• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Літаратурнае падарожжа па Ушаччыне (фотарэпартаж)

    «Я ведаю, што партрэт Пятра Усцінавіча вісіць у кожнага з вас над працоўным месцам», — жартуе супрацоўнік мінскага літаратурнага музея Петруся Броўкі Дзмітрый падчас нашай дарогі ў Пуцілкавічы. Гэта апошні пункт літаратурнага падарожжа па Ушаччыне, якое прысвечана тром творцам з гэтага краю — Васілю Быкаву, Петрусю Броўку, Рыгору Барадуліну.

    Калегі Дзмітрыя таксама ў прадчуванні: яны вязуць у вёску падарунак — адну з 17-ці валізак, падораных Юрыем Пятровічам, сынам Броўкі. Аднак тут сабраліся не толькі музейшчыкі, але і людзі, якія проста цікавяцца беларускай гісторыяй.

    Як захоўваецца памяць пра беларускіх пісьменнікаў і паэтаў —  на гэта пытанне мы змаглі адказаць пасля цэлага дня назіранняў.

    “Ва ўшацкай мове ёсць ёмістае слова “дружбіст”…

    Першы пункт на карце нашага літаратурнага паломніцтва — Ушачы, месца, дзе нарадзіўся Барадулін. Нягледзячы на ​​тое, што паездка звязаная з беларускімі аўтарамі, перш за ўсё нас адправілі па класічнай праграме, у Музей народнай славы. Дзяўчына ў ваеннай форме праводзіць групу ў залу і пачынае хутка распавядаць пра экспанаты, паралельна адзначаючы: «У вас мала часу, таму я буду каротка». Імклівую гаворку разбіраюць не ўсе, і частка людзей сыходзіць самастойна разглядаць прадстаўленыя рэчы.

    На першым паверсе музея ўжо стаіць падарунак ад мінскіх калегаў. Гэта літаратурная выстава, прысвечаная Петрусю Броўку. Складаецца яна з архіўных матэрыялаў, вершаў, ілюстрацый.

    На адной з фатаграфій — Пятрусь Броўка і Рыгор Барадулін. Побач са здымкам цытата:

    “Ва ўшацкай мове ёсць ёмістае слова “дружбіст”. Пятрусь Усцінавіч любіў паўтараць яго, бо словы гэтя дужа глыбока выяўляюць пастаянны стан душы паэта, ягоную шчодрасць на сяброўства”.

    Менавіта так пра свайго суседа, калегу і таварыша пісаў Рыгор Іванавіч.

    Крыху пазней пачынаецца святочнае мерапрыемства, якое адкрываецца ролікам пра Ушаччыну. Бачна, што руку да арганізацыі прыклалі не толькі работнікі музея, але і мясцовая адміністрацыя. Акцэнт у відэа зроблены не толькі на гістарычнай і літаратурнай спадчыне краю. Адразу пасля кранальнага маналогу ветэрана ідзе апісанне мясцовага санаторыя і завода набіваных гільзаў, што выглядае крыху непаслядоўна.

    Размову ў бок літаратуры спрабуе перавесці Наталля Мізон, загадчыца літаратурнага музею Петруся Броўкі. На імправізаванай сцэне яна распавядае пра тое, што ідэя паездкі з’явілася пасля святкавання 110-годдзя з дня нараджэння Пятра Усцінавіча: «Хацелася прыехаць і пакланіцца мясцінам, звязаным з імёнамі гэтых вялікіх творцаў. Спадзяюся, што людзі будуць доўга абмяркоўваць тое, што ўбачаць».

    Затым пешшу ідзем у дом Барадуліна. Дарога даецца нялёгка, бо летняе сонца неміласэрна пячэ. Аднак Ушачы — невялікі гарадскі пасёлак, таму шлях, да ўсеагульнай радасці, быў кароткім. У двары сядзібы бачым “той самы вяз”, які паэт пасадзіў разам з бацькам у 1939 годзе. Дрэва выглядае вялізным, разглядаеш яго, як паўнавартасны гістарычны артэфакт.

    Пакуль адчыняюць дзверы, стаім перад домам. Хтосьці слухае ўспаміны паэткі Наталлі Давыдзенка, хтосьці пайшоў блукаць па вялікім гародзе, што ўжо паспеў густа зарасці травой. Ля ганка ляжыць стары парасон, людзі побач гадаюць, ці не належаў ён Рыгору Барадуліну. Наўрад ці, але ўявіць гэта зусім лёгка.

    Пакуль тут усё выглядае так, як і пры жыцці паэта. Часам нават здаецца, што тут да гэтага часу нехта жыве.

    Хлопцы са «Спеўнага сходу» раздаюць нам раздрукоўкі са словамі і прапануюць усім разам праспяваць. Аркуш А4 з двух бакоў запоўнены вершамі, якія так ці інакш звязаныя з сённяшнімі героямі. Выглядае гэта трошкі ўрачыста, але разам з тым душэўна: у двары стаяць чалавек 30, выконваючы «Ой, лятала шэра перапёлка».

    Пасля гэтага невялікімі групамі заходзім у хату. Адразу відаць, што пакуль гэта не музей — многія рэчы засталіся ляжаць на сваіх месцах.

    Можна разглядаць кнігі, браць у рукі розныя прадметы побыту, вывучаць дзіўныя малюнкі на сценах — гэта стварае асаблівую атмасферу. Як быццам ты заскочыў да знакамітага творцы ў госці, а ён выйшаў на пару хвілін заварыць гарбату. На сцяне вісяць футравыя зімовыя шапкі — дзяўчыны са смехам прымяраюць іх, нягледзячы на ​​тое, што ў хаце вельмі горача.

    Наступнае месца, якое мы сабраліся наведаць, — Ушацкія могілкі. Дабрацца да патрэбнай нам магілы лёгка, шлях пазначаны невялікімі таблічкамі. Здаецца, зусім нядаўна бачыла фота, дзе паэт з унучкай Дамінікай стаіць каля надмагілля сваёй маці, а цяпер гляджу на суседні валун з надпісам: «Рыгор Барадулін. Сын. 1935 – 2014», каля якога ляжаць свечкі і кветкі.

    Многія асцярожна дакранаюцца рукой да помніка. На могілках сонечна і ціха. Кожны мог абраць, як прачуць гэтую сітуацыю, — маўкліва разглядаць усё вакол або дзяліцца з кім-небудзь момантамі з жыцця, звязанымі з гэтым чалавекам.

    Тэатральныя моманты ў Бычках

    Наступны пункт — Бычкі. Каля дома-музея ўжо сабралася шмат людзей. Гасцей сустракаюць жанчыны ў нацыянальных строях, яны  прапануюць розныя пачастункі і халодную ваду з калодзежа. Ад апошняга складана адмовіцца, бо тэмпература паветра нават не думае змяншацца. Наводдаль знаходзяцца сталы з сувенірамі, там жа можна паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі. Як гэта звязана з пісьменнікам, не зусім зразумела.

    Для нас падрыхтавалі невялікае тэатральнае прадстаўленне. Пасля прагляду меркаванні падзяліліся: у моладзі па большай частцы склалася адчуванне, што тутэйшыя людзі дадалі крыху больш афіцыёзу, чым трэба. Быццам арыентаваліся на прыезд нейкага начальства, а не звычайных людзей, што цікавяцца гісторыяй і літаратурай. Другая ж частка нашай імправізаванай дэлегацыі прыйшла ў захапленне і ад усяго сэрца дзякавала за такі творчы прыём.

    Пасля заканчэння ўрачыстай часткі чую голас жанчыны: «У нас такіх насычаных дзён даўно не было». Тыя самыя дамы ў нацыянальных касцюмах актыўна фатаграфуюцца з Сяргеем Доўгушавым, салістам гурта Vuraj. Мабыць, ён скарыў іх сваім спевам.

    Пуцілкавічы — тут прайшло юнацтва Петруся Броўкі

    Бліжэй да вечара трапляем у Пуцілкавічы. Для многіх з прысутных гэта галоўная частка дарогі. У прыватнасці, для маладых музейшчыкаў.

    «Як толькі я ўладкавалася працаваць, адразу зразумела, што ў нашым музеі да гэтай вёскі ставяцца з вялікай павагай. Усё ж такі юнацтва Пятра Усціновіча прайшла тут. Натуральна, я вельмі хацела пабываць у гэтым месцы», — радасна дзеліцца са мной Таццяна, супрацоўніца мінскага літаратурнага музея П. Броўкі.

    Нас сустракае мужчына ў касцюме — гэта Міхаіл Леанідавіч Сыс — чалавек, які цяпер загадвае домам-музеем у Пуцілкавічах.

    Раней тут жыла сям’я Пятра Усціновіча Броўкі. Дакладней, за некалькі метраў ад цяперашняга будынка. Але жытло згарэла падчас вайны, цяпер там знаходзіцца помнік.

    Трохі збянтэжаны, але задаволены, ён заводзіць нас у дом. Наогул, слова «загадчык» не надта суадносіцца з лагодным выглядам гэтага чалавека. Міхаіл Леанідавіч, хутчэй, любоўна ахоўвае дом і з задавальненнем адчыняе дзверы перад нячастымі гасцямі. «Вёска ж амаль закінутая, усяго набярэцца не больш за 10 жыхароў», — тлумачыць ён сітуацыю.

    У кутку аднаго з пакояў ўжо стаіць той самы чамадан з фотаздымкамі і асабістымі рэчамі. Прэзентуюць падарунак маладыя работніцы музея. Яны акуратна паказваюць усім ахвочым змесціва валізкі — без пальчатак дакранацца не варта, экспанаты далікатныя.

    Напрыклад, самы старадаўні здымак датуецца 1911 годам, і гэта арыгінал. На фотаздымках перад намі паўстае не афіцыйны Броўка-пісьменнік, а муж і бацька, чалавек з асабістымі перажываннямі. Дзяўчаты-экскурсаводы таксама падкрэсліваюць гэта, зачытваючы вытрымкі з тэлеграм, дзякуючы якім вобраз літаратара становіцца яшчэ больш яркім і блізкім эмацыйна. Верагодна, камусьці гэтае знаёмства дапаможа лепш зразумець творчасць добра вядомага аўтара.

    ***

    Пасля наведвання дома нас запрашаюць пакаштаваць грыбны суп, бульбу з печы і гарбату на зёлках. Гэта годнае заканчэнне дня. Пасля вячэры Міхаіл Леанідавіч запрашае ўсіх ахвочых застацца на ноч. Такія людзі знайшліся, і яны, напэўна, змаглі пачуць значна больш цікавых гісторый ад загадчыка музея.

    Па шляху ў Мінск у аўтобусе нават хтосьці спявае. Чую ад людзей вакол розныя думкі: камусьці ўсё спадабалася, хтосьці выступае за іншы падыход да абароны і папулярызацыі нашай культуры, менш “цырыманіяльны”. Аднак усе сыходзяцца ў тым, што шчырасць у такой справе адчуваецца, і гэта падкупляе.

    Складана ствараць нешта без асабістай зацікаўленасці, ды і ці трэба*… Важна знайсці грань, на якой спадчына застаецца блізкай, што называецца, і розуму, і сэрцу. Цікава, у чые рукі пазней пяройдзе нагляд і клопат за гэтымі сядзібамі, і што пасля гэтага зменіцца? Час пакажа.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці