Ва Уроцлаве адкрылася выстава беларускай фатографкі
Праект BETONIUM Кацярыны Кузьмічовай — гэта пошук сучаснай ідэнтычнасці былых сацыялістычных краін у кантэксце архітэктурнай спадчыны — жылых панэльных дамоў. Паглядзець на незвычайныя працы можна да 15 верасня.
Выстава працуе ва Ўроцлаве ў Галерэі сучаснага мастацтва MD_S, піша тэлеграм-канал «Белорусская фотография».
Праект беларускай фатографкі даследуе ідэнтычнасць ва ўмовах розных ідэалагічных сістэм і гарадской палітыкі. Аўтарка спрабуе зразумець і ўласны досвед жыцця ў адной з савецкіх рэспублік.
«Людзі жывуць у дамах, створаных яшчэ ў савецкі час, але іх светапогляд і светапоглядны складнік фарміруюцца ўжо ў іншым, чым сацыялістычным, асяроддзі. У гэтай сітуацыі яны фарміруюць новыя гарадскія рытуалы, практыкі і сэнсы».
Здымкі для праекта вяліся ў розных краінах былой «жалезнай заслоны», у тым ліку ў Польшчы, Славакіі, Германіі, Грузіі, Беларусі, Славеніі, Літве.
Кацярына Кузьмічова — беларуская фатографка, зараз жыве ва Ўроцлаве. Працуе на стыку дакументальнай і мастацкай фатаграфіі. У сваіх праектах яна даследуе тэмы ўзаемадзеяння людзей і палітычных сістэм, канструктыўнай памяці ідэнтычнасці, праблемы жаночых гендэрных роляў.
Выпускніца Санкт-Пецярбургскай Акадэміі дакументальнай і мастацкай фатаграфіі «Фатаграфіка», Акадэміі прыгожых мастацтваў ва Ўроцлаве, а таксама стыпендыят праграмы Gaude Polonia Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, член Міжнароднай асацыяцыі фотажурналістаў WOMEN PHOTOGRAPH. Пераможца міжнародных фотаконкурсаў TIFA і BIFA. Яе працы публікаваліся, у часопісах «Bird in Flight», «Monovisions» і «Dodho».