда, ужо быў лейтэнантам запаса, бо скончыў вайсковую кафедру. Але тры ці чатыры разы мяне сцягалі на зборы.

    Галоўнага рэдактара “Знамени юности”?!

    Аляксандр Класкоўскі: Так! Прычым у ваенкамаце нават не ўтойвалі: “Раз ты такі разумны і крытыкуеш армію — дык вось месяц папоўзай на бруху на палігоне!”.

    Дарэчы, яшчэ пры самым канцы навучання ва ўніверсітэце я на зборах ледзьве не стаў акупантам. Якраз пачалася катавасія ў Польшчы — і ўначы нашую дывізію ў Слоніме паднялі па трывозе. Прызвалі і “партызанаў” — яны прыехалі п’яныя, і ў кожнага ў торбе яшчэ самагонка. Трэба было бачыць, як гэтае п’яное войска ехала да польскай мяжы. Калі б нам далі поўныя боекамплекты да аўтаматаў… Тое, што потым адбылося ў Баку ў 1990‑м — якраз такія партызаны і ўчынілі мясілава.

    Таму дзякуй богу, што мы не даехалі тады да польскай мяжы. Цяпер у Ярузэльскага шмат хто кідае камяні… Але я ўдзячны генералу Ярузэльскаму, бо ён увёў ваеннае становішча, выклікаў агонь на сябе — і гэта папярэдзіла савецкую інтэрвенцыю. Так што я быў без пяці хвілін інтэрвент, але дзякуй богу, не запляміў сябе гэтым.

    Вы такі падцягнуты. Спортам і цяпер займаецеся?

    Аляксандр Класкоўскі: Стараюся па гадзіне чатыры-пяць разоў на тыдзень. Гэта хутчэй фізкультура, простыя, але эфектыўныя практыкаванні. З целам трэба працаваць у любым узросце. І потым, гэта таксама важна для паспяховай журналісцкай працы. Таму што журналісцкая брація працуе ў ненармаваным рэжыме… Я ў свой час курыў пачак-паўтара за дзень. Калі пачынаў пісаць артыкул — цыгарэту ад цыгарэты прыпальваў. І зразумеў, што так надоўга не хопіць — сядае дыхалка, галава разломваецца…

    Калі даводзіцца па 12–14 гадзін сядзець пры кампутары, адзінае выратаванне — гэта фізкультура. Тады і мазгі працуюць. Я калі адчуваю, што зацыкліўся на некаторых рэчах, кажу сабе: “Стары, стоп, досыць!”. Гэта значыцца, трэба схадзіць у лазню, паганяць у футбол… Альбо паглядзець фільм, пачытаць кніжку. Пераключыцца, карацей.

    У лазню хаджу са сваім меншым сынам Цімохам. У мяне тры сыны і дачка — плён вялікі. У лазні з Цімохам таксама размаўляем па-беларуску — добры такі трэнінг. Дарэчы, ніколі не чуў у лазні беларускай мовы. Дзе ўсе гэтыя змагары за беларушчыну? Можа, яны не мыюцца ніколі?








    “Кідалі камяні ў майго сына тыя, хто прабавіў 19 снежня пры кампутары”

    Я вось усё і чакаў, пакуль вы самі пра дзяцей загаворыце. Не так даўно вы напісалі ў фэйбуку: “Папікаюць, што палітолаг Класкоўскі каментуе ўсё, апроч сітуацыі з уласнай дачкой”. Раней была падобная сітуацыя з вашым сынам — калі вы мусілі нейкім чынам каментаваць і як бацька, і як публічная асоба. Як гэтыя сітуацыі выглядалі для вас з сярэдзіны?

    Аляксандр Класкоўскі: Гэта розныя сітуацыі: дачка, у якой за мяжой суд адабраў дзіця, і сын, якога пасадзілі за Плошчу… Агульнае тое, што гэта момант стрэсу, калі трэба трымаць удар. Працаваць як заўжды — для мяне гэта выратаванне. Калі цяжка, не ўлягаю ў гарэлку, а проста раблю болей матэрыялаў.

    Па-другое, гэта школа, загартоўка. Хоць гэта кашчунна гучыць — але гэта таксама дапамагае пісаць з большым веданнем жыцця. Калі я пішу на сайце mediakritika.by пра этычныя праблемы — яны для мяне актуальныя яшчэ і таму, што вось у такіх сітуацыях частка людзей пачынае лезці з бруднымі ботамі да цябе ў душу. І гэта праблема, бо нават у публічнай персоны ёсць права на таямніцы прыватнага жыцця. І тут калізія ў тым, што з аднаго боку гаворка ідзе пра падзеі, якія маюць грамадскі рэзананс — а з іншага боку я застаюся бацькам.

    У той сітуацыі з сынам — ці дужа вы выслухалі папрокаў кшталту “ну як жа ты яго выхаваў”?

    Аляксандр Класкоўскі: Бруду з любой нагоды стае. Іншая рэч, што я даўно працую ў анлайнавым асяроддзі, у рэжыме зваротнай сувязі — і ў гэтым сэнсе я стаў таўстаскурым, загартаваўся і на троляў асабліва не звяртаю ўвагі. Хаця ў такіх сітуацыях усё адно мы не робаты, мы жывыя людзі…

    Сын наіўна, стыхійна выйшаў на гэтую Плошчу. Тут хутчэй пытанне да палітычных лідараў, якія туды павялі людзей. І падставілі пад удар, не змаглі кіраваць гэтай Плошчай. А сын проста патрапіў пад раздачу. Таму ў той сітуацыі для мяне першае пытанне было — як дамагчыся хаця б адноснай справядлівасці, каб сын меней пакутаваў. Я не хадзіў на пікеты. Але напісаў тагачаснаму генеральнаму пракурору Васілевічу адкрыты ліст, у якім згадаў, дарэчы, і пра лёс свайго прадзеда. Задаў рытарычнае пытанне: што, сістэма не змянілася — калі чалавека трушчаць за палітычныя погляды? І нагадаў аб праве арыштаваных на абарону і на людскае абыходжанне. Падкрэсліў, што праточваюцца звесткі аб здзеках, катаваннях. Скончыў так: пракуратура мусіць рэагаваць на выступы ў друку, калі гаворка ідзе аб парушэнні законнасці. Тут жа, на мой погляд, законнасць проста топчуць. Адрэагуйце, спадар генпракурор!

    Дык вось, перад тым тры месяцы нікога з адвакатаў у “амерыканку” не пускалі — а назаўтра пасля майго артыкула адвакатцы далі магчымасць тры гадзіны пагутарыць з сынам. Гэты крок мяне пераканаў, што іншым разам трэба меней драць ляпу, а проста нейкія рэчы фармуляваць у прававых катэгорыях. Той самы Васілевіч — ён усё ж законнік і разумее пра нейкую адказнасць. Калі не цяпер, то потым.

    На форумах закідалі вам і тое, што ваш сын ужо ў лукашэнкаўскай Беларусі пайшоў у міліцыю. Напраўду — як так?

    Аляксандр Класкоўскі: Да такіх наездаў я спакойна стаўлюся. Сітуацыя выглядала абсалютна па-жыццёваму. У яго з’явілася сям’я, дзеці — даволі рана, пасля войска адразу. А ён хацеў працягваць адукацыю. Паступіў вучыцца на юрыста ў прыватную ВНУ. І каб зарабляць на сям’ю — пайшоў працаваць у дзяржаўтаінспекцыю.

    Па-першае, МУС — гэта блізка да юрыдычнага профілю. Па-другое, ён з дзяцінства запаў на аўтамабілі — і менавіта таму выбраў ДАІ. То бок, не разганяў мітынгі, не пырскаў газам, не ўжываў дручка. Працаваў даішнікам — пад дажджом, пад снегам, даводзілася і нейкіх скрадальнікаў машын пераследваць. Гэта нармальная праца, у нас проста дзяржава ненармальная. Напрыклад, у Амерыцы паліцыянт — гэта паважаная фігура.

    Ці ўплывалі вы неяк на выбар прафесіі сына?

    Аляксандр Класкоўскі: Ён усё вырашаў сам. Дарэчы, год нават правучыўся на журфаку, але потым вырашыў, што гэтае не ягонае. У мяне і сын, і дачка самастойныя і, можа, нават упартыя. Гэта ў пэўнай ступені праява майго характару — яны любяць, як тая котка ў Кіплінга, гуляць самі па сабе. Іншым разам робяць і непрадуманыя крокі.

    Але, ведаеце, потым кідалі камяні ў майго сына тыя, хто прабавіў 19 снежня 2010 года пры кампутары.

    Як вы выхоўвалі дзяцей для таго, каб яны сталі самастойнымі і ўпартымі?

    Аляксандр Класкоўскі: Я далёка не ўзорны бацька, бо быў працаголікам усе гэтыя гады… Трэба было зарабляць грошы, першая сям’я рана з’явілася. Працаваў і начамі, і ў выхадныя дні…

    Дарэчы, калі пачаўся праект Naviny.by, ужо сваю каманду прывучыў працаваць і ўначы, і ў выхадныя — бо на той час беларускі інтэрнэт у суботу-нядзелю проста заміраў. Памятаю, калі здарыўся тэракт на Дуброўцы ў Маскве, я паставіў на вушы сваіх журналістаў з Навінаў.бай — аднаго прымусіў нават прыехаць аднекуль з лецішча, звязацца з Масквой… Высветлілася, што некалькі беларусак захоплена…

    Нашы публікацыі на гэту тэму адразу сталі хітамі, друкаваная прэса не паспявала. Тады я зразумеў, што такое інтэрнэт — калі ты першым хапаешся і першым пішаш пра гарачую падзею, тут і цяпер. Тады я адчуў фішку анлайну — гэта быў самы пачатак раскруткі Навінаў.бай, сёння гэта адзін з самых моцных у краіне анлайнавых праектаў.

    Як вы спрытна з тэмы не ўзорнага бацькі — да тэмы Навінаў.бай!

    Аляксандр Класкоўскі: Бацькам я быў сапраўды не ўзорным, бо шмат працаваў і меней, чым трэба, часу аддаваў дзецям. Адно што я, як і мой бацька некалі нас, стараўся дзяцей болей усюды цягаць — у музеі, у паркі, у вандроўкі, паказваў свет, прывучаў да фізкультуры і да кніг, беларускіх песень. Мае дзеці свабодна размаўляюць па-беларуску — у гэтым сэнсе я ўклаў тое, што хацеў.

    Першы сын нарадзіўся, калі вам было ўсяго 20 год?

    Аляксандр Класкоўскі: Так, я быў студэнтам. Гэта і змусіла ісці ў “Знамя юности”, бо трэба было зарабляць грошы. Чаму я і кажу, што ў мяне 34 гады прафесійнага стажу — бо ў 20 гадоў пайшоў працаваць у штат, хоць і вучыўся на дзённым аддзяленні.

    Вы з першай жонкай на журфаку пазнаёміліся?

    Аляксандр Класкоўскі: Так. І другая былая жонка таксама журналістка. Бачыце, для мяне гэта быў не самы добры досвед. Калі мы разышліся з першай жонкай, сын ужо быў паўналетні, дачка — падлеткам.




    “Я не адрокся ад дачкі, а стараюся дапамагчы”

    Як Плошча і наступны суд паўплывалі на вашыя адносіны з сынам?

    Аляксандр Класкоўскі: У нас цяпер нармальныя адносіны, без залішніх сантыментаў, мужчынскія. Саша шмат перажыў, пасталеў, але ж і рубцы засталіся.

    І я разумею, што калі б ён не пайшоў на Плошчу ці паводзіў там сябе болей абачліва — то не было б такой драмы для сям’і. З іншага боку, я не магу кінуць у яго камень, бо ён апынуўся ў сітуацыі, калі ў пэўнай ступені ўсё было запраграмавана.

    З іншага боку, я вучыў сына не быць баязліўцам ды падлюгам, умець сціскаць зубы, і ў гэтым сэнсе ўсё ў парадку.

    Дзе Аляксандр цяпер жыве?

    Аляксандр Класкоўскі: Ён жыве ў Мінску, працуе ў прыватнай фірме, праца звязаная з лагістыкаю, аўтаперавозкамі. Вельмі складана было ўладкавацца з “воўчым білетам” — таму і не называю фірму.

    Справу ён ведае, бо ў свой час, яшчэ да зняволення, працаваў дальнабойшчыкам. Шмат нагледзеўся, вазіў грузы ў Расію — а там аматараў “наехаць” на паўнюткую фуру шмат. Трапляў у пераплёты, калі даводзілася ад бандзюганаў і адбівацца. А з міліцыі ён сышоў, бо гэта было не ягонае. Ён там прыносіў у аддзел “Народную волю”, спрабаваў па-беларуску размаўляць, нават пратаколы складаць…

    Я так разумею, што з часам вы меншым працаголікам не робіцеся. З унукамі — трыма Аляксандравымі дзеткамі — часта кантактуеце?

    Аляксандр Класкоўскі: На жаль, не вельмі часта, таму што яны яшчэ ў Бялынічах, давучваюцца. Спадзяюся, з новага навучальнага года ўжо будуць у Мінску. Бо нявестка пераехала да сваіх бацькоў, калі Саша апынуўся ў зняволенні. Цяпер сям’я фактычна разарваная, сын ездзіць да сям’і.

    Усяго ж у вас пяцёра ўнукаў. Самага меншага, Адама, хоць раз бачылі?

    Аляксандр Класкоўскі: На жаль, толькі на фатаграфіях. Вы ж ведаеце, там цэлая драма…

    Вы ў фэйсбуку напісалі, што не ўхваляеце пэўныя крокі сваёй дачкі. Асабліва ў тым, што яна паддалася — і прапаганда выкарыстоўвае яе як інструмент для выкрывання “гнілога Захаду”. І зноў на Класкоўскага пачаліся віртуальныя наезды: што ты, раней не мог узяць папругу і ўваліць, чаго цяпер дачку асуджаеш?!

    Аляксандр Класкоўскі: Я ніколі не быў аматарам папругі. Увогуле ж я, напэўна, не зусім зручны бацька. Бо і старэйшаму сыну, і дачцэ іншым разам казаў і кажу не вельмі прыемныя рэчы. Але мяркую, што гэта для іх жа карысці.

    І ў гэтым выпадку з Вольгай ў мяне рвецца душа. Бо я застаюся бацькам. Разам з тым, я публічная фігура, у мяне ёсць пэўная грамадзянская пазіцыя. І калі бачу, што за гэтую гісторыю схапілася прапаганда і выкарыстоўвае сітуацыю цынічна ў сваіх інтарэсах — то не варта міжволі ёй падгульваць. І я раіў гэта Вользе — што гэта чыста побытавая сітуацыя, якую трэба вырашаць без залішняга медыйнага шуму. А тыя закіды, што пачаліся — “адрокся ад дачкі”… Наадварот — я не адрокся, а стараюся дапамагчы, каб не страціла нейкія важныя маральныя арыенціры.

    Вы сказалі цікавую фразу, што першая і другая жонка журналісткі — маўляў, кепскі досвед…

    Аляксандр Класкоўскі: Напэўна, гэта я не вельмі добры муж, бо заўжды шмат працаваў — не кожнай жонцы гэта падабаецца. Хоць дзецьмі займаўся заўжды па меры магчымасці. Зараз з меншым пераважна — заўсёды разам і на стадыёне, і ў лазні, і кніжкі беларускія чытаем…

    Аднак, канечне, жонкі мелі падставы для крыўдаў. Я чалавек па Кіплінгу — люблю гуляць сам па сабе. Не ў сэнсе пошлым і вульгарным, а ў сэнсе — не трываю, калі мной спрабуюць маніпуляваць, навязваць не ўласцівыя мне рэчы. Ну і яшчэ — быў нявытрыманы. Мне спатрэбілася зашмат часу, каб навучыцца трохі ўтаймоўваць сваіх унутраных дэманаў.

