• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Валер Карбалевіч: “Паводле беларускай Канстытуцыі я не маю права балатавацца на пасаду прэзідэнта”

    Валер Карбалевіч – чалавек, якога ведаюць усе, але ўласна пра яго ведаюць надзвычай мала. У інтэрнэце – выключна сухая біяграфія. Нават калегі, якія знаёмыя са спадаром Карбалевічам па 15 гадоў – адгукаюцца як пра адказнага чалавека, выбітнага аналітыка, аматара футбола. Але не могуць сказаць нічога пэўнага пра яго сям’ю, паходжанне, гісторыю жыцця. Мяркую, гэтая гутарка распавядзе знаёмым Валера Карбалевіча пра яго – не толькі як пра аналітыка, але і як пра асобу.

    АСАБІСТАЯ СПРАВА БАЖ

    Валер Карбалевіч нарадзіўся ў 1955 годзе ў Расіі. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Выкладаў у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце. Працаваў у Нацыянальным цэнтры стратэгічных ініцыятываў “Усход-Захад” (пазней – Аналітычны цэнтр “Стратэгія”).  Палітычны аглядальнік газеты “Свободные новости”, палітычны аглядальнік “Радыё Свабода”. Сябра БАЖ з 1999 года.

     

    “Маці нас адна гадавала, а ў сям’і было 4 хлопцы, я самы старэйшы”

    Спадар Валер, у інтэрнэце можна знайсці сотні Вашых матэрыялаў. Але інфармацыі ўласна пра Вас – увобмаль. Чаму так?

    Валер Карбалевіч: Звычайна цікава ведаць розныя біяграфічныя факты пра палітыкаў, пра нейкую спартовую ці поп-зорку. А пра аналітыкаў, якія даюць сухія ацэнкі, – іх біяграфічныя звесткі мала каго цікавяць, бо ў іх іншая функцыя — даваць ацэнку, аналізаваць падзеі. Іншая справа — калі гэты чалавек аказваецца ў цэнтры ўвагі па нейкіх прычынах, тады і яго біяграфія пачынае цікавіць людзей.

    Распавядзіце, калі ласка: з якой Вы сям’і, адкуль родам?

    Валер Карбалевіч: Самае цікавае, што я нарадзіўся не ў Беларусі, а ў Кастрамской вобласці Расійскай Федэрацыі. Гэта значыць, што паводле беларускай Канстытуцыі я не маю права балатавацца на пасаду прэзідэнта. Гэта, зразумела, вялікая страта. (усміхаецца) Але бацькі мае – беларусы: маці са Случчыны, бацька са Старобіншчыны, цяпер гэта Салігорскі раён. Так здарылася, што яны паехалі на заробкі на Поўнач на 2 гады, і я якраз там нарадзіўся і пражыў там першыя паўгода жыцця, а потым бацькі, ужо разам са мной, вярнуліся ў Беларусь. Усё астатняе жыццё пражыў у Слуцкім раёне, у вёсцы.

    Але радочак у біяграфіі “нарадзіўся ў Расіі” працягвае пераследваць!..

    Валер Карбалевіч: Так, заўсёды так пішуць.

    Вы кажаце, бацькі на заробкі туды паехалі. Якую працу яны там выконвалі?

    Валер Карбалевіч: Бацька быў кіроўцам усё жыццё. Маці — настаўніца. Бацька загінуў у аварыі, калі я скончыў першы клас школы. Так што маці адна нас гадавала, а ў сям’і было 4 хлопцы, я самы старэйшы.

    Вы ніколі потым не бывалі ў той мясціне, дзе нарадзіліся?

    Валер Карбалевіч: Не. Зусім нядаўна мне напісалі па электроннай пошце, з рэдакцыі раённай газеты. Кажуць — вядзем рубрыку “Нашыя знакамітыя землякі” і хацелі б даведацца пра вас, што вы памятаеце. Я адказаў, што зямляк я вельмі адносны – паўгода жыцця.

    Як вёска на Случчыне называецца?

    Валер Карбалевіч: Балотчыцы – гэта па дарозе між Слуцкам і Салігорскам. Там я скончыў вясковую школу. У першы год не паступіў на гістарычны факультэт, толькі з другога разу.

    Дзе тады месціўся факультэт?

    Валер Карбалевіч: У галоўным корпусе.

    То бок, з вакна партрэты на Доме ўрада разглядалі?

    Валер Карбалевіч: Так, і партрэты разглядалі, і помнік разглядалі! Любімае пытанне прафесара Абецэдарскага на экзамене па гісторыі БССР: “Вось стаіць помнік Леніну. Скажыце, якую ён падымае руку – левую ці правую?”

    Не гледзячы ў вакно?

    Валер Карбалевіч: Зразумела! І ўсе на гэтым сыпаліся!

    А чаму ў гэтага Леніна паліто на жаночы бок зашпіленае, не пытаўся?

    Валер Карбалевіч: Не, гэта было б ужо кашчунства! (усміхаецца)

    “У Абэцэдарскага я атрымаў “незалік” – фактычна адзін раз за ўсё навучанне”

    Спадар Валер, дык у Вас, атрымліваецца, выкладаў гісторыю той самы адыёзны, страшны чалавек – Абэцэдарскі?

    Валер Карбалевіч: Не будзем нават згадваць пра ягоную ідэалагічную канцэпцыю – якая, па-сутнасці, не была ягоная, а была афіцыйная, а ім проста агучаная.

    Антыбеларуская канцэпцыя, мякка кажучы.

    Валер Карбалевіч: Зразумела – прарасейская, антыбеларуская. Але праблема нават не ў гэтым. А ў тым, што на яго экзамен ты ішоў і не ведаў — здасі ці не здасі, як бы ты ні вывучыў. Ён мог задаць пытанне, абсалютна не датычнае тэмы! Я атрымаў “незалік” – фактычна адзін раз за ўсё навучанне. Хоць скончыў потым з чырвоным дыпломам. Але ад яго атрымаў “незалік” – і паўгода стыпендыі не атрымоўваў.

    Відаць, для чалавека са шматдзетнай сям’і, дзе мама адна гадавала чацвярых дзяцей, гэта быў сур’ёзны ўдар?

    Валер Карбалевіч: Зразумела, гэта адчувалася істотна.

    За стыпендыю тады студэнту можна было жыць?

    Валер Карбалевіч: Калі вельмі-вельмі бедна, то тэарэтычна можна – 30 рублёў.

    Падпрацоўвалі недзе?

    Валер Карбалевіч: Падпрацоўваў, у студэнцкія атрады ездзіў. Падчас навучання – на вакзале, вагоны разгружалі. На завод хадзілі. На пятым курсе я ўвогуле працаваў дворнікам, падмятаў вуліцу.

    Іосіф Бродскі таксама працаваў дворнікам.

    Валер Карбалевіч: Так, і я мёў з маім сябрам Валодзем Лістраценкам. Я мёў адну вуліцу, ён другую.

    Пэўна, паводле спецыяльнасці падпрацоўку было не знайсці?

    Валер Карбалевіч: Студэнту-гісторыку?.. Археалагічныя раскопкі? Дык у будаўнічыя атрады было шмат выгадней ехаць – там хоць нейкія грошы плацілі.

    Гэтае вучэнне Абэцэдарскага, агульная ідэалагічная атмасфера на тагачасным гістфаку – Вы неяк фільтравалі гэта для сябе ці шчыра верылі?

    Валер Карбалевіч: У асноўным шчыра верылі, абсалютная большасць. Разумееце, сітуацыя была такая: ты бачыў гэты савецкі абсурд, бачыў хворага недзеяздольнага Брэжнева (якога называлі “выбітным дзяржаўным дзеячам”), але трактавалі гэта так, што добрая ідэалогія, добрая сістэма, але вось не пашанцавала з кіраўніком. Вось пры іншым кіраўніку ўсё было б нармалёва. Вось Сталін быў дрэнны кіраўнік, вось Брэжнеў дрэнны кіраўнік… А сама ідэалогія, сістэма – яна працуе, яна эфектыўная. У гэтым асаблівых сумненняў, ва ўсякім разе ў маім атачэнні, не было. У мяне асабіста таксама.

    На гістфаку ўвогуле нейкай нармалёвай гісторыі вучылі ў той час?

    Валер Карбалевіч: Што тычыцца беларускай гісторыі – зразумела, не. Прыкладна так, што ў ВКЛ беларусы змагаліся з палякамі за тое, каб быць рускімі. Альтэрнатыўны погляд на гісторыю я пачуў фактычна толькі падчас гарбачоўскай перабудовы – 1987–88 год, калі пачаліся адпаведныя публікацыі…

    Пасля ўніверсітэта Вы куды размеркаваліся?

    Валер Карбалевіч: У Горацкаю сельскагаспадарчую акадэмію – выкладчыкам кафедры гісторыі КПСС. І там прапрацаваў 5 гадоў. Размеркаванне было 3 гады, але я затрымаўся, бо сталая праца ў ВНУ давала магчымасць ісці ў аспірантуру, куды проста так з вуліцы не паступіш. Гады ў Горках былі самыя глухія для мяне, згадваюцца яны збольшага дрэнна. Самы разгар застоя, правінцыйны горад, дзе інтэлектуальнага жыцця фактычна не было…

    І як Вы вучылі гісторыі аграрыяў?

    Валер Карбалевіч: Як мяне вучылі, так і я вучыў… Па падручніках, па праграме – ніякай свабоды ў выкладчыка не было.

    І як адтуль выбраліся?

    Валер Карбалевіч: Паступіў у аспірантуру, скончыў яе, за 2,5 года абараніў дысертацыю па гісторыіі КПСС – і застаўся тут у Мінску.

    Як Вы сёння глядзіце на сваю дысертацыю?

    Валер Карбалевіч: Тэма яе была “Дзейнасць Кампартыі Беларусі па прапагандзе і ўкараненню навукі і перадавога досведу ў сельскагаспадарчую вытворчасць”. Абараняў я дысертацыю ў 1986 год – пачатак гарбачоўскай Перабудовы. Гарбачоў і дзяржаўныя медыі сталі рэзка крытыкаваць папярэднюю гісторыю і сучасны стан. І калі пачыналі мы пісаць дысертацыю як звычайна, то калі выходзілі на абарону, ад усіх патрабавалі жорсткай крытыкі. І ў гэтым сэнсе мне ўсё так добра ўдалося – назбіраў шмат матэрыялаў і патрапіў у такую плыню, што нічога асабліва хлусіць не давялося.

    “У мяне тады ўпершыню сэрца схапіла, нават да лекараў звяртаўся, хоць было ўсяго 35–36 гадоў”

    Пасля абароны па спецыяльнасці давялося працаваць?

    Валер Карбалевіч: Так, пасля абароны я стаў працаваць дацэнтам кафедры гісторыі КПСС Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Потым нашая кафедра стала называцца “Палітычнай гісторыі ХХ стагоддзя”, потым трансфармавалася ў “Гісторыі Беларусі”. На хвалі ўсіх гэтых зменаў мы стварылі таварыства “Соверменник”. Спачатку збіраліся на кватэры ў Льва Крывіцкага, абмяркоўвалі самыя цікавыя пытанні гісторыі, сучаснасці. Праз нейкі час нам надакучыла займацца выключна інтэлектуальнай працай, хацелася шырэйшай дыскусіі. Сталі патрабаваць, каб нам далі нейкае памяшканне – нам яго далі. Мы далі аб’яву, туды прыйшло шмат людзей. Быў вялікі поспех, вялікі рэзананс – і ўлады ўбачылі, што сітуацыя выходзіць з‑пад кантролю. Сталі цікавіцца, хто гэта робіць. Даведаліся, што гэтым займаецца дацэнт кафедры гісторыі КПСС, быў вялізны скандал! На чарговае паседжанне гэтага клуба прывезлі на аўтобусах у поўным складзе слухачоў Вышэйшай партыйнай школы, якія вырашылі “даць адпор”…

    На якія тэмы былі дыскусіі ў межах гэтых сустрэч, што ўлады так разнерваваліся?

    Валер Карбалевіч: Актуальныя, будзёныя – эканамічныя рэформы, галоснасць, свабода слова, рэформа палітычнай сістэмы, неабходнасць шматпартыйнасці… Спачатку мы адбіваліся ад нападаў, прыводзячы цытаты Гарбачова, які казаў: “Крытыкуйце!” Хачу нагадаць, што БНФ спачатку называўся Аргкамітэт Беларускага народнага фронту за перабудову «Адраджэньне» … І народныя франты краін Балтыі таксама пачыналіся ў падтрымку Гарбачова і Перабудовы. Потым нам “далі адпор”, у газетах з’явіўся шэраг артыкулаў кшталту “Пена на волне Перестройки”, дзе даставалася і нам, і БНФ. Мяне разбіралі на партыйным сходзе, сакратар парткама выклікаў мяне і майго сябра Віцю Чарнова. І сказаў нам фразу, якую я і цяпер часам згадваю: “Ну вось, разумныя хлопцы, а сапсавалі сабе кар’еру на ўсе астатняе жыццё”.

     

    Наколькі гэта ўсё было для Вас рэальна небяспечна?

    Валер Карбалевіч: Спачатку гэта было даволі цяжка. У мяне тады ўпершыню сэрца схапіла, нават да лекараў звяртаўся, хоць было ўсяго 35–36 гадоў. Але потым працэсы ў краіне сталі развівацца вельмі імкліва – уратавала, што ўсё гэта ўжо падыходзіла да фіналу. У 1988 годзе у Расіі з’явіўся Ельцын, у 1989 годзе паваліліся, як картачныя дамочкі, камуністычныя рэжымы ў Еўропе, у 1990 мы стварылі дэмакратычную платформу КПСС, пачалі разбураць КПСС знутры. Была рэспубліканская канферэнцыя дэмакратычнай платформы, я там выступаў з галоўным дакладам, а з другім дакладам выступаў Валеры Шчукін, прапанаваў новы дэмакратычны Статут… Я потым глядзеў у архіве – ЦК КПБ разаслала на мяне “аб’ектыўку” ва ўсе партыйныя арганізацыі. У таварыстве “Веды”, дзе я чытаў лекцыі, мяне пазбавілі такой магчымасці. У самім універсітэце актыўна падтрымлівалі студэнты, пры гэтым на мяне пісалі паклёпы выкладчыкі-старпёры, былыя вайскоўцы…

    Партбілет Вы публічна палілі?

    Валер Карбалевіч: Не паліў, але ў 1990 годзе з партыі дэманстратыўна выйшаў. У заяве патлумачыў, што КПСС сама тармозіць Перабудову, якую абвесціў Гарбачоў і падтрымаў народ. Я быў тады досыць папулярны чалавек у сваім універсітэце. У 1990 годзе спрабаваў вылучыцца дэлегатам на з’езд КПСС, але мяне заблакавалі і не пусцілі – маім канкрурэнтам быў першы сакратар мінскага гаркама. Потым мяне вылучылі кандыдатам у дэпутаты гарсавета. Выбары, праўда, не адбыліся – тады ўжо людзі перасталі хадзіць на выбары, не з’явіліся патрэбныя 50% выбаршчыкаў.

    Вы ж і далей спрабавалі “хадзіць у палітыку”?

    Валер Карбалевіч: Так, я быў адным са стваральнікаў Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі, быў нават старшынём выканкама партыі. Потым удзельнічаў у стварэньні АГП…  Спрабаваў ісці на выбарах у 1995 годзе, але на маёй акрузе перамогу атрымаў Андрэй Клімаў. У другім туры я нават дапамагаў агітаваць за яго.

    Чаму пры такіх стартах мы цяпер ведаем Вас не як палітыка?

    Валер Карбалевіч: Дык палітыкі няма!

    “План такі. Дзесьці за месяц да дня галасавання на прэзідэнцкіх выбарах…”

    Сёння, калі ўсе таўкуцца паміж сабой – байкот, не байкот – якая Вашая пазіцыя па гэтым пытанні?

    Валер Карбалевіч: Мая пазіцыя такая, што гэта ўвогуле не прынцыповае пытанне. Прынцыповыя пытанні іншыя. Ёсьць два традыцыйныя пытанні расійскай інтэлігенцыі: “хто вінаваты?” і “што рабіць?” Нашая апазіцыя дагэтуль спрабуе адказаць на першае пытанне – хоць той электарат, які гатовы слухаць апазіцыю, адказ даўно ведае. Пры гэтым апазіцыя ўсё адно ідзе на выбары, каб сказаць, што ва ўсім вінаваты Лукашэнка. Людзі ж хочуць адказу на другое пытанне: “што рабіць?” – а яго ніхто не можа даць. Таму пытанне пра байкот ці ўдзел – неістотнае. Людзі хочуць ведаць, як дасягнуць перамогі.

    Калі б апазіцыя ведала адказ – ужо, пэўна б, дасягнулі.

    Валер Карбалевіч: Ведаеце, адна з прычынаў, чаму праваліліся “Народныя сходы” Івашкевіча – людзі не бачылі і не разумелі сэнс усяго гэтага. Ну збярэмся, пагаворым – прымем рэзалюцыю. А далей што? Івашкевіч адказваў: праз месяц збярэмся – і прымем яшчэ адну рэзалюцыю! Праблема парламенцкіх выбараў павінна быць убудавана ў нейкую далёкасяжную стратэгію перамогі – напрыклад, перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. І, кажучы пра байкот, трэба ўцямна тлумачыць людзям – навошта? Дзеля таго, каб паказаць, што большасць насельніцтва не прыйшла на выбары.

    Ок, мы арганізавалі байкот, зладзілі экзыт-пол, падлічылі, што большасць не прыйшла – а ўвечары Ярмошына агучвае нам свае 83%. І што?

    Валер Карбалевіч: Тая частка электарату, якая гатова слухаць і дзейнічаць – яна пачуе альтэрнатыўную інфармацыю праз інтэрнэт. Апазіцыя мусіць арганізаваць татальнае назіранне – і ў дзень выбараў, і ў дні датэрміновага галасавання. На выхадзе мы будзем мець рэальную карціну, колькі сапраўды прыйшло людзей.

    І куды мы падзенем гэтую карціну?

    Валер Карбалевіч: Гэтую карціну мы даводзім да насельніцтва і кажам: нас большасць! Сённяшняя праблема – “спіраль маўчання”. Кожны думае, што ён – адзін супраць, а большасць – за. Што ён адзін выйдзе – а больш не выйдзе ніхто. З дапамогай байкоту магчыма даказаць адваротнае. Але калі няма глабальнага плану – сам па сабе байкот бессэнсоўны.

    У сваёй кнізе пра Лукашэнку Вы напісалі, што сам ён не сыйдзе, бо ён – частка створанай ім сістэмы. І сыйсці ён можа, калі рухне ўся сістэма. Але ўся гэтая зграя, – чыноўнікі, міліцыя, войска — якая абараняе яго за кавалак мяса, як супрацьстаяць гэтаму ўсяму? Вось мы даказалі, што нас – большасць. Але ў іх – зброя.

    Валер Карбалевіч: План такі. Дзесьці за месяц да дня галасавання на прэзідэнцкіх выбарах апазіцыйны кандыдат павінен мець рэйтынг, супастаўны з рэйтынгам Лукашэнкі. Гэта павінен быць адзіны кандыдат, бо калі галасы расцярушваюцца – сэнсу няма. І гэты кандыдат мусіць мець рэальную падтрымку грамадства. У чым была трагедыя адзінага кандыдата і ў 2001, і ў 2006, і кандыдатаў у 2010 годзе? Усе разумелі, што Лукашэнка рэальна перамог, раэльна набраў большасць. Усе разумелі, што яны не перамаглі – дык за што змагацца, за што выходзіць на вуліцу? За тое, каб было 53, а не 83%? Дык вось, калі за месяц да выбараў апазіцыйны кандыдат будзе мець супастаўны рэйтынг з Лукашэнкам, у краіне пачнецца псіхалагічны пералом – сярод наменклатуры, выбарчых камісій, спецслужбаў. Ад Лукашэнкі пачнуць перабягаць. І нават кіраўнік выбарчай камісіі падумае: а навошта мне фальсіфікаваць? Адная справа — напісаць 80, калі насамрэч 53%, бо ўсё адно перамог. Гэта сітуацыя 1994 года – калі ад Кебіча да Лукашэнкі беглі ўсе, хто ўбачыў новага лідара, новую сілу. Калі пры такім раскладзе Ярмошына зноў абвесціць, што Лукашэнка набраў 83% — людзі будуць выходзіць на вуліцы, але пры гэтым разумець сэнс, навошта яны гэта робяць. Яны будуць выходзіць абараняць сваю перамогу. Дзеля чаго было выходзіць 19 снежня – цяжка было зразумець. Людзі не ведалі, чаго патрабаваць – ці пералічваць галасы, ці стварыць урад народнага даверу, ці новыя выбары… Калі выйдзе не 50 тысячаў, а шмат больш, войска не стане страляць у народ. І вось – перамога, каляровая рэвалюцыя. Паўтару: для гэтага трэба рэальная падтрымка грамадства, чаго не было ні ў 2001, ні ў 2006, ні ў 2010. На апошніх выбарах ніхто з кандыдатаў рэальна не верыў у перамогу. Змаганне ішло не за пасаду прэзідэнта, а за статус “галоўнага лідара апазіцыі”. За другое месца.

    “Спадар Уліцёнак запрасіў мяне на працу ў ліфце…”

    Давайце вернемся да вехаў Вашай біяграфіі – як Вас пясочылі, як Вы з партыі выйшлі… Чым гэта тады скончылася?

    Валер Карбалевіч: Я паступова набыў новую прафесію – палітолага, палітычнага аналітыка, палітычнага публіцыста. І гэтая новая прафесія паступова выцесніла з мяне палітыка. У 1993 годзе я прыйшоў у аналітычную структуру, якая называлася Нацыянальны цэнтр стратэгічных ініцыятываў “Усход-Захад”, Анатоль Майсеня яе стварыў. Гэта была другая ў краіне палітычная структура – першая была НІСЭПІ Манаева. Тады мы вельмі хутка і вельмі моцна развярнуліся. Праводзілі міжнародныя канферэнцыі, якія адкрываў вітальным словам старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, прысутнічаў міністр замежных справаў Пётр Краўчанка, старшыні камісіяў Вярхоўнага Савета… А потым прыйшоў Лукашэнка. У 1997 годзе ён на адной з прэсавых канферэнцый заявіў, што апазіцыя атрымоўвае грошы праз тры структуры – праз наш Цэнтр, Фонд Сораса і Фонд “Дзецям Чарнобыля”. Пасля гэтага да нас прыйшлі, арыштавалі рахунак, завялі крымінальную справу. Майсеня ўжо загінуў. Давялося нам рэгістравацца пад новай назвай – Аналітычны Цэнтр “Стратэгія”. Пэўны час існавала гэтая структура. У 1997 годзе я стаў пісаць у “Свободные новости”, у 1999 годзе прыйшоў на “Радыё Свабода”.

    Але да “Свободных новостей” Вы, здаецца, у “Знамени Юности” друкаваліся, яшчэ недзе…

    Валер Карбалевіч: Друкаваўся ў розных выданнях: у “ЛіМе”, у “Вячэрнім Мінску”, у “Народнай газеце” (калі яе рэдагаваў Сярэдзіч), у “Знамени Юности” (калі яе рэдагаваў Класкоўскі)…

    Аляксандр Уліцёнак, былы рэдактар “Свободных новостей”, распавядаў, што ён Вас на працу ў ліфце запрасіў…

    Валер Карбалевіч: Прыкладна так і было… Мы сутыкнуліся аднойчы ў ліфце, спадар Уліцёнак сказаў, што чытаў мае артыкулы, і прапанаваў пісаць яму ў газету. Вось – пішу ўжо штотыдзень 15 гадоў! Гэта ўжо пэўны канвеер, абавязак. Не можаш газету падводзіць. Тым больш калі разумееш, што з гэтай калонкай у пэўным сэнсе звязаны твар газеты. Бывала, калі ў адпачынак з’язджаў і калонка не выходзіла, людзі пачыналі тэлефанаваць у рэдакцыю, пытацца, што здарылася…

    Калі сталі сумяшчаць газету і радыё, якія заўважылі адрозненні між імі?

    Валер Карбалевіч: Можна сказаць, што я ў пэўным сэнсе не зусім радыйны чалавек. Бо радыйная праца патрабуе большай экспрэсіі, тэмпераменту… У гэтым сэнсе даводзіцца дасюль неяк працаваць над сабой. Пэўны час урокі радыйнага майстэрства нам давала Зінаіда Бандарэнка – мне асабіста яны вельмі дапамаглі! Вось нядаўна нас ў фэйсбуку крытыкавалі, што на расійскай “Свабодзе” аналітычныя перадачы цікавей, што там жывейшая дыскусія. Але ў нас іншая сітуацыя – чыноўнікі не пойдуць дыскутаваць на “Свабоду”. Колькасць экспертаў абмежаваная, можна здагадацца, пра што яны скажуць, паміж сабой яны рэдка спрачаюцца… (усміхаецца)

    “Журналіст павінен быць нахабны, павінен лезці туды, куды яго не пускаюць”

    Вас як аналітыка не прыгнятае, што ўжо 18 гадоў нічога прынцыпова не змяняецца, і што ўвесь час трэба пісаць і аналізаваць, па-сутнасці, адной і тое?

    Валер Карбалевіч: Ёсць роспач, ёсць пэўная творчая праблема. І пытаюць часта – як ты можаш столькі гадоў пісаць пра адное і тое ж?

    Чаму не кідаеце, калі даводзіцца пра адное і тое ж пісаць?

    Валер Карбалевіч: Гэта ўжо не толькі прафесія, але і лад жыцця, светапогляд. Гэтым жывеш круглыя суткі, таму ад гэтага нікуды не падзецца. Тым больш, я не лічу сябе публіцыстам – такім, як Святлана Калінкіна ці Сямён Букчын. Я ўсё ж лічу сябе палітычным аналітыкам, які не столькі выкрывае рэжым, колькі спрабуе растлумачыць тыя ці іншыя падзеі, павароты, нюансы. У гэтым сэнсе пастаянна знаходзіцца нешта новае. Сказаў нешта Лукашэнка – ты пачынаеш абгрунтоўваць, чаму ён такое сказаў. Хаця насамрэч часта бывае, што проста яму ў голаў прыйшло так сказаць, настрой у яго такі быў.

    Няма адчування, што Вы іграеце яму на руку – робіце разумнейшым у вачах людзей? Маўляў, ён не проста сказаў, а меў на ўвазе нешта дужа разумнае.

    Валер Карбалевіч: Часта такое адчуванне бывае. Але тады спрабуеш знайсці адказы на пытанне ў сфэры псіхалогіі.

    Вы застаецеся верным “Свободным новостям” увесь гэты час – калі сама газета перажывала вельмі складаную пару, была на мяжы знішчэння, змяніла назву…

    Валер Карбалевіч: З аднаго боку, так праяўляецца мой кансерватызм. З іншага боку, вось навошта людзі пішуць блогі? Бо ёсць жаданне нешта выказаць. А ў мяне ёсць такая магчымасць!

    Ужо фактычна 20 гадоў Вы друкуецеся ў розных СМІ. У якой форме адбываецца Вашае суіснаванне з журналістыкай?

    Валер Карбалевіч: Я ўвесь час у журналісцкім атачэнні. Вельмі высока ацэньваю людзей гэтай прафэсіі. Журналіст – гэта самы адукаваны і самы дасведчаны чалавек! Бо журналісту даводзіцца мець справы з абсалютна рознымі пытаннямі, праблемамі, сустракацца з абсалютна рознымі людзьмі. Таму журналіст, нават насуперак свайму жаданню, ёсць чалавекам даволі вялікай культуры, вялікай абазнанасці ў свеце.

    Каго Вы любіце чытаць?

    Валер Карбалевіч: Стараюся ўсіх вядомых журналістаў чытаць. Вельмі высока стаўлю Юрыя Дракахруста, вельмі цаніў Віталя Сіліцкага, чытаю Аляксандра Класкоўскага, Святлану Калінкіну, Віктара Марціновіча. Вельмі падрабязна чытаю газету “Белорусы и рынок”, якая разжоўвае і падае ўсе эканамічныя аспекты. Вельмі шаную гэтую газету і ўвесь яе калектыў.

    Не было спакусы за такі працяглы час друкавання ў СМІ самому стаць журналістам?

    Валер Карбалевіч: Усё ж такі журналіст – гэта трошку іншае. Журналіст павінен быць нахабны, павінен лезці туды, куды яго не пускаюць, актыўна бегаць за навінамі. Майму характару гэта троху супярэчыць, у чыстай журналістыцы мне было б цяжкавата…

    Тады – пра хобі. Ведаю, што Вы футболам дужа захапляецеся.

    Валер Карбалевіч: Яшчэ тры гады таму гуляў штотыдзень! Каманда ў нас была даволі добрая – і Лябедзька, і Раманчук, і журналісты – Цыганкоў, Груздзіловіч, Пацёмкін, Вазняк. Калісці, калі пачынаў, з Віктарам Ганчаром гуляў, нават Карпенка адзін раз прыходзіў гуляць.

    Чым Вы яшчэ жывяце, апроч “аналізавання стабільнасці”?

    Валер Карбалевіч: Люблю чытаць кнігі па паліталогіі, па гісторыі, проста мастацкую літаратуру. З беларускай літаратуры вельмі падабаецца Уладзімір Арлоў – калега ўсё ж, таксама гісторык (усміхаецца).

    Прэмія “Цайта”, якую Вам прысудзілі зусім нядаўна – у інтэрнэце дадзеная афіцыйная фармулёўка: за кнігу, за артыкулы… А самі Вы лічыце – за што?

    Валер Карбалевіч: Ведаеце, я дастаткова спакойна стаўлюся да гэтай прэміі. Яна выдзяляецца беларускім выданням і журналістам кожны год. Яе ўжо атрымалі абсалютна ўсе, па-мойму, незалежныя выданні. Таму – чарга дайшла (усміхаецца).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці