• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Варта мець два акаўнты». Як сілавікі ловяць людзей у Telegram і што зрабіць, каб карыстацца ім бясьпечна

    Партызанскі Telegram, небеларуская SIM-картка. Як бясьпечна карыстацца Telegram.

    Фэйкавыя боты, тэлефонная кніга, падманныя спасылкі. Сабралі інфармацыю, як сілавікі ловяць людзей у Telegram і як гэтага пазьбегнуць.

    Простыя спосабы

    Праз нумар тэлефона

    Адзін з самых простых спосабаў адшукаць чалавека ў Telegram – гэта выявіць яго па нумары тэлефона. Пра гэтыя ды іншыя спосабы Свабодзе расказалі спэцыялісты ў кампутарнай бясьпецы на ўмовах ананімнасьці.

    «У чалавека ўказаны беларускі нумар і відаць, да якога пашпарта ён прывязаны. Гэта самы просты спосаб знайсьці чалавека», — кажа спэцыяліст.

    Праз тэлефонную кнігу

    Чалавек можа запісваць людзей у запісную кнігу Telegram і ў запісную кнігу смартфона. Калі чалавека арыштоўваюць, то могуць паглядзець па гэтай кнізе, у якіх чатах чалавек сядзіць, з кім ён камунікуе.

    «З разблякаванага смартфона выцягваюць сьпіс кантактаў тэлеграма і смартфона, усё гэта зьбіраецца ў адну базу. У кожнага юзэра ёсьць у Telegram свой ID, які не відаць у стандартным кліенце, але відаць праз адмысловыя чат-боты. Пасьля ў агульнай базе зьбіраюцца зьвесткі па акаўнтах і іх ID», – кажа спэцыяліст.

    Такая база ўвесь час папаўняецца. Таксама ў групавых чатах усе бачаць усіх. Напрыклад, калі гэта чат нейкага раёну, то там відаць нікі людзей, можна атрымаць іхныя ID.

    «Напрыклад, затрымліваюць нейкага чалавека, заходзяць зь ягонага смартфона ў чаты, бачаць, з кім ён кантактаваў», — пералічвае спэцыяліст.

    Гэтыя два спосабы найбольш распаўсюджаныя.

    Праз аватарку ці фота

    Карыстальніка Telegram могуць таксама адшукаць празь ягоны фатаздымак, калі ён ім дзяліўся недзе ў чаце ці калі такі здымак стаіць на аватарцы. Існуе багата сродкаў, якія аналізуюць здымкі і знаходзяць іх аналягі ў іншых сацыяльных сетках.

    Таксама чалавека можна адшукаць праз унікальны малюнак, калі ён стаіць на аватарцы і калі чалавек — аўтар гэтага малюнка.

    Складаныя спосабы

    Праз Peer-to-Peer

    Яшчэ адзін спосаб, дзякуючы якому сілавікі могуць знайсьці чалавека, — званкі ў абыход сэрвісаў Telegram. Гэтая функцыя знаходзіцца ў наладах званкоў. Тады, калі чалавек не выкарыстоўвае VPN і сазвоньваецца зь некім, можна атрымаць ягоны IP-адрас і, адпаведна, ягонае месцазнаходжаньне.

    Праз фэйкавыя боты

    Таксама сілавікі выкарыстоўваюць такі спосаб, як фэйкавыя боты. Нядаўна такім чынам яны стварылі фэйкавы чат-бот пляну «Перамога».

    «Можна стварыць спэцыяльную спасылку, па якой відаць, зь якіх IP-адрасоў, зь якіх браўзэраў адбываўся пераход па гэтай спасылцы. З фэйкавымі ботамі таксама праблема. Бо калі чалавек зьвязваецца з ботам, адмін бота атрымлівае інфармацыю пра кантакт чалавека, ягоны ID. Прычым бот сам можа зрабіць рассылку па кантактах, якія мае, так лягчэй падмануць чалавека», — кажа спэцыяліст.

    Агентура і сацыяльная інжынэрыя

    Агент можа існаваць у чаце, актыўна камэнтаваць і ўцірацца ў давер, а пасьля спрабаваць даведацца вашыя дадзеныя.

    Напрыклад, такі спосаб прымянілі, калі агенту ўдалося ўкараніцца ў адміны каналу «Чорная кніга Беларусі».

    Фізычныя спосабы

    Самы вялікі паток дэананімізацыі адбываецца фізычным спосабам, праз катаваньні. Чалавека вымушаюць разблякаваць смартфон, незалежна ад таго, быў ён зашыфраваны ці не, у базу для аналізу заганяюць усе кантакты чалавека і перапіскі.

    «Калі акаўнт прывязаны да беларускага нумару, то гэта ўжо пройгрыш. Людзі карыстаюцца сваімі акаўнтамі гадамі — па пяць, па сем гадоў. Раней у Telegram не было функцыі схаваць нумар тэлефона. І гэтая база акаўнтаў была сабраная некаторымі сэрвісамі, можна купіць гэтую базу са старымі кантактамі», — кажа спэцыяліст.

    Што рабіць зь бясьпекай у Telegram чалавеку, які ў Беларусі

    Спэцыялісты даюць некалькі парадаў, каб мець максымальна бясьпечную сувязь.

    Варта мець два Telegram-акаўнты

    Адзін — для камунікацыі зь сябрамі і бацькамі, другі — для актыўнасьцяў. Другі павінен быць прывязаны да небеларускай SIM-карткі. Такую картку можна купіць онлайн.

    Усталяваць віртуальны нумар

    Віртуальны нумар (таксама «другі нумар») можна зрабіць праз Skype (нумар з Даніі, Англіі, ЗША і іншых краін), TextMe (толькі з ЗША) і падобныя сэрвісы.

    Схаваць у наладах свой нумар

    У наладах абавязкова трэба схаваць свой нумар. Для гэтага пераходзім у налады, адтуль у налады прыватнасьці і бясьпекі, там ёсьць варыянты, хто можа бачыць ваш нумар, ставім птушку на «ніхто».

    Паставіць таймэр выдаленьня

    Тут жа, у наладах, у разьдзеле «Дадзеныя і сховішча», пераходзім у разьдзел «Выкарыстаньне сховішча» і ставім таймэр для выдаленьня файлаў раз на тры дні. Там жа рэгулярна чысьцім кэш і памяць. Для гэтага цісьнем «ачысьціць кэш Telegram»

    У наладах чатаў (цісьнем тры кропачкі ўверсе) і ў пункце «Аўтавыдаленьне» цісьнем «1 дзень» — такім чынам у гэтым чаце ўсе паведамленьні будуць выдаленыя празь дзень. Лепш зрабіць гэта ва ўсіх перапісках.

    Трэба таксама выдаляць важную перапіску. Для гэтага заходзім у перапіску з канкрэтным чалавекам, там націскаем на кантакт (нумар ці нікнэйм уверсе) цісьнем на тры кропачкі зьверху з правага боку і чысьцім гісторыю, а таксама пазначаем, што гісторыю выдаліць трэба і для іншага карыстальніка.

    Памяняць стары акаўнт

    Калі вашаму акаўнту шмат гадоў, выдаліце акаўнт цалкам і стварыце новы. Так мы скінем ID, які можа быць вядомы сілавікам.

    Зрабіць гэта можна двума спосабамі. Зайсьці ў ваш акаўнт у налады, адтуль у «Прыватнасьць і бясьпека» і паставіць птушку ў разьдзеле «Пэрыяд неактыўнасьці», мінімальны тэрмін — 1 месяц. Такім чынам, калі вы месяц ня будзеце карыстацца акаўнтам, Telegram сам яго выдаліць.

    Таксама можна выдаліць акаўнт праз афіцыйны сэрвіс. Для гэтага заходзім на сайт https://my.telegram.org/delete. На сайце спатрэбіцца ўвесьці нумар тэлефона ўліковага запісу, які трэба выдаліць; у мэсэнджар прыйдзе паведамленьне з паролем, які трэба ўвесьці ў браўзэры. Пасьля трэба выбраць Deac­ti­vate account і пацьвердзіць, што вы жадаеце яго выдаліць.

    Выкарыстоўваць сакрэтныя чаты

    Для самых важных паведамленьняў выкарыстоўвайце сакрэтныя чаты. Для гэтага выберыце кантакт, зь якім вы хочаце пачаць сакрэтны чат, націсьніце на тры кропачкі ўверсе і выберыце «Пачаць сакрэтны чат».

    Праглядаць злучэньні прыладаў

    Правяраем, зь якіх прыладаў адбываюцца падлучэньні да вашага акаўнту ў Telegram. Для гэтага пераходзім у «Налады», адтуль у «Прылады» і глядзім, зь якіх прыладаў вы ці нехта іншы падлучаліся да вашага акаўнту ў Telegram. Праверце, ці вашыя гэта прылады. Там жа можна выйсьці з акаўнту на ўсіх прыладах, націснуўшы пункт «Скончыць усе іншыя сэансы».

    А калі чалавек выехаў за мяжу?

    Калі чалавек хоча застацца ананімным, то ня варта ставіць свой фатаздымак на аватарку, нават калі чалавек ужо не ў Беларусі. І варта памятаць пра бясьпеку знаёмых і сваякоў, якія засталіся ў Беларусі.

    «За мяжой можна адключыць «партызанскі» Telegram, але ўсё астатняе ў пляне бясьпекі варта пакінуць, бо можна падставіць чалавека, які ў Беларусі ўдзельнічае ў перапісцы: сяброў, сваякоў. Варта памятаць, што дастаткова нават паслаць спасылку на «экстрэмісцкі» рэсурс у чаце», — кажуць спэцыялісты.

    Чытаць яшчэ: 

    Як журналістам працаваць з транзітнымі ўцекачамі. Асабісты досвед

    “Працяг сінхранізацыі беларускай і расійскай прапаганды”. Медыяэксперт пра “амбітныя планы” Асацыяцыі рэгіянальнай прэсы

    Як працуе рэгіянальная ўкраінская журналістыка ў непасрэднай блізасці да фронту? Вялікая гутарка з «Накіпела»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці