У спіс экстрэмісцкай прадукцыі трапіў Instagram-акаўнт «Брестской газеты»
Рашэнне наконт абвяшчэння Instagram-акаўнта bg.live_365 «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 14 сакавіка суддзя Ленінскага раёна Брэста Андрэй Канючка. У гэты ж дзень ён прыняў аналагічнае рашэнне ў дачыненні да сайта Reform.by.
Instagram-акаўнт пад назвай bg.live_365, які мае дачыненне да рэдакцыі незалежнага інтэрнэт-выдання «Брестская газета», на сёння мае больш за 11 тысяч падпісчыкаў.
Незалежнае выданне «Брестская газета» было заснаванае ў 2002 годзе і да 2020 года выходзіла ў папяровым варыянце. Але выпуск газеты быў вымушана прыпынены пасля таго, як мясцовая друкарня ў аднабаковым парадку скасавала дамову на друк. Спробы знайсці друкарню ў іншым горадзе краіны таксама не мелі поспеху. З таго часу рэдакцыя «БГ» перайшла працаваць у інтэрнэт: у выдання застаўся сайт, створаны яшчэ ў 2009 годзе, інфармацыя таксама распаўсюджвалася праз сацыяльныя сеткі.
8 ліпеня 2021 года супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы ў офісе «Брестской газеты» і ў кватэрах пяці яе супрацоўнікаў. Сілавікі тады забралі з рэдакцыі абсалютна ўсё абсталяванне, нават маніторы.
Напрыканцы 2021 года на патрабаванне пракуратуры Брэста кантэнт сайта «Брестской газеты» быў прызнаны судом «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пасля гэтага рашэннем Міністэрства інфармацыі інтэрнэт-рэсурс заблакавалі для карыстальнікаў з тэрыторыі Беларусі. Таксама «экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі аб’яўленыя старонкі і групы «Брестской газеты» ў розных сацыяльных сетках.
28 лютага 2023 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі абвесціў «Брестскую газету» «экстрэмісцкім фарміраваннем», забараніўшы такім чынам дзейнасць у краіне праз пагрозу крымінальнага пераследу. А на пачатку 2024 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Ленінскага раёна Брэста палічыў і новы сайт «Брестской газеты» з адрасам bgmedia.site.
Супрацоўнікі рэдакцыі з прычыны бяспекі былі вымушаныя выехаць з Беларусі і зараз працуюць у эміграцыі.