• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нашы за мяжой: Жанна Кромер (Ямайкіна)

    З’ехала у Аўстрыю ў 2006 годзе з надзеяй на дарагую аперацыю ў справе жыцця і смерці, але роўна праз год даведалася пра памылку ў дыягназе беларускіх лекараў.

    Пасля цудоўнага ацалення пераехала ў Нямеччыну і працягнула навучанне, працавала ў розных тамтэйшых СМІ, стварыла ўласнае жаночае радыё fem.fm. Вельмі марыць калі-небудзь вярнуцца ў Беларусь.

    Намётавы лагер на Кастрычніцкай плошчы, 2006. Фота Юліі Дарашкевіч

    Гісторыя ад’езду

    У мяне сышлося некалькі прычын адначасова. Але самым важным было тое, што мне паставілі вельмі страшны дыягназ – пухліна мозгу – і сказалі, што жыць засталося год ці два. У Беларусі не прапанавалі лячыць хваробу – была толькі тэрапія, якая магла трохі запаволіць працэсы. Гэта як ад пералому нагі прапісаць зялёнку.

    У Еўропе ж была перспектыва зрабіць аперацыю лазернымі метадамі. Гэта, канешне, дорага,  у мяне такіх грошай не было. Давялося паступіць вучыцца ва ўніверсітэт, аплочвала страхоўку як студэнтка і разлічвала, што страхоўка пакрые расходы. Але дзесьці праз год, калі я дайшла да лекараў, яны сказалі, што я хаця не зусім здаровы чалавек, але ж не паміраю!

    Як высветлілася, гэтая хвароба паспяхова лечыцца, а ў Беларусі мне проста паставілі няправільны дыягназ. Але я засталася вучыцца, працаваць і наладжваць сваё асабістае жыццё ўжо за мяжой.

    На той момант я паступіла вучыцца ў Вену на сацыялогію. Гэтая навука мне вельмі падабалася, але, паколькі я больш займалася асабістымі праблемамі, дык не так ужо і вучылася… А потым у 2010 годзе я з’ехала ў Нямеччыну і зараз працягваю вучыцца, але ўжо не на сацыялогіі – вырашыла атрымаць нямецкую журналісцкую адукацыю.

    Пішу на рускамоўныя і беларускамоўныя рэсурсы: часопісы і сайты. Зараз і на нямецкай мове трошкі пішу – у берлінскую газетку для пажылых людзей. Але ў асноўным займаюся развіццём уласных праектаў. Літаральна некалькі месяцаў таму пачаў працаваць мой сайт fem.fm.

    Мы сябе заяўляем як правільнае жаночае радыё – гэта навіны пра жанчын і для жанчын. З большага жаночыя рэсурсы пішуць пра моду, надвор’е, выхаванне дзяцей і выпечку пірагоў. Мы таксама час ад часу пра гэта пішам, але нам хочацца засяродзіцца на тэмах, якія жанчынам важныя, цікавыя, але мала дзе асветленыя: правы жанчыны, кар’ера жанчыны, мастацтва, палітыка, сацыяльныя пытанні, побытавыя… Як, напрыклад, жанчыне цвік забіць, калі яе гэтаму ў дзяцінстве не вучылі… У нас тэкставыя матэрыялы, зараз развіваецца падкаставы накірунак – можна запісаць аўдыё і выкласці яго на сайт.

    Як прайшоў перыяд акліматызацыі?

    Я прыехала ў Аўстрыю ва ўпэўненасці, што паміраю. Але законы з пакрыццём лекавання там вельмі строгія. Калі ты выплочваеш адлічэнне на страхоўку, то так званая “Каса здароўя” пакрывае тваё лячэнне. Калі гэта Каса западозрыць, што ты ведаў свой дыягназ да таго, як ўехаў у краіну, то могуць адмовіцца аплочваць лячэнне.

    Таму ўвесь першы год у Аўстрыі я сядзела ціха і не хадзіла да лекараў – толькі праз год пайшла на абследаванне, не кажучы, што ў Беларусі я ўжо гэта рабіла.

    Карацей, спачатку было складана – без бацькоў, без сяброў, без працы… Але ж я добра ведала нямецкую мову, заўсёды захаплялася падарожжамі, замежнай культурай, таму цяжка ў гэтым сэнсе не было.

    Што датычыць прафесійнага жыцця, то былі пэўныя цяжкасці ў працы на рускамоўныя рэсурсы ў Аўстрыі. Чакаеш ад былых землякоў адкрытасці, а насамрэч часта менавіта яны і “кідаюць на грошы”. Шмат ад каго я чула, што менавіта ў рускамоўных замежных выданнях трэба быць вельмі ўважлівым у гэтым сэнсе.

    Што дае сілы?

    Сябры і блізкія людзі. Людзі, з якімі я размаўляю на роднай мове. Але яны не побач – яны ў Беларусі альбо раскіданыя па свеце, і таму даводзіцца ў асноўным праз інтэрнэт  кантактаваць. Канешне, з’явіліся ўжо і тут знаёмыя, хтосьці з якія, спадзяюся, зможа стаць сапраўдным сябрам праз некалькі год. Пакуль рана казаць – яшчэ не было выпрабаванняў, якія вызначаюць сяброў. Але кола знаёмых расце, і я ўжо тут так не сумую, як спачатку.

    Ці думаеце над тым, каб вярнуцца ў Беларусь?

    Я ўвесь час пра гэта думаю, але зараз мне лепш заставацца тут па шматлікіх прычынах, па прафесійных у тым ліку. Я хацела б у будучыні вярнуцца на радзіму. Але пакуль цяжка зразумець, як гэта будзе выглядаць – старэйшы сын ужо прывык тут, а калі будуць яшчэ дзеці, то яны Беларусі ўвогуле не будуць ведаць. І мужа цягнуць у Беларусь давядзецца, нават калі адбудзецца ШОС, хоць ён любіць нашу краіну, дапамагае грамадзянскай супольнасці, хосціць некалькі сайтаў…

    Але я заўсёды адчувала тут сябе эмігранткай. Бо ў Беларусі ты ведаеш: гэта твая краіна, і ты маеш права змагацца за яе, нават калі табе пагражае турма. А тут, у Нямеччыне, я нават праз гады не змагу проста ўстаць і сказаць, калі мне нешта не падабаецца. Можа, ёсць такія, хто цалкам асімілюецца, але я, відаць, заўжды буду адчуваць сябе госцем. Я – госць тут, а калі пераехаць у Беларусь, тогосцем будзе муж… Гэта праблема міжнацыянальных шлюбаў, але паглядзім, што будзе…

     

    Ці ёсць нейкае асаблівае стаўленне да нашай краіны?

    Да мяне нейкага асаблівага стаўлення няма. Часам нават даводзіцца тлумачыць, што гэта за краіна – Беларусь, бо ян ведаюць Weißrus­s­land, “Белоруссию”. Вось я нядаўна давала інтэрв’ю пра постсавецкі фемінізм, і мне прыйшлося вельмі доўга тлумачыць журналістцы, чаму я хачу, каб фігуравала менавіта назва “Беларусь”. У выніку яна сапраўды зрабіла такую адмысловую зноску і ўсё патлумачыла. Я лічу, што гэта мой маленькі ўнёсак на карысць нашай краіны.

    Што можаце параіць тым, хто цяпер вырашае для сябе – з’ехаць альбо не з’ехаць?

    Шчыра кажучы, я не ведаю. Гэта залежыць ад кожнага чалавека. Нехта з’язжае з надзеяй, што там будзе лепш, і спачатку сапраўды так здаецца, з’яўляецца нават нейкая эйфарыя. Але чым больш эйфарыя, тым большае будзе расчараванне. Высвятляецца, што там таксама ёсць праблемы – яны зусім не такія, як у тваёй краіне, але яны ёсць. Трэба будзе вучыцца жыць з гэтымі праблемамі, вучыцца іх вырашаць. Я б параіла тым, хто едзе за мяжу, спачатку даведацца больш пра пэўную краіну, пагутарыць з тымі, хто ўжо даўно туды прыехаў…

    Тым, у каго ёсць магчымасць ездзіць дадому некалькі разоў на год, жывецца лягчэй. Я ж цяпер нават хаджу для псіхатэрапеўта, бо амаль кожную ноч сню сны, што я ў Беларусі, хаджу па хаце, дзе жылі мае бабуля і дзядуля, збіраю нейкія рэчы, якія маюць для мяне каштоўнасць: малітоўнік, посуд. І ўвесь час прачынаюся з думкай і перажываннем, што я не паспела…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці