• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Зінаіда Бандарэнка: “Пасля наведвання майго лецішча Эрыксана выслалі з Беларусі”

    Лецішча вядомай на ўсю краіну дыктаркі беларускага тэлебачання знаходзіцца ў маляўнічай мясцовасці непадалёк ад Астрашыцкага гарадка.

    Калі едзеш з Мінска і ля знакамітага танка паварочваеш налева, вакол пачынаюць мільгацець красамоўныя назвы садовых таварыстваў: “Мір”, “Дружба”, “Белыя росы” і нават “Тэатральны”. Заязджаем у адно з іх.

    – Лецішчы пачалі арганізоўвацца тут напрыканцы 1970‑х. А гісторыя нашых шасці сотак наступная. Як вядома, на тэлебачанні працуе вельмі шмат людзей, і ўсім хацелася атрымаць свой маленькі ўчастачак,  – распавядае гаспадыня. – Кіраўніцтву прафкама даводзілася “выбіваць” гэтыя зямельныя масівы ў розных міністэрстваў. Аднойчы паўдзельнічаць у такім “выбіванні” тэрыторыі пад лецішчы прыйшлося і мне, але гаворка ішла пра Вязынку.

    Кіраўніцтва запрасіла на сустрэчу прадстаўнікоў розных ведамстваў, а нам, дыктарам, сказалі іх паўгаворваць. Але начальнікі з Міністэрства культуры, Міністэрства аховы здароўя, аблвыканкаму нешта ўсё ўпарціліся – маўляў, побач знаходзіцца музей-сядзіба Янкі Купалы, а тут паўстануць вашы куратнікі з вясковымі прыбіральнямі…

    Пасля накрытых сталоў неяк усё ўлагодзілася, але мне асабіста ў тым таварыстве месца не хапіла. Была дылема: даць лецішча мне ці адзінокай маці з двума дзецьмі. І начальнік прафкаму абсалютна прароча разважыў, што з маёй вядомасцю я сабе лецішча знайду, а вось тая жанчына – можа, і не.

    Я, канешне, крыху расчаравалася. Іду такая сумная з працы ды сустракаю заслужанага артыста БССР спевака Юрыя Смірнова. Выслухаўшы маю гісторыю, ён у той жа дзень завёў мяне ў Таварыства тэатральных супрацоўнікаў, дзе акурат раздавалі ўчасткі. Я сама выбрала вось гэтую мясціну – і такім чынам апынулася ў кампаніі архітэктараў, артыстаў ды мастакоў…

    Лецішча Уладзіміра Мулявіна таксама тут было. Менавіта сюды, кажуць, ён і ехаў у той трагічны дзень, калі трапіў у аўтакатастрофу.

    Доўгі час у нас тут ніякага жыцця бадай і не было – з‑за поўнай адсутнасці матэрыяльных  магчымасцяў. Але потым мне падказалі, што пад Гомелем ёсць нейкі ваенны гарадок Зябраўка, дзе зносілі “фінскія” дамы, дзе дагэтуль жылі афіцэры, – будынкі вельмі грунтоўныя, пабудаваныя фінамі па фінскай тэхналогіі. Нам дазволілі адзін такі дамок разабраць і перавезці сюды – грандыёзная аперацыя, да якой падключыліся ўсе сваякі. Вось пасля гэтага на нашым участку пачалося сапраўднае жыццё.

    Несумненнай “візітнай карткай” лецішча Зінаіды Бандарэнкі заўсёды былі яе прыгожыя ружы. На участку налічвалася ажно 53! кусты гэтых кветак. Але са з’яўленнем унукаў з ружамі давялося развітацца – занадта часта малечы туды залазілі і калоліся, таму ружы перанеслі на адну адмысловую градачку.

    Разнастайнай расліннасці на ўчастку Зінаіды Аляксандраўны багата – бульба, агуркі, салата, часнык, цыбулька… Адным словам – усё тое, што заўсёды прыдасца на лецішчы.

    – Я не магу проста так сядзець і нічога не рабіць, бо вельмі люблю капацца ў зямлі. Агуркі, напрыклад, саджаю ажно два разы за сезон. Першы раз – разам з усімі (на іх ужо цяпер ёсць маленькія агурочкі), а другі – крыху пазней, ужо дзеля другога ўраджаю.

    Сядаем з Зінаідай Аляксандраўнай піць каву і працягваем гутарку пра дачныя падзеі.

    – А ці даводзілася калі-небудзь у сувязі з працай усё кідаць тут і ляцець хутчэй у сталіцу?

    – За час маёй працы ў тэлерадыёкампаніі такога не было. Па-першае – таму, што ўсе дзяжурствы ў нас былі дакладна распланаваныя і ніякіх збояў у сістэме не дапускалася. Ды і патэлефанаваць у выпадку чаго тут не было куды.

    Але вось у часе маёй працы ў грамадскім сектары аднойчы прыехаў сюды Юры Хашчавацкі. Гэта быў 2001 год, калі ў Палацы прафсаюзаў мусілі абіраць адзінага кандыдата ад апазіцыі. Ён мяне ледзь не з‑за стала падняў, бо мы акурат з сябрамі тут нешта адзначалі, і павёз весці гэтае пасяджэнне. Тады яшчэ мабільных тэлефонаў у нас не было…

    – А якія яшчэ адметныя моманты ў звязку з Вашым лецішчам прыгадваюцца?

    – Прыезд да мяне шведскага амбасадара Стэфана Эрыксана. У нас з ім склаліся сяброўскія стасункі, і яны разам з жонкай аднойчы патэлефанавалі і сказалі, што могуць выбрацца да мяне на выходныя. Пакуль муж гатаваў пачастунак, мы са Стэфанам і Веранікай скіраваліся ў лес у грыбы.

    А побач з нашым лецішчам у лесе месціцца адна з летніх рэзідэнцый Аляксандра Лукашэнкі. Мы ідзем сабе, размаўляем – і бачым, што па лясной дарозе шаснула нейкая машына цёмнага колеру. Потым – другая. Спынілася недалёка ад нас, выйшаў мажны чалавек, адчыніў капот і пачаў там корпацца, увесь час паглядаючы на нас. Я нават хацела павітацца з ім, калі праходзілі побач, але ён адвярнуўся.

    Вярталіся мы праз ладны лужок пасярод лесу, дзе пасвіцца асабісты статак Аляксандра Рыгоравіча. За лужком – вялізны плот з відэакамерамі і аховай. Памятаю, Стэфан тады спыніўся і пачаў лічыць жывёлаў: “Баранчыкі – для гасцей, козачкі – малако для Коленькі, а каровы – гэта ўжо малако для самога Лукашэнкі…”

    – Мо, пасля вашага паходу ў грыбы справаздача была напісаная куды трэба?

    –  Справаздача пра нашы грыбы ля рэзідэнцыі, магчыма, і стала “апошняй кропляй”. Неўзабаве Эрыксана выслалі з Беларусі. Безумоўна, не з гэтай прычыны, але за ім пільна сачылі.

    – А Вы на лецішчы якім чынам сочыце за падзеямі ў свеце – тэлебачанне, газеты, інтэрнэт?

    – Тэлевізар я ўжо даўно не гляджу, бо тое, што робіцца ў эфіры – гэта проста жах. Ад сённяшняга тэлебачання проста шчэміць сэрца. Дома гляджу “Белсат” праз спадарожнік, але тут спадарожнікавай антэны няма. Магчыма, гэта і да лепшага. Слухаю ў асноўным “Радыё Свабода”. Наогул, з трывогай назіраю за сённяшнім грамадствам, бо зараз яно ўжо другі раз падзеленае.

    Раней людзі падзяляліся на “праўладных” і “апазіцыйных” прыхільнікаў, а цяпер яшчэ і разышліся “па ўкраінскім пытанні”. Шмат з якімі знаёмымі ўжо няма ніякай ахвоты кантактаваць, бо погляды кардынальна адрозніваюцца. Гэта жахліва, бо людзі трапілі пад уплыў расійскага ТБ.

    – А тут, на лецішчах, гэтае пытанне абмяркоўваецца?

    – Вельмі часта. Я звычайна адразу ж перапыняю размову. Спачатку я вельмі горача імкнулася даносіць людзям праўду пра Украіну, але людзі пад уплывам тэлевізара пачынаюць думаць, што гэта я не зусім “адэкватная”. Ну што ж – тады наогул не будзем уздымаць гэтую тэму…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці