У Гомелі разглядалі скаргу армянскай блогеркі. Яна пакараная за «распаўсюд экстрэмізму»
19 лютага ў Гомельскім абласным судзе разглядалася скарга на пастанову суда Чыгуначнага раёна Гомеля датычна Бэлы Бабаханян, армянскай блогеркі, якая акрамя армянскага, мае яшчэ і беларускае грамадзянства.

Бэла Бабаханян
Суд Чыгуначнага раёна абвінаваціў Бабаханян паводле часткі 2 артыкула 19.11 у распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, унесенай у так званы рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і, відавочна, зняволіў на 15 содняў. Пры гэтым у раскладзе пасяджэнняў суда Чыгуначнага раёна на сайце Вярхоўнага суда такога пасяджэння не было.
Ізраільскі блогер расійскага паходжання Аляксандр Лапшын 15 лютага паведміў пра затрыманне Бабаханян уладамі Беларусі і арышт яе на 15 содняў. Ён жа тады напісаў, што яе абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 130 (распальванне варажнечы), арт. 123 (прапаганда вайны), арт. 186 (пагроза забойствам ці нанясеннем цялесных пашкоджаняў), арт. 188 (паклёп), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Лапшын паведамляў таксама, што Бэлу Бабаханян могуць выдаць уладам Азербайджана.
Афіцыйныя ўлады Беларусі, Арменіі ці Азербайджана затрыманне, арышт і крымінальныя абвінавачванні блогеркі ніяк не каментавалі. Скаргу на адміністрацыйны арышт блогеркі даручана разглядаць прызначанаму Лукашэнкам на пасаду суддзі ў Гомельскі абласны суд Васілю Бягуну.
Бэла Бабаханян праводзіла эфіры ў сацыяльных сетках, дзе негатыўна выказвалася пра ўлады Азербайджана і азербайджанцаў, праз ваенныя дзеянні супраць Арменіі ў Арцаху (Нагорным Карабаху), які раней уваходзіў у склад Арменіі, але ў выніку быў заваяваны Азербайджанам, а таксама праз баявыя дзенні Азербайджана на тэрыторыі самой Арменіі ў 2023 годзе.
