• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нашы за мяжой: Вольга Ермалаева з Бразіліі

    Маладая і прыгожая сяброўка ГА “БАЖ” нядаўна адзначыла свой дзень нараджэння, але 12.12.12 у жыцці Вольгі адбылася куды больш значная падзея. У гэты магічны дзень яна пабралася шлюбам са сваім каханым маладым чалавекам, з чым іх і віншуем! Горка!

    Гісторыя ад’езду. Як прызнаецца Вольга, доўгая…

    Пасля школы я завочна вучылася ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце,  вывучала літоўскую – і нечакана адкрыла ў сабе здольнасць да моваў. Дагэтуль я вывучала толькі ангельскую, але мой узровень быў даволі пасрэдны. І тут раптам праз 2 тыдні вывучэння літоўскай я пачала на ёй дастаткова добра размаўляць!..

    З літоўскай я пераключылася на бразільскі дыялект партугальскай. Дастаткова добра гэта пайшло, і мне закарцела паехаць ў Бразілію…

    Гэта вялікая разнастайная краіна з мноствам рэгіёнаў, у кожнага з якіх свая культура. Я вырашала, куды мне паехаць, і зачытвалася Жоржы Амаду на партугальскай. А ён пісаў пра Баію – гэта штат, дзе я цяпер жыву і ў які я закахалася дзякуючы кнізе… Гэта афігеннае месца.

    Ці сумавалі калі-небудзь па Беларусі?

    У мяне ніколі ў жыцці не бывала адчування суму – нават ў дзяцінстве, калі ездзіла ў летнік. Тое самае і з радзімай – можа, таму, што мне цяжка вызначыцца з яе дакладным месцазнаходжаннем? Беларускай я сябе адчуваю, але канкрэтнага месца, да якога я б адчувала сябе прывязанай, няма. Нарадзілася я ў Маскве, калі там вучыліся мае бацькі, вырасла ў Наваполацку, але “культурная праграма” была ў Полацку…

    Ці ёсць у Бразіліі беларуская тусоўка?

    Нядаўна мы сустрэлі тут адну маладую беларуску. Дзяўчына раней жыла ў Мінску, але па-беларуску не размаўляе і лічыць, што мы – рускія. Неяк я гатавала мачанку, дык яна некалькі разоў перапытвала, што гэта… Калісьці, яшчэ да майго прыезду, тут праходзілі нашы “табурэтачнікі”. А так — няма тут беларусаў, хіба што аташэ пры беларускім консульстве ў Рыа. Ён, дарэчы, на мае лісты адказвае па-беларуску, хоць сайт у іх на рускай мове.

    Якія маеце планы, ці не думаеце вярнуцца?

    Будзем жыць тут. У Беларусі ў мяне жыццё неяк не складвалася. Ды і няма куды вяртацца – толькі бабуля засталася ў Наваполацку, а там мне рабіць няма чаго. А тут я адразу бачу, што рабіць, дзе я магу быць карыснай. Мабыць, я ўсё ж несапраўдная беларуска, бо не люблю халадоў. Зіма для мяне – гэта жахлівае выпрабаванне. А тут ідэальны клімат – заўжды +25.

    Як рэагуюць бразільцы, калі чуюць, што Вы з Беларусі?

    Беларусь тут часта блытаюць з Расіяй, і гэта непрыемна. Часамі перапытваюць, дзе гэта. Тлумачу, што ва Усходняй Еўропе, побач з Польшчай, Украінай, каб не казаць, што толькі з Расіяй. Консульства мае правільную назву – “Belarus”, але яны больш ведаюць “Bielorus­sia”. Можа таму, што СССР тут быў у модзе. Даводзіцца тлумачыць, што назву краіна памяняла 20 гадоў таму…

    Я паехала на стажыроўку па моладзевай праграме AIESEC – праз маскоўскі філіял, бо ў Беларусі прадстаўніцтва гэтай міжнароднай арганізацыі не было… І так здарылася, што амаль адразу ж пасля прыезду ў Бразілію я пазнаёмілася з будучым мужам. У першы дзень было знаёмства ўдзельнікаў праграмы, падчас якога трэба было расказаць пра сваю краіну. Я расказвала пра Беларусь. Пасля прэзентацыі Патэрсан падышоў да мяне і запытаў, ад якога поўнага імя скарачэнне “Воля” (я так прадставілася).

    Аказалася, што ён ведае рускую, хоць тут, у Салвадоры, няма ні расійскай амбасады, ні курсаў рускай мовы, ні рускай дыяспары. Мы разгаварыліся, і я папрасіла гарбаты. (Перад гэтым я купалася ў моры, схадзіла ў начны клуб і трошкі захварэла, таму адчувала сябе кепска…) Аказалася, што гарбаты ў Бразіліі ніхто не п’е – ні ў адной кавярні гарбаты не было, і ён запрасіў мяне дахаты.

    Чым зараз займаецеся, якія планы?

    Па турыстычнай візе я пражыла тут паўгода, бо мне трэба было скончыць ЕГУ. 8 наступных месяцаў мы правялі паміж Вільняй і Масквой, бо ў Маскве зараз жывуць мае бацькі. А цяпер мы вярнуліся ў Бразілію і працуем над рознымі праектамі.

    Я планую паступіць у магістратуру на спецыяльнасць “рэстаўрацыя і кансервацыя”, на архітэктурны факультэт. Часам выкладаю рускую мову бразільцам – попыт, праўда, невялікі. Адкрываем школьны музей. Тут прыдаўся беларускі досвед, бо ў маім родным Наваполацку пры кожнай школе быў школьны музей, а тут пакуль няма. Акрамя таго, рыхтуем экскурсійную праграму для музея Жоржы Амаду…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці