• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст і галоўны рэдактар: як паразумецца? (Серыя №3)

    Працягваем серыю публікацый, у якіх збіраем меркаванні “журналістаў-начальнікаў” і “журналістаў-падначаленых”.     

    Якія плюсы і мінусы бачаць адзін у адным кіраўнікі і шараговыя супрацоўнікі рэдакцый?

    Рэдактары і журналісты, меркаванні якіх фігуруюць у адным матэрыяле, працуюць у розных СМІ.

    Васіль Зданюк (галоўны рэдактар «СНплюс. Свободные новости плюс»):

    Агульная адукаванасць. Па маіх назіраннях, за апошнія 20 гадоў рэзка ўпаў узровень адукацыі на журналісцкіх факультэтах. Прыходзяць элементарна непісьменныя выпускнікі журфака, якіх трэба вучыць мове, якія мала чыталі класікі – дэтэктывы адныя.

    Добры ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі. Мне падабаецца, калі прыходзяць у рэдакцыю людзі падрыхтаваныя – каб з імі не трэба было вазіцца, каб гэта ўжо быў гатовы “прадукт”. А то, бывае, тлумачыш чалавеку, што ад яго патрабуецца пры напісанні матэрыялу, час траціш, раскладваеш па палічках… А праз дзень-два ён прыносіць матэрыял, і ты разумееш, што траціў час дарэмна.  Мне падабаецца тое, што ёсць у журналістах старэйшага пакалення, – уменне працаваць з фактам, аналізаваць, рабіць высновы. Для штотыднёвіка вельмі важна ўменне назіраць і аналізаваць.

    Якасці, адваротныя вышэйназваным.

    Журналіст 1: 

    Добразычлівасць

    Талерантнасць, цярплівасць

    Гатовасць выслухаць чужое меркаванне і прызнаць, што не ведаеш усяго.

    Нецярпімасць да чужога меркавання, упэўненасць у адвечнай уласнай рацыі. Усе пытанні да матэрыялу выказваюцца ў выглядзе прэтэнзій, а не парадаў.

    Раздзьмутае адчуванне перавагі над сваімі падначаленымі. Ён лічыць і журналістаў, і чытачоў тупейшымі за сябе і не хавае гэтага ў размовах.

    Дробязнасць у пытаннях аплаты працы і працоўнай дысцыпліны.

    Эдуард Мельнікаў (У 1992–1994 гг. – галоўны рэдактар грамадска-палітычных праграм Беларускага тэлебачання, намеснік старшыні Дзяржкамітэту РБ па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Аўтар і вядоўца ток-шоў “Форум” на “Белсаце”):

    Гуманітарная культура. Аснова прадуктыўнай працы ў журналістыцы – гэта глыбокая ўнтутраная гуманітарная культура. Начытанасць, веданне літаратуры, гісторыі, моваў… Мяне засмучае тое, што журналістыцы часам вучаць як комплексу рэфлексаў. Гэта крыху нагадвае дрэсуру: зрабі так, зрабі так – і будзе так! “Рэпарцёрчыкаў” мы нацягаем, так! Але планаваць медыйную дзейнасць такія людзі ніколі не змогуць. Журналістыка – гэта ж не толькі падача інфармацыі, але і духоўнае выхаванне… Можа, такое ўяўленне састарэла, але мне падаецца, яно мае сэнс.

    Багаты “душэўны рэсурс”. Я б назваў гэта адной з самых важных якасцяў, неабходных чалавеку ў журналістыцы. На ўступных экзаменах на пытанне пра выбар прафесіі абітурыенты часта адказваюць, што імкнуцца дапамагаць людзям. Не хочацца іранічна ўсміхацца, хаця ведаеш, як прафесія змяняе гэтыя ідэалістычныя ўяўленні… Але і без гэтага ў журналістыку ісці нельга. На гэтым потым базуецца такая важная якасць, як рэфлекторны водгук душы на падзеі ў жыцці людзей. Зараз шмат журналістаў не лічаць патрэбным ехаць да першакрыніцы, не імкнуцца ўвайсці ў кантакт з крыніцай інфармацыі. Яны ператварыліся ў “офісны планктон”, рэальнае жыццё падаецца ім сумным у параўнанні з яркімі колерамі інтэрнэт-рэчаіснасці.

    Якасці, адваротныя вышэйназваным.

    Журналіст 2 :

    Уменне добра арганізаваць рабочы працэс. Рэдактар СМІ павенен у першую чаргу добра арганізаваць рабочы працэс, забяспечыць журналістаў тэхнічнымі сродкамі, садзейнічаць працы, а не перашкаджаць. Чаму перашкаджаць? Таму што папрокі кшталту “што ты тут каву п’еш?”, “а ці не часта ты выходзіш пакурыць?” проста прыніжаюць. Бо ты ж часам працуеш і ў выходныя, і па начах…

    Таталітарны стыль кіравання. Так атрымліваецца, што журналіст незалежнага выдання амаль заўсёды знаходзіцца ў канфрантацыі з уладамі. Але гэтая канфрантацыя часам бывае яшчэ і з рэдактарам (які часта яшчэ і заснавальнік, і дырэктар). Ён дазваляе сабе грукаць дзвярыма, абражаць людзей, размяшчаць у “СВАІМ” выданні такія матэрыялы, якія наогул не ўпісваюцца ў калектыўна выпрацаваную гадамі канцэпцыю. Маўляў, “я сказаў – і ўсё тут”…

    Адзін калега заўважыў неяк: рэдактары – яны ж як памешчыкі. Кожны рэдактар жадаў бы, каб журналіст працаваў 24 гадзіны, рабіў “топавыя навіны” і пры гэтым не задаваў ніякіх пытанняў, у тым ліку пра павышэнне заробкаў. Не ўсе такія, зразумела. Але, на жаль, такіх большасць. Калі прэмія нейкая ці іншыя фінансавыя бонусы, у рэдактара раптам вырастае хата (для патрэбаў рэдакцыі?!), з’яўляюцца матэрыяльныя каштоўнасці ў выглядзе новай машыны і г.д. А журналістам і “на гарбату” не перападае…

    Паважаныя рэдактары, хацелася б пажадаць вам памятаць пра тое, што вы зрабілі “СВАЕ” выданні потам і талентам журналістаў. Не паразгубляйце таленавітыя кадры! Дзякуй Богу, сёння нам ёсць з чаго і з КАГО выбіраць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці