• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нашы за мяжой: Юлія Цяльпук

    “Нават тыя беларусы, што лічаць сябе мэтанакіраванымі і выехалі за мяжу, часам, стварыўшы вакол сябе нейкую мінімальную атмасферу камфорту, спыняюцца на гэтым. Калі так ставіцца да жыцця, дык не варта і выязджаць з Беларусі. Выязджай разам з амбіцыямі і толькі ў тым выпадку, калі рэалізаваць іх дома не можаш!

    Гісторыя ад’езду

    Нарадзілася ў 1982 г. у Польшчы падчас ваеннага становішча. Бацьку накіравалі ў Легніцу ў ліку соцень савецкіх вызваленцаў-захопнікаў. Польшча засталася незалежнаю, і мы пайшлі да цягніка Варшава–Мінск – гэта мой першы «імгненны» ўспамін: мы ідзем праз рэйкі па рудых дошках, і я ўпарта цягну свой начны гаршчок у торбе, кажу: «Я сама».

    Праз колькі гадоў скончыла БДУ, спецыяльнасць «журналістыка».

    Да 2002-га працавала ў перыядычным друку, потым – у рэкламе, рабіла календары, каталогі і ўлёткі для прадпрыемстваў і фірмаў, лагатыпы і банэры. Паралельна вучылася фатаграфіі ды фотарэтушаванню.

    Калі з’явіўся “Белсат”, мяне запрасілі на першы семінар ва Украіне. Нават не на семінар, як высветлілася, – прапанавалі ў якасці стажыроўкі зрабіць тэлефоннае апытанне, наколькі шырокая аўдыторыя ў тэлеканала “Белсат” у Беларусі.

    Там я пазнаёмілася з людзьмі, што працавалі ў праекце, вельмі зацікавілася “Белсатам” і вырашыла далучыцца. Кінула Мінск і пяць гадоў таму, у канцы зімы 2008 года, пераехала ў Варшаву.

    Як прайшла акліматызацыя?

    Варшава сустрэла мяне халоднай, цёмнай і няўтульнай раніцай. Першае ўражанне – гэта не дом. Няма звыклага камфортнага асяроддзя, вакол нічога не зразумела… Да таго ж, у мяне не было грунтоўнага журналісцкага досведу, таму і ў самой рэдакцыі я вельмі нервавалася.

    Тады на “Белсаце” ў Варшаве акурат адбываліся курсы па выяўленні талентаў усіх новых людзей – хто будзе працаваць у эфіры, хто будзе браць каментары разам з аператарам, хто будзе рыхтаваць цалкам гатовыя матэрыялы…

    Я тады вельмі хвалявалася наконт гэтага “размеркавання”, нервавалася, у выніку кастынг праваліла, і ў эфіры працаваць мяне не ўзялі. Нейкі час у мяне наогул нічога не атрымлівалася, усё валілася з рук, я ўвесь час хвалявалася…

    Але з часам прыйшоў досвед. Да таго ж, значна пашырыўся і эфір “Белсата”, з’явілася магчымасць самому выбіраць сабе тэмы, а не толькі рыхтаваць матэрыялы па заданні. Цяпер я атрымліваю вялізнае задавальненне ад працы.

    Чым займаецеся ў Варшаве апроч працы?

    Я вельмі люблю фатаграфію. Гэта можна сказаць нават па маіх старонках у сацыяльных сетках. Часам, шпацыруючы па вуліцах Варшавы, я нават свет бачу адразу кадраваным у прапорцыях 2 на 3. Не гляджу, а літаральна “фатаграфую” вачыма.

    Вельмі люблю партрэты, асабліва людзей са свайго атачэння. Вельмі часта людзі саромеюцца ўласных выяваў, баяцца паказвацца перад аб’ектывам, закрываюцца. Я лічу, што такому чалавеку вельмі важна растлумачыць яго прывабнасць.

    Захапляюся таксама спортам. Зараз, з надыходам вясны, думаю пачаць вучыцца плаваць, а таксама сяду на ровар.

    Таксама ў планах – наведванне розных еўрапейскіх сталіц. У параўнанні з Беларуссю мяне ў Еўропе заўсёды па-добраму ўражваюць кошты на квіткі – можна вандраваць без асаблівых стратаў для кішэні.

    Што б Вы параілі людзям, якія сёння ў роздумах наконт працы за мяжой? Ці ехаць?

    Я лічу, што ўсім выхадцам з краін былога Савецкага саюзу трэба найперш навучыцца ставіць перад сабой пэўныя мэты і не баяцца выходзіць з атмасферы камфорту.

    Справа ў тым, што за час савецкай “ураўнілаўкі” большасць беларусаў звыклася з тым, што можна нічога не рабіць, бо ўсё, маўляў, бессэнсоўна. Працуй, атрымлівай гарантаваныя грошы, а намагацца няма сэнсу – зробіш больш, а атрымаеш тое самае…

    І нават тыя беларусы, што лічаць сябе мэтанакіраванымі і выехалі за мяжу, часам, стварыўшы вакол сябе нейкую мінімальную атмасферу камфорту, спыняюцца на гэтым.

    Калі так ставіцца да жыцця, дык не варта і выязджаць з Беларусі. Выязджай разам з амбіцыямі і толькі ў тым выпадку, калі рэалізаваць іх дома не можаш!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці