• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нашы за мяжой. Руслан Шошын: паміж Мядзелам і Варшавай

    "Мару адкрыць у Беларусі журналісцкую навучальную установу еўрапейскага ўзроўню. Я зараз навучаюся ў лабараторыі рэпартажу – гэта курсы, дзе вучаць менавіта рэпарцёрскай працы, у розных відах медыя: радыё, газетах, тэлебачанні. Гэтага ў Беларусі вельмі не хапае. Цяпер у нашай краіне журналістыка выглядае зусім па-іншаму: вучаць нейкаму аднаму накірунку і прымушаюць усіх стажыравацца толькі ў афіцыйных медыя..."

    З Аляксандрам Мілінкевічам падчас з’езду Праграмы Каліноўскага ў Беластоку. (Руслан Шошын — злева)

    Гісторыя ад’езду

    У Беларусі я вучыўся ў дзяржаўным тэхналагічным каледжы на аддзяленні прафесійнай фатаграфіі, падчас навучання актыўна ўдзельнічаў у ініцыятывах “Моладзі БНФ”, нават узначальваў мядзельскую суполку гэтай арганізацыі. Потым у сувязі гэтым пачаліся праблемы на вучобе, пагрозы, што не здам сесію, не змагу працягваць вучыцца, забіралі ў войска… Калі праходзіў камісію, сказалі, што пасля вучобы адразу ж пайду ў войска. Пасля гэтага вырашыў падаць дакументы на праграму імя Кастуся Каліноўскага і навучацца журналістыцы ў Польшчы.

    Дыскусія падчас з’езду праграмы імя Кастуся Каліноўскага ў Белавежы, студзень 2012

    Акліматызацыя

    Польшча – гэта іншы свет. Калі я апынуўся ў Варшаве, то зразумеў, наколькі розныя гэтыя дзяржавы, нягледзячы на тое, што так блізка знаходзяцца побач адна з адной. Наколькі мы разышліся ў розныя бакі у культурным, ментальным разуменні,  у сістэмах навучання. Напачатку былі праблемы з польскай мовай, але паступова атрымалася і засвоіць мову, і трохі адаптавацца ў польскім грамадстве. Самае галоўнае – пачаць завязваць кантакты, вольна пачувацца ў размове з палякамі. Гэта галоўная ўмова, каб уліцца ў польскае грамадства, – пачаць размаўляць на іх узроўні.

    Таксама стараўся не губляць кантактаў з беларускай дыяспарай за мяжой: мы разам трымаліся, разам вырашалі пэўныя праблемы, разам ездзілі дадому на святы і разам вярталіся назад. Але я адразу паставіў сабе задачу: каб лепш акліматызавацца ў польскім грамадстве, трэба больш размаўляць з палякамі, трэба завязваць новыя кантакты, шукаць новыя знаёмствы, шукаць сяброў, каб зразумець, як там усё функцыянуе.

    Выбары ў Еўрапейскі парламент у Польшчы, з еўрадэпутатам Ялантай Хібнэр

    Безумоўна, было шмат нязвыклых рэчаў. Напрыклад тое, як проста людзі заходзяць у студэнцкі інтэрнат – няма праблемы прыйсці да кагосьці і проста пераначаваць. Дэмакратыя адчуваецца нават у гэтым. Бо ў Польшчы студэнт – гаспадар, ён сам прымае рашэнні і мае права голасу, з ім лічацца, да яго звяртаюцца. У нас жа ўсё наадварот.

    У Мінску ў студэнцкіх інтэрнатах парадак зусім іншы – каменданцкі. Нельга прыйсці раней або пазней за вызначаны час. Каб да цябе нехта прыйшоў – гэта ўвогуле выключана. У Польшчы такіх забаронаў няма, тут вельмі моцна развітыя студэнцкія арганізацыі: і мясцовыя, і ўрадавыя, і пазаўрадавыя, і пры Варшаўскім універсітэце таксама.

    Уражвае тое, якія там актыўныя людзі, наколькі шчыра яны ўсё робяць і дапамагаюць адзін аднаму. Уразілі таксама выбары ў студэнцкую раду. Гэта было для мяне навіной, нешта па-за беларускай рэчаіснасцю, дзе ўсё завяана на тое, каб кожны студэнт быў сябрам БРСМ і дзе гэтая арганізацыя мае поўную манаполію. У Польшчы шмат арганізацый, кожны ўніверсітэт мае сваю, яны не звязаны ні з урадам, ні з апазіцыяй. Яны асобна функцыянуюць, дапамагаюць арганізоўваць нейкія студэнцкія выезды за мяжу або студэнцкія практыкі за мяжой, дапамагаюць адаптавацца ў грамадстве самім замежнікам.

    З прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам падчас кангрэсу Еўрапейскай Народнай Партыі ў Варшаве

    Якія планы на будучыню?

    Галоўнае жаданне – супрацоўніцтва з беларускім незалежнымі медыямі. Гэта асноўнае, бо ёсць праца ў польскіх медыях, ёсць ва ўкраінскіх і нават у расійскіх, а ў Беларусі мець карэспандэнта за мяжой можа сабе дазволіць ні кожная медыя-адзінка. Таму прыходзіцца працаваць на замежныя СМІ.

    Але пакуль планую працягваць навучанне ў аспірантуры. Тэма маёй магістэрскай працы – «Расійскі каланіялізм і яго ўплыў на дзяржавы, якія трапілі пад яго падчас існавання Расійскай Імперыі». Таксама буду працягваць сваю працу, вывучаць літаратуру, публікацыі і гісторыю, якія перапісваюцца пад уплывам гэтай каланіяльнай палітыкі. Планую вывучаць тое, як расійская прэса ўплывае на гэтыя працэсы. Буду працягваць і ў дактарантуры.

    Падчас працы на Беларусі для польскага тэлебачаньня “POLSAT”, снежань 2012, Мінск

    Апроч гэтага я супрацоўнічаю з польскім тэлеканалам «POLSAT». Там ёсць праца, якая датычыць праблематыкі Усходняй Еўропы і Беларусі. Калі будзе праца ў Беларусі, думаю вяртацца і працаваць тут. Хоць мяне больш прываблівае праца за мяжой, бо немагчыма звязаць сябе з адным месцам і аднымі абставінамі, трэба пастаянна рухацца – гэта маё.

    У будучыні я б наогул хацеў засяродзіцца на рэпарцёрскай працы. А яшчэ на далейшую перспектыву – маю мару адкрыць у Беларусі журналісцкую навучальную установу еўрапейскага ўзроўню. Я навучаюся ў лабараторыі рэпартажу – гэта курсы, дзе вучаць менавіта рэпарцёрскай працы ў розных відах медыя: радыё, газетах, тэлебачанні. Гэтага ў Беларусі вельмі не хапае. Цяпер у нашай краіне журналістыка выглядае зусім па-іншаму – вучаць нейкаму аднаму накірунку і прымушаюць усіх стажыравацца толькі ў афіцыйных медыя. Плюс шмат непатрэбных прадметаў…

    Пакуль я вымушаны жыць сённяшнім днём, бо невядома, што будзе заўтра, зменіцца нешта або не. Але і на заўтра планы мушу мець.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці