Журналісты выступілі ў падтрымку асуджаных актывістаў Емяльянава і Комара
Заява беларускіх журналістаў, мастакоў, фатографаў, культурных работнікаў і блогераў па справе Мікіты Емяльянава і Івана Комара.
Днём 18 лютага пад заяваю падпісаліся 95 чалавек.
Мы, беларускія журналісты, мастакі, фатографы, культурныя работнікі і блогеры, абураныя прысудам у дачыненні да палітвязняў Мікіты Емяльянава і Івана Комара, вынесеным 12 лютага 2020 года ў г. Мінску.
Емяльянава і Комара асудзілі за восеньскія акцыі: спачатку чырвонай фарбай быў запэцканы будынак гарадскога суда, а потым з другой спробы кактэйлем Молатава былі пашкоджаныя дзверы аднаго з будынкаў СІЗА.
За тры акцыі маладых людзей прысудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Страты Мінскага гарадскога суда склалі 143 рублі, а шкода ад сапсаваных дзвярэй аднаго з будынкаў СІЗА склала 1 рубель і 48 капеек.
Мікіта Емяльянаў не адмаўляў свайго ўдзелу ва ўсіх трох акцыях і заявіў, што мэтай яго дзеянняў было прыцягненне ўвагі да палітычных зняволеных у Беларусі, выказванне нязгоды з дзеючай сістэмай і рэпрэсіямі за свабоду меркаванняў.
Іван Комар адмаўляў свой актыўны ўдзел у акцыях і заяўляў аб прымяненні да яго жорсткага абыходжання і ціску на яго прадстаўнікамі ГУБАЗіК МУС і іншымі асобамі з мэтай напісання яўкі з пакаяннем.
У дачыненні да заявы Івана Комара пра прымяненне псіхалагічнага і фізічнага ціску належнага расследавання не зроблена. Суд не прыпыніў разгляд справы для высвятлення абставінаў жорсткага абыходжання па заяве Комара. Пры такіх абставінах дакладнасць і дапушчальнасць тых доказаў, якія былі атрыманыя па выніках допытаў абвінавачанага, а затым ляглі ў аснову абвінаваўчага прысуду выклікаюць сумнеў.
Суд таксама не праверыў заявы Комара пра прымус да дачы паказанняў, аб жорсткім абыходжанні і пагрозах катаваннямі; не дадзеная належная адзнака праведзеным у дачыненні да абвінавачанага Емяльянава аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, якія парушылі яго права не сведчыць супраць сябе, а таксама карыстацца дапамогай адваката, што ў сукупнасці з іншымі парушэннямі правоў абвінавачаных сведчыць аб несправядлівым судовым разглядзе. Мы мяркуем, што Мікіта Емяльянаў і Іван Комар асуджаныя да празмерна жорсткага пакарання, якое з’яўляецца відавочна непрапарцыйным зробленаму.
Мы патрабуем для Мікіты Емяльянава і Івана Комара неадкладнага перагляду прысуду з захаваннем права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Дзеянні маладых людзей не прывялі ні да якіх сур’ёзных наступстваў — шкоды здароўю людзей, сур’ёзнаму пашкоджанню маёмасці.
Такі несправядлівы прысуд супраць уласных грамадзян несумяшчальны з нармальным развіццём нашай краіны і грамадзянскай супольнасці.
Сярод тых, хто падпісаў заяву, журналістка Яўгенія Доўгая, старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец, журналіст, рэдактар Анастасія Рубанава, гісторык Алксей Братачкін, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч і іншыя.
Падпісаць заяву можна ТУТ.