• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Музеі вольнай Беларусі адкрылася выстава «Галасы» Кацярыны Еўдакімавай

    У Музеі вольнай Беларусі адкрылася выстава «Галасы» мастачкі Кацярыны Еўдакімавай у суаўтарстве з пісьменнікам-фантастам Сяргеем Антонавым. Куратарка праекту – Вольга Кліп. 

     Кацярына Еўдакімава выстава «Галасы»

    Адзін з экспанатаў выставы «Галасы» Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 28 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Выстава гукавых інсталяцыяў незвычайная паводле формы. Па-першае, гэта вынік супрацы двух творцаў. А па-другое, яна яднае ў сабе візуальны перформанс і літаратуру», – прэзентавала праект «Галасы» працаўніца Музею вольнай Беларусі Вольга Каралёнак.

    «Не люблю, калі беларускія тэмы заканчваюцца безнадзеяй»

    Чатыры гукавыя інсталяцыі мастачка Кацярына Еўдакімава стварыла на падставе чатырох апавяданняў беларускага пісьменніка-фантаста Сяргея Антонава – «Анёлы і аэрапланы», «Вяртанне», «Я выходжу» і «Адлюстраванне». Менавіта ў такім парадку. Усе чатыры навелы абʼяднаныя тэмаю супрацьстаяння беларусаў лукашэнкаўскаму рэжыму.

    Пятая інсталяцыя – «Карані і неба» – мае вяртаць гледача-слухача «ў стан цішыні і ўнутранай раўнавагі».

     

     Кацярына Еўдакімава выстава «Галасы»

    Мастачка Кацярына Еўдакімава на адкрыцці выставы «Галасы» Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 28 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Гэтак, адна з інсталяцыяў – без навелы, там чыстыя гукі: шум лесу, стракатанне конікаў, галасы дзяцей, гукі цягніка. Гэта пятая інсталяцыя. Чаму так? Бо чалавек у сваёй бязвыхаднасці шукае пяты кут. І знаходзіць яго. Таму гэтая гісторыя – з жыццесцвярджальным фіналам. Не люблю, калі беларускія тэмы заканчваюцца безнадзеяй. Я ўсё ж веру, што пасля любой цемры надыдзе світанак. Веру ў гэта. Тым больш у такі дзень, калі выходзіць на волю Анджэй Пачобут.

    Мне вельмі хацелася дамагчыся такога эфекту, як бывае ў цягніку: ты размаўляеш з незнаёмым чалавекам, з выпадковым спадарожнікам, і ён табе абсалютна шчыра расказвае гісторыю свайго жыцця. Так, мне здаецца, і ў прасторы «Галасоў», калі ты надзяваеш навушнікі і чуеш жывы голас, жывое сведчанне…» – казала Кацярына Еўдакімава.

     Кацярына Еўдакімава выстава «Галасы»

    Адзін з экспанатаў выставы «Галасы» Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 28 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Анёлы і аэрапланы на сценах следчага ізалятару

    Самыя «Галасы», а дакладней, мастацкая прастора, у якой яны прэзентуюцца (счытваюцца праз QR-коды, слухаўкі прапануюцца, на выбар дзве мовы – беларуская і польская), аперазаная 15-метровым фрызам, на якім мастачка спрабавала выпісаць алоўкам у алфавітным парадку прозвішчы ўсіх беларусаў, асуджаных паводле «палітычных» артыкулаў. Але дайшла толькі да літары К – стужкі не хапіла…

    «Мне здаецца, такія наглядныя рэчы вельмі добра паказваюць маштаб нашай трагедыі», – кажа мастачка.

    Як апавядае стваральніца «Галасоў», усё пачалося з самай першай – вельмі пранізлівай – навелы Сяргея Антонава «Анёлы і аэрапланы», якая наўпрост адсылае слухача да лёсу Алеся Пушкіна і прысвячаецца ягонай памяці. Апавяданне зрабіла на Кацярыну такое моцнае ўражанне, што яна падрыхтавала гукавую інсталяцыю і прапанавала яе для выставы, прысвечанай Алесю Пушкіну (ладзілася ў тым жа Музеі вольнай Беларусі), але не прайшла оpen сall. Ідэю, аднак, не адкінула і разам з Сяргеем Антонавым пашырыла праект, пастанавіўшы паказаць яго беларусам на Дзень палітвязня (21 траўня – дзень смерці Вітольда Ашурка) ці на Дзень годнасці 9 жніўня.

     Кацярына Еўдакімава выстава «Галасы»

    Наведнікі выставы «Галасы» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 28 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Удалося зрабіць гэта нават раней. «Галасы» ўпершыню былі паказаныя ў студзені 2026 года ў Бэльведэрскім палацы падчас спаткання прадстаўнікоў беларускай дыяспары з польскім прэзідэнтам Каралем Наўроцкім. 28 красавіка адбылася іх публічная прэмʼера.

    Пісьменнік Сяргей Антонаў, вядомы як адзін са стваральнікаў універсуму «Метро 2033» (ягоны раман «Цёмныя тунэлі» (2010) з гэтай серыі разышоўся накладам 200 тыс. асобнікаў і быў выдадзены ў 2015‑м па-польску), прызнаецца, што адмыслова для праекту «Галасы» стварыў дзве навелы – «Я выходжу» і «Адлюстраванне».

    «Першыя дзве – «Анёлы і аэрапланы» і «Вяртанне» – былі ўжо напісаныя, але ў мяне, як аўтара «Метро 2033» ніколі не бывае ў творах добрага фіналу. І тады Кацярына папрасіла, каб я напісаў яшчэ дзве, але са шчаслівай развязкай. Для яе гэта было вельмі важна. Так я і зрабіў», – тлумачыць Сяргей Антонаў.

    «Дакрануцца да іншай рэальнасці…»

    Апавяданне «Я выходжу» прачытаў на адкрыцці выставы былы актор гарадзенскага лялечнага тэатру Аляксандр Енджэеўскі – муж мастачкі Кацярыны Еўдакімавай.

    Аляксандр Енджэеўскі выстава «Галасы»

    Былы актор гарадзенскага лялечнага тэатру Аляксандр Енджэеўскі прамаўляе на адкрыцці выставы «Галасы» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 28 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Я выходжу» – іранічнае апавяданне пра беларуса, які пастанаўляе ахвяраваць сабой і вярнуцца з эміграцыі на радзіму, але, спаткаўшы перад самай мяжой таямнічую асобу, выходзіць з маршруткі. Вярнуцца на радзіму нібыта ўдаецца герою папярэдняй навелы – «Вяртанне», але ў ёй аўтар «Метро 2033» сябе ўжо не стрымліваў (слухаць усім, хто раздумвае, а ці не напісаць яму ліст у камісію аб вяртанні)…

    На шчасце, шалёныя думкі пра вяртанне ў Беларусь можна было запіць на вернісажы зонаўскім «чыфам» (тут перабольшваем – налівалі звычайную гарбату) з металічных кубкаў, якія вельмі і вельмі нагадвалі турэмныя «кругалі», – упрыкуску з рагачоўскай згушчонкай і сухарамі. Гэта сагравала (пасля магільнага холаду «Вяртання») і адначасова цвярэзіла.

    Як заўважыла на адкрыцці выставы куратарка Вольга Кліп, прапанаваны ў межах «Галасоў» фуршэт цалкам мог бы быць самастойнай інсталяцыяй.

    Вольга Кліп

    Куратарка выставы «Галасы» Вольга Кліп на адкрыцці ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 28 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Гэта можа выглядаць як нейкі атракцыён, але мастацтва менавіта такімі метадамі і працуе», – тлумачыла Вольга Кліп.

    «Не, я сёння ні ў якім разе не спрабую зрабіць рэканструкцыю турэмнай камеры ці чаявання ў катавальні, а проста прапаную дакрануцца да іншай рэальнасці», – падхоплівала Кацярына Еўдакімава, уручаючы кожнаму з наведнікаў «маляву» з QR-кодамі доступу да гукавых інсталяцыяў «Галасоў» – як «вестачкі на волю».

    Кацярына Еўдакімава – мультыдысцыплінарная мастачкай з Горадні, дзе да эміграцыі мела ўласную майстэрню – стварала ў ёй драўляныя цацкі. Мастачка пакінула Беларусь у 2023 годзе, пасля таго як муж, актор Аляксандр Енджэеўскі, некалькі содняў правёў у гарадзенскім ізалятары за падпіску на «экстрэмісцкія каналы». Цяпер мастачка жыве і працуе ў Беластоку.

     Кацярына Еўдакімава выстава «Галасы»

    Адзін з экспанатаў выставы «Галасы» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 28 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    У лістападзе 2025 года ў межах фестывалю «Прадмова» ў Варшаве Кацярына Еўдакімава прэзентавала мастацкі праект The Ele­phant in the Room – прысвячэнне раману Сашы Філіпенкі «Слон». Плёнам творчай супрацы з пісьменнікам Сяргеем Антонавым сталі прэзентаваныя ў Варшаве «Галасы». Але не толькі яны. У Беластоку мае неўзабаве адкрыцца выстава малюнкаў Кацярыны Еўдакімавай да кнігі казак Сяргея Антонава, выхад якой чакаецца ўлетку 2026 года (10 казак на трох мовах – беларускай, польскай, расейскай). Аляксандр Енджэеўскі рыхтуе паводле беластоцкіх казак Антонава дзіцячы спектакль.

    Выстава «Галасы» Кацярыны Еўдакімавай будзе адкрытая ў варшаўскім Музеі вольнай Беларусі (Fok­sal 11) да 12 траўня.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.