На патрабаванне пракурора Магілёўскай вобласці заблакаваны доступ да сайта tribunal.info
Паводле пастановы пракурора Магілёўскай вобласці Валерыя Куліковіча абмежаваны доступ на тэрыторыі Беларусі да інтэрнэт-рэсурсу tribunal.info. На меркаванне пракуратуры, гэты рэсурс парушыў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».

Скрыншот
«У прыватнасці, на партале размяшчаліся матэрыялы, у якіх былі прыкметы экстрэмізму, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці альбо варажнечы, дыскрэдытацыю кіраўніка дзяржавы, органаў улады і праваахоўнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, а таксама заклікі да арганізацыі і падрыхтоўкі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ўдзелу у іх», — паведамляе сайт ведамства.
Міністэрства сувязі і інфармацыі Рэспублікі Беларусь абмежавала доступ да сайта tribunal.info, але ён адкрываецца з‑за мяжы і праз vpn.
Tribunal.info — гэта пляцоўка ініцыятывы «Белорусский народный трибунал». Ініцыятыва «была створаная для выказвання меркавання беларускага народа аб парушэннях правоў чалавека і свабод у краіне», гаворыцца на інтэрнэт-старонцы. Публічным прадстаўніком ініцыятывы з’яўляецца былы сілавік Ігар Макар. З ініцыятывай супрацоўнічае журналіст і медыяменеджар Арцём Прыпісноў.
