• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Лаўрэатам Free Media Awards стаў беларускі палітвязень Андрэй Аляксандраў

    Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, які на сёння знаходзіцца ў турме ў Беларусі, быў абраны прэтэндэнтам на прэмію Free Media Awards за сваю мужнасць і адданасць свабодзе прэсы і свабодзе выказвання меркаванняў ва ўмовах усё больш рэпрэсіўнага рэжыму.

    Андрэй Аляксандраў. Фота: Вольга Хвоін

    4 верасня 2026 года фонды Fritt Ord і ZEIT STIFTUNG BUCERIUS абвесцілі лаўрэатаў прэміі Free Media Awards. У спіс увайшоў беларускі палітычны вязень Андрэй Аляксандраў.

    «Дзякуючы сваёй працы ў незалежным беларускім інфармацыйным агенцтве БелаПАН і Беларускай асацыяцыі журналістаў, ён дапамог умацаваць прафесійныя стандарты журналістыкі, падтрымаць незалежныя СМІ і пабудаваць міжнародныя сеткі журналістаў і праваабаронцаў», — зазначыў аргкамітэт прэміі.

    Разам з беларусам узнагароду атрымаюць кіраўнік аддзела журналісцкіх расследаванняў «Украінскай праўды» Міхайла Ткач, грузінскае выданне iFact, ерэванскі тэлеканал Fac­tor TV і расійскае незалежнае анлайн-выданне «Вёрстка».

    Цырымонія ўручэння прэміі Free Media Awards адбудзецца ў Музеі Мунка ў Осла 29 верасня 2026 года.

    Хто такі Андрэй Аляксандраў

    Ён нарадзіўся ў 1978 годзе ў расійскім Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца, але з дзяцінства жыў у Паставах на Віцебшчыне. Пасля школы скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, але ўрэшце засяродзіўся на журналістыцы. Кар’еру пачынаў у наваполацкай газеце «Хімік», дарос да намесніка дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Цягам  2009–2012 гадоў быў у кіраўніцтве Беларускай асацыяцыі журналістаў. 

    Атрымаў і міжнародны досвед: мае ступень магістра медыяменеджменту Вэстмінстэрскага ўніверсітэта ў Лондане, працаваў у праваабарончых арганізацыях Index on Cen­sor­ship і Arti­cle 19. Нягледзячы на добрыя перспектывы за мяжой, вярнуўся ў Беларусь, цягам 2015–2018 гадоў быў у дырэктараце БелаПАН, затым перайшоў на дамову як медыякансультант. 

    Андрэй Аляксандраў быў арыштаваны за сваю працу ў 2021 годзе. 6 кастрычніка 2022 года суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка у закрытым рэжыме прызначыў медыяменеджару 14 гадоў пазбаўлення волі і штраф памерам больш за 10 тысяч долараў у эквіваленце. Журналіст прызнаны палітычным вязнем.

    Што такое Free Media Awards

    прэмія Free Media Awards

    Free Media Awards

    Прэмія Free Media Awards — гэта нямецка-нарвежская ўзнагарода для журналістаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Яе заснавалі фонды Fritt Ord і ZEIT-Stiftung Ebe­lin und Gerd Bucerius. У многіх краінах Усходняй Еўропы СМІ зазнаюць вялікі ціск. З дапамогай гэтай прэміі фонды хочуць заахвоціць журналістаў і сродкі масавай інфармацыі працягваць сваю працу і ўмацаваць іх волю не паддавацца запалохванню цэнзурай і супрацьстаяць самацэнзуры. Ад трох да шасці ўзнагарод штогод уручаюць журналістам і рэдакцыям, якія ўзмацняюць незалежную журналістыку і дапамагаюць грамадству атрымліваць дакладную інфармацыю нават ва ўмовах ціску і цэнзуры.

    У розныя гады прэмію атрымлівалі беларускія выданні: «Брестский курьер», «Белорусская деловая газета», «Народная воля», «Белорусы и рынок», Intex-press, «Витебский курьер», «Салідарнасць», «Наша Ніва», CDMag, «Газета Слонімская», «Ежедневник», «Новы час», «Борисовские новости», «Беларускі партызан»Reform, інфармагенцтва БелаПАН, партал TUT. by, Беларускі расcледавальніцкі цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў. А таксама лаўрэатамі станавіліся айчынныя журналісты Святлана Калінкіна, Марына Коктыш, Валер Карбалевіч, Аляксандр Класкоўскі, Кацярына Барысевіч, Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова, Наталля Лубнеўская, Ларыса Шчыракова.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.