• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэйтынг закрытасці. Частка 2

    ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” працягвае збіраць матэрыялы пра самыя закрытыя для журналістаў беларускія ўстановы: міністэрствы, ведамствы, арганізацыі, грамадскія аб'яднанні і г.д.

    Мы высвятляем у калег, якія з устаноў найбольш часта адмаўляюць незалежным журналістам у доступе да інфармацыі. Па выніках складаецца своеасаблівы “рэйтынг закрытасці” – зыходзячы з таго, наколькі часта тое ці іншае ведамства будзе фігураваць у апытанні.

     

    Аляксандр ЯРАШЭВІЧ, журналіст “Радыё Рацыя”

    – Прыгадаю адразу некалькі яскравых выпадкаў, калі чыноўнікі займаюць глухую абарону і не даюць журналістам ніякай інфармацыі, нягледзячы на тое, што абавязаныя гэта рабіць паводле ўласных жа законаў.

    Мінсельгасхарч у самы разгар успышкі афрыканкай чумы свіней фактычна закрыўся ад грамадства жалезнай заслонай. Менавіта тады, калі людзей цікавіла найбольш праўдзівая і дакладная інфармацыя пра небяспеку, галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Рэспублікі Беларусь Юрый Піваварчык адмаўляўся даваць наогул хоць якую інфармацыю.

    Такім жа чынам амаль заўсёды сябе паводзяць чыноўнікі Мінгарвыканкама. Некалькі месяцаў таму, калі чарговы раз падвышаліся кошты на праезд у грамадскім транспарце, я спрабаваў атрымаць хоць нейкі афіцыйны каментар пра прынцыпы разліку гэтых коштаў. Тады я абзваніў, мабыць, дзесятак падраздзяленняў Мінгарвыканкама, ДУ “Сталічны транспарт і сувязь”, але так па тэлефоне інфармацыі і не атрымаў. Такая ж сітуацыя нядаўна была ў мяне і з Міністэрствам камунальнай гаспадаркі.

    У станоўчым плане хацеў бы адзначыць МНС, МЗС, Следчы камітэт, Мінпрыроды і ЦВК.

     

    Жанна СІДАРУК, намесніца галоўнага рэдактара “Брестской газеты”

    – Кожны год мы вядзем сапраўдную вайну за акрэдытацыю з Брэсцкімі гарадскім і абласным выканаўчымі камітэтамі. І кожны раз улады прыдумляюць усё новыя і новыя прычыны, паводле якіх акрэдытацыі пры гэтых установах наша выданне не можа атрымаць.

    Напрыклад, аблвыканкам кажа, што яны даюць акрэдытацыю толькі абласным СМІ, а мы, на іх погляд, з’яўляемся нібыта гарадскім СМІ, хоць мы распаўсюджваемся не толькі ў Брэсце, але і ў раёнах Брэсцкай вобласці.

    Гарвыканкам жа спачатку адмаўляў нам на падставе таго, што ў яго нібыта не было распрацавана палажэння аб акрэдытацыі, потым яны пачалі адмаўляць на падставе таго, што іхнае памяшканне не можа змясціць усіх ахвотных прысутнічаць на пасяджэннях. І гэты ўсё вельмі абсурдна, бо памяшканне тое – вялізная зала на 600 чалавек.

    Сярод іншых апошніх адмоваў – рэакцыя аблвыканкама на эпідэмію свіной чумы, калі нас адправілі да галоўнага санітарнага лекара вобласці. Апошні ж, паводле ўласнага сакратара, спачатку быў у камандзіроўцы, а на наступны дзень ужо апынуўся ў адпачынку.

    І самы апошні, проста абсурдны выпадак. Калі два тыдні таму ў Брэсце на дзень горада адкрывалі алею мастацкіх ліхтароў на вуліцы Гогаля, мы паспрабавалі атрымаць хоць які анонсік гэтай падзеі, інфармацыю пра самі ліхтары і г. д. Але галоўны інжынер КУП “Брэстгарсвятло” проста адмовіўся размаўляць, бо, маўляў, гэта інфармацыя закрытая.

    Таксама адмаўлялі ў інфармацыі КМП “Брэсцкае гарадское ЖКГ”, Брэсцкая мытня – па пытаннях, што не датычаць афіцыйнай зводкі.

     

    Дзмітрый ЯНЕНКА, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Товарищ”

    – Адносна акрэдытацыі мы звярталіся ў прэс-службу Палаты прадстаўнікоў з просьбай акрэдытаваць нашага журналіста. Гэта было некалькі год таму. Тады мы атрымалі адмову ў акрэдытацыі.

    Што датычыць доступу да інфармацыі, то найбольш лёгка мне асабіста заўсёды працаваць з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях, Міністэрствам па падатках і зборах, а таксама з Міністэрствам лясной гаспадаркі.

    Ва ўсіх астатніх ведамствах стандартны адказ на большасць пытанняў гучыць так: “Дасылайце пісьмовы зварот”. І нікога не цікавіць, што адказ на той зварот прыйдзе, хутчэй за ўсё, тады, калі ён ужо не будзе патрэбны. Самы яскравы прыклад такога стаўлення – Міністэрства ўнутраных спраў.

     

    АГУЛЬНЫ ЗАЛІК:

    Мінусы

    КДБ: ‑2

    МУС: ‑2

    Мінздароўя: ‑2

    Мінсельгасхарч: ‑2

    ППНС: ‑2

    Міністэрства ЖКГ: ‑1

    Мінгарвыканкам: ‑1

    Мінюст: ‑1

    РАУСы: ‑1

    Аддзел ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы Брэскай вобласці: ‑1

    Брэсцкая мытня: ‑1

    КУП “Брэстгарсвятло”: ‑1

    Брэсцкі аблвыканкам: ‑1

    Брэсцкі гарвыканкам: ‑1

    ДУ “Сталічны транспарт і сувязь”: ‑1

     

    Плюсы:

    МНС: +3

    СК: +3

    МЗС: +2

    Мінпрыроды: +1

    Міністэрства па падатках і зборах: +1

    Міністэрства лясной гаспадаркі: +1

    МУС: +1

    Вярхоўны суд: +1

    Генпракуратура: +1

    ЦВК: +1

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці