• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Мінску адбылася сустрэча ў межах лідарскага курсу для сябраў ГА «БАЖ»

    У Мінску сябры ГА "БАЖ", якія бяруць удзел у навучальнай праграме для лідараў арганізацыі, зрабілі справаздачу наконт выкананых праектаў і працавалі над новымі задачамі.

    Падчас папярэдняй сустрэчы сябры арганізацыі, у прыватнасці, запланавалі “Эстафету добрых спраў” — шэраг мерапрыемстваў у розных гарадах Беларусі, скіраваных на падвышэнне іміджу грамадскага аб’яднання ды рэалізацыю гуманістычных праектаў.

    У «Эстафеце добрых спраў» ужо ўзялі ўдзел сем філій і суполак БАЖу. З рэалізаванымі праектамі можна азнаёміцца ў адмысловым раздзеле на сайце.

    У шэрагу мерапрыемстваў, якія здзейснілі журналісты, — дабрачынныя акцыі па збору сродкаў на лячэнне дзяцей, падрыхтоўка калядных падарункаў дзецям і дарослым з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама тым, хто трапіў у складаныя жыццёвыя сітуацыі, дапамога ў выданні кніг ды іншыя.

    Журналіст са Слоніма Мікола Канановіч падчас абмеркавання вынікаў дабрачынных акцый падкрэсліў, што дапамога людзям у няпростых жыццёвых умовах, калі іх абыходзіць сваёй увагай дзяржава, найбольш карысная і гуманістычная справа.

    “Часта крытыкуюць, што ў арганізацыях палітычных, трэцяга сектару не адбываецца змена кіраўніцтва. Можа быць, гэта аб’ектыўная крытыка, бо ў новага пакалення іншы погляд і інтарэсы, — гаворыць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец пра сутнасць адукацыйных праграм па лідарству. — Гэтая праграма акурат скіраваная на тое, каб арганізацыя не старэла, а развівалася, каб прыходзілі новыя людзі ў цэнтральны офіс і ў рэгіянальныя структуры. Тыя, хто вучыўся на першых праграмах па лідарству, ужо нават паспелі здаць паўнамоцтвы кіраўнікоў філій і суполак. То бок гэта — падрыхтоўка актыву Беларускай асацыяцыі журналістаў, падрыхтоўка асобаў, якія будуць зацікаўленыя ў развіцці арганізацыі”.

    Пасля абмеркавання таго, што ўжо зроблена, журналісты працавалі над новымі ідэямі. Назавём некалькі праектаў, якія могуць быць увасобленыя ў рэчаіснасць бліжэйшым часам.

    - Сустрэча-семінар з псіхолагам, які распавядзе, як супрацьстаяць прафесійнаму выгаранню, як працаваць з цяжкімі тэмамі ды героямі такіх публікацый.

    - Шэраг дэбатаў паміж палітыкамі і журналістамі, журналістамі і грамадскімі актывістамі;

    - Прэс-тур па Віліі і Астравецкім раёне, каб азнаёміцца з тым, як змянілася жыццё ў рэгіёне пасля пачатку будаўніцтва Астравецкай АЭС.

    - Здымкі і прэзентацыя фільма пра ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Віцебская суполка сёлета ўжо працавала з ліквідатарамі, журналісты маюць намер працягнуць дзейнасць у гэтым кірунку. Надзвычай важна, лічаць журналісты, што да гэтай ідэі далучыліся і іншыя гараджане.

    «Рашэнне задакументаваць успаміны ліквідатараў з’явілася спантанна. Але не на пустой глебе. Калі год таму «Зялёны партал» пачаў праект «Чарнобыль у асобах» і даручыў кожнаму рэгіёну адшукаць тых, хто мінімізаваў наступствы на ЧАЭС, для мяне стала адкрыццём, што героі ліквідатары жывуць зусім побач. Бо пра іх у горадзе няма ніякіх сведчанняў: няма музею, няма дошкі, у рэшце рэшт няма іх саміх на гарадскіх мітынгах, у школах, на знакавых мерапрыемствах…. Аказалася, у Віцебску жыве палкоўнік, які камандаваў штабам, жывуць хімікі, якія праводзілі аналізы ў зоне, жыве доктар, які там таксама пабываў… І ўсім ім ёсць што сказаць, у іх ёсць вопыт, якім яны гатовы падзяліцца. Толькі слухаць іх не дужа хочуць. Чаму? Таму што яны ведаюць занадта многа страшнай праўды», — тлумачыла раней журналістка Вікторыя Дашкевіч.

    - Працягнуцца міжрэгіянальныя фармальныя сустрэчы сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    - Адбудуцца творчыя фестывалі.

    «Мне пакуль складана гаварыць, як я змагу рэалізаваць сябе ў рамках гэтай праграмы. Але падабаецца слухаць пра досвед іншых людзей, адчуваць далучанасць да медыяплыні, — гаворыць Андрэй Павук з пасёлка Рудабелка ў Гомельскай вобласці. — Людзям, якія жывуць у такіх мястэчках, не хапае аб’ектыўнай інфармацыі. Ёсць раёнка, але ніхто ёй не верыць. Канешне, ёсць інтэрнэт, але людзі вельмі інертныя. Было пару цікавых момантаў, калі наша інфармацыя пайшла на ўсю краіну. Але ў выніку людзей пакаралі, таму ніхто не хоча высоўвацца».

    Аляксандр Буракоў з Магілёва адзначыў, што ён не першы раз з’яўляецца слухачом лідарскіх курсаў. Але штораз можна даведацца пра новыя «фішкі», якія могуць быць карыснымі ў дзейнасці сябра арганізацыі. Разам з тым Аляксандр распавёў, што для рэгіёнаў заўсёды актуальная праблема адтоку людзей — самыя апантаныя рана ці позна з’язджаюць у пошуках лепшага месца. І штораз трэба пачынаць працу ў рэгіянальнай структуры па-новаму.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці