10 гадоў. Журналіста Даніла Палянскага звінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» і асудзілі
Справу супраць журналіста-фрылансера Даніла Палянскага разглядаў Брэсцкі абласны суд. БАЖ даведаўся, што судовы працэс распачаўся ў сярэдзіне ліпеня 2025 года і праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд прагучаў 25 ліпеня.

Брэсцкі журналіст Даніл Палянскі. Фота: з асабістага архіва
У выніку некалькіх пасяджэнняў Брэсцкі абласны суд прызнаў Даніла Палянскага вінаватым у «здрадзе дзяржаве» (паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса РБ) і прыгаварыў да 10 гадоў пазбаўлення волі.
У дадатак суд прызначыў сплаціць на карысць дзяржавы штраф памерам 500 базавых велічынь — на сёння гэта 21 000 рублёў (прыблізна 7135 USD). Праз «засакрэчанасць» судовага працэсу уласна сутнасць абвінавачанняў, высунутых супраць журналіста, так і застаецца невядомай.
Журналіст-фрылансер Даніл Палянскі быў затрыманы, найверагодней, 19 верасня 2024 года пасля вяртання на радзіму з Расіі. Дакладная дата невядомая, але пазней з ім знікла сувязь.
На пачатку верасня Даніл Палянскі ездзіў у Расію да сваякоў. У дарозе здарыўся інцыдэнт з расійскімі сілавікамі. Яго аўтамабіль спынілі супрацоўнікі расійскай ФСБ і пасля звінавацілі ў адміністрацыйным парушэнні за непадпарадкаванне — нібыта ён адмовіўся паказваць дакументы.
«Даніл казаў, што на той момант яго пашпарт быў у руках расійскага сілавіка, таму быў намераны абскардзіць адміністрацыйны штраф, — распавядаў адзін са знаёмых Палянскага. — Пазней, калі ён вярнуўся ў Брэст, яго затрымалі супрацоўнікі КДБ».
Ад пачатку меркавалася, што затрымалі за нейкае адміністрацыйнае правапарушэнне. Але праз некалькі тыдняў стала вядома, што супраць журналіста распачалі крымінальную справу. Да суда яго трымалі пад вартай у брэсцкім СІЗА.
Данілу Палянскаму 54 гады. У якасці відэааператара ў свой час супрацоўнічаў з дзяржаўнымі і камерцыйнымі тэлеканаламі, а таксама з незалежнымі рэгіянальнымі сайтамі. У апошнія гады быў вядомы ў Брэсце як валанцёр пошукава-выратавальнага атрада «Анёл».
На сёння ў Беларусі паводле артыкула «Здрада дзяржаве» асуджаныя і ўтрымліваюцца за кратамі чацвёра журналістаў: Андрэй Аляксандраў, Кацярына Бахвалава (Андрэева), Дзяніс Івашын, Даніл Палянскі.