    Увогуле ж у гэтых разрывах бяру пераважную частку віны на сябе.

    Спадар Аляксандр, пра тых двох дзяцей вы сказалі, пра меншага сказалі. Яшчэ пра аднаго не сказалі.

    Аляксандр Класкоўскі: Тарас вучыцца ва ўніверсітэце, займаецца інфарматыкай. Паступіў без іспытаў, бо меў стос дыпломаў пераможцы розных алімпіяд. І цяпер ён выступае за каманду БДУ на чэмпіянатах свету па праграмаванні… Ён выбраў такую сферу, апалітычную.



    “Мяне папёр камсамол, асабліва горача выступаў сакратар Аляксандр Фядута”

    У мяне ёсць вашая кніжачка, якую вы напісалі ў суаўтарстве з першай жонкай Людмілай — біяграфія Станіслава Шушкевіча. Калі вы пісалі гэтую кнігу, то былі намеснікам галоўнага рэдактара “Народнай газеты”, а галоўным рэдактарам быў Іосіф Сярэдзіч. Як напісанне такой кнігі стасавалася з журналісцкай этыкай?

    Аляксандр Класкоўскі: Якраз і скарыстоўваў службовае становішча, каб браць інтэрв’ю у Шушкевіча, тагачаснага кіраўніка краіны — бо тады, на пачатку 90‑х, рэдакцыя парламенцкай газеты месцілася ў Доме ўраду!.. (усміхаецца) Разумееце, гэта быў момант эйфарыі, момант рамантыкі — здавалася, што мы перамаглі. Бел-чырвона-белы сцяг лунаў над Домам ураду. Усе тады былі рамантыкамі — і Зянон Пазьняк, і Алег Трусаў…

    Памятаю, Трусаў сядзіць на нейкай дыскусіі — а ў нататніку крэмзае зусім іншыя рэчы. Я спытаўся, што ён крэмзае. “Рэдагую песні беларускіх жаўнераў”. Палітыкам рамантычнага пакалення здавалася, што ўсё, перамаглі — засталося толькі скласці песні беларускіх жаўнераў і маршам можна ісці ў светлую дэмакратычную будучыню Беларусі.

    Так што на той кнізе — адбітак рамантычнай эпохі. Сёння той твор мне шмат у чым падаецца наіўным, занадта ўзнёслым… Дарэчы, у той кнізе, якая выйшла яшчэ да першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, у мяне ёсць характарыстыка Лукашэнкі, прыкладна такая: таленавіты папуліст з сіплаватым голасам, гнеўнымі ноткамі, які пры любой нагодзе рвецца да мікрафона і якому ўсё адно што выкрываць — абы выкрываць. Я і сёння магу падпісацца пад гэтымі словамі.

    Што да вашай кар’еры, то мы не дагаварылі, як вас папёрлі са “Знамени юности”.

    Аляксандр Класкоўскі: Мяне зняў камсамол. Асабліва горача выступаў сакратар ЦК камсамола Аляксандр Фядута. Сабралі пленум, закінулі тое, што я здрадзіў камуністычным ідэалам. І што газета прадаецца ніжэй за сабекошт.

    Наконт першага яны, у прынцыпе, мелі рацыю, а вось наконт другога — гэта быў анекдатычны закід, яны проста болей не ведалі, што на мяне павесіць. Рэч у тым, што 2 красавіка 1991 года адбылося “паўлаўскае” падвышэнне цэнаў удвая, у тым ліку і на паперу. А падпіска прайшла раней, мы гэтага не маглі прадбачыць. Газета тады без усялякага адміністрацыйнага ціску набрала наклад пад 800 тысяч асобнікаў. Гэта значна болей, чым цяпер мае тая ж “Советская Белоруссия”…

    Тады ж адбыўся пралетарскі бунт супраць таго падвышэння — на плошчу Леніна выйшла сто тысяч чалавек. Я як рэдактар меў права выклікаць з гаража “Волгу”. І адчуў усю моц гэтага бунту — калі ехаў на белай “Волзе” і мы трапілі ў гэтую плынь. Мне стала ніякавата — здалося, што зараз легкавік раструшчаць як бляшанку. Тым болей, белая “Волга” — ну натуральна, наменклатуршчык! Але гіганцкі натоўп паводзіў сябе ўзорна — маўкліва, у працоўных робах і пудовых чаравіках, змрочныя рабочыя ішлі на плошчу. Улада тады адчула моц народнага бунту. Невыпадкова яшчэ на пачатку прэзідэнцтва Лукашэнка бязлітасна задушыў страйк машыністаў метрапалітэну…

    Пасля “Знамени юности” была “Народная газета”?

    Аляксандр Класкоўскі: Так, прычым трапіў з агня ў полымя. Іосіф Сярэдзіч з’ехаў у адпачынак, а мяне пакінуў “на гаспадарцы”. І тут — путч 19 жніўня 1991 года. У Беларусі толькі “Народная газета” ды “Знамя юности” (мая ж былая каманда!) рызыкнулі даць матэрыялы супраць ГКЧП. Калі вярсталі нумар на 20 жніўня, чакалі, што ўварвуцца аўтаматчыкі. Потым прыйшоў дадому, залпам выпіў дзве вялікія шклянкі гарэлкі, закурыў беламорыну і стаў чакаць “варанка”. Казалі, што пад Мінскам ужо стаяць закратаваныя вагоны для ўсіх “так званых дэмакратаў”.

    Але путч не прайшоў, нас назвалі героямі, а тым, хто паспеў падтрымаць ГКЧП, тэрмінова спатрэбіліся памперсы. Магло б скончыцца і кепска, дзякуй Ельцыну, які ў Маскве залез на танк і павярнуў кола падзей.

    А потым я сышоў у БелаПАН. Калі ўжо стала немагчыма працаваць у “Народнай газеце”, калі знялі Сярэдзіча, а потым Мікалая Галко. Хоць Мікалая Галко прызначаў ужо Лукашэнка, той упёрся рогам — і стараўся рабіць, наколькі гэта магчыма, незалежную газету. А потым, калі там скрышылі ўсё, трэба было шукаць запасны аэрадром — і я ўдзячны Алесю Ліпаю, свайму былому вучню, які мне прапанаваў працу ў БелаПАН, дзе я па сённяшні дзень працую.

    Прычым я прыйшоў — і неўзабаве атрымаў магчымасць распрацоўваць ды ўвасабляць вось гэты новы перспектыўны праект “Навіны.бай”. Тады Байнэт быў яшчэ ў дзіцячай стадыі — і на нас глядзелі як на дзівакоў.

    Памятаю, у 2002 годзе прылятаў Барыс Нямцоў у Мінск — і мы паслалі Сяргея Пульшу ў аэрапорт, каб ён зрабіў інтэрв’ю. Раптам ён тэлефануе: “Усё, заламалі рукі Нямцову, нейкі тут кейс з далярамі… Пра што я буду пісаць?..”. Кажу: “А ты дыктуй праз мабільнік, што бачыш!”. І мы пачалі ў анлайне перадаваць тое, што ён дыктаваў. Гэта быў першы досвед анлайн-рэпартажу — і мы намацалі, што гэта фішка! Потым ужо ўсе пачалі рабіць і гэта стала традыцыяй.

    Памятаю, як святкавалі, калі за дзень у нас было 100 наведнікаў, 200… Цяпер у нас сто тысяч! Мы былі першыя — і зрабілі гэта з нуля. Таму калі пачынаюць закідаць — што кепска з рэжымам змагаемся, што мала па-беларуску… У мяне пытанне: а вы што зрабілі? У нас з пазіцыі маралістаў выступаюць тыя, хто ў рэале палец аб палец не ўдарыў. Тролі.







    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці