Telegram-канал экс-палітзняволенай журналісткі Марыны Золатавай беларускія ўлады абвесцілі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй»
Міністэрства інфармацыі Беларусі 7 жніўня чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Марына Золатава. Фота: «Люстэрка»
У пералік забароненай да распаўсюду на тэрыторыі Беларусі інфармацыйнай прадукцыі ўключылі Telegram-канал MZ live (ідэнтыфікатар https://t.me/MZolatava_live). Гэта інтэрнэт-рэсурс журналісткі Марыны Золатавай — экс-палітзняволенай, былой галоўнай рэдактаркі найбуйнейшага незалежнага беларускага партала TUT.BY, якая пацярпела ад рэпрэсій супраць незалежных медыя ў Беларусі.
У 2018 годзе супраць яе была ўзбуджана крымінальная справа за нібыта несанкцыянаваны доступ да кантэнту дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, Золатаву пакаралі буйным штрафам. У траўні 2021 года яе затрымалі падчас маштабнага разгрому ўладамі рэдакцыі TUT.BY. У сакавіку 2023 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў Марыне Золатавай 12 гадоў пазбаўлення волі за нібыта ўхіленне ад выплаты падаткаў і распальванне варожасці. 13 снежня 2025 года яна была вызвалена з‑за кратаў пасля сустрэчы амерыканскай дэлегацыі на чале з прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам з афіцыйным Мінскам. Журналістку прымусова вывезлі з Беларусі ва Украіну, зараз Марына жыве ў Польшчы і працягвае прафесійную дзейнасць.
Рашэнне прызнаць Telegram-канал экс-палітзняволенай журналісткі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 5 жніўня 2026 года суд Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці.
«На свободе, но не дома»: Марина Золотова написала эксклюзивное эссе для RSF
У той самы дзень гэтым жа судом быў прызнаны «экстрэмісцкім» кантэнт Telegram-канала «Розовые Косынки» (ідэнтыфікатар https://t.me/pink_scarves), які паведамляе актуальную інфармацыю пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, у тым ліку навіны пра палітзняволеных жанчын. Гэты інтэрнэт-рэсурс таксама ўключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У адпаведнасці з рашэннем суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы ад 5 жніўня 2026 года ў «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма трапіў Instagram-акаўнт leanidsudalenka (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/leanidsudalenka). Ён належыць праваабаронцу, экс-палітвязню Леаніду Судаленку, які неаднаразова бараніў правы журналістаў.
Цяпер праваабаронца вымушана жыве за мяжой, у Беларусі супраць яго распачалі некалькі новых палітычна матываваных крымінальных спраў. У эміграцыі Леанід Судаленка працягвае праваабарончую дзейнасць і займаецца блогерствам. У траўні 2026 года яго старонка ў TikTok таксама была прызнана «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». Судаленка спрабаваў абскардзіць гэтае рашэнне суда Маладзечанскага раёна, аднак суд не прыняў апеляцыйную скаргу на падставе таго, што праваабаронца «не даказаў прыналежнасць акаўнта менавіта яму». Леанід Судаленка накіраваў прыватную скаргу ў Мінскі абласны суд.
@bajmedia