Журналіст Ігар Карней, якога накіравалі для адбыцьця пакараньня ў шклоўскую калёнію, прайшоў карантын і разьмеркаваны ў атрад.
«Зь ім усё нармальна, былі лісты і адзін званок. Вядома, што ён ужо працуе на пілараме», — паведаміла пра журналіста Ігара Карнея дасьведчаная крыніца.
Журналіст, былы карэспандэнт Радыё Свабода Ігар Карней быў затрыманы ў Менску роўна год таму, 17 ліпеня 2023-га.
22 сакавіка 2024 году Менскі гарадзкі суд прызнаў Ігара Карнея вінаватым паводле ч. 3 арт. 361–1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і пакараў 3 гадамі зьняволеньня і грашовым штрафам у памеры 20 тысяч рублёў.
Да суду Карнея трымалі ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага, потым у магілёўскім СІЗА ён чакаў разгляду апэляцыйнай скаргі. Вярхоўны суд пакінуў прысуд журналісту бяз зьмены.
У чэрвені стала вядома, што Ігара Карнея для адбыцьця пакараньня перавялі ў папраўчую калёнію № 17 у Шклове. Вядома, што ў зьняволеньні ён шмат чытае і навучыўся гуляць у нарды, папулярную ў беларускіх вязьніцах настольную гульню.
«Чакаем ад яго званку і лістоў. Раней казаў, што на здароўе ня скардзіцца», — паведаміла крыніца пра Ігара Карнея.
Беларускія праваабаронцы прызналі Ігара Карнея палітзьняволеным.