У судзе забараняюць здымаць. Як адстойваць права на інфармацыю? Відэапарады
Міліцыянты забараняюць сябе ці нешта іншае здымаць, не дазваляюць праносіць відэаапаратуру ў будынак суда, службоўцы выклікаюць праваахоўнікаў, каб тыя выгналі з масавага мерапрыемства. Часам журналісты не ведаюць, як сябе паводзіць у гэтых сітуацыях і паслухмяна выконваюць патрабаванні людзей у пагонах, нават калі гэтыя патрабаванні незаконныя. Асабліва складана адстойваць правы ў стане стрэсу, не маючы досведу.
— Я распавядаю пра рэальныя гісторыі, з якімі сутыкалася. Кожны можа прааналізаваць, як бы ён сябе паводзіў у дадзенай сітуацыі, што можна б было зрабіць лепш. Спадзяюся, калі ў жыцці гледачам давядзецца сутыкнуцца з нечым падобным, то будзе прасцей, — распавядае BAJ.by Вольга Чайчыц.
— Некаторыя журналісты, сутыкнуўшыся з перашкодамі, мяркуюць, што зрабіць сюжэт не атрымаецца. Але на самой справе, нават калі на вас выклікалі міліцыю, ёсць сэнс працягваць працу, а матэрыял можа стаць яшчэ больш цікавым. У мяне было шмат такіх гісторый. Да таго ж прыцягванне ўвагі да незаконных дзеянняў праваахоўнікаў прыводзяць да таго, што самі праваахоўнікі наступным разам пачынаюць паводзіць сябе больш карэктна. Таму я заклікаю калегаў адстойваць сваё права на інфармацыю, — гаворыць Чайчыц.
Мы апублікуем шэраг гісторый з каментарамі юрыста пра іншыя сітуацыі, з якімі сутыкаюцца журналісты.
