• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вынікі 2015 года. Служба і прафесія Антона Сурапіна

    Некалькі тыдняў таму з тэрміновай службы вярнуўся фатограф і журналіст-фрылансер Антон Сурапін. Прэс-служба ГА “БАЖ” распытала калегу пра найбольш яркія падзеі яго вайсковага і журналісцкага года.

    “Ты – той журналіст?”

    – Так сталася, што ўвесь мінулы год вакол мяне былі «зялёныя чалавечкі». Сярод тэрміновікаў не так шмат людзей з вышэйшай адукацыяй, і тым больш не было нікога са сферы журналістыкі. Таму ў войску да мяне было асаблівае стаўленне, можна сказаць – падазронае. Маўляў, ты журналіст, пасля ўніверсітэта, ці мала што можаш напісаць… Таму вакол мяне быў пэўны арэол сакрэтнасці і недаверу.

    Я нават спачатку спрабаваў апісваць свае вайсковыя дні ў матэрыялах для партала TUT.BY, але потым гэты серыял спыніўся, бо было зашмат інфармацыі і замала часу на яе апрацоўку. Войска – гэта такая структура, дзе ты не маеш ні асабістай прасторы, ні асабістага часу.

    Напрыклад, ідзеш ты ў так званы “ленінскі пакой”, сядзеш за стол і пачнеш нешта пісаць. І абсалютна ўсе, хто праходзяць міма, пачынаюць: “О, гэта ты той журналіст? А што ты пішаш? Навошта табе гэта?..” І не хочацца ж псаваць адносіны з людзьмі, таму проста так адасобіцца не ўдаецца. А за адну тваю “законную” гадзіну вольнага часу да цябе падыдзе дзесяць чалавек і нешта спытае…

    Найбольш значнымі падзеямі для мяне былі зусім не прэзідэнцкія выбары ці дэвальвацыя, як тут, на грамадзянцы, а, напрыклад, – паездка на палігон. Другі палігон. Трэці. Медрота. Калі знаходзішся ў войску, то вакол цябе адбываюцца менавіта такія падзеі.

    Кнігі і лісты 

    І яшчэ шмат часу сёлета я прысвяціў чытанню кніг.

    Ва ўсіх вайсковых частках ёсць “афіцыйныя” бібліятэкі. Да таго ж, невялікія бібліятэчкі ёсць у так званых “ленінскіх пакоях” – пакоях адпачынку. Гэта звычайна некалькі палічак з кнігамі пра вайну, савецкую зброю і гэтак далей. Свае ж кнігі прыносіць і чытаць не дазваляецца. Не ведаю, ці афіцыйная гэта норма, але яна ёсць. Хоць я на яе асабліва не звяртаў увагі, бо перачытаў вельмі шмат літаратуры – ад класікі да сучасных беларускіх аўтараў. Толькі за час знаходжання ў медроце прачытаў каля пятнаццаці кніг: Някляеў, Бахарэвіч… І нават прававыя даведнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    Дарэчы, БАЖаўскі часопіс “Абажур” да мяне таксама даходзіў. Яго не маглі мне не перадаць, бо я служыў у батарэі кіравання і артылерыйскай выведкі, і паштальён быў з маёй батарэі.

    Ніякіх прыкметаў таго, што лісты чыталіся, не было. Дарэчы, усе лісты, што мне прыходзілі ад людзей у войска, я захаваў.

    Тэлебачанне і газеты

    Адкуль я даведваўся навіны? Па-першае, у войску існуе абавязковы прагляд тэлепраграмы “Панарама” кожны вечар. Па-другое, я заўсёды прасіўся ў нарады па штабе, бо не любіў проста бадзяцца без справы. Таму часта меў доступ да рэспубліканскіх газет, якія выпісваюцца на частку і кладуцца паштальёнам на падваконне штаба, ля якога сядзіць нарад. Таму па будзённых днях я чытаў дзяржаўную прэсу, а па выходных – незалежныя сайты праз тэлефон, які дазвалялася браць.

    Было прышпільна чытаць дзяржаўную прэсу пасля дэвальвацыі 19 снежня мінулага года. Бо даляр раптоўна ўзляцеў, а дзяржаўныя СМІ спрэс заспакойвалі людзей: “Не хвалюйцеся, стаўка рэфінансавання не вырасце, плацяжы па крэдытах не зменяцца, сярэдні заробак па Беларусі застанецца стабільным” і гэтак далей…

     

    Журналісцкія планы

    Што тычыцца найбліжэйшых планаў – Mediakritika.by чакае, TUT.BY даў замову напісаць “Пяць нагодаў, каб прыехаць у Слуцк”… Праўда, зараз у мяне нейкі тупняк пасля войска. Тыдзень таму я рабіў матэрыял пра Слуцкі збройны чын. Фоткі даволі хутка апрацаваў, але як толькі справа дайшла да тэксту – давялося памучыцца. Проста не было практыкі пэўны час. Зараз спрабую аднавіць навыкі.

    У бліжэйшы час збіраюся актыўна «фрылансерстваваць», працаваць для розных выданняў. Пра Новы год пакуль не думаў, бо 2015 сустракаў у самых сумных у жыцці ўмовах – за некалькі гадзін да 1 студзеня прыбыў у медроту са зламаным пальцам… Сёлета, спадзяюся, будзе па-іншаму.

    У новым 2016‑м годзе я жадаю ўсім сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў спраўджання іх планаў і мараў. Паменей расчараванняў, паменей нерваў!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці