• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Наста Бойка: У мяне ёсць план на ўласнае медыя праз некалькі гадоў

    З Настай Бойка — журналісткай “Еўрарадыё” — мы размаўлялі для інтэрв’ю двойчы з перапынкам у палову года. За гэты час у жыцці гераіні адбыліся перамены, якія засведчылі, што падтрымка блізкіх у выбары чалавека вельмі важная. Яна надае ўпэўненасці, адчуванне зямлі пад нагамі. І гэта актуальна ў любым узросце.

    Першая размова была восенню, калі адбываўся судовы працэс па справе Аляксандра Коржыча. Наста Бойка асвятляла справу пра трагічную смерць у войску Аляксандра, хадзіла на паседжанні суда.

    — Наста, як ты пачуваешся ў маскулінным свеце, у норавы якога штодня акунаешся?

    — Гэтая крымінальная справа, гэтая тэма мне важныя. Я — капітанская дачка, мой бацька сышоў з войска, калі мне было чатыры гады. А нарадзілася я ў пасёлку Лакаматыўны Чалябінскай вобласці. Гэта недалёка ад мяжы з Казахстанам. Мама была ваеннай медсястрой, бацькі і пазнаёміліся ў шпіталі. Дзядуля служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. Вайскоўцы для мяне — блізкія людзі, а іх свет — не чужы.

    Пасля першай паездкі ў Барысаў на суд па справе аб “дзедаўшчыне” я пазваніла бацьку з пытаннем, ці сапраўды такое адбываецца ў войску. Для мяне вайскоўцы заўсёды былі людзьмі з вялікай літары. На маё пытанне тата адказаў, што так бывае. Да гэтага я бачыла толькі адзін бок.

    Я не ведаю, што сказаць пра свае адчуванні — гэта нейкая разгубленасць. Я слухаю пра факты дзедаўшчыны, якія агучваюцца ў судзе, і з аднаго боку мне цікава, што ж будзе далей? А з іншага я хачу зразумець, чаму так адбываецца: сітуацыя тыповая толькі для Печаў ці ўвогуле для постсавецкага  войска?

    Страшна было, калі на працягу двух тыдняў на мяне ўвесь час глядзеў адзін з абвінавачаных. А іншы сяржант, які знайшоў цела Сашы Коржыча і праходзіў па гэтай справе сведкам — раней ён быў асуджаны, таму знаходзіўся падчас працэсу ў клетцы — у адзін дзень пасля паседжання сказаў: “Можна гэтую дзяўчыну ў зялёным на пару слоў?”

    Гэты чалавек папрасіў мой адрас і паабяцаў напісаць ліст. Я не чакала такога пытання, не паспела зарыентавацца і дала яму свой хатні адрас. Мяркую, што з прафесійнага погляду я паступіла правільна, нават калі нічога сенсацыйнага ён і не напіша, мне ўсё ж цікава.

    Да “Еўрарадыё” я супрацоўнічала з Tut.by, і гэта няпроста для журналіста-пачаткоўца. Жэня Карпаў — мой вялікі настаўнік, хоць ён і даволі хутка звольніўся з партала. Мой першы сур’ёзны тэкст, які добра чыталі, перадрукоўвалі іншыя медыя, гісторыя пра тое, як амапаўцы збілі двух падлеткаў. Яшчэ я пісала матэрыял з назірання на акрузе Ганны Канапацкай, дзе былі выяўленыя факты фальсіфікацыі. Пасля той публікацыі мяне нават у аўтобусе пазнавалі, недзе месяц я пачувалася зоркай.

    Думаю, у той момант я адчула, што не памылілася ў сваім намеры стаць журналістам.

    — Сям’я не была супраць такога рашэння?

    — Была. Бацька хацеў, каб я стала інжынерам. Але мне ніколі асабліва не давалася матэматыка. Гэта адзіны прадмет, па якім у мяне ў атэстаце 8 балаў. Я была алімпіядніцай па гісторыі, грамадазнаўству, мове — такі філолаг-гуманітарый. Але бацька вельмі хацеў, каб я пайшла ці ў МНС, ці проста ў нейкі інжынерны ўніверсітэт.

    Адыграла ролю тое, што падчас навучання ў ліцэі мяне прызначылі рэдактарам ліцэйскага весніка. Я пачала супрацоўнічаць з раёнкай. У мяне захоўваюцца ўсе газеты з маімі тэкстамі. Быў адзін класны артыкул пра ўцекача з Украіны — вайна на ўсходзе Украіны толькі пачыналася, гэта былі першыя ўцекачы, ім яшчэ ніхто не дапамагаў. Тэкст не друкавалі недзе 4–5 месяцаў, і калі ён выйшаў, то, натуральна, была выразаная ўся крытыка тых падзей і кіраўніцтва горада.

    Мама падтрымала мой выбар, калі зразумела, што з‑за непаразуменняў на гэтай глебе мы пачалі сварыцца. Я казала бацькам, што не разумею, чым буду займацца, калі не буду пісаць. Я ведала, што калі не стану журналісткай, то напішу кнігу, што маё жыццё будзе звязана са словам.

    Бацькі перажываюць, што я пішу на сур’ёзныя тэмы. Я для іх усё яшчэ студэнтка.

    — Які іх вобраз твайго шчаслівага жыцця?

    — Сям’я, дзеці — унукі для іх, добрая праца. Але для мяне нармальна тое, як я жыву цяпер — хаджу штодня ў суд на гэты працэс, стамляюся, мне гэта падабаецца, гэта маё. Мне падаецца, я занадта маладая, каб думаць пра сям’ю.

    — Ці ёсць хібы або перавагі для жанчыны ў прафесіі?

    — Думаю, мінусы для жанчыны ў прафесіі ў тым, што ў большай колькасці сітуацый нам трэба быць асцярожнымі. Я б не сказала, што да жанчын заўсёды ставяцца лепш.

     

    У мінулым годзе 25 сакавіка я ішла каля Парка Чалюскінцаў, калі фактычна ўсе падзеі скончыліся. Я была ў дапамозе журналістам. Спрабавала прайсці з пасведчаннем журналіста праз ачапленне, але амапавец мне сказаў: “Табе гэта трэба? Я цябе прапушчу, а цябе там схопяць”. А пазней я ішла праз двары, там жа ішоў натоўп амапаўцаў у поўнай экіпіроўцы — “касманаўтаў”. Адзін з іх звярнуўся да мяне: «Девушка, здравствуйте». «Здравствуйте».

    Ён паглядзеў на пасведчанне, нешта яшчэ сказаў і ўдарыў па жываце гумовым дручком. І пайшоў далей за сваімі “касманаўтамі”.

    Я так і не зразумела, што гэта было. Я не ведаю, навошта гэта было зроблена. Сіняк у мяне застаўся. Тое, што я дзяўчына, мяне не аберагае.

    — Бацькі хвалююцца за тваю бяспеку?

    — У бацькоў ёсць яшчэ апасенне наконт прафесіі, а раптам гэта небяспечна. Але я спадзяюся, яны зразумеюць, што я зрабіла свой выбар, я дарослы чалавек, які жыве сваім жыццём.

    — Чаму недзяржаўныя медыя?

    — Не ведаю, як адказаць на гэта адразу. На Tut.by я патрапіла выпадкова: пазнаёмілася з супрацоўнікам партала і спытала, ці можна ў іх прайсці практыку, да таго ж ва ўніверсітэце наш выкладчык Градзюшка параіў мне ісці ў web-журналістыку.

    Я адразу думала пра газету “Звязда”, бо гэта друкаванае выданне, беларускамоўнае. Хаця ў мяне доўга ў школе былі праблемы з беларускай мовай. Толькі ў 10–11 класах я выправілася, бо пачала шмат чытаць па-беларуску. Настаўніца параіла мне кнігі Караткевіча, і гэта дапамагло — усё пайшло.

    Заўсёды хацела стаць ваенным карэспандэнтам. Можа быць ад “Еўрарадыё” некуды паеду. Ой, мама прачытае і ёй стане кепска ад гэтага (смяецца). Але пакуль я не гатовая да такога павароту.

    Нядаўна адзін калега мне сказаў нешта кшталту, ты такая юная і пішаш на сур’ёзныя тэмы, думаеш, ужо журналістка? Але мне падаецца, што гэта тая прафесія, у якой шмат хто пачынае рана. Гэта нармальна.

    Калі я прыйшла на “Еўрарадыё”, быў страх, што нешта не атрымаецца, таму я больш часу праводзіла з калегамі. У мяне пакуль няма абавязкаў — дзяцей і сям’і, я засяроджаная на тым, каб стаць добрым, крутым журналістам.

    Шмат хто з калегаў усё ж успрымае мяне з лёгкім гумарам, ну, яна ж маладая. Але, шчыра, гэта крыўдзіць. Напэўна, я гэта блізка ўспрымаю, бо жыву працаю.

    ***

    Другі раз мы размаўлялі праз палову года. За гэты час па справе  Аляксандра Коржыча завяршыўся судовы працэс, які асвятляла Наста. Фігуранты крымінальнай справы аб давядзенні да самагубства радавога Аляксандра Коржыча ў навучальным цэнтры ў Печах атрымалі рэальныя тэрміны. Аднак маці Аляксандра катэгарычна не згодная з такім рашэннем. 

    — Наста, давай вернемся да той рэзананснай справы. Быццам бы знайшлі і пакаралі вінаватых, хаця далёка не ўсе згодныя з такім рашэннем суда, а здарэнні ў войску працягваюцца. Якое тваё стаўленне да гэтага і да працы журналіста, які інфармуе грамадства акурат з мэтаю выправіць хібы, а па сутнасці нічога не змяняецца?

    — Я не ўпэўненая, што хлопцы, якіх асудзілі, сапраўды вінаватыя. Падаецца, на іх проста спусцілі ўсіх сабак.

    Маім героем 2017–2018 гадоў стала Святлана Коржыч, мама Аляксандра. Гэта самая моцная жанчына, якую я бачыла ў сваім жыцці.

    Я дагэтуль лістуюся з тым хлопцам, які прасіў мой тэлефон пасля судовага паседжання. Ён мусіў выйсці праз год, але яго зноў асудзілі за парушэнне рэжыму папраўчай установы і дадалі тэрмін.

    Мне крыўдна, што такое здараецца, што нічога не змяняецца. Цяпер я займаюся справай Андрэя Макаеда, які выпаў з вакна вайсковай часткі ва Уруччы.

    Святлана Коржыч на апеляцыі ў Вярхоўным суде сказала, што ёй расказваюць пра дзедаўшчына ў войску. І яна з іншымі мамамі хоча далей змагацца супраць гэтага. Канешне, Міністэрства абароны пасля ўсіх гэтых выпадкаў не хавае інфармацыю пра здарэнні, а паведамляе само. Але праблема ўсё ж сістэмы агулам, людзей, якія ў ёй працуюць. Патрэбныя новыя падыходы.

    Бо пішаш-пішаш-пішаш і нічога не змяняецца. Ну, злавілі трафарэтчыкаў, якія распаўсюджваюць наркотыкі, далі вымову міліцыянту, які ездзіць п’яны за рулём. І што?

    У мяне пытанне і да сябе, і да людзей, якія працуюць у міністэрствах на высокіх пасадах: што рабіць? Бо я магу толькі пісаць, гаварыць пра гэта.

    — Няма адчування, што гэта вада ў ступе — безсэнсоўная справа?

    — Часам мне хочацца змяніць кірунак тэмаў, але ўсё адно я вяртаюся да іх. Бо мне гэта цікава. Але, канешне, крыўдна. З іншага боку, калі мы не будзем пра гэта расказваць, міністэрствы будуць гэта хаваць. Людзі павінны ведаць, што адбываецца ў дзяржаўных структурах, што можа адбыцца з імі.

    — Што цябе натхняе, штурхае да таго, каб заставацца ў сацыяльных тэмах, а не сыйсці, да прыкладу, у той жа smm, дзе гэта будзе ўскосна праходзіць?

    — Пакуль я магу працаваць без натхнення і матывацый, бо мне проста цікава. Часам не хочацца перадваць некаму свае тэмы, нават калі ёсць моцная загружанасць.

    Цяпер мяне натхняюць сям’я, сяброўка, якая кажа, што чытае мае матэрыялы.

    — Восенню падчас нашай размовы ў цябе было больш песімізму, што датычна стасункаў з сям’ёй.

    — Я адчула змену ў стаўленні да мяне, да маёй працы. Напэўна, яны зразумелі, што я самастойны чалавек, які можа жыць самастойна, можа за сябе пастаяць. Я не ведаю, што адбылося ў іх галовах, але я ну вельмі гэтаму радая! Калі мама раней магла сказаць “Можа, лепш не пішы пра гэта”, то цяпер такіх слоў няма.

    — Ёсць бачанне сябе ў прафесіі праз нейкі час?

    — У мяне ёсць план на сваё медыя праз некалькі гадоў. Я вызначаю яго, як журналістыка пра ўзаемадачыненні дзяржавы і людзей. Але яшчэ не прыдумала назвы (смяецца).

    Метрыкі, колькасныя дадзеныя мяне мала цікавяць. Я раблю працу для свайго чытача. У тым сэнсе, што мне ўсё роўна, набярэ матэрыял мільён праглядаў ці пяць тысяч. Галоўнае, каб я ведала, што матэрыял якасны і дапамагае людзям нешта зразумець, асэнсаваць.

    Сёння напісала твіт, што хачу прачнуцца ў свае 30 гадоў, каб гэтыя тэмы не краналі мяне так балюча. Я кожную гісторыю моцна перажываю. Бо, напрыклад, тыя ж салдаты — мае равеснікі.

    Я б хацела бачыць журналістыку свабоднай у нашай краіне, без падзелу на дзяржаўных і недзяржаўных, каб я магла патэлефанаваць у любое міністэрства, а мне там далі адэкватны адказ, каб можна было без праблем патрапіць на адкрыццё новага будынка Вярхоўнага суда — нам не далі акрэдытацыю на гэта мерапрыемства, каб усе журналісты былі роўныя. Бо цяпер журналіст “Сб. Беларусь сегодня” можа паехаць у калонію ў Бабруйску і зрабіць матэрыял, а я не.

    У нас ёсць смяротнае пакаранне, але няма магчымасці пагаварыць з асуджанымі, каб спытаць, што ў іх свядомасці. Дзяржава ставіцца да журналістаў недзяржаўных СМІ, як да трэцяга лішняга. Думаю, калі дзяржава зменіць сваё стаўленне да медыя, гэта паўплывае і на перамены ва ўладзе.

    — Табе падабаецца час, у якім ты жывеш?

    — Так! Я раней думала, што жыву ў нецікавыя часы, бо нічога не адбываецца лёсавызначальнага. Калі б я свядома магала ацаніць падзеі хаця б 2006 і 2010 года, гэта магло б паўплываць на станаўленне маёй асобы. Пратэсты “дармаедаў” у 2017 годзе — самыя масавыя грамадскія пратэсты, якія я асвятляла як журналіст.

    Я нарадзілася ў 1997 годзе, маё дзяцінства — гэта час, калі ўсё было. Я нічога не бачыла жудаснага ў сваім жыцці, я не прашла ні праз што страшнае, што мяне б змяніла.

    Але я гляджу, што адбываецца ў краіне і мне цікава назіраць за стаўленнем людзей да падзей, як змяняецца моладзь, як дзяржава спрабуе прэсаваць, кантраляваць людзей, а яны на гэта адказваюць. Напрыклад, той жа адказ студэнтаў БДУ тролінгам на забарону крытыкаваць універсітэт.

    Пачуваюся падарожнікам з друкавальнай машынкаю.

    Але я не хачу вялікіх патрасенняў, я за перамены праз рэформы.

    — Не стамілася ад рытму прафесіі?

    — Нет, бо я не спыняюся. Магчыма, у побытавых пытаннях я марудная, але ў прафесіі хуткасць мне вельмі падабаецца. Я не праходзіла праз эмацыйнае выгаранне, праўда, гэтай зімой былі цяжкія моманты, калі шмат працы працы, я хварэла. Напэўна, я яшчэ не стамілася ад самога жыцця, таму магу за тыдзень узнавіць свае сілы.

    Быў цікавы момант у звязку з прафесіяй. Восенню ў Мінску адмянілі канцэрт майго любімага гурта IC3PEAK. Мы запрасілі гурт да нас у эфір. Гэта цікавыя эмоцыі: ты слухаеш нейкага выканаўцу, а потым сутыкаешся з ім у рэальнасці. Напэўна, яны нават не здагадаліся, што тады прысутнічаў чалавек, які іх слухае ўжо пяць год. Такія магчымасці — бонусы журналістыкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці