• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Занадта моцна». У Варшаве адбылася прэм’ера фільму пра журналістак «Белсату» – «У жывым эфіры»

    20 лістапада ў межах фестывалю беларускага незалежнага кіно «Bulbamovie 2022» адбылася варшаўская прэмʼера кароткаметражнай стужкі рэжысёркі Мары Тамковіч «У жывым эфіры» («Na żywo»). Фільм распавядае гісторыю затрымання падчас прамой трансляцыі з плошчы Пераменаў у Менску журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай. Журналістка Дарʼя Чульцова, якая адбыла ў калоніі 2 гады і выйшла на свабоду 3 верасня 2022 года, знаходзілася ў кіназале.

    «Ужо не першы раз бачу гэты фільм, але да гэтага глядзела яго на маленькім экране. І тады не так уразіла, хоць бачыла ўсе гэтыя кадры, якія сама здымала. Але цяпер гэта было… занадта, занадта моцна. Я не магла, мяне дагэтуль калоціць. Паліліся слёзы… Усе гэтыя кадры, усё перажываеш нанава, быццам вяртаешся туды», – прызналася падчас дыскусіі, зладжанай пасля прэмʼеры фільму «У жывым эфіры», журналістка «Белсату» Дарʼя Чульцова.

    «Я бы хацела паглядзець гэты фільм вачыма простага чалавека, які ў гэтым не ўдзельнічаў… Цікава, як гэта ўспрымаецца іншымі, а не мной», – дадала Дарʼя Чульцова.

    Зала кінатэатру «Ілюзіон» у гэты дзень была запоўненая да адказу, білеты на прэм’еру – раскупленыя яшчэ напярэдадні.

    Чорны кадр і – «Ляжаць!»

    Дзве журналісткі Алена (Аляксандра Вайцэховіч) і Вольга (Паліна Чабатарова) выходзяць у жывы эфір незалежнага беларускага тэлебачання 15 лістапада 2020 года, каб распавесці пра тое, што адбываецца на менскай плошчы Пераменаў. 99‑ы дзень пратэстаў у Беларусі. Дзяўчыны здымаюць з кватэры незнаёмага менчука (Андрэй Новік). «Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!» і «Сыходзь!», але найчасцей гучыць лозунг «Трыбунал!» – гучыць голас Алены.

    І раптам – дрон. Ён уздымаецца над балконам, з якога здымае Вольга. Журналісткам загадваюць з рэдакцыі скончыць трансляцыю і сцішыцца. Аднак калі на плошчы пачынаецца разгон і хапун, Алена прымае рашэнне працягнуць стрым. У падʼездзе ўжо –  амонаўскія мацюкі, грукат у дзверы. Дзяўчыны чуюць, як ломяцца да суседзяў. І – вырашаюць выйсці…

    Фільм працягваецца крыху больш за 10 хвілін і заканчваецца чорным кадрам, агучаным звярынымі рыкамі амонаўцаў: «Ляжаць!».

    Рыжысёрка і сцэнарыстка стужкі «У жывым эфіры» Мара Тамковіч падкрэсліла падчас дыскусіі, што гэта гульнявы фільм, а вобразы гераінь не капіююць характараў журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай. Таму гераіні маюць іншыя імёны. Ход падзеяў у сюжэце фільму таксама пераасэнсаваны (у рэальнасці журналісткі былі затрыманыя ў кватэры).

    «Справа ў тым, што мне было важна перадаць той эмацыйны стан, у якім знаходзіліся дзяўчыны, калі павінны былі зрабіць важны выбар. Выбар, які рабілі не толькі яны, але на той час – усе беларусы», – патлумачыла Мара Тамковіч.

    «Два гады прайшло – і стала яшчэ горш»

    Мара Тамковіч вырашыла расказаць гледачам гэтую гісторыю, бо яна аказалася вельмі блізкай да яе. Не толькі геаграфічна і палітычна, але нават на ўзроўні сямʼі: муж Мары журналіст Юрась Высоцкі каардынаваў у той вечар стрым з плошчы Пераменаў, і гэта ягоны голас мы чуем у фільме, калі Алена (Кацярына) пытаецца, ці можа працягваць трансляцыю («Калі мы не пакажам – ніхто не пакажа»).

    Сцэнар фільму ўзнік увесну 2021 года і стаў, па словах Мары Тамковіч, «вынікам пачуцця бяссільнасці»: калі назіраеш за падзеямі здалёк, з іншай краіны, адчуваеш бяссілле, і трэба нешта рабіць. Рэжысёрка прызналася, што для яе было прынцыпова, каб у фільме здымаліся беларускія акторкі. Кажа, што не шукала стопрацэнтовага падабенства з прататыпамі, але ў выпадку Дарʼі Чульцовай і Паліны Чабатаровай – атрымалася.

    Даша і Паліна падчас сустрэчы сядзелі поплеч і сапраўды выглядалі як сёстры.

    «Гісторыя Кацярыны і Дашы – гэта доказ таго, наколькі шмат у Беларусі светлых і чыстых людзей. Над нашай краінай цяпер навісла вялізнае зло. І калі яно згіне, яно, а яно згіне абавязкова, Беларусь стане вельмі светлай краінай. Тое, што зрабілі Даша, Каця і мноства іншых беларусаў – гэта вялікі подзвіг», – сказала на сустрэчы акторка Паліна Чабатарова, якая сыграла ў фільме аператарку Вольгу (Дарʼю Чульцову).

    Дарʼя Чульцова прызналася, што не можа пакуль адказаць на пытанне пра тое, як яе змяніла турэмная рэчаіснасць.

    «Я не магу сказаць, што канкрэтна са мной адбываецца – не хачу зараз у гэтым разбірацца. Спрабую займацца іншымі пытаннямі, праблемамі і справамі. Але, напэўна, у мяне зʼявіліся сілы, каб успрымаць рэчаіснасць, якой бы яна ні была, і пры гэтым не страціць розум», – казала журналістка «Белсату» Дарʼя Чульцова.

    Па яе словах, што б ні рабілі зараз беларусы і што б ні рабіла Еўропа, у Беларусі становіцца толькі горш.

    «Два гады прайшло, і стала яшчэ горш. Яшчэ больш рэпрэсіяў, і нічога не заканчваецца… Я не ведаю, што тут можна рабіць і ці дастаткова нейкіх дзеянняў. Тое, што я бачу, – гэта свет дагары нагамі», – сказала Дарʼя Чульцова.

    «Дзеля чаго?..»

    У сваёй прамове Дарʼя Чульцова ўзгадала палітзняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву, якая не можа знаходзіцца на прэмʼеры фільму ў Варшаве, таму што працягвае адбываць турэмны тэрмін у Беларусі.

    «Я дагэтуль не магу гэта прыняць і перажыць», – прызналася журналістка «Белсату».

    Акторка Аляксандра Вайцэховіч, якая выканала ў фільме ролю журналісткі Алены (Кацярыны Андрэевай) задала напрыканцы дыскусіі ці не найважнейшае для многіх беларусаў пытанне: дзеля чаго?..

    «Дзеля чаго цяпер Каця губляе, можа быць, найлепшыя гады свайго жыцця? Дзеля чаго пацярпела столькі людзей і семʼяў? У канцы фільму «Гладыятар» гучыць такая фраза: «Ці варты Рым жыцця аднаго добрага чалавека? Спадзяюся, што варты». Дык ці вартая Беларусь жыцця хоць бы аднаго чалавека? Спадзяюся, што вартая…» – сказала Аляксандра Вайцэховіч.

    Прэм’ера фільму «У жывым эфіры» беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч адбылася ў верасні 2022 году на фестывалі гульнявых фільмаў у Гдыні (спецыяльная ўзнагарода). На кінафестывалі ў Чыкага фільм атрымаў прыз «Sil­ver Hugo Award». Прэм’ера стужкі ў Варшаве адбылася ў межах фестывалю незалежнага беларускага кіно «Bul­bamovie», які праходзіў у польскай сталіцы 18–20 лістапада. Паказы адбываліся ў варшаўскім кінатэатры «Iluzjon».

    Чытайце яшчэ:

    «Былі перакананыя, што Кіеў здадзены і Украіны больш няма». Як працуе ва Украіне расійская прапаганда, размова з аналітыкам Атарам Даўжэнкам

    Да 15-годдзя «Белсату». Першапраходцы: Алесь Карніенка

    На сайце dissidentby з’явілася магчымасць дасылаць лісты палітвязням

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці