• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З паднятым забралам. Год таму не стала вядомага журналіста Аляксандра Тамковіча

    Роўна год таму — 4 сакавіка 2022-га — пайшоў з жыцця сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў і Беларускага саюза пісьменнікаў Аляксандр Тамковіч. Сваякі, паплечнікі, землякі сабраліся на ягонай радзіме ў Ашмянах — пабылі на памінальнай службе ў касцёле і наведалі месца пахавання на гарадскіх могілках.   

    20 апошніх гадоў жыццё Аляксандра Тамковіча суправаджалася змаганнем з сур’ёзнымі хваробамі. На пачатку нулявых бяда накрыла раптоўна, уцямны дыягназ лекары так і не паставілі — “дэзарыентацыя” з адмовай моўнага апарату і здольнасці самастойна перамяшчацца.

    Магчыма, да рэзкай капітуляцыі арганізму спрычынілася смерць маці і атака на заснаваную ім газету “День”.

    Аднак факт застаецца фактам: поўны сіл і энергіі мужчына ператварыўся ў бездапаможнае дзіця. “Свяцілы” ад медыцыны толькі разводзілі рукамі, а ўрэшце адвялі некалькі месяцаў на ўладкаванне зямных спраў. 

    Аляксандр Тамковіч не толькі выстаяў — праз пару гадоў пасля катэгарычнага «прысуду» фактычна вярнуўся да паўнавартаснага жыцця. Ці тут заслуга ўнутранай мабілізацыі, ці ўзятай на ўзбраенне кітайскай мэдыцыны з “варывам”, але бессэнсоўны набор гукаў аформіўся ў звязаную гаворку, а шаркаючыя сантыметровыя крокі змяніліся цалкам упэўненай хадой. Адзінае, што не атрымалася, дык гэта зноў сесці за руль: менавіта ў машыне некалі зразумеў, што галава, рукі і ногі працуюць у розных рэжымах. Больш рызыкаваць не хацелася.

    Неўзабаве вярнуўся ў журналістыку, асобнымі кнігамі выдаў пад два дзясяткі публіцыстычных нататак ды партрэтаў сучаснікаў. Аднавіў супрацу з тыднёвікам “Свободные новости”, да з’яўлення якога ў свой час асабіста прыклаў руку.

    Сумесна з БАЖ рэалізаваў праект віртуальнай галерэі — своеасаблівай інтэрнэт-энцыклапедыі, прысвечанай сваім шматлікім героям. 

    Па сукупнасці творчых заслуг Аляксандр Тамковіч быў адзначаны прэміяй ПЭН-цэнтра імя Алеся Адамовіча, дыпломам імя Юрыя Захаранкі “З паднятым забралам” ды іншымі ўзнагародамі. 

    Паступова аднавілася цікавасць да старых захапленняў — з дзяцінства ён апантаны рыбак і грыбнік.     

    На жаль, “прабоіны” ў арганізме канчаткова так і не зацягнуліся — ужо ў першую хвалю каранавіруса ў 2020 годзе Аляксандр Тамковіч цяжка захварэў. Пакуль эксперыментальнымі метадамі выганялі яшчэ невядомы кавід, з’явіўся дыябет. Следам абвастрыліся рэўматычныя болі, практычна адмовіла правая рука.

    Далей — горш. Увосень 2021-га на фоне лячэння гарманальнымі прэпаратамі і антыбіётыкамі здарыўся інфаркт. У шпіталі паўторна падхапіў каранавірус, зноў медыкаментозная атака. Ці паўплывала менавіта гэта, але ў брушной поласці выскачылі з дзясятак паліпаў, адзін аказаўся злаякасным. 

    Наступны курс лячэння праходзіў ужо ў мінскім гарадскім анкадыспансеры. Нягледзячы на хірургічна выдалены нарост, рак пачаў распаўсюджвацца на косткі. Не тое што падняцца, нават сесці стала праблемай. Так Аляксандр канчаткова стаў ляжачым. А перад Новым годам-2022 у выніку чарговага кансіліуму выпісалі дадому “глядзець тэлевізар” — маўляў, пасля інфаркту “хімія” супрацьпаказаная, бо прывядзе да адмовы ўсіх важных органаў. 

    Натуральна, калі на табе паставілі крыж, чарговым разам даўшы пару месяцаў на складанне тэстаменту, складана абмежавацца тэлевізарам. Прынамсі любы жорсткі прысуд хочацца паспрабаваць аспрэчыць у верхняй інстанцыі, у дадзеным выпадку — праз Бараўляны.

    Статусныя сябры дапамаглі трапіць на поўны медагляд у перапоўненую паліклініку Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі: МРТ, КТ, ультрагукавая дыягностыка, аналіз крыві. Аднак калегіяльны вердыкт не стаў суцяшальным: метастазы апанавалі практычна ўвесь шкілет, а “хімія” ў адсутнасць кампактнага ачага немагчымая. Заставалася толькі надзея на правераную дзесяцігоддзямі прагу да жыцця…

    З дапамогай сям’і і аднадумцаў ён і трымаўся да апошняга: разбаўляў рацыён ратавальным кітайскім “варывам”, захоўваў інтарэс да грамадскіх падзей, быў у шоку ад падзей ва Украіне, з якой быў шчыльна звязаны яшчэ курсантам Львоўскай вышэйшай вайскова-палітычнай вучэльні. 

    Выкараскацца толькі на “маральна-валявых” не ўдалося. 4 сакавіка 2022 года стомленае сэрца Аляксандра Тамковіча спынілася назаўжды. Яму было 58 гадоў, крыху не хапіла да сёлетняга юбілею. 

    Журналіста пахавалі на радзіме ў Ашмянах побач з маці, дачасны сыход якой стаў сур’ёзным шокам, ад якога сын так і не адышоў. Да лета тут з’явіцца помнік, пакуль жа сваякоў ды сяброў сустракае ўсмешлівы фотаздымак светлага і годнага чалавека…   

    ***   
    Аляксандр Тамковіч нарадзіўся 9 лістапада 1963 года. Пасля заканчэння школы ў Ашмянах паступіў на факультэт журналістыкі Львоўскай вышэйшай ваенна-палітычнай вучэльні. Працаваў карэспандэнтам акруговага выдання “Во славу Родины”, намеснікам галоўнага рэдактара тыднёвіка “Свободные новости”, у 2001‑м стварыў і ўзначаліў газету “День”. 

    З 2000 года — сябра кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў, з 2009-га — сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, з 2012 года — сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

    Да апошняга спадзяваліся на цуд жонка Ірына, дачка Каця, зяць, маленькая ўнучка. Цяпер жа засталася толькі памяць…  

    Чытайце яшчэ:

    БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі: прайдзіце яго і дапамажыце нам стаць лепш!

    У Магілёве затрымлівалі фотакарэспандэнта парталу «Могилёв. Онлайн». Зараз ён на свабодзе

    Читают УНИАН, смотрят YouTube и устают от новостей: результаты опроса протестной аудитории

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці