• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як пачуваецца прэса ў Грацы

    Падарожныя нататкі з элементамі эсэ.

    Грац, які ў 2003 годзе быў Еўрапейскай культурнай сталіцай, а на сёння з’яўляецца Еўрапейскім горадам правоў чалавека, мае багатую палітру газет. Пазнаёміцца з ёю атрымалася досыць выпадкова.

    У другой палове лета мне дзякуючы запрашэнню грамадскай арганізацыі “Культурнае Пасяродніцтва Шцірыі” і пры спрыянні Аддзела культуры  горада Грац  атрымалася пажыць і папрацаваць у сталіцы зямлі Шцірыя. Упраўляў справы літарацкія, але звыкла зважаў і на медыйны ландшафт.

    Зямля і людзі

    І Аўстрыя, і сталіцы яе дзевяці земляў даволі блізкія да Беларусі  і яе абласных цэнтраў па колькасці насельніцтва. У краіне жыве каля 8,5 мільёнаў, у Грацы (які, дарэчы, як Берасьце да Брэста, склаўся да свайго сённяшняга імя з дадзенага яму заснавальнікамі-славянамі больш поўнага “Градзец”) –  277 тысяч жыхароў.

    Зямля і газеты

    Акрамя шматлікіх рознай перыядычнасці платных і бясплатных інфармвыданняў з невялікім накладам, у горадзе выходзяць чатыры вялікія газеты. Тры з іх штодзённыя. Фактычна ўсе маюць сайты з інтэнсіўным абнаўленнем. Самая высокатыражная з  вялікіх газет гэта, парадаксальным чынам, “KLEINE ZEITUNG” (каля 480 тысяч асобнікаў), далей ідуць “KRONEN ZEITUNG” (каля 360 тысяч), “DIE PRESSE“  i  “KURIER”. Наклад гэтых апошніх не падаЮ, бо звесткі ёсць толькі з інтэрнэту, а ён пры праверцы адной з вышэйпададзеных лічбаў схібіў у бок павелічэння ў два разы. Паводле сведчання аднаго з калегаў, тры з  чацвёркі найбольш паспяховых газет маюць надрэгіянальныя рэдакцыі – у Грацы выходзіць высілкамі мясцовай рэдакцыі нумар на мясцовым матэрыяле. Высокатыражныя газеты зацікаўленыя ў падпісцы і распаўсюджваюцца ва ўсёй Шцірыі (толькі адна абмяжоўваецца пакуль сталіцай зямлі).

    Тут месціцца рэдакцыя “KLEINE ZEITUNG”

    Калі ездзіў на арэндаваным веліку на мясцовую цікавостку, гару Шёкль. а гэта 20 кіламетраў па вёсках і мястэчках, па дарозе пару разоў прыкмеціў  “імянныя” паштовыя скрынкі.  На пластыкавай трубцы-прыёмніку прэсы напісана, каб клаў туды паштар толькі і менавіта такую газету. У горадзе сустракаецца даволі рафінаваная рэклама газет у выглядзе дызайнерскіх ці то стэндаў, ці то скульптур, але і звычайных вывесак-слоганаў або зАклікаў.

    Экстэр’ер ды інтэр’ер газетных сядзібаў сведчаць пра іх нядрэнны матэрыяльны стан. “KLEINE ZEITUNG” месціцца ў нядаўна ўзведзенай архітэктурнай пярліне Граца – гатэлі “Шцірыя” (на здымку), рэдакцыя “KRONEN ZEITUNG” таксама займае частку неблагога сучаснага будынка

    А гэта рэзідэнцыя “KRONEN ZEITUNG”

    У аддзеле культуры “KRONEN ZEITUNG”

    Магістр Міхаэла Райхарт, супрацоўніца аддзела культуры “KRONEN ZEITUNG”, сведчыць: “Працаваць усё больш няпроста. Ідзе лавіна інфармацыі, падзей шмат. Канкурэнцыя  на медыйным полі вялікая, але не так яна даецца ў знакі, як інтэрнэт, які трэба браць у разлік усё больш. Мы на другім месцы па накладу. Але не дзякуючы арыентацыі на нейкую інфармацыйную нішу. І мы, і газеты з меншым накладам – пішам на ўсе тэмы”.

    Тлустыя маргіналіі

    Нечаканым чынам атрымаў пацверджанне гэтаму на “ВЫРЫВАШЦЫ”. Прыкладна так, яшчэ з асацыятыўным наслаеннем уцёкаў, перакладаецца назоў “Насценнай Газеты Граца “AUS­REIßER”, як гэты лісток сябе пазіцыянуе сам. Наклад у яго 1500 асобнікаў, у імпрэсуме публікуюцца ўзгодненыя,  нельга не думаць, месцы расклейкі.  Менавіта на адным з такіх стэндаў убачыў яе ўпершыню. Слоган  ”Гоп-ля, зашмат зместу, замала месца!” з апошняга яе нумара, які ўзяў на горцы для раздаткавых матэрыялаў пры дзвярах Аддзела культуры горада Грац, – гэта ніякія не “панты”. No points. Таму што ў нумары ёсць і калонка рэдактара, і аналітычны матэрыял пра бюракратыю ў горадзе,  і некалькі крытычных зацемак пра мастацтва (пра памежжа слова і малюнка мне найбліжэй было)… І яшчэ рэцэнзія на фотавыставу! І яшчэ пераклад верша з чэшскай на нямецкую!! Прычым тэкст перакладу ўпоравень з арыгіналам!!!

    Насценгазета Граца “AUS­REIßER”

    Акрамя спакуслівага сказу, маўляў, рэдакцыя ЧАКАЕ матэрыялы ад любога, хто хоча іх рабіць, маЮ ўвагу ў нумары прыцягнула яшчэ адна  характэрная аб’ява. Рэдакцыя ў сувязі з яе жаданнем быць як мага больш самастойнай і рашэннем адмовіцца ад камерцыйнай рэкламы просіць чытачоў аб пасільнай фінансавай падтрымцы.

    Дык аддацца ці прадацца?

    Не заглыбляючыся ў юрыдычныя нетры, зацемлю ўсё ж, што ў Аўстрыі існуе інструмент фінансавай падтрымкі прэсы. Прэсу не так  даўно абклалі яшчэ адным падаткам на продаж, і штодзённым газетам адмысловым заканадаўчым актам надалі права атрымліваць субсідыі.

    У самым вялікім супермаркеце Граца, які нядаўна пабудавалі ў полі каля прадмесця Зайэрсберг, не прамінуў горку-вяртушку з газетамі. Яна стаяла ў кніжным аддзеле (не як у нас –  абы-дзе, а можа нават і наўпрост у прадуктовых аддзелах-крамах; гэта каб набраўся на рукі канцэрагеннай паліграфіі і потым мацаў сабе дахаты прадукты).  Найперш кінуліся ў вочы агульнанямецкамоўныя гіганты  Die ZEIT,  SÜDDEUTSCHE ZEITUNG. А далей – вось яны, знаёмыя “KLEINE…” “KRONEN…”. “KURIER” таксама мільгае як знаёмы, але больш з асацыяцыямі на “Брестский курьер”.  Чакана не было “AUS­REIßER“ ’а,  – “ВЫРЫВАШКІ”,  і не таму, што яе расклейваюць, вядома.

    Гіганты каштуюць  два, два з паловай еўра за асобнік.

    “Рэгіянальныя каштуюць менш, адзін еўра трыццаць цэнтаў або каля таго, – патлумачыў прадавач аддзела.  – Натуральна, іх купляюць больш ахвотна”.

    Чаму гэта так,  чалавек патлумачыць абцяжарыўся.  Мыслю, гарантавана не найперш з‑за меншага кошту.  

    Чаму так думаю? З‑за свайго роду …ну не шкурнасці ж; “эгаізму” таксама занадта сказаць было б… З уласнага досведу, якому надта давяраеш – вось чаму. Я ў свой час яшчэ ў спрэс расейскамоўным ЭсЭсЭры Караткевіча вылучыў найперш з‑за таго, што ў яго “Каласах…” назовы тутэйшыя мільгалі, рэаліі. “Дык гэта ж пра мяне. Пра нас.”  

    І апушчу на шалю вагаў галоўную, журналісцкую гірку.  У Аўстрыі сярэдні заробак, паводле краінавай статыстыкі за 2014 год, склаў  каля 2800 еўра ў месяц брута, гэта значыць з усімі падаткамі і плацяжамі. З той цікавай для нас дэталлю,  што рабочыя зарабляюць, у сярэднім, на 500 – 800 еўра менш, а службоўцы, адпаведна,  на столькісама больш.  Дык ці цяжка аддаць адну тысячную дзель заробку?  У пераліку нават на нашу капыльную статыстыку, ці цяжка вам было б аддаць 700 беларускіх рублёў? І ці iстотна было б, 700 або 400?

    Дарэчы, адным з самых вялікіх маіх уражанняў было, калі  перад азнаямленчай аўтобуснай паездкай на дзянёк у Вену дзесьці на вуліцы ў Грацы ўзяў у дарожку мясцовую тоўстую газету. Спакусіў назоў  “KULTURZEITUNG”. Пад ім – сапраўды, “gratis”. “За так”. Разгарнуў імпрэсум – 200 тысяч асобнікаў!!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці