Жанна Літвіна: пашырэнне спісу невыязных шмат у чым будзе залежаць ад міжнароднай рэакцыі
“Падаецца, што гэта працяг палітыкі “кропкавага” ціску з мэтай запалохвання, — упэўнены Міхась Янчук. — Масіраваных рэпрэсій супраць журналістаў улада зараз не можа сабе дазволіць і таму будзе намагацца дзейнічаць праз канкрэтныя рэдакцыі, канкрэтных асобаў, якія будуць падвяргацца санкцыям і на прыкладзе якіх астатнія маюць стаць “больш разумнымі”. Але ў журналісцкай супольнасці такая тактыка дзейнічае дакладна навадварот. Журналісты заўсёды гуртаваліся, перадусім вакол БАЖу, і дапамагалі адзін аднаму перажыць часы рэпрэсій…”
“Я думаю, што пашырэнне гэтага спісу шмат у чым будзе залежаць ад падзеяў міжнародага ўзроўню, — лічыць старшыня БАЖ. — Для нас знакавым днём можа стацца 23 сакавіка, калі Савет міністраў ЕС разгледзіць “беларускае пытанне” ў кантэксце дадатковых санкцый. На сёння ясная тэндэнцыя: як толькі там гучыць цвёрдыя рэкамендацыі вызваліць палітзняволеных, тым больш узмацняецца ціск у самой Беларусі…”
“Мы з поўнай адказнасцю заяўляем, што БАЖ будзе працягваць дзейнасць, звязаную з абаронай прафесійных правоў журналістаў, распаўсюдам ідэй свабоды слова ў грамадстве і забеспячэннем умоваў для прафесійнай дзейнасці журналістаў, - сказала Жанна Літвіна. — Я ўпэўнена, што грамадзянская пазіцыя і ўпэўненасць, што ты робіш усе правільна, павінныя нас умацоўваць”.
Намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец падкрэсліў, што законныя падставы для абмежавання права на выезд з краіны адсутнічаюць. “Я лічу, што неабходна выкарыстоўваць усе прававыя сродкі, каб з гэтым змагацца”, — дадаў ён.
Кожнаму з “невыязных”, юрыст раіць ім абскарджваць дзеянні памежных службаў вышэйшым службовым асобам і ў судах.
Што да ГА “БАЖ”, ужо сёння арганізацыя накіруе лісты ў Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС і Дзяржаўны памежны камітэт з патрабаваннем патлумачыць прычыны забароны на выезд за мяжу сваім сябрам і назваць тых, хто ўнёс іх імёны ў гэты спіс. Акрамя таго, будзе навіраваны ліст у Генпракуратуру — з патрабаваннем высветліць законнасць абмежавання права на выезд з Беларусі сябраў БАЖ.