• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Юрыст: Прэзумпцыя невінаватасці журналістак у справе «БелТА» была парушаная, але падаць у суд на СК не ўдасца

    У «справе БелТА» сярод іншых абставін прыцягвала ўвагу тое, што Следчы камітэт апублікаваў імёны падазраваных і назвы кампаній, дзе яны працуюць, яшчэ да таго, як скончыліся вобшукі. А допыты і не пачыналіся.

    З пытаннем, чаму так адбылося, учора апублікавала ліст і адна з рэдактарак TUT.by Ганна Калтыгіна:

    «Пра тое, што з’яўляюся падазраванай, а акрамя таго — затрыманая, я даведалася з вашага рэлізу. Яго вы выпусцілі ў раёне 9:20 (у гэты час з’явіўся прэс-рэліз пра затрыманне Марыны Золатавай, Ганны Калтыгінай і Таццяны Каравянковай — Рэд.). У Марыны Золатавай і Тані Каравянковай яшчэ ішоў ператрус. Мяне яшчэ нават не дапыталі. Нікому з нас не было абвешчана пра падазрэнні, а пра тое, што мы затрыманыя, даведаліся і зусім пасля абеду».

    Звычайна следства імкнецца не называць імёны падазраваных да высвятленне абставін, каб не пашкодзіць рэпутацыі чалавека (ці месца, дзе ён працуе), але ў гэтым выпадку журналісткі сталі дзіўным выключэннем з правіл.

    Мы спыталі ў юрыста Паўла Сапелкі, ці могуць яны падаць у суд на Следчы камітэт за тое, што быў парушаны прынцып прэзумпцыі невінаватасці.

    Павел Сапелка, фота: www.facebook.com

    «Безумоўна, прэс-рэліз Следчага камітэта парушыў прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Але там было сказана, што журналісткі падазраюцца ў здзяйсненні злачынства. Трэба разумець, што падазрэнне не раўняецца таму, што злачынства здзейснілі.

    За такую фармулёўку не падасі ў суд. У нас у суд можна падаваць не проста па факце, што яны сказалі ці напісалі нешта, што вам не спадабалася.

    Чалавек мае права абараняць у судовым парадку свае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, але яны абараняюцца ў тым выпадку, калі агалошваюцца звесткі, што не адпавядаюць рэчаіснасці і адначасова знеслаўляюць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

    Распаўсюджаныя дадзеныя (што канкрэтныя журналісткі з’яўляюцца падазраванымі па крымінальнай справе), у прынцыпе, адпавядаюць рэчаіснасці. Таму браць другую частку за падставу звяртацца ў суд амаль бессэнсоўна — у пазове будзе адмоўлена. Акрамя таго, такая справа не будзе разглядацца судом ў грамадзянскім судаводстве: хутчэй за ўсё яе спыняць да вырашэння крымінальнай справы (ці спыненне справы, ці апраўданне, ці вынясенне прысуду).

    Скажу яшчэ непрыемнае. Думаю, журналісты, што трапілі ў падобную сітуацыю цяпер, у будучыні з павагай будуць ставіцца да іншых падазраваных, зразумеюць каштоўнасць прэзумпцыі невінаватасці. Я неяк чытаў на гэтую тэму курс і прасіў журналістаў: «Паважаныя, не называйце імёнаў людзей, іх месца працы да таго, як прысуд не ўступіць у сілу. Бо такім чынам вы забіваеце рэпутацыю чалавека і, будучы трэцяй уладай, рыхтуеце яму больш жорсткі прысуд. Згадайце справу раварыста з бітай: прэса і грамадства асудзілі яго раней, чым гэта зрабіў суд. І пасля суду ўжо прыйшлося лічыцца з грамадскім меркаваннем, — пракаментаваў «НН» Павел Сапелка.

    «Галоўная выснова з гэтай справы — гэта тое, што многія дзеянні, працэсуальныя рашэнні і меры былі яўна не сувымерныя цяжкасці злачынства і ўвогуле самому злачынству, якое расследуецца», — дадаў ён.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці