• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сяргей Сацук: абяцалі забіць ці пасадзіць

    У эфіры БТ быў паказаны момант, як галоўны рэдактар партала «Ежедневнік» Сяргей Сацук бярэ канверт у дзялка ад медыцыны Віктара Мядзведскага. 

    Сергей Сацук

    Тэлевізіёншчыкі сцвярджаюць, што агулам было перададзена $5 тысяч, за якія, маўляў, былі падрыхтаваныя расследаванні супраць канкурэнтаў Мядзведскага.

    Сацук расказаў «Нашай Ніве», як ацэньвае гэтую сітуацыю сам. 

    «Ён цяпер будзе казаць, што там $5000, я — што $100 долараў, вер каму хочаш.

    Але сітуацыя была такая: я рыхтаваў расследаванне пра пастаўкі тавараў медыцынскага прызначэння па завышаных коштах і з махінацыямі. Мядзведскі мне дапамог з інфармацыяй. Усё.

    Потым ягоная дырэктар пісала мне ў вацап: «Ну як там, ну як там? Як прасоўваецца?». Я патлумачыў, што жыву за горадам, а ў мяне ў той час зламалася машына. Мабільнасць троху абмежаваная, не магу аператыўна пад’ехаць і удакладніць нейкую інфармацыю. Потым яна пачала пісаць, што Мядзведскі гатовы кампенсаваць выдаткі, арэнду машыны, рамонт і гэтак далей. Я адмаўляўся. Арандаваў за свае грошы.

    І калі мы потым сустракаліся ў іх кабінеце, мне Мядзведскі кажа, вось, маўляў, як мой дырэктар абяцала, мы гатовыя нейкія выдаткі пакрыць. Чаму я казаў пра біткойн? Я казаў, што не хачу ведаць, адкуль грошы і ад каго: маўляў, кіньце на біткойн. Ну я падумаў: ладна, хай пакрые выдаткі. Я нават не памятаю, колькі было ў канверце — можа, 100 рублёў, або 100 долараў. Нейкая невялікая сума.

    Але калі б быў паказаны ўвесь запіс сустрэчы, то было б ясна, што не выпадае пісаць пра артыкул на замову, таму што я папярэджваў, што рыхтуецца новая частка расследавання, дзе будзе фігураваць сам Мядзведскі. І што калі мы знойдзем жалезныя факты супрацьпраўных дзеянняў — усё пойдзе ў друк. Маўляў, можам толькі папярэдзіць за пару дзён, каб быў час з’ехаць на які небудзь востраў і жыць там на свае грошы.

    Мне потым далі зразумець, што прасцей «замовіць» журналіста, чым з’ехаць на востраў, таму другую частку расследавання мы не публікавалі, узважыўшы рызыкі. Абяцалі забіць ці пасадзіць.

    А пра гэты запіс я ведаў за пару месяцаў яшчэ», — расказаў Сацук. 

    Ён таксама дадаў, што згаданую публікацыю «узгадняў з палкоўнікам ДФР». 

    «Мне старшыня КДБ прапаноўваў 3‑пакаёвую кватэру ў Мінску, каб я не пісаў адзін матэрыял — гэта было даўно, гаворка не пра Вакульчыка.

    Я тады не пагадзіўся. А тут пагаджуся? На аб’ектыўнасць гэтыя грошы не ўплывалі.

    Матэрыял, які яны далі, быў класны. Я б яшчэ сам за яго мог даплаціць. Расследаванне я рабіў разам з польскімі калегамі. А грошы… Калі я абвесціў збор на падтрымку расследаванняў, дык людзі проста на вуліцы падыходзілі і давалі грошы. На канферэнцыю нейкую прыходжу, а да мяне: «Сяргей, вазьмі». Проста так тычуць. Толькі на тэлефон больш за 600 рублёў перавялі», — дадаў Сацук. 

    Ён сцвярджае, што атрыманых грошай не хавае і задэкларуе іх напрыканцы года. 

    Мы таксама пацікавіліся ў Сацука, ці не было такіх прэцэдэнтаў, каб ён браў грошы раней?

    «Не было такога. Якія грошы? Я не такі багаты чалавек, у мяне даўгоў на $15 тысяч — толькі за электрычнасць у доме з непадведзеным газам на 9 тысяч рублёў», — запэўнівае ён. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці