• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як гэта – быць адзіным незалежным журналістам на ўвесь раён?

    «На сустрэчы з Лукашэнкам мяне абкружылі, нібыта я тэрарыстка». Тамара Шчапёткіна з Бярозаўшчыны распавяла baj.by пра свой няпросты лёс журналіста.

    Тамара Васільеўна нарадзілася на хутары Пянькі Бярозаўскага раёна. Шмат гадоў выкладала рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе Белаазёрска. Калі напрыканцы 1990‑х яна разам з мужам пераехала ў Бярозу, то ў райвыканкаме ўжо ведалі пра яе актыўную грамадзянскую пазіцыю. Таму папярэдзілі наўпрост: працаваць настаўніцай у райцэнтры ёй не дадуць.

    Так Тамара Шчапёткіна наважылася ўжо ў сталым узросце прыйсці ў журналістыку. З 2002 па 2007 год яна працавала карэспандэнтам незалежнага выдання «Газета для Вас» з Івацэвічаў.

    Людзі з Бярозаўскага раёна пачалі хадзіць да яе, як у райвыканкам, узгадвае журналістка. Прымаючы скаргі на несправядлівасць і беззаконне кіраўніцтва, Тамара Шчапёткіна нярэдка дамагалася выпраўлення сітуацыі.

    «На сустрэчы з Лукашэнкам мяне абкружылі, нібыта я тэрарыстка»

    Да прыкладу, у вёсцы Міжлессе старшыня калгасу абвінаваціў даярку — шматдзетную маці — у тым, што тая нібыта крадзе малако. З заробку жанчыны пачалі вылічваць пэўную суму. Пасля актыўных дзеянняў журналісткі абласная пракуратура загадала вярнуць даярцы ўсе ўтрыманыя раней грошы.

    Дапамог канкрэтнаму чалавеку і артыкул Тамары Шчапёткінай «Ці мой дом крэпасць?», які не дазволіў уладам забраць кватэру ў перасяленкі з Чарнобыльскай зоны.

    У 2007 годзе Тамара Васільеўна актыўна пісала пра пабудову на ўскрайку Бярозы прадпрыемства па вытворчасці пестыцыдаў, якое належала кампаніі «Франдэса».

    – Гэта было дзікунствам, у людзей нават не спыталі іх меркавання! Мы сабралі некалькі тысячаў подпісаў і сталі чакаць прыезду ў горад Аляксандра Лукашэнкі. У той дзень мяне зранку пільнавалі два супрацоўнікі спецслужб, якія сядзелі пад вакном дома. Але калі я выйшла і села на ровар, то яны мяне чамусьці не заўважылі. Спакойна даехала да месца сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, дзе пасля Юрый Чыж збудаваў лядовы палац. А вось там мяне ўжо абкружылі, нібыта я тэрарыстка. Аднак мяне адстаялі жанчыны, якія падтрымоўвалі нашу барацьбу з «Франдэсай». Вось мы разам і перадалі сабраныя подпісы Лукашэнку, – узгадвае Тамара Васільеўна.

    У выніку праца прадпрыемства была прыпыненая на 8 месяцаў, пакуль на вытворчасці не ўсталявалі ачышчальнае абсталяванне.

    «Гэта была газета, у працы якой удзельнічалі мясцовыя жыхары»

    Больш за 10 гадоў Тамара Шчапёткіна рэдагавала самвыдатаўскі бюлетэнь «Бярозавы венік», які нядаўна прыпыніў выхад з‑за фінансавых праблем.

    – Я лічу, што для людзей, якім за 50 гадоў, друк яшчэ павінен быць, хаця лічыцца, што сёння ўжо ледзь не ўсе валодаюць кампутарамі. Пакуль тут у Бярозе людзі атрымлівалі бюлетэнь, то былі больш смелымі і актыўнымі, чым, напрыклад, у суседніх Івацэвічах, дзе магчымасці выдаваць такі бюлетэнь не было. Там людзі баяцца, калі бачаць дыктафон!

    Таму я лічу, што мы з сябрамі вельмі шмат зрабілі. Гэта была газета, у працы якой удзельнічалі мясцовыя жыхары. Яны пісалі пра свае праблемы, скаргі, заўвагі, – распавядае Тамара Шчапёткіна. 

    Сёння яна працягвае паведамляць пра праблемы мясцовых жыхароў.

    – Я адзіны незалежны журналіст на Бярозаўшчыне – больш нікога няма! У асноўным асвятляваю справы з парушэннем правоў чалавека, – адзначае Тамара Васільеўна. 

    «Тамара Васильевна, а оно вам надо? Ведь вы еле выжили!»

    З‑за сваёй журналісцкай дзейнасці Тамара Шчапёткіна рэгулярна сутыкалася з ціскам з боку ўлад і спецслужб. У 2008 годзе супрацоўнікі КДБ зладзілі ў яе кватэры ператрус за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі.

    Неаднойчы журналістка атрымоўвала доказы таго, што яе тэлефон праслухоўваюць.

    – У 2011 годзе да мяне прыйшлі людзі, якіх пасадзілі за ўдзел у Плошчы-2010, з просьбай схадзіць з імі ў КДБ. Было гэта якраз пасля таго, як я перанесла цяжкую аперацыю. І вось заходзім мы ў будынак КДБ, а мне там кажуць: «Тамара Васильевна, а оно вам надо? Ведь вы еле выжили!». Далі мне зразумець, што усё пра мяне ведаюць. А ў мінулым годзе, калі дапытвалі брэсцкага журналіста, сказалі: ты хочаш жыць як Шчапёткіна? І сціснулі кулак: «Она у нас видишь где?», – распавядае журналістка. 

    Тамара Шчапёткіна марыць пра тое, каб у Беларусі і яе Бярозаўскім раёне незалежныя журналісты маглі працаваць без перашкод.

     – І каб нашыя дзяржаўныя газеты не былі, як зараз, прапагандысцкімі лістамі. Каб яны былі сапраўднай прэсай і пісалі пра сапраўднае жыцце. Нам трэба распавядаць пра праблемы, каб нешта змяніць да лепшага, – упэўненая Тамара Васільеўна.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    Стваральнікі праекта «ТОК» меркавалі, што ў Беларусі не будзе з кім размаўляць у доўгіх інтэрв’ю. Але праз шэсць гадоў яны застаюцца запатрабаванымі. Вядоўца і менеджэрка праекта Наста Роўда расказала БАЖ пра рэкордныя тры запісы ў дзень, непрацуючую відэакамеру і як стала «членам сям’і» для некаторых гледачоў.   
    19.11.2024
    Акцэнты

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    Напрыканцы мінулага года паўстала новае беларускае медыя «Бюро» — праект, створаны камандай журналістаў-расследавальнікаў. Першая ж праца «Бюро» пра рээкспарт люксавых аўто выклікала перапалох на беларуска-еўрапейскай мяжы, а многія далейшыя матэрыялы вымушалі варушыцца і еўрапейскіх, і беларускіх чыноўнікаў. 
    15.11.2024

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    05.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці