• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Парталу «Медиа-Полесье» — 5 гадоў!

    Сайт «Медиа-Полесье» знаходзіцца на вядучых пазіцыях у рэйтынгу рэгіянальных онлайн-СМІ краіны, мае каля 13 тысяч наведнікаў у суткі. Пра сваю каманду і сакрэты поспеху заснавальніца і рэдактар партала Святлана Гарда распавяла сайту Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    — Святлана, як прыйшла думка стварыць свой партал?

    — У журналістыцы я, можна сказаць, з дзяцінства. Першую зацемку напісала ў трэцім класе ў газету “Зорька”… Пасля сканчэння ўніверсітэта ў рамкі “раёнкі” не ўпісалася. Калі Андрэй Вышынскі стварыў незалежнае выданне «Информ-прогулка», запрасіў мяне ў якасці намесніка, і сёння ўдзячная яму за магчымасць развівацца. З цягам часу мае амбіцыі раслі, хацелася іншага фармату, нейкага драйву. Задумка стварыць анлайн-рэсурс нарадзілася неяк некачана. Я на аркушы А4 намалявала, якім бачу сайт, і аддала на распрацоўку дызайнеру і праграмісту. Чаму менавіта тры гарады рэгіёна — Лунінец, Столін, Пінск? Бо тэрытарыяльна яны, хоць і блізка, але падзеленыя рэкамі, таму мэтай было аб’яднаць людзей інфармацыйна — ім цікава ведаць, што робіцца ў суседзяў па той бок Прыпяці.

    — Распавядзіце, калі ласка, як Вы шукаеце тэмы для матэрыялаў, якія былі б цікавыя шырокаму колу чытачоў? 

    — Наш партал сам па сабе цікавы тым, што разлічаны на тры раёны: Лунінец, Столін, Пінск — гэта наша мэтавая аўдыторыя. Тут шмат агульнага, бо гэта — Палессе, але і шмат індывідуальнага. Мы заўважылі, што нашаму чытачу падабаецца параўноваць: што, у каго і як? Апошняя з агульных тэмаў — “ляжачыя паліцэйскія”, па якіх мы прайшліся з рулеткай і знайшлі парушэнні нормаў. Атрымалася, напрыклад, што ў Пінску яны самыя высокія, у Лунінцы — самыя шырокія…

    Тэмы падказваюць самі чытачы. У большасці — гэта праблемы, якія патрабуюць вырашэння. І ведаеце? Хоць улады ўспрымаюць нас як чырвоную анучу ў руках тэрэадора, але вымушаныя па нашых публікацыях рамантаваць дарогі і дахі, клапаціцца пра бяздомных жывёлаў, а, іншым разам, і адмаўляцца ад бессэнсоўных рашэнняў (напрыклад, нядаўна ў Пінску пачалі заварваць смеццеправоды, але падняўся шум і ўлады перадумалі ісці насуперак жаданняў людзей).

    У трэндзе ў нас відэа. Гэта і гісторыі пра людзей, і падзеі, і спартыўныя агляды, і апытанкі. Відэарэпартажы з акцый “недармаедаў” у Пінску і Лунінцы, зробленыя нашым відэакарэспандэнтам, абышлі вядучыя незалежныя парталы краіны.

    А калі абагульніць пытанне, некаму падабаецца салёнае, некаму салодкае. Таму ў меню павінны быць усялякія стравы на выбар. Галоўнае, каб прадукты былі якасныя і прыгатаваныя па добрым рацэпце.

    — Як можна ахарактарызаваць фармат выдання?

    — Фармат вызначаецца нашай місіяй: заўсёды свежыя навіны для актыўных жыхароў і выхадцаў рэгіёна Прыпяцкага Палесся. Гэта СМІ, без навінаў якога немагчыма абыходзіцца штодня. Адзначу таксама, што чытачы нам не выбачаюць, калі прапускаем нешта значнае.

    — Як напісаць матэрыял, каб у яго была вялікая колькасць праглядаў?

    — Раней, прызнацца, мы не задумваліся пра колькасць праглядаў матэрыялаў. Ёсць, напрыклад, цікавая тэма, добра раскручаная, напісаная па стандартах якаснай журналістыкі. Выдатна зробленая, адным словам. Але чытач неяк раўнадушна паставіўся, і становіцца шкада змарнаванага часу. Між тым, нешта простае, неадмысловае, трапляе ў ТОП. Памылкова лічыць, што нашае меркаванне, маўляў, якасна і крута, падзеліць чытач. Таму сёння мы не прытрымліваемся стандартнай навінавай піраміды, бо магчымасць чытаць па загалоўках не дае пераходаў з сацыяльных сетак.

    —  Як бы Вы сфармулявалі галоўны сакрэт, альбо правіла поспеху «Медиа-Полесья» ў чытачоў?

    — Журналістаў нашай каманды аб’ядноўвае простая рэч — адданасць прафессіі. На кожны раён у нас працуе па аднаму карэспандэнту: у Пінску — Васіль Мацкевіч, у Лунінцы — Вольга Соц, у Століне — Наталля Базар. Ёсць фрылансеры, якія спрабуюць свае сілы…

    Мы не маем права ні хварэць, ні сысці ў больш-меньш нармальны адпачынак. Напрыклад, Вольга Соц, калі чакала другое дзіця, не сыходзіла ў дэкрэт. Здала рэдактару навіну, а заўтра ўжо трапіла ў раддом. Праз тыдзень яна зноў, з немаўлём на руках, пісала матэрыялы для сайта.

    Мы адчуваем давер з боку чытача і імкнемся не расчароўваць яго, не абыходзім гарачыя тэмы (акцыі пратэстаў, суды над актывістамі, парушэнні правоў чалавека) і чытач ведае, што знойдзе на «Медиа-Полесье» аб’ектыўную інфармацыю менавіта пра свой рэгіён, бо тое, што ў Мінску — гэта далёка, і пра гэта напішуць іншыя. Нашаму чытачу цікава, што адбываецца побач.

    Яшчэ адзін з сакрэтаў — актыўная камунікацыя. Людзі маюць пляцоўку, дзе ў іх ёсць магчымасць дзяліцца меркаваннямі, удзельнічаць у конкурсах, надаваць грамадскі рэзананс існуючым праблемам і вырашаць іх з дапамогай журналістаў.

    Але нас мала, каб рабіць паўнавартасны рэсурс, які патрабуе росту кантэнту, выкарыстання мультымедыйных тэхналогій і г. д. Таму на будучае не выключаю, што трэба аб’ядноўвацца з нейкімі іншымі рэсурсамі, каб пашыраць кола дзеяння.

    — Работа рэдактара вымагае вялікіх высілкаў. Як ставіцца да Вашай паўсядзённай занятасці сям’я?

    —  Муж с першых дзён нашага сумеснага жыцця падтрымліваў мяне ў прафесіі. Пасля вучобы ён працаваў на добрай пасадзе ў Кіраўскай вобласці, меў добрыя прывілеі, але, каб я давучылася, пераехаў у Беларусь. Адмацаванне яму давялося браць праз Міністэрства будаўніцтва (тады СССР). Амаль 30 гадоў мы разам. Я шчаслівая жанчына… А сын Максім, маючы тэхнічную адукацыю, нечакана захапіўся журналістыкай, працуе на сайце, адказвае за відэакантэнт. Прайшоў добрыя стажыроўкі, у тым ліку ў замежных СМІ.

    — Чаго жадаеце для “Медиа-Полесья” на наступныя 5 гадоў?

    Заставацца ў медыйнай прасторы як якасны інфармацыйны рэсурс, запатрабаваны кожным палешуком як кубак ранішняй кавы ці гарбаты. А для гэтага патрэбна штодня здзіўляць. А для гэтага — у сваю чаргу — пазбягаць прафесійнага выгарання. Трэба заставацца моцнымі, жыць без хандры. Будзем мы — будзе сайт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    Стваральнікі праекта «ТОК» меркавалі, што ў Беларусі не будзе з кім размаўляць у доўгіх інтэрв’ю. Але праз шэсць гадоў яны застаюцца запатрабаванымі. Вядоўца і менеджэрка праекта Наста Роўда расказала БАЖ пра рэкордныя тры запісы ў дзень, непрацуючую відэакамеру і як стала «членам сям’і» для некаторых гледачоў.   
    19.11.2024
    Акцэнты

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    Напрыканцы мінулага года паўстала новае беларускае медыя «Бюро» — праект, створаны камандай журналістаў-расследавальнікаў. Першая ж праца «Бюро» пра рээкспарт люксавых аўто выклікала перапалох на беларуска-еўрапейскай мяжы, а многія далейшыя матэрыялы вымушалі варушыцца і еўрапейскіх, і беларускіх чыноўнікаў. 
    15.11.2024

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    05.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці