Гродзенскія журналісты далучыліся да «Эстафеты добрых спраў»
Сябры ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" з Гродна далучыліся да "Эстафеты добрых спраў".
Такое рашэнне было прынята ў Гродне падчас сходу сябраў арганізацыі. Журналісты вырашалі, што зрабiць карыснага сваiмi сiламi i за свае рэсурсы. Калегі з розных выданняў горада распрацавалі невялікі план дзейнасці суполкі на 2017 год.
Сярод ужо вядомых планаў гродзенскіх журналістаў — захаванне памяці гродзенскай краязнаўцы Наталлі Канюк, што памерла ў Гродне 10 студзеня ва ўзросце 68 гадоў. Артыкулы Наталлі Канюк з’яўляліся на старонках “Вячэрняга Гродна”, інтэрв’ю з ёй былі на старонках “Твайго Стылю”, hrodna.life.
Таксама сябры БАЖу з Гродна вырашылі далучыцца да кампаніі ў падтрымку сляпога паэта і журналіста Алеся Чобата. Журналісты вырашылі дапамагчы праз платформу «Талака», а таксама зрабіць серыю матэр’ялаў пра Чобата ды паўдзельнічаць ў сапраўднай талацэ, каб давесці да ладу хату, у якой жыве Алесь Чобат.
Цягам бліжэйшых тыдняў гродзенскія сябры ГА «БАЖ» будуць прымаць прапановы наконт запатрабаванасці ў семiнарах, трэнiнгах, экспертах.