У Гомельскім універсітэце вярнуліся да выкладання журналістыкі
Адпаведная спецыяльнасць ізноў адкрылася на базе філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Сёлета журналістыку вывучаюць 16 чалавек, дзевяць з іх паступілі па мэтавым накіраванні ад СМІ Гомельшчыны, паведамляе Дом прэсы.
Студэнтам давядзецца вучыць традыцыйныя асновы журналістыкі, прафесійную этыку, тэорыю і практыку медыявытворчасці. Раней БАЖ паведамляў, што большасць бюджэтных месцаў атрымаюць студэнты з мэтавымі накіраваннямі ад раёнак.
«Нам спатрэбілася больш за два гады, каб гэтая спецыяльнасць зноў з’явілася ва ўніверсітэце, – цытуе ГГУ старшыня ідэалагічнай працы і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі. – Спецыялісты вядучых СМІ Гомельшчыны гатовы дзяліцца з вамі ведамі, навыкамі і энэргіяй».
Яшчэ 7 кастрычніка 2022 года міністр адукацыі Андрэй Іванец падпісаў загад пра адкрыццё падрыхтоўкі па спецыяльнасці «Журналістыка» з прысваеннем кваліфікацыі «журналіст» і ступені «бакалаўр».
– Некаторыя людзі думаюць, што быць журналістам можа кожны, але гэта не так… Спадзяюся, што ў працэсе вучобы кожны з вас зразумее, што насамрэч хоча звязаць сваё жыццё з журналістыкай. Без гэтага стаць прафесіяналам не атрымаецца, – сказаў галоўны рэдактар газеты «Гомельская праўда» Сяргей Бяспалы.
У Беларусі журналістаў рыхтуюць тры ВНУ: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, а цяпер яшчэ і ГДУ імя Францыска Скарыны ў Гомелі.
Сёлета ў БДУ конкурс на спецыяльнасць «Журналістыка» склаў 1,07 чалавека на месца (79 заявак на 74 месцы + 6 «мэтавікаў» па-за конкурсам), на спецыяльнасць «Інфармацыя і камунікацыя» конкурс яшчэ ніжэйшы — 1,05 чалавекі на месца (44 заяўкі на 42 месцы).
Платнае аддзяленне на факультэце журналістыкі ліквідавана, бо платнікаў немагчыма прымусіць працаваць у дзяржаўных СМІ.
Нядаўна БАЖ задаваўся пытаннем, ці ўвогуле варта ісці на журфак БДУ (галоўнага ВНУ Беларусі) з перспектывай стаць прапагандыстам і якія альтэрнатывы існуюць увогуле.