• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    USAGM пагадзілася выдаць частку гранта Радыё Свабода, пакуль суддзя разглядае справу

    Агенцтва глябальных мэдыяў ЗША (USAGM) абавязалася перадаць Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (РСЭ/РС) частку сродкаў, выдзеленых яму Кангрэсам ЗША.

    USAGM пагадзілася выдаць частку гранта Радыё Свабода

    Гэта стала вядома перад заплянаваным пачаткам судовага слуханьня па гэтым пытаньні ў рамках працэсу, распачатай РСЭ/РС супраць ураду ў сувязі са спробай агенцтва спыніць фэдэральнае фінансаваньне РСЭ/РС .

    Рашэньне Агенцтва глябальных мэдыя ЗША ад 24 сакавіка азначае, што РСЭ/РС атрымае 7,46 мільёна даляраў, суму, якая ахоплівае пэрыяд з 1 па 14 сакавіка, за дзень да таго, як USAGM заявіла аб спыненьні свайго гранта для РСЭ/РС.

    «Агенцтва прыняло неадкладныя адміністрацыйныя захады, каб пачаць выплату», — гаворыцца ў лісьце USAGM, далучаным да судовай дакумэнтацыі. Выплата павінна адбыцца да 26 сакавіка, а РСЭ/РС атрымае сродкі да канца месяца.

    На судовым пасяджаньні ў Вашыгтоне 24 сакавіка Эбігейл Стаўт, юрыстка Міністэрства юстыцыі, што прадстаўляе USAGM, сьцьвярджала, што пагадненьне аб гранце паміж USAGM і РСЭ/РС, як сказана ў Законе аб міжнародным вяшчаньні, дае агенцтву права скасаваць пагадненьне, калі РСЭ/РС не выконвае палажэньні, выкладзеныя ў ім.

    «Такім чынам, статут фактычна прадугледжвае, што агенцтва можа спыніць грант», — сказала яна.

    У адказ Дэйвід Заянц, адзін з юрыстаў РСЭ/РС, сказаў, што Кангрэсу «ня мае сэнсу» зацьвярджаць фінансаваньне толькі для агенцтваў, каб яны маглі рабіць што заўгодна.

    Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ўсё яшчэ патрабуе астатніх сродкаў гранту, якія належаць на ўвесь 2025 бюджэтны год, што заканчваецца 30 верасьня 2025 году, і дамагаецца папярэдняй судовай забароны на спыненьне фінансаваньня.

    Чакаецца, што ў бліжэйшыя тыдні судзьдзя Ройс Ламбэрт вырашыць, выдаваць такую забарону ці не.

    Слуханьне пазову, пададзенага Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС) супраць Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM), «каб пазьбегнуць непапраўнай шкоды» трансьлятару ад спыненьня гранту, ухваленага Кангрэсам, пачалося 24 сакавіка ў судзе ў Вашынгтоне ў Акруговым судзе Злучаных Штатаў для акругі Калюмбія.

    У пазове сьцьвярджаецца, што адмова ў доступе да сродкаў, вылучаных Кангрэсам для Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, парушае фэдэральныя законы і Канстытуцыю ЗША, якая дае Кангрэсу найвышэйшую ўладу над фэдэральнымі выдаткамі. Пазоўнік таксама просіць суд выдаць часовую судовую забарону для вызваленьня сродкаў на сакавік, каб абмежаваць нанясеньне шкоды трансьлятару.

    «Скасаваньне нашых кантрактаў з фрылансэрамі і выпраўленьне нашых супрацоўнікаў у безаплатны водпуск істотна пашкодзяць нашай здольнасьці даваць навіны без цэнзуры ў 23 краінах, у якіх мы працуем», — заявіў прэзыдэнт і генэральны дырэктар РСЭ/РС Стывэн Капус у заяве ў суд.

    Пагроза фінансаваньню трансьлятара выклікала хвалю падтрымкі з боку аўдыторыі на 27 мовах і ў 23 краінах, у якіх ён вяшчае.

    Ад Ірану да Беларусі, ад Афганістану да Расеі, ад Пакістану да Ўкраіны чытачы і слухачы падтрымалі журналістаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

    Палітыкі Эўрапейскага Зьвязу разглядаюць магчымасьць падтрымаць РСЭ/РС.

    Давядзецца пажыць без «Свабоды»? Як магчымая ліквідацыя рэдакцыі зменіць беларускі медыяландшафт

    USAGM — незалежная ўрадавая ўстанова ЗША, якая кантралюе трансьляцыю навін і інфармацыі на амаль 50 мовах прыкладна для 361 мільёна чалавек кожны тыдзень.

    Агульны бюджэтны запыт для USAGM на 2025 фінансавы год склаў 950 мільёнаў даляраў для фінансаваньня ўсіх апэрацыяў і капіталаўкладаньняў.

    Сюды ўваходзяць такія сродкі масавай інфармацыі, як РСЭ/РС, Голас Амэрыкі, Радыё Свабодная Азія, Офіс трансьляцыі на Кубу (Радыё Марці), Сеткі трансьляцыі на Блізкі Ўсход (MBN) і Фонд адкрытай тэхналёгіі (OTF).

    Бюджэтны запыт на 2025 год для Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода склаў каля 153 мільёнаў даляраў, паводле дакумэнтаў USAGM.

    Што папярэднічала

    14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM).

    «На працягу 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай зь пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзелы ці функцыі гэтай установы прадпісаныя законам і ў якой ступені», — гаварылася ў тэксьце ўказу.

    Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу СМІ распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, спынены.

    Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старшая дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.

    • Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — некамэрцыйная мэдыякарпарацыя, якая распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах для аўдыторыі ў 23 краінах Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі на 27 мовах. Місія карпарацыі — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі ў краінах, дзе свабодная прэса пад пагрозай і навязваецца дэзынфармацыя.
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці