• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Юрась Бушлякоў: “Моцна цісну руку!”

    Так напісаў Юрась у сваёй апошняй смс-цы за месяц да смерці. І хоць тады ягоны поціск быў ужо не такі моцны, як раней, – гэта была праўда. Кожны, хто быў знаёмы з Бушляковым, ведалі, што гэты чалавек заўсёды моцна цісне руку – у простым і пераносным сэнсе.

    Гэтая БАЖная персона – першая, дзе героя ўжо няма з намі. Па інтэрв’ю да Юрася я звяртаўся яшчэ зімой, у ягоны перадперадапошні прыезд у Мінск. Хто ведае Бушлякова, той ніколі не паверыць фразе “Юрась адмовіўся”. Юрась адказаў: “Вой, Глебе, ну якая ўжо з мяне персона, побач з тымі аксакаламі, што бывалі ў рубрыцы раней!..” Пасля невялікіх угавораў дадаў: “Ну калі ты настойваеш, то, можа, усё ж пазней?..”

    Пасля таго Юрась прыязджаў у Мінск толькі двойчы – 7 сакавіка і 18 траўня. “Пазней” ужо не здарылася, бо 4 чэрвеня Юрася Бушлякова не стала. Падступная хвароба, з якой Юрась вёў бой 4 гады, зрабіла сваю чорную справу.

    Шчыра прызнаюся: ані тады, ані цяпер я не магу быць аб’ектыўным, бо Юрась – мой настаўнік і мой блізкі сябра, вельмі дарагі і любімы чалавек.

    Серыя “БАЖных персон” будзе няпоўная без Юрася Бушлякова. Таму сёння пра розныя перыяды жыцця Юрася распавядаюць ягоныя сябры. І, вядома, ягоная мама – Элеанора Яўсееўна Бушлякова.

    АСАБІСТАЯ СПРАВА БАЖ

    Юрась Бушлякоў нарадзіўся 29 траўня 1973 года ў Менску. Скончыў школу з залатым медалём, філфак БДУ з чырвоным дыпломам. Кандыдат філалагічных навук (2003). Працаваў на “Радыё 101,2”, “Радыё Рацыя”, “Беларускай службе Польскага радыё”. Выкладаў на філфаку БДУ, у Нацыянальным дзяржаўным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, Карлавым універсітэце (Прага). Ад 2004 года правацаў на “Радыё Свабода”, жыў у Празе. Сябра БАЖ з 1997 года. Памёр 4 чэрвеня 2013 года пасля працяглай анкалагічнай хваробы.

     

    Элеанора Бушлякова, мама:

    Ён не толькі да мяне так ставіўся – ён да ўсіх людзей так ставіўся.

     

    “Нейкі там унітаз яны зламалі… “

    Ці заўсёды Юрась быў такі спакойны, разважлівы, стрыманы? Напэўна, у дзяцінстве – не. Калі яму было гадоў дванаццаць-чатырнаццаць, мяне выклікалі ў школу: вокны біў, нейкі там унітаз яны зламалі… Звычайны быў. Такі, як усе. Але ніколі не быў агрэсіўны.

    Калі Юрасю было 16 год, яны на вакацыях разам з сябрам Іллём вырашылі падзарабіць і далі абвестку, што гатовыя памагчы з рамонтам. Адгукнуўся нейкі чалавек – яны яму фарбавалі сцены, выносілі смецце, дапамагалі клеіць шпалеры… Працавалі ледзьве не месяц. А той потым узяў і нейкія зусім малыя грошы ім заплаціў. Дзеці былі ў шоку і страшэнна пакрыўдзіліся.

     

    “Ён мог сказаць, хто, калі, у якой гульні забіў гол, якая каманда, з якім лікам перамагла”

    Такім, якім яго ўсе ведаюць, ён стаў, калі пачаў самастойна вырашаць свой лёс. Калі прыйшоў да беларускай мовы. Калі ён быў падлеткам і мы дзесьці адпачывалі, вакол Юрася заўсёды збіраліся дарослыя мужчыны, якім ён распавядаў пра спартоўцаў. Ён мог сказаць, хто, калі, у якой гульні забіў гол, якая каманда з якім лікам перамагла. Гэта была спартовая энцыклапедыя – з таго часу я памятаю яго менавіта такім.

    Я гадавала яго ў строгасці. Я такая хуткая, гарачая. А ягоны бацька – разважлівы, павольны. Можа, гэта на генетычным узроўні? Хоць, думаю, больш выхаванне. У асноўным яго даглядала бабуля. Яна апошнія гадоў дваццаць працавала ў дзіцячым садку медсястрычкай. Яна ўмела з ім – спакойна, ніколі не сварылася, не крычала. Заўсёды казала, што трэба пераключыць увагу дзіцяці на нешта іншае. Можа, ён ад яе гэтага набраўся? Юрась яе вельмі любіў.

    Бацька Юрася – спартовец. Вольная барацьба. У яго вельмі шмат медалёў. Ён выступаў за ўзброеныя сілы – лічыўся ваенным. Калі мы з ім пазнаёміліся, ён яшчэ вучыўся ў фізкультурным інстытуце. “Залатым”, мне здаецца, ён не быў, але срэбных медалёў меў шмат у сваёй вагавай катэгорыі: і ўзброеных сілаў, і Савецкага саюза…

     

    “Калі сканчаў школу, пайшоў “цягаць жалеза”

    Юрась рос слабаваценькі фізічна, нягледзячы на тое, што бацька – спартовец. Яму не было калі займацца сынам, і Юрася гадавалі бабуля і матуля. Потым я другі раз выйшла замуж. Другі муж не быў спартоўцам, але гуляў у валейбол, баскетбол. Ён прыйшоў да нас дамоў і сказаў: “Юрась, колькі разоў ты падцягваешся?” Юрась замяўся. Тады айчым зрабіў турнік, склаў комплекс практыкаванняў, і Юра пайшоў займацца. І ўжо праз паўгода, да 10 класа, быў адным з найлепшых па фізкультуры.

    Калі сканчаў школу, пайшоў “цягаць жалеза” – займацца штангай. У яго была такая шыя здаровая, сам стаў такі “накачаны” – тады гэта было модна. Разумеючы, што вяршыні ў спорце – не для яго, ён збіраўся ў фізкультурны інстытут на нейкі там факультэт рэабілітацыі.

    Мне было ўсё адно, бо яму пагражала войска. А што магло быць страшней? Тады ўжо пачалі распавядаць, што ў войску робіцца… Таму я ўсім казала: “Мне ўсё адно, у які інстытут ён паступіць – абы не забралі!” Хоча – хай паступае. Можа, потым перадумае і пойдзе куды ў іншае месца, бо я не бачыла ў ім асаблівай цягі да чагосьці…

     

    “Ён з усімі спрабаваў размаўляць па-беларуску, сам яшчэ не ведаючы ўсіх слоў”

    І раптам ён мне кажа: “Я пачынаю вывучаць беларускую мову, буду паступаць па гэтым профілі”. Памятаю яго першыя крокі. Ён з усімі стаў спрабаваць размаўляць па-беларуску, сам яшчэ не ведаючы ўсіх слоў. Скажа слова – і падбірае наступнае, бы замежнік. Памятаю: едзем у таксоўцы, і ён пра нешта размаўляе з кіроўцам, падбірае кожнае слова, не-не ды і рускае праскочыць… Але ён даў сабе наказ: я павінен.

    Як адбыўся пераход з фізкультуры на беларускую мову? Я пра многае даведалася ўжо цяпер ад Валеркі Булгакава. Калі яны пазнаёміліся ва ўніверсітэце, Юрась яму шмат апавядаў пра свайго дзеда (майго айчыма, мамінага другога мужа), які быў пісьменнікам, журналістам. Ён яго вельмі любіў. Крый Божа, каб нехта ў доме Юрачку пакрыўдзіў! У айчыма ніколі не было сваіх дзяцей, і ўсю сваю любоў ён аддаваў Юрасю. Яго звалі Старавыбарны Пётр Цітавіч. Ён працаваў і ў “Мінскай праўдзе”, і ў “Звяздзе”, і ў “Настаўніцкай газеце”… Ён размаўляў і па-руску, і па-беларуску. Было адпаведнае асяроддзе: да нас прыходзілі журналісты, пісьменнікі, паэты… Збіраліся ў нас дома, маглі па некалькі гадзін пра нешта размаўляць. Гучала беларуская мова.

    Я ж мяркую, што да Юрася з двух бакоў прыйшло ўсведамленне таго, што ён хоча размаўляць па-беларуску. Гэта быў час, калі з’явіўся БНФ, калі загучала беларуская мова, калі з’явіліся нашыя сімвалы. Гэта вельмі моцна на яго паўздзейнічала – разам з прыкладам дзеда. Тое, што ён чуў калісьці ў сям’і, наклалася на тое, што ён пачуў вакол сябе.

     

    “Ён быў заўсёды маім сябрам”

    З Юрасёвым бацькам мы разышліся, калі сыну было 11 год. Мой другі муж памёр 7 год таму. Юрась ставіўся да мяне неверагодна душэўна. Калі я разыходзілася з першым мужам, калі ўзніклі праблемы з другім – заўсёды дзялілася з Юрасём. Ён заўсёды быў маім сябрам. Можа, гэта я стварыла, а ён прыняў? Але так стасункі склаліся. Ён не толькі да мяне так ставіўся – ён да ўсіх людзей так ставіўся.

    Яго пошукі асабістага жыцця не складваліся так, як хацелася. Можа, калі б знайшлася жанчына і ён раней стварыў сям’ю, такой блізкасці і не было б у нас… Але ў яго не было сям’і. Я заставалася яго сям’ёй. З бацькам такіх цёплых стасункаў не склалася – ён не такі душэўны чалавек, хоць цяпер вельмі перажывае, тэлефануе мне. А калі мы разышліся, я казала: “Юра, тэлефануй бацьку. Юра, ён твой бацька, як бы ні склаліся нашыя адносіны”. Так што тыя стасункі падтрымліваў Юра, а Юру казала я…

     

    “Я жыла яго жыццём”

    Я заўсёды жыла яго інтарэсамі. Калі трэба было ісці на мітынг – я разам з ім ішла на мітынг. Я жыла яго жыццём. Калі мы ішлі з Пазьняком “браць тэлестудыю” (тады Юру было 17 год), я ішла побач з сынам. Не таму, што я тады так думала, а таму што як жа я яго аднаго адпушчу! Сказала: “Юрась, калі на барыкады – дык разам”. Мы з сынам ішлі, а мой другі муж заставаўся дома. Ён баяўся, хоць і падзяляў нашы погляды. Я адказвала: “Калі нас арыштуюць, дык хоць сабаку будзе каму карміць”.

    Калі ён ужо працаваў у Празе, то ведаў: аднаго чалавека на мітынгу ці шэсці тут, у Мінску, ён забяспечвае: яго мама абавязкова пойдзе. І яго мама абавязкова ішла. Я ведала: гэта трэба майму сыну. Ведала, што калі б сказала –“Ай, Юрась, не пайду” – яму гэта было б непрыемна.

    Калі ён ад’язджаў у Прагу, я лічыла, што гэта крок наперад. Яму трэба было нешта рабіць, бо ён так доўга валэндаўся тут з аспірантурай, дысертацыяй. Да таго ж, у Празе была Воля Караткевіч, у іх яшчэ былі нейкія асабістыя стасункі. Яму была цікавая тая праца, і я гатовая была чакаць яго. Я і цяпер, калі мне вельмі кепска, думаю: я ж пражыла так 10 гадоў, калі яго не было побач. Але ж я ведала, што кожны дзень пачую яго. Ён тэлефанаваў і найперш пытаўся: “Матуля, як тваё здароўе?”. Я распытвала пра яго справы, што адбылося за дзень. Ён раіў, які фільм мне трэба паглядзець, што трэба пачытаць, што ў “Дзеяслове” новае-цікавае, што там у “ARCHE” ёсць… Ён мяне трымаў. Ён бачыў: тое, што цікава яму – цікава і мне.

     

    “Матуся, я так цябе і не вывучыў… за столькі гадоў…”

    Яго бабуся была членам партыі, прайшла вайну, была старшай аперацыйнай сястрой, пасля перамогі яе за заслугі прэміявалі – адправілі лекавацца ў Карлавы Вары, яна жыла ў славутым гатэлі “Пуп”, які існуе і цяпер. І заўсёды мне казала: “Вой, дачушка, калі б ты змагла некалі там пабываць!..” І Юрасю яна казала. Яна пайшла з жыцця, калі Юрась яшчэ не ездзіў у Чэхію. А потым так лёс павярнуўся, што Юрась стаў жыць у Чэхіі і з’ездзіў паглядзець той гатэль “Пуп”.

    Юрась меў такую харызму! У доме яго бабулі на Бялінскага жылі ў асноўным адстаўнікі, людзі пэўнага складу. У іх балатаваўся Хадыка, яна хадзіла з ім на сустрэчу, а потым казала сваё меркаванне каля пад’езду – дык яе сталі называць “бээнэфаўка”. Маю маму, якая ўсё жыццё хадзіла на партыйныя сходы, на палітзаняткі!.. Яна гэтую новую абстаноўку прыняла! Праз Юру. Хоць многія старыя біліся галавой аб сцяну і казалі: вярніце СССР! Юрась не навязваў, ён проста расказваў – і ў выніку навярнуў нават бабулю.

    Ён вельмі доўга змагаўся са мной, каб я размаўляла з ім па-беларуску дома. Я была наскрозь рускамоўная. Хадзіў па доме і казаў: “Матуся, ты чаму не размаўляеш на роднай мове?!” Я кажу: “Юрась, не хапае слоў…” І ён сказаў неяк: “Матуся, я так цябе і не вывучыў… за столькі гадоў…” Я адказала: “Ты ж ад’ехаў – з кім мне тут размаўляць?..”

    Сваім ненавязлівым прыкладам, сваім словам ён умеў згасіць жарсці. Калі мы збіраліся і пачыналі бэсціць прэзідэнта, ён так спакойна скажа: “Дзяўчаты…” Умеў пагасіць – і пакінуць толькі разумнае зерне. Вось такі хлопчык.

     

    Валер Булгакаў, аднагрупнік па філфаку, блізкі сябар:

    “Юрась быў амбасадарам беларушчыны”

     

    “У школе Юрась па прычыне слабога здароўя быў вызвалены ад беларускай мовы”

    Пералом на беларушчыну ў Юрася здарыўся перад паступленнем на філфак  – гэта 1989 ці 1990 гады. У школе Юрась па прычыне слабога здароўя быў вызвалены ад беларускай мовы. Ён вучыўся ў ангельскай спецшколе. Кантынгент там быў – дзеці з яўрэйскіх сем’яў, якія пасля масава эмігравалі за межы тагачаснага СССР. Гэта была школа з моцным гуманітарным ухілам.

    Мы з Юрасём пазнаёміліся 5 верасня 1990 года, калі пасля паступлення на філфак нас адправілі на бульбу ў вёску Сінія Горы Смалявіцкага раёна. Юрась паўсюль і заўсёды гаварыў на беларускай мове, што яго выгадна адрознівала ад многіх астатніх. Для якіх, як і цяпер, беларушчына была рэч вельмі кан’юктурная.

     

    “Студэнты нашага, беларускага, аддзялення масава пратэставалі супраць выкладання замежнай літаратуры на беларускай мове…”

    Наш з Юрасём курс быў толькі другім у гісторыі БДУ, калі ішоў набор на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры. Да 1989 года не існавала чыста беларускага аддзялення на філфаку. Дэ-факта адукацыйная палітыка была такая, што расейскае аддзяленне філфаку прызначалася для больш таленавітай моладзі. Змяшанае, беларуска-расейскае – адпаведна, для менш таленавітай. Будучыя беларускія пісьменнікі – ад Алеся Разанава і да Яўгеніі Янішчыц – праходзілі праз расейска-беларускае.

    Інакш кажучы, на філфаку існавалі жорсткія каланіяльныя нормы, згодна з якімі выпускнікі беларуска-расейскага аддзялення не маглі паступаць у аспірантуру, напрыклад, пры кафедры замежнай літаратуры альбо тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства. Гэта пасля вылезла бокам гэтаму факультэту – бо на нейкі час пасля 1991 паўстала запатрабаванне на беларускую мову як выкладовую. Карацей, беларуска-расейскае аддзяленне лічылася больш слабым, а мацнейшыя студэнты ішлі на расейскае. Такую кан’юктуру, магчыма, добра адчуваў Андрэй Хадановіч, які ў 1990 годзе паступіў на расейскае аддзяленне. А потым стаў аспірантам пры кафедры замежнай літаратуры, дзе дагэтуль працуе.

    Яшчэ адна ілюстрацыя да тагачаснай атмасферы на філфаку. У 1992 г., калі Беларусь стала незалежнай краінай, студэнты нашага, беларускага, аддзялення масава пратэставалі супраць выкладання замежнай літаратуры на беларускай мове… У дэканат падалі адпаведную петыцыю. Але выкладчык, у будучым журналіст “Радыё Свабода” Уладзь Бараніч, працягваў будучым настаўнікам беларускай мовы чытаць замежную літаратуру па-беларуску. Дэканам тады быў Алег Лойка, які ходу гэтай ініцыятыве не даў.

    У верасні 1990 году Юрась быў амбасадарам беларушчыны. Масава заклікаў дзяўчат гаварыць па-беларуску. Трэба сказаць, некаторых ён тады заахвоціў, пераканаў. І прынамсі пару тыдняў беларускамоўная ідылія доўжылася.

     

    “Нам здавалася, што людзі, якія ў вёсках гавораць па-беларуску, робяць гэта свядома”

    Трэба адзначыць і нашы наіўныя ўяўленні пра Беларусь і беларускі народ. У 1991 годзе мы з Юрасём праходзілі фальклёрную практыку ў мястэчку Тарнова Лідскага раёна. Нам, гарадскім хлопцам, выхаваным у расейскамоўным асяроддзі, здавалася, што тыя людзі, якія ў вёсках гавораць па-беларуску, робяць гэта свядома. Маўляў – толькі ствары адпаведныя палітычныя варункі, і гэтая беларускамоўная энергетыка здолее атрымаць першынство ў палітычным полі. Гэта было юнацкае, спрошчанае ўспрыманне. А ў хуткім часе пасля гэтага выявілася, што людзі, якія так цудоўна гавораць па-беларуску, могуць галасаваць за палітыкаў, якія ставяць за мэту знішчэнне гэтай беларускай мовы.

    Мы былі звычайнымі гарадскімі хлопцамі, таму нейкі час актыўна падарожнічалі па Беларусі. Гэта быў Пінск, Полацк… У 1992–1993 годзе мы двойчы хадзілі ў вандроўку па пакручасным маршруце. Высадзіліся ў Тупальшчыне каля Падневіч, дзе пахаваны Дунін-Марцінкевіч. А скончылі сваю вандроўку ажно на сядзібе Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Магчыма, дырэктар музея ў Кушлянах Алесь Жамойцін памятае, як да яго ўлетку 1993 года заявіліся два маладыя хлопцы, каб выкупіць штук 10 факсімільнага перавыдання “Дудкі беларускай”. Не прамінулі мы тады і роднай вёскі Янкі Станкевіча Арляняты.

     

    “Гэтая якасць Юрася – мяккасць, ненавязлівасць – арыстакратычная”

    Юрась быў больш скіраваны навонкі, чым я, і ўжо ў 1992–93 гадах наведаў Польшчу. Праз курсы польскай мовы ён атрымаў магчымасць пажыць у Варшаве за нейкую сімвалічную валанцёрскую актыўнасць – здаецца, прыбіранне польскіх могілак. Памятаю, ён распавядаў, як нейкаму паляку падарыў кніжку пра беларускую мову. Значыць, і там спрабаваў шырыць беларушчыну.

    Мы з Юрасём так і не прайшлі праз ваенную кафедру, таму нам быў прызначаны гадавы курс медыцыны. Бо да нас і пасля нас хлопцы з філфака праходзілі праз ваенную кафедру і атрымлівалі годнасць афіцэра. Але чамусьці так сталася, што дэкан Лойка менавіта нашаму курсу гэта не прабіў.

    Гэтая якасць Юрася – мяккасць, ненавязлівасць і пры гэтым уменне навяртаць чалавека ў свой бок… Гэтая якасць – арыстакратычная. Гэтаму паспрыяла інтэлігенцкае сямейнае асяроддзе, культ кнігі плюс здольнасць глыбока паверыць і не збочваць, нягледзячы ні на што.

     

    “Пазьняк – гэта зарука дэмакратыі ў Беларусі”

    Ад’езд у Прагу быў для яго своеасаблівым кампрамісам з сумленнем. Тады для яго стала ясна, што беларушчына ў тых праявах, якія ён вызнаваў на пачатку 1990‑х, не мае шанцаў.

    Памятаю, як у лістападзе ці снежні 1990 года група дэмакратычных актывістаў ладзіла пікет ў скверыку каля Дома афіцэраў, які выходзіў на гмах ЦК КПБ. Там былі агітацыйныя матэрыялы, нейкія карыкатуры… Мы вярталіся з філфака, які тады месціўся на Чырвонаармейскай.  Ён убачыў, што нехта нешта кепскае напісаў ці то пра БНФ, ці то пра Пазьняка на адным з гэтых агітацыйных матэрыялаў. Падыйшоў – і ад рукі дапісаў, што “Пазьняк – гэта зарука дэмакратыі ў Беларусі”. Мне гэта ўрэзалася ў памяць, бо слова “зарука” тады яшчэ не было ў маім маўленні.

    Аднаго вядомага дзеяча Юрась называў не іначай як “Рыгалавіч”.

     

    “Ягоную дысертацыю па творчасці Янкі Станкевіча з першага разу завярнулі”

    Юрася тут, у Беларусі, часам прымалі ці за паляка, ці за чэха – толькі за тое, што ён гаварыў на літаратурнай беларускай мове. Апошні выпадак мне распавяла ягоная сяброўка. Яны пайшлі летась у музей, дзе яго там у чарговы разу прынялі за замежніка. Юрась часта карыстаўся таксоўкамі – дык таксісты яго таксама часта прымалі як чалавека “звонку”. Хоць гэта нашая бяда – што за гэтыя 20 гадоў ніхто не звяртаўся да гэтых прадавачак ці таксоўцаў па-беларуску.

    Юрась ад самага пачатку вельмі любіў нетрадыцыйную, рэдкую лексіку. Даводзіў ледзьве не да слёз прадавачак у кафетэрыі “Цэнтральнага” ўніверсама, калі прасіў “букатку” (булачку). У пачатку 1990‑х было такое ўяўленне, што ёсць гэтая праўдзівая мова, якую беларусы ведаюць – і дастаткова даць імпульс, каб яна атрымала поўныя правы грамадзянства.

    Ягоную дысертацыю па творчасці Янкі Станкевіча з першага разу завярнулі. Было так, што ён разаслаў аўтарэфераты, і адзін з апанентаў пакрытыкаваў тэарэтычныя пастулаты дысертацыі Юрася. У адказ Юрась адклаў абарону на год. А пасля аброны пачаліся прыгоды з яе зацвярджэннем у ВАКу (Вышэйшая атэстацыйная камісія). ВАК, мабыць, ведаючы, што Юрась працуе на “Радыё Свабода” і друкуецца ў незалежных выданнях, сабраў спецыяльную раду, дзе разглядаўся выпадак гэтай дысертацыі. Толькі дзякуючы пазіцыі прынцыповых лінгвістаў з Інстытуту мовазнаўства ягоную дысертацыю зацвердзілі.

     

    “У 1999 годзе была памятная публікацыя Юрася ў ARCHE “Жанчына й сэкс:што, дзе й навошта”

    Калі паўставаў “ARCHE”, гэта рабілася не без Юрасёвага дабраславення. У першых выпусках ён быў пазначаны як адказны сакратар. У 1999 годзе была памятная публікацыя Юрася ў ARCHE Жанчына й сэкс:што, дзе й навошта” пад псеўданімам Юдаль Марголін, якая выклікала розгалас. Юрась, як заўсёды, некалькі месяцаў грунтоўна прысвяціў пісанню гэтага артыкула.

    У Юрася была дзіўная рыса. Скажам, я заўсёды трымаў дыстанцыю з такімі часопісамі, як “Полымя” ці “Маладосць”. Для мяне гэта была малацікавая чытанка. Юрась жа прачытваў усё, што яму траплялася па-беларуску, у тым ліку і гэта. Больш за тое – сачыў і купляў усе свежыя нумары.

    Памятаю, як пасля развала Саюза мы з Юрасём ездзілі па кнігарнях у райцэнтрах і скуплялі па старых цэнах беларускія кнігі, якіх у Менску ўжо даўно было не знайсці, а там яны залежваліся. За стыпендыю можна было купіць 100 ці 200 кніжак. Памятаю, у 1993 годзе ў Жупранах атаварыліся па поўнай праграме. І Юрась тады з вялікай ахвотай кідаўся на рарытэтныя для менскага чытача выданні.

    Тое, што Юрась некалькі гадоў вёў курс беларускай мовы ў Карлавым універсітэце ў Празе – у гэтым выяўлялася ягоная ідэнтычнасць, місія. Бо ён мог бы гэтага і не рабіць. І рабіў, вядома, не праз матэрыяльнае заахвочванне, а паводле клічу сэрца.

     

    Вольга Бабак, калега па “Радыё 101,2”:

    “Юрась інтэлігентна і гэтак акадэмічна абвяшчае: “А зараз – гурт “Nirvana” выканае кампазіцыю “Smells like teen Spirit”…”

     

    “Яго аксамітны тэмбр…”

    Юрась на “Радыё 101.2” трапіў дзякуючы чуйным вушам Іны Анатолеўны Студзінскай. Яна з Юрасём гутарыла па нейкай справе і адразу ж зрэагавала на яго аксамітны тэмбр. Акурат ішоў пошук «радыйных галасоў» для новага FM, і яму прапанавалі паспрабаваць сябе ў эфіры. 

    Юра чытаў навіны, абвесткі, пазней запачаткаваў сваю літаратурную праграму “Бабілёнская бібліятэка”, якая выходзіла па панядзелках з 16.45 да 17.00. Пад канец (радыё прабыло ў эфіры крыху больш за год) нават стаў весці музычныя эфіры – дыджэіў, так сказаць. Яму гэта яўна падабалася, хаця часам слухалася досыць камічна: Юрась інтэлігентна і гэтак акадэмічна абвяшчае: “А зараз – гурт “Nir­vana” выканае кампазіцыю “Smells like teen Spir­it”… І ішоў поўны музычны “жасткач”… 

    Калі стала вядома, што нас закрываюць, і трэба было зачытаць нашу апошнюю заяву ў эфіры, адзінагалосна вырашылі, што найбольш пераканаўча яна прагучыць з вуснаў Юрася.

     

    “Чаму ён столькі есць цястэчак і не таўсцее?!”

    Сказаць, што мы былі добра знаёмыя ці сябравалі, не магу. Юрась рабіў сваю справу, я – сваю, вольны час разам не бавілі, акрамя хіба што радыйных “адзначалаваў”.

    Бліжэй пазнаёміцца выпала ў 1997‑м, калі нас удваіх закінулі на двухтыднёвую вахту ў Варшаве. “Радыё 101.2” тады ўжо закрылі, і нас прытуліла партнёрская Беларуская служба  Польскага радыё пад кіраўніцтвам Ніны Баршчэўскай. На “стоадзінцы” яны мелі ўключэнні штодня, а пасля нашага закрыцця тое самае зрабілі для нас. Для падрыхтоўкі гэтай штодзённай праграмы журналістаў вахтавым метадам засылалі ў Варшаву, дзе здымалі для іх двухпакаёўку на вуліцы Бляхарскай. Як на цяперашні розум, дык, канешне, падазрона выглядала ўсё гэта для жонак і мужоў тых, хто ездзіў J Але бадай усе з усімі на гэтых “вахтах” перабывалі. 

    Мы шмат гулялі па горадзе, хадзілі ў кіно ў вольны ад працы час, пілі піва, прымалі гасцей… Памятаю, што акурат тады паглядзелі з Юрасём фільм Ларса фон Трыера “Разбіваючы хвалі” і з мокрымі вачамі выйшлі з кінатэатру… А неяк пачалі дыскутаваць, што ж дапаможа Беларусі прыйсці да волі, і неяк слова за слова прыйшлі да высновы, што паволі нічога не атрымаецца. “Толькі рэвалюцыя!”, – рашуча заявіў Юрась. Гляджу на яго ­– а вочы хітрыя смяюцца…

    І яшчэ мяне ўвесь час у Варшаве дзіка душыла зайздрасць – чаму ён столькі есць цястэчак і не таўсцее?!

     

    Ніна Баршчэўская, рэдактар “Беларускай службы Польскага радыё”:

    “Юрасёў падыход да мовы стаў нам блізкі назаўсёды”

     

    “Мы вучыліся журналісцкаму майстэрству ад нашых беларускіх калег…”

    Зь Юрасём Бушляковым журналісты Беларускай службы Польскага радыё мелі шчасце пазнаёміцца ў 1996 годзе, калі паміж нашымі станцыямі была падпісаная дамова аб супрацы, на аснове якой гадзіна эфіру “Радыё 101,2” штодня адводзілася пад вяшчанне нашай службы.Тады на хвалях “Радыё 101,2” прайшоў Польскі дзень, і аказалася, што гэтая ініцыятыва была ўспрынятая менчукамі вельмі цёпла. 

    Калі 31 жніўня 1996 году “Радыё 101,2” было зачыненае ўладамі, мы вырашылі паўгадзіны нашага этэру прызначыць пад праграму “Радыё 101,2”, і журналісты гэтай станцыі змаглі прэзентаваць свае перадачы на хвалях Беларускай службы Польскага радыё. З таго часу ў нашай студыі пачалі працаваць: Вольга Бабак, Вольга Караткевіч, Іна Студзінская, Юрась Бушлякоў, Юрась Карманаў, Генадзь Кесьнер, Зьміцер Новікаў.… У нашай працы паявілася новая якасьць: мы вучыліся журналісцкаму майстэрству ад нашых беларускіх калег і горача абмяркоўвалі польска-беларускія пытанні ў сяброўскай атмасферы.

     

    “Ягоная дапамога была бясцэнная”

    Асаблівую ролю ў гэтых дыскусіях адыгрываў Юрась Бушлякоў – аўтар “Бабілёнскай бібліятэкі”, знакаміты вядоўца перадач, які з аднолькавым прафесіяналізмам гаварыў пра літаратуру і перадаваў бягучыя палітычныя навіны. Мы з вялікай увагай прыслухоўваліся да ягоных разважанняў пра беларускую мову. Юрась заўважаў у нашым маўленні ўплывы польскай мовы і вельмі трапна паказваў нам на лексічныя і сінтаксічныя адрозненні паміж дзьвюма суседнімі мовамі. Ягоная дапамога была бясцэнная, паколькі, з аднаго боку, спрыяла правільнай перадачы па-беларуску зместу польскіх навін, а з другога боку, Юрась Бушлякоў сваімі беражлівымі адносінамі да мовы паказваў нам, як карпатліва трэба працаваць з тэкстам, каб выконваць не толькі інфармацыйную функцыю, але заадно і адукацыйную, каб слухачы здолелі захапіцца беларускай мовай, палюбіць матчыныя словы, успрыняць іх як свае родныя і захацець несці іх праз усё сваё жыццё. Юрасёў падыход да мовы стаў нам блізкі назаўсёды.

    Юрась часта апавядаў розныя цікавыя здарэнні з „польскага перыяду” ў жыцьці журналістаў “Радыё 101,2”, выкліканыя моўнымі недаразуменнямі. Пры гэтым Юрась заўсёды праяўляў аптымізм, адкрыта і цёпла ставіўся да людзей, ніколі не шкадаваў свайго часу на абмеркаванне пытанняў, якія турбавалі іншых, і гэты зычлівы падыход перадаваўся ўсім прысутным.

     

    “Цёплы і сардэчны сябар, выдатны журналіст і знакаміты мовазнаўца”

    Такая сітуацыя працягвалася да моманту ўзнікнення ў Польшчы “Радыё Рацыя”, праца па стварэнні якога пачалася ў 1997 годзе, а першая перадача выйшла ў эфір 1 кастрычніка 1999 года на кароткіх хвалях з перадатчыка, размешчанага пад Варшавай.  Разам з узьнікненнем Радыё “Рацыя” супраца паміж намі аднак не спынілася, толькі змяніўся ейны характар – наступіў абмен некаторымі гуказапісамі.

    Журналісты нашых абедзвюх станцый надалей сустракаліся, весела і карысна праводзячы свабодны час. Гэта быў цікавы і добры перыяд, хаця й даволі складаны. Засталіся цёплыя ўспаміны і сардэчныя адносіны. На вялікі жаль, Юрась Бушлякоў ужо нас не наведае, але ў нашай памяці застанецца назаўсёды як вельмі добры, цёплы і сардэчны сябар, выдатны журналіст і знакаміты мовазнаўца.

     

    Генадзь Кеснер, калега па “Радыя Рацыя”:

    “Падавалася, што хоць пажар у хаце – Юра ніколі не паскорыць свае крокі”

     

    “Юрась мяне здзіўляў сваім спакоем і запаволенасцю: ён ніколі нікуды не спяшаўся”

    Юра, натуральна, быў нашым голасам. Пазнавальнасць Юрасёвага голаса – файная! Калі мы былі на варшаўскай вахце, то і працавалі, і жылі ў адным будынку. Юрась мяне здзіўляў сваім спакоем і запаволенасцю: ён ніколі нікуды не спяшаўся. Падавалася, што хоць пажар у хаце – Юра ніколі не паскорыць свае крокі. Суцэльны, атамны спакой – тое, што вызначала яго заўжды. Ён ніколі не кіпішыўся – нават калі не паспяваў нешта зрабіць, не паказваў панічнага настрою. “Ну, як ёсць, так ёсць. Ну што зробіш? Нічога ўжо не паправіш”, – казаў Юра. Гэтае заспакаенне перадавалася і астатнім.

    Не было ў нас супярэчнасцяў і ў побытавым плане: ён вельмі дамавіты, гаспадарлівы. З ім было вельмі прыемна і камфортна. Яго ніколі не было “зашмат”, адрозна ад некаторых іншых маіх калегаў.

     

    “І пасля першага паходу ў лазню Саша Мартыненка больш з намі не пайшоў”

    У 1998 годзе мы патрапілі ў адну з першых груп, якую запрасілі ў Швецыю па лініі інстытута FOJO – у горад Кальмар. Тады яшчэ толькі пачыналася супрацоўніцтва FOJO і БАЖ. Група была 20 чалавек, з якіх было толькі чатыры мужыкі: Юра Бушлякоў, Зміцер Бартосік, я і Аляксандр Мартыненка. Гэта былі прадстаўнікі як незалежных СМІ, гэтак і афіцыйных. Мартыненка прадстаўляў БТ. Забаваў у Кальмары было няшмат, затое проста ў інтэрнаце, дзе мы жылі, можна было хадзіць у лазню. Нашыя дзяўчаты чамусьці адмовіліся, і мы вырашылі хадзіць і за сябе, і за іх. І першы раз мы пайшлі ўчатырох. Узялі рыбкі, купілі па дзве бляшанкі піва… Натуральна, без абмеркавання сітуацыі ў краіне не абыходзілася. І Юра, і Зміцер, і я давалі волю языку, Мартыненка маўчаў. Пасля першага ж паходу Саша Мартыненка больш з намі не хадзіў і ўвогуле стаў трымацца ад нас падалей.

    У лазні Юра быў чалавекам іншага тэмпераменту: сама весялосць, сама энергетыка, гэта і смех, і моцнае слаўцо, калі да тэмы. Юра ніколі не быў снобам. Калі мы хадзілі ў лазню ўжо ў Менску – Юра, я, Валерка Булгакаў, Алег Стасевіч, Андрэй Хадановіч – Юра быў проста як згустак энергіі, душа раскрывалася нараспашку. Памятаю, яны з Валеркам Булгакавым вельмі любілі слаёныя салодкія язычкі. Я дагэтуль не магу зразумець, як можна зжэрці цэлы пакет гэтых язычкоў, запіваючы іх півам! А яны маглі ўгаварыць цэлую торбу ўдвох!

     

    “Я яму тады казаў, каб ён не думаў пра сваю хваробу – каб яна заснула і не прачыналася”

    Юрава заспакоенасць, разняволенасць, няспешлівасць дзіўным чынам стасавалася з працай журналіста. Усё, што яму трэба было рабіць як журналісту, ён рабіў. Можа, яму на гэта трэба было троху больш часу, чым іншым. Але ён рабіў усё грунтоўна. Таму гэтая няспешнасць толькі дадавала якасці.

    Дарэчы, мы з Юрасём пазнаёміліся не на “Рацыі”, а раней – на 101,2. Яго знайшла Іна Студзінская – здаецца, у Фондзе Лява Сапегі.. Якраз патрабаваліся новыя маладыя галасы. Іна абсалютна выпадкова сутыкнулася з Юрасём – і калі пачула ягоны голас, то літаральна за рукі-за ногі прывяла на Рэвалюцыйную, 8а, дзе тады месцілася 101,2. А потым ужо Бушлякоў прывёў на 101,2 Вольгу Караткевіч, Алега Стасевіча…

    Пасля той супольнай працы мы з Юрасём сустракаліся нячаста, бо ён з’ехаў парцаваць у Прагу. Але калі я прыязджаў туды, то мы сустракаліся, хадзілі разам вячэраць. У Празе я, дарэчы, спыняўся ў Валодзі Сакульскага, які таксама памёр зусім нядаўна… Натуральна, бачыліся і калі Юра прыязджаў у Менск. Апошні раз мы выпадкова перасекліся на плошчы Калініна – я, Юра і Генадзь Бураўкін. Я яму тады казаў, каб ён не думаў пра сваю хваробу – каб яна заснула і не прачыналася. Але праз некалькі тыдняў у яго пайшло пагаршэнне…

     

    Вячаслаў Ракіцкі, калега па “Радыё Свабода”:

    “Журналістыка – гэта драматычны выбар Юрася”

     

    “Перадусім мы разумелі, што многія праблемы Беларусі звязаныя з адсутнасцю свайго незалежнага тэлебачання”

    З Юрасём мы пазнаёміліся ў сярэдзіне 1990‑х гадоў. Пры дапамозе Фонда Сораса мы хацелі ствараць альтэрнатыўныя СМІ. Перадусім мы разумелі, што многія праблемы Беларусі звязаныя з адсутнасцю свайго незалежнага тэлебачання, незалежнага радыё.

    Мы верылі, што гэты рэжым даволі хутка рухне. І вырашылі ў Фондзе Сораса, што трэба пачаць падрыхтоўку сваіх маладых кадраў. Як толькі рухне рэжым – каб ужо былі кадры для новага беларускага тэлебачання. Гэтая справа Назіральнай радай Фонда Сораса была даручана мне. І я ствараў падпольную тэлевізійную аналітычна-палітычную праграму “Вежа”. Калі хочаце, альтэрнатыву “Панараме”. На ролю вядучага я пасля доўгага адбору ўзяў Віктара Дзятліковіча, а ў якасці журналістаў-рэпарцёраў – людзей, якія супрацоўнічалі да гэтага з “Радыё 101,2” – Вольгу Караткевіч, Вольгу Бабак, Юрася Бушлякова і яшчэ некаторых людзей.

     

    “Мы запісвалі яе ў падпольных умовах на відэакасеты – і яны ранішнімі аўтобусамі развозіліся па ўсёй краіне”

    Гэтая праграма выходзіла ў лакальных кабельных сетках па ўсёй краіне. Выйшла 10 выпускаў. Мы запісвалі яе ў падпольных умовах на відэакасеты, і яны ранішнімі аўтобусамі развозіліся па ўсёй краіне. Першыя выпускі замовілі каля 300 асобнікаў, затым 200, 100… Юрась як рэпарцёр рабіў сюжэты па культуры і спорце. Як нам тады падавалася, гэта быў пачатак свабоднага незалежнага дэмакратычнага беларускага тэлебачання. Мы ўсе разам мусілі прыйсці на Макаёнка. Гэта была гарачая пара. Памятаю, адна праграмы была цалкам прысвечаная пратэстам супраць падпісання пагадненняў між Беларуссю і Расеяй…

    На гэтую праграму працавала чалавек пяць аператараў, некаторых мы навучалі. Затым мы каапераваліся з аператарамі з расейскіх каналаў і абменьваліся відэаматэрыяламі. І па сённяшні дзень гэты відэаматэрыял выкарыстоўваецца вельмі ў многіх дакументальных фільмах.

     

    “Закрывалі кабельныя сеткі – у тым ліку з‑за таго, што паказвалася нашая праграма”

    Вось там пачынаў свае тэлевізійныя штудыі Юрась Бушлякоў. Хоць ён сам не з’яўляўся ў кадры – рабіў сюжэты, выязджаў з аператарам на здымкі, ягоны голас гучаў за кадрам, ён удзельнічаў у мантажы. Мантажавалі мы ў раёне гатэля “Спадарожнік” на Чкалава. “Вежа” стваралася на базе “Беларускай Асацыяцыі Незалежнага Тэлебачання” (студыя “БАНТ”). Офіс яе размяшчаўся на праспекце Машэрава, у будынку Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

    Усё гэта вельмі хутка скончылася: замоваў было ўсё менш. Закрывалі кабельныя сеткі – у тым ліку з‑за таго, што паказвалася нашая праграма.

     

    “Усе ведаюць: калі з Юрасём дамовішся сустрэцца – ён дакладна спозніцца”

    Калі я пазнаёміўся з Юрасём, то зразумеў ягоную фантастычную таленавітасць і ягоную фантастычную якасць спазняцца, не паспяваць ці прыходзіць у апошні момант. А працавалі мы ў такіх умовах, што чакалі, што ў любы момант нас арыштуюць. Спазненні не дадавалі спакою і нерваў. І ў нас з Юрасём увесь час былі такія непаразуменні… Усе ведаюць: калі з Юрасём дамовішся сустрэцца (і гэта не жывы эфір) – ён дакладна спозніцца. Ён нават на лятучкі ў Празе спазняўся – на адну хвіліну, на дзве… У гэтым увесь ён.

    Магчыма, таму ён не дачакаўся, не паспеў дапісаць кнігу (“Жывая мова”, якая выйшла у “Бібліятэцы Радыё Свабода”Г.Л.)… Бо вельмі часта адкладваў гэтую кніжку ўбок, рабіў нейкія іншыя справы, для іншых. Сваю справу адкладваў на наступны дзень… Часам аддаваў перавагу футболу… Мне падавалася – лянота? Але з другога боку я разумеў, што ён многія думкі павінен быў вынасіць, упэўніцца, пераправерыць, адкласці на час і затым вярнуцца. Таму працэс напісання гэтай кніжкі замест года-двух зацягнуўся на дзесяць. Вельмі прыкра, што ён не паспеў патрымаць кніжку ў руках… Зрэшты, калі б ён заставаўся жыць, гэтая кніжка выйшла б яшчэ праз год ці два – ён бы дапісваў, перапісваў, наноў нешта асэнсоўваў…

     

     

    “Я любіў працаваць з ім у тандэме, для мяне гэта быў найвышэйшы кайф”

    Далёй нас лёс звёў на “Свабодзе”, звёў усёр’ёз, надоўга. Калі мы з ім зблізіліся, я адчуў нейкую ўпэўненасць, камфортнасць… Гэта не так проста – знаходзіцца за мяжой, у абмежаваным калектыве. З Юрасём было надзейна, спакойна, упэўнена. Можна было патэлефанаваць у любы час, запытацца, расказаць пра свае праблемы, тайны. Гэтак жа, як і ён мне расказваў шмат тайнаў. Мы разумелі адзін аднаго. Я любіў працаваць з ім у тандэме, для мяне гэта быў найвышэйшы кайф. Калі мы мяняліся навінамі – то чытаць навіны, вычытаныя ім, была суцэльная асалода!

     

     

    “Юрась – фантастычная знаходка для “Свабоды”

    Журналістыка – гэта драматычны выбар Юрася. У прынцыпе, гэта не ягоная справа была. Юрась – фантастычная знаходка для “Свабоды”. Чалавек з такім голасам! Гэта вельмі важна на радыё: мець голас, якому давяраеш! З такім веданнем мовы, вымаўленнем!.. “Свабода” атрымала, акрамя іншага, дабраахвотнага стыль-рэдактара. Ён выконваў усе журналісцкія абавязкі на радыё і плюс да гэтага не мог цярпець моўнай неахайнасці. Сучасная журналістыка ва ўсім свеце хварэе на неахайнасць. Бо ўсё спешна! Імгненна! Усё дзеля кліка! Клік! Клік! Як мага хутчэй падаць інфармацыю, апярэдзіць іншых!.. Гэта – хвароба сучаснай журналістыкі. “Радыё Свабода” – не выключэнне. Часам адкрываеш сайт “Радыё Свабода” – і бачыш, у тым ліку і ў маіх матэрыялах, не той род, не той склон, прапушчаныя літары, стылістычныя хібы… Усе спяшаюцца!.. Не важна, як напісана!..

    Юрася гэта каробіла. Заканчваецца змена, 10 гадзін вечара. Юрась, пайшлі дамоў! “Ну пачакай, пачакай, я яшчэ тут папраўлю…” Ён сядаў пасля працы і правіў. Не мог бачыць памылкі, абдрукоўкі. Вылізваў сайт! Прычым нават знаходзячы ў архіве матэрыял – сядаў і выпраўляў.

     

    “Паводле свайго прызвання, таленту і характару Юрась быў навукоўцам”

    Я глыбока перакананы, што паводле свайго прызвання, таленту і характару Юрась быў навукоўцам. Я працаваў у Акадэміі навук, я ведаю, што патрабуецца ад навукоўца. Сістэмнасць, дакладнасць, уедлівасць, скурпулёзнасць… Гэтымі якасцямі Юрась валодаў ад нараджэння.

    Часам, прыходзячы да яго дамоў, я казаў: “Юрась, я ніколі не бачыў такой чыстай кватэры!..” Усё так у парадку, кожная кніжачка ляжыць дзе трэба!.. Прычым вось ён нешта піша, пакладзе наўкола на стол шмат, цэлыя стосы кніг. Прыходжу на наступны дзень – і ўсе кніжкі стаяць у шафах на тых самых месцах!.. Калі я ў яго пытаўся, адкуль гэта, ён гаварыў: “Гэта ад бабулі, якая была медсястрой, прывучыла да парадку…”

     

    “Ён рабіў усё добра, у тым ліку і ў журналістыцы”

    Мы пражываем жыццё, дзе навукоўцы-гуманітарыі не запатрабаваныя, да гэтых навук ставяцца пагардліва – гэта мы чуем і ў выступленнях кіраўніка дзяржавы. Маё пакаленне і Юрася пакалення – вельмі многія з нас пакінулі навуку, бо былі непатрэбныя ёй. Кожна зрабіў нейкі іншы выбар. Мы з Юрасём – у бок журналістыкі. Я з Акадэміі навук прыйшоў, ён з навукі…

    Так, Юрась адбыўся як журналіст, як радыёвядоўца. Але ён мог адбыцца і па-іншаму, зрабіць яшчэ большы ўнёсак у беларускае мовазнаўства. Тое, што ён зрабіў – на грамадскіх пачатках, факультатыўна, па-за навукай. Так, ён адбыўся, як журналіст. Але гэта не было яго прызваннем. Хоць ён як чалавек педантычны і дысцыплінаваны рабіў усё добра, у тым ліку і ў журналістыцы.

     

    Глеб Лабадзенка, калега і сябар:

    “Перадайце, калі ласка, для Юрася і Глеба з “Коласава” песню “Паветраны шар”…

     

    Мы глядзелі на яго амаль як на класіка

    Я пазнаёміўся з Юрасём у часе навучання ў Коласаўскім ліцэі. Наш завуч Лявон Баршчэўскі запрасіў Бушлякова выкладаць прадмет “Гісторыя і культура беларускай мовы”. Юрасёў канспект я захоўваю дагэтуль. Неверагодна, але тады Юрасю было ўсяго 28 гадоў! А мы глядзелі на яго амаль як на класіка, бо ўжо тады ён быў прызнаным аўтарытэтам у мовазнаўстве.

    Калі Ліцэй афіцыйна закрылі, мы працягнулі навучанне на кватэрах сваіх настаўнікаў, афіцыйна ў 11 класе знаходзіліся на “хатнім навучанні”. Юрась рыхтаваў нашу групу да здачы тэста па беларускай мове. Здаецца, ніхто тады не атрымаў меней за 9 балаў.

    Мы вельмі зблізіліся спачатку на глебе мовы – мне даводзілася рыхтаваць такія-сякія кніжкі, дзе ў справе пісьменнасці я не ведаў лепшага дарадцы за Юрася. Потым пасябравалі бліжэй, бо апынуліся блізкімі па духу людзьмі.

     

    “У Празе раіў, якое піва ўзяць і якім “вепровым каленам” яго лепей закусваць…”

    Памятаю, аднойчы сядзелі ў мяне на лецішчы ў Коласаве пад Стоўбцамі. Была гадзіна ночы – і мы каля вогнішча, паядаючы шашлык, слухалі жывы эфір беларускага радыё. Юрась быў радыйным чалавекам нават у лесе не адпачынку – заўжды меў пры сабе партатыўны магутны прыёмнік. Які ставіў на падваконне і ўключаў на ненавязлівую гучнасць. Ішла праграма па заяўках слухачоў, куды мы пасля каторага келіха піва таксама вырашылі адправіць сваю заяўку. Прасілі перадаць песню Лявона Вольскага “Паветраны шар”. Песню перадалі. А неўзабаве была роўная гадзіна, адзін вядоўца на радыё змяніў іншага. І, відаць, не разабраўся, што заяўка ўжо выкананая. З падваконня зноў данеслася: “Перадайце, калі ласка, для Юрася і Глеба з “Коласава” песню “Паветраны шар”…

    Калі Юрась з’ехаў працаваць у Прагу, нашыя кантакты перайшлі ў тэлефонную плоскасць – Юрасю заўсёды было прасцей набраць нумар, чым пісаць мэйл. Разы тры ці чатыры давялося гасціць у яго ў Празе. З насалодай Юрась праводзіў экскурсію па знакавых помніках архітэктуры, паказваў беларускія мясціны Прагі. А потым вёў у якую-небудзь правераную піўнуху, дзе з веданнем справы раіў, якое піва ўзяць і якім “вепровым каленам” яго лепей закусваць.

     

    “Думаю часам: ну чаму я, за што?..”

    Пра Юрасёву хваробу мы, ягоныя сябры, даведаліся ў менскай лазні. Юрась заўжды, калі прыязджаў на пабыўку, абзвоньваў усіх – і мы збіраліся папарыцца, звычайна ў саўне на вуліцы Першамайскай. Усё пачалося з радзімкі, якая стала паводзіць сябе падазрона…

    Страхоўка “Радыё Свабода” дала магчымасць Юрасю паспрабаваць лекаванне ў Ізраілі. Верагодна, тыя лекары ў цэлым працягнулі яму жыццё – бо самыя нярадасныя прагнозы вымалёўвалі год, а Юрась змагаўся чатыры. Але міф пра ізраільскую медыцыну таяў на вачах. Юрась распавядаў, як прыязджаў туды – і тыдзень чакаў прыёма ў лекара. Падчас адной з аперацыяў хірург дапусціў фатальную памылку – не да рэшты выразаў злаякасны лімфавузел. Некалькі месяцаў Юрась быў перакананы, што хвароба адступіла, а потым высветлілася, што ўвесь гэты час яна ўядаецца ў арганізм усё глыбей…

    Ніколі за гэтыя гады змагання я не чуў ад Юрася песімізму ці панікі. Толькі аднойчы Юрась абраніў па тэлефоне: “Думаю часам: ну чаму я, за што?..”

     

    “Сёння, пакуль быў на працы, быў узяты апошні бастыён – кніжная паліца…”

    Гэтым пытаннем задаваўся і я. І, думаю, астатнія сябры Юрася. Бо такога светлага, такога чыстага чалавека іншага я не ведаю. За 12 гадоў знаёмства я ніводнага разу (кажу гэта не для краснага слаўца) не чуў, каб Юрась падвышаў голас ці лаяўся. Ніводнага! Крычэў ён хіба што ў парыве радасці, калі ўлюбёная каманда забівала гол у важным матчы.

    У Юрася застаўся сын Ян-Міхал Бушлякоў, які вельмі падобны да яго. Юрась бачыўся з ім, на жаль, нячаста – калі прыязджаў кожныя некалькі месяцаў на пабыўку ў Беларусь, а таксама праз скайп. Аднак заўсёды паказваў здымкі малога, чулліва распавядаў, як Яначак рабіў першыя поспехі: пачынаў поўзаць, хадзіць, вымаўляць першыя словы… Мама Яна-Міхала Таццяна прыязджала разам з дзіцёнкам на месяц у Прагу ў пачатку гэтага года. Трэба было чуць, з якой цеплынёй Юрась распавядаў па тэлефоне, як “сёння, пакуль быў на працы, быў узяты апошні бастыён – кніжная паліца”. Неверагодна гэта было чуць ад чалавека, у якога дома быў парадак нібыта ў музеі!

     

    “Нічога-нічога, нешта з гэтага павінна дапамагчы!..”

    Калі афіцыйныя лекары развялі рукамі, Юрась стаў спрабаваць розныя альтэрнатыўныя спосабы. У пошуках іх мы праехалі амаль тысячу кіламетраў па Беларусі. Тады, калі я мусіў падбадзёрваць яго, ён сам напаўняў мяне аптымізмам: “Нічога-нічога, нешта з гэтага павінна дапамагчы!..”

    За два тыдні да адыходу, калі мы апошні раз ехалі з аэрапорту “Мінск‑2”, Юрась, ужо канчаткова знясілены, казаў: “Адмовіліся тамтэйшыя лекары – нічога страшнага, на Радзіме падлекуюць!”

    Калі Юрася не стала, ягоны сябар і калега Слава Ракіцкі запрасіў мяне ў перадачу памяці, якую назваў “Светлы чалавек Юрась Бушлякоў”. Больш трапнага азначэння для незабыўнага сябра знайсці цяжка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці