• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэйтынг закрытасці. Частка 5

    ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” працягвае збіраць матэрыялы пра самыя закрытыя для журналістаў беларускія ўстановы: міністэрствы, ведамствы, арганізацыі, грамадскія аб'яднанні і г.д.

    Мы высвятляем у калег, якія з устаноў найбольш часта адмаўляюць незалежным журналістам у доступе да інфармацыі. Па выніках складаецца своеасаблівы “рэйтынг закрытасці” – зыходзячы з таго, наколькі часта тое ці іншае ведамства фігуруе ў апытанні.

    Алег ГРУЗДЗІЛОВІЧ, “Радыё Свабода”

    – Найбольш складана мне асабіста працаваць з КДБ. Там, па-першае, прэс-служба мае толькі адзін тэлефон, мабільнікаў не дае ўвогуле. І большасць спробаў дабіцца каментара сканчаецца тым, што ніхто проста не здымае слухаўку.

    Апошні яскравы прыклад – сітуацыя з затрыманнем Уладзіслава Баумгертнера. Гендырэктар “Уралкалія” затрыманы і знаходзіцца ў СІЗА КДБ, але атрымаць якія-кольвек звесткі ад прэс-службы КДБ проста немагчыма. А калі і бывае час ад часу нейкі каментар, дык звычайна ён цалкам паўтарае тое, што стаіць на сайце. А там нейкая інфармацыя з’яўляецца раз на месяц.

    З сілавых структур найлепшае стаўленне да журналістаў дэманструе Следчы камітэт. Журналісты ведаюць, акрамя службовых тэлефонаў, яшчэ і мабільны нумар, па якім можна звязацца, атрымаць інфармацыю і кароткі каментар.

    У міліцыі зараз увогуле адмаўляюцца нешта каментаваць, кажуць, што ёсць прэсавая служба МУС – маўляў, туды і званіце. Прэсавая служба МУС адказвае на пытанні, але часта яны не ведаюць таго, што цябе цікавіць, і просяць пісаць пісьмовы зварот. А пісьмовы зварот – гэта тое самае, што ўвогуле не атрымаць каментару, бо наша праца вельмі тэрміновая, нават наступны дзень нас не задавальняе. Таму часта мае просьбы застаюцца без адказу.

    Больш кампетэнтна адказвае прэсавая служба гарадской міліцыі – у іх нават можна атрымаць інфармацыю пра затрыманні нейкага журналіста.
    Але што датычыць спецыфічнай інфармацыі – складана, бо яны нічога не хочуць каментаваць, спасылаючыся зноў-такі на прэс-службу.

    Наталля СЕМЯНОВІЧ, Intex-press, Баранавічы

    – Я пішу ў асноўным на крымінальную тэматыку. Мясцовая міліцыя, канешне, ідзе насустрач, але, каб дамагчыся адказу, трэба тэлефанаваць па некалькі разоў на дзень.

    У структурах абласнога ўзроўню вельмі часта патрабуюць альбо прыязджаць, альбо пісаць афіцыйны запыт. Зараз наогул многія навучыліся казаць – маўляў, мы не маем права размаўляць па тэлефоне, пішыце запыт, а мы вам адкажам.

    Напрыклад, Следчы камітэт звычайна просіць ператэлефанаваць праз нейкі час. Мне здаецца, яны проста правяраюць, хто я такая. Калі ператэлефаноўваю, яны кажуць нешта або прысылаюць факсам непасрэдна адказ на маё пытанне.

    Што да іншых журналістаў нашага выдання, дык яны найчасцей сутыкаюцца з адмовамі з боку баранавіцкага гарвыканкама. Тут чыноўнікі не кажуць, што не будуць размаўляць, а патрабуюць пісаць запыт. Чакаць адказу трэба тыдзень, два, а то і болей. Для журналіста гэта непрымальна.

    Васіль ЗДАНЮК, галоўны рэдактар газеты “Свободные новости Плюс”

    – Паводле агульнага меркавання нашых журналістаў, найбольш закрытым ведамствам з’яўляецца Міністэрства па падатках і зборах. Амаль заўсёды там немагчыма атрымаць інфармацыю альбо каментар. У гэтым жа шэрагу – Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Міністэрства спорта і турызма. Гэта своеасаблівая “тройка антылідараў”, куды тэлефанаваць бессэнсоўна.

    Трохі больш ліберальным у доступе да інфармацыі, на наш погляд, з’яўляецца МУС: што-нішто ад іх часам можна даведацца, атрымаць нейкі каментар. Але не заўсёды.

    Яшчэ больш ліберальнай, на наш погляд, з’яўляецца прэс-служба Беларускай калійнай кампаніі і ААТ “Беларуськалій”. Калі з імі доўга працуеш, завязваюцца нармальныя стасункі, і яны спакойна даюць інфармацыю.

    А наогул я лічу, што сярод дзяржаўных ведамстваў няма такой прэс-службы, да якой не было б прэтэнзій.
     

    АГУЛЬНЫ ЗАЛІК:

    Мінусы

    Мінздароўя: ‑6

    Мінсельгасхарч: ‑6

    КДБ: ‑4

    МУС: ‑3

    Адміністрацыя прэзідэнта: ‑2

    ППНС: ‑2

    Міністэрства ЖКГ: ‑2

    Мінскі метрапалітэн: ‑2

    Мінпрацы і соцабароны: ‑2

    Брэсцкі аблвыканкам: ‑2

    Баранавіцкі гарвыканкам: ‑1

    Мінспорту: ‑1

    Мінадукацыі: ‑1

    ГУУС Мінгарвыканкама: ‑1

    Мінгарвыканкам: ‑1

    Мінюст: ‑1

    Мінфін: ‑1

    Мінскі трактарны завод: ‑1

    Канцэрн “Белэнерга”: ‑1

    РАУСы: ‑1

    Аддзел ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы Брэсцкай вобласці: ‑1

    Брэсцкая мытня: ‑1

    КУП “Брэстгарсвятло”: ‑1

    Брэсцкі гарвыканкам: ‑1

    ДУ “Сталічны транспарт і сувязь”: ‑1

    Камітэт па архітэктуры Мінгарвыканкама: ‑1

    Нацыянальны аэрапорт “Мінск”: ‑1

     

    Плюсы:

    МНС: +5

    СК: +5

    Мінкульт: +2

    МЗС: +2

    Міністэрства прамысловасці: +1

    Мінабароны: +1

    Белавія: +1

    Мінпрыроды: +1

    Міністэрства па падатках і зборах: +1

    Міністэрства лясной гаспадаркі: +1

    МУС: +2

    ЦВК: +2

    Вярхоўны суд: +1

    Генпракуратура: +1

    ДАІ Мінаблывканкама: +1

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці