• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    TUTAKA 2026: топ-10 падзей фэсту

    З 16 па 19 ліпеня ва ўрочышчы Барык (гміна Гарадок, Падляшскае ваяводства, Польшча) пройдзе шосты фестываль вольнай беларускай культуры «Тутака». Чатыры дні ў лесе аб’яднаюць беларусаў розных пакаленняў і поглядаў, а чацвер, 16 ліпеня, стане днём нулявым — часам, калі госці з’язджаюцца, уладкоўваюць намётавы гарадок і ловяць першы фестывальны вайб.

    Фота: сайт фэсту «Тутака»

    Аналізуючы праграму, можна заўважыць, як «Тутака» з кожным годам усё больш упэўнена пашырае свае межы і становіцца прасторай сапраўднай разнастайнасці. У Барыку натуральна суседнічаюць ваенная муштра касінераў і варштаты пра інклюзіўнасць, палітычныя дыскусіі і жаночы паўар новай музычнай хвалі, а таксама стэнды беларускіх НДА і грамадскіх ініцыятыў. Фестываль расце разам са сваёй аўдыторыяй, прапануючы бяспечнае месца для самых розных супольнасцей.

    Важнае новаўвядзенне: сёлета на фэсце, які ладзіць фонд «Тутака», дзейнічаюць квіткі за ўваход. Кошт стартуе ад 30 злотых.

    Выбралі сярод падзей праграмы тыя, які падаліся найбольш цікавымі.

    1. Вялікія камбэкі: чым здзівяць легендарныя RIMA і востры VINSENT?

    Фота: сайт фэсту «Тутака»

    Вяртанне выканаўцаў, якіх даўно не было чуваць на вялікіх фэстах. Рок-гурт RIMA (галоўны голас беларускай Беласточчыны) і рэпер VINSENT рыхтуюць абноўленае гучанне: RIMA пакажа, як сталы і якасны падляшскі рок гучыць сёння, а VINSENT дасць усім вядомага вострага мінскага рэпу з жывым гітарным драйвам.

    • Калі: RIMA — пятніца, 17 ліпеня, 21:40 | VINSENT — субота, 18 ліпеня, 22:30.
    • Дзе: Sce­na TAMAKA.

    2. Палітычны батл: урокі 1989 года для Беларусі

    Фота: сайт фэсту «Тутака»

    Ці карысны досвед польскага Круглага стала для дэмакратычнага транзіту ўлады ў Беларусі? Сцэнары мірнага пераходу і памылкі мінулага абмяркуюць палітыкі і гісторыкі: Павел Латушка, Франак Вячорка, Арцём Брухан, Яўген Вапа і іншыя.

    • Калі: Пятніца, 17 ліпеня, 17:00.
    • Дзе: Sce­na TUTAKA.

    3. Бяспечная прастора: варштат Тоні Лашдэн і размова пра разнастайнасць

    Фота: сайт фэсту «Тутака»

    Лакацыі для тых, хто хоча лепш разумець сучасны сацыяльны кантэкст. Чакаюцца дыскусія пра падтрымку квір-падлеткаў ад Насты Базар і Ірыны Сідорскай, а таксама варштат пісьменніцы Тоні Лашдэн «Як размаўляць пра ЛГБТКІ+ людзей і нікога не пакрыўдзіць».

    • Калі: субота, 18 ліпеня, размова — 13:30, варштат — 15:20.
    • Дзе: Размова — Sce­na TUTAKA, варштат — Namiot VIEDAKA.

    4. Жаночы паўар новай хвалі: АНАСТАСІЯ РЫДЛЕЎСКАЯ і CHORNOBROVA

    Фота: сайт фэсту «Тутака»

    Яркі прыклад музычнай разнастайнасці фэсту — абсалютна новы, свежы еўрапейскі саўнд беларускай дыяспары. Анастасія Рыдлеўская злучае смелую энергію электроннага попу, інды і фальклору, ператвараючы выступы ў імерсіўныя рытуалы. А CHORNOBROVA прапануе нечаканы сінтэз польскага і беларускага фолку з хіп-хопам 2000‑х і гарадскімі сэмпламі.

    • Калі: Рыдлеўская — пятніца, 17 ліпеня, 22:40 | CHORNOBROVA — субота, 18 ліпеня, 21:30.
    • Дзе: Sce­na TAMAKA.

    5. Погляд у будучыню: кіно «Пад шэрым небам» і дыскусія «Што пра нас раскажуць у 2076‑м»

    Фота: сайт фэсту «Тутака»

    Моцны сэнсавы block з удзелам рэжысёркі Мары Тамковіч. Раніцай пройдзе паказ яе мастацкага фільма, натхнёнага гісторыяй зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша. А ўвечары рэжысёрка разам з суразмоўцамі прапануе скокнуць на 50 гадоў наперад і паглядзець на нас сённяшніх вачыма людзей будучыні.

    • Калі: Субота, 18 ліпеня, кіно — 10:00, дыскусія — 19:00.
    • Дзе: Sce­na TUTAKA.

    6. Народны выбар: шалёны фолк-панк ад гурта DZIECIUKI

    Фота: сайт фэсту «Тутака»

    Гэты прыезд гарадзенскіх бунтароў — цалкам заслуга слухачоў. Арганізатары запусцілі адкрыты плэйліст і галасаванне, каб людзі самі выбралі хэдлайнера, і галасы супалі на «Дзецюках». Публіка пацвердзіла: патрэба ў іх бескампраміснай энергіі і супольным тэрапеўтычным слэме сёння высокая як ніколі.

    • Калі: Субота, 18 ліпеня, 23:20.
    • Дзе: Sce­na TAMAKA.

    7. Адкрытая размова: «Ці ёсць у беларусаў свая Царква?» з Аляксандрам Кухтам

    Фота: сайт фэсту «Тутака»

    Аляксандр Кухта — папулярны праваслаўны святар, блогер і адзін з самых яскравых і прагрэсіўных сучасных галасоў у рэлігійным асяроддзі. Разам з ім паразважаем пра месца Беларусі ў праваслаўным свеце, сувязь рэлігіі з палітыкай і тое, ці рэальна беларусам мець уласную незалежную і прызнаную Царкву.

    • Калі: Пятніца, 17 ліпеня, 17:00
    • Дзе: Namiot VIEDAKA.

    8. Дыскусія «Хто аб’яднае беларусаў?»

    Фота: сайт фэсту «Тутака»

    Адна з самых вострых панэляў у межах праекта RES PUBLICA. Прадстаўнікі розных сфераў — ад Паўла Севярынца і Максіма Знака да Паліны Прысмаковай і Аляксея Дзікавіцкага — паразважаюць пра крызіс лідарства і супольныя каштоўнасці.

    • Калі: Субота, 18 ліпеня, 15:10.
    • Дзе: Sce­na TUTAKA.

    9. Новы інды-рок: BIZZARE OBJECTS

    Фота: сайт фэсту «Тутака»

    Электронны дуэт змешвае гітары і сінтэзатары з неакласічнымі гармоніямі. Іх музыка — глыбокі, вельмі атмасферны і трохі змрочны арт-рок, які ідэальна кладзецца на вайб начнога лесу ў Барыку.

    • Калі: Нядзеля, 19 ліпеня, 21:20.
    • Дзе: Sce­na TAMAKA.

    10. Расшыфроўка сэнсаў: «Гульня Мацкевіча»

    Фота: сайт фэсту «Тутака»

    Размова з першых рук пра знакамітую метадалагічную гульню філосафа Уладзіміра Мацкевіча пад мадэрацыяй Паўла Свярдлова і Аляксандра Кныровіча.

    • Калі: Пятніца, 17 ліпеня, 15:00.
    • Дзе: Sce­na TUTAKA.

    Што яшчэ наведаць?

    • Інтэрактыўная гісторыя «Invic­tus 1863» — муштра касінераў і ўнікальная лекцыя Кацярыны Ваданосавай пра моду эпохі Каліноўскага (адзенне, бялізна, упрыгожванні).

    Калі: Субота, 18 ліпеня, 10:00 — 21:00 (лекцыі з 15:50).

    • Дыскусія «Беларуская кніга: бяздомная ці бязмежная?» — размова пра тое, як кнігавыданне выжывае пасля 2020 года, з удзелам Макса ЗнакаВалянціны Андрэевай (Guten­berg Pub­lish­er) і Яраслава Іванюка (Kamunikat.org).

    Калі: Нядзеля, 19 ліпеня, 13:30. | Дзе: Sce­na TUTAKA.

    • Другі футбольны турнір памяці Алеся Пушкіна — спартыўны момант супольнай памяці аб выдатным мастаку ад ФК «Беластоцкія Дзікі».

    Калі: Субота, 18 ліпеня, на працягу дня. Дзе: Стадыён у Гарадку.

    І поўны музычны расклад па днях

    Музычны лайнап вырашалі нагадаць цалкам, каб кожны мог выбраць сваю імрэзу.

    Пятніца, 17 ліпеня

    21:20 — 21:40 — «Спеўны сход» з Сержуком Доўгушавым (агульны хор Барыка) | Sce­na TAMAKA

    21:40 — 22:40 — RIMA | Sce­na TAMAKA

    22:40 — 23:40 — Анастасія Рыдлеўская | Sce­na TAMAKA

    23:40 — 02:20 — ROOTS VIBRACJA х DUB ROVAH (Магутная порцыя рэгі, дабу і басоў без межаў) | Sce­na TAMAKA

    Субота, 18 ліпеня

    21:30 — 22:30 — CHORNOBROVA | Sce­na TAMAKA

    22:30 — 23:20 — VINSENT | Sce­na TAMAKA

    23:20 — 00:20 — DZIECIUKI (Гарадзенскі фолк-панк, выбар публікі) | Sce­na TAMAKA

    00:20 — 02:20 — ROOTS VIBRACJA х DUB ROVAH (Другі начны рэгі-сэт, які збірае пакаленні) | Sce­na TUTAKA

    Нядзеля, 19 ліпеня

    21:20 — 22:20 — BIZZARE OBJECTS | Sce­na TAMAKA

    22:20 — 23:20 — B:N: (Класічны, meладычны і драйвовы еўрапейскі рок-н-рол) | Sce­na TAMAKA

    23:20 — 00:20 — РАЗБІТАЕ СЭРЦА ПАЦАНА (Фінальны акорд фэсту: іронія, сарказм і любімая трасяначка) | Sce­na TAMAKA

    Цалкам праграма фэсту.

    Набыць квіткі на падзеі тут.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.