• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Запушчаны збор на падтрымку рэжысёра і журналіста Андрэя Гнёта

    Зараз Андрэй Гнёт чакае разгляду сваёй апеляцыі на рашэнне аб экстрадыцыі з Сербіі ў Беларусь. Слуханне пройдзе ў Апеляцыйным судзе Бялграда 27 жніўня. Журналіст, між тым, абавязаны забяспечваць, акрамя судовых выдаткаў, сваё ўтрыманне пад хатнім арыштам, свае побытавыя і медычныя патрэбы.

    Андрэй Гнёт. Крыніца фота: DW

    У першай палове ліпеня Інтэрпол выкрасліў Андрэя Гнёта са свайго «чырвонага спісу». У лісце з Генеральнага сакратарыята Інтэрпола паведамляецца, што знаходжанне Андрэя Гнёта ў так званым спісе «red notices for want­ed per­sons» супярэчыць артыкулам 2 і 3 статута Інтэрпола. Паводле артыкула 2, Інтэрпол мае на мэце забяспечваць «шырокае ўзаемадзеянне крымінальнай паліцыі ў межах дзейнага заканадаўства краіны і ў духу Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека». Артыкул 3 падкрэслівае: «Арганізацыі катэгарычна забараняецца ажыццяўляць якое-небудзь умяшальніцтва ці дзейнасць палітычнага, ваеннага, рэлігійнага ці расавага характару».

    Але пакуль застаецца вострай пагроза пераследу ў Беларусі, бо ўлады Сербіі пакуль не адмаўляюцца ад намеру экстрадаваць Андрэя Гнёта ў Беларусь. Журналіст спадзяецца, што праблема будзе нарэшце вырашаная 27 жніўня разглядам апеляцыі на яго карысць.

    Улічваючы ўсе абставіны (адсутнасць крыніц прыбытку на сёння, праблемы са здароўем, якія абвастрыліся падчас арышту, судовыя выдаткі і г. д.), на платформе Gofundme абвешчаны фінансавы збор «Help Andrey Gny­ot save his life».

    Мэта — сабраць 10 тысяч еўра для журналіста, які «знаходзіцца пад хатнім арыштам, за забеспячэнне якога адказвае сам».

    Падчас знаходжання пад арыштам у цэнтральнай турме Бялграда Андрэю Гнёту давялося ўзяць на сябе «значныя фінансавыя абавязкі: толькі судовыя выдаткі склалі не менш за 23 тысячы еўра». «Андрэй не можа займацца дзейнасцю, якая б прыносіла прыбытак, не мае фінансавых рэзерваў, не атрымлівае пасіўнага прыбытку. І ён мусіць штодня набываць прадукты ў краме і лекі ў аптэцы. Калі ж ён не зможа плаціць арэнду за кватэру, то яго зноў змесцяць пад варту», — падкрэсліваецца арганізатарамі збору.

    Хто такі Андрэй Гнёт?

    41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнанае «экстрэмісцкім фарміраваннем».

    Мужчына быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі, калі прыляцеў у Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку па запыце беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

    Спачатку мужчыну было вырашана выдаць Беларусі, але 12 сакавіка 2024 года Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў гэтую пастанову. Пасля гэтага справа аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта пераглядалася яшчэ некалькі разоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці