• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Давыдзька: Я б хацеў, каб гаварылі пра злачынцу, якога асудзілі на смерць, як пра нелюдзь

    Статыстыка злачынстваў кажа пра тое, што наяўнасць у краіне смяротнага пакарання на памяншэнне колькасці цяжкіх злачынстваў не ўплывае, таму Беларусі неабходна рухацца ў бок адмены смяротнага пакарання. Пра гэтазаявіў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Генадзь Давыдзька.

    Фото: Дарья Бурякина, TUT.BY

    Сёння на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў было прынята рашэнне аб стварэнні ў Нацыянальным сходзе рабочай групы па вывучэнні пытання аб адмене смяротнага пакарання, якую ўзначаліць Генадзь Давыдзька.

    Рабочая група па пытанні смяротнага пакарання ў Нацыянальным сходзе працавала з 2010 года, але называлася яна інакш — «па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання як інструмента пакарання». Стварылі яе пасля таго, як у чэрвені 2009 года ад Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы паступіў ультыматум, што Беларусі вярнуць статус спецзапрошанага толькі пры ўмове адмены смяротнага пакарання або ў выпадку ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне.

    Як патлумачыў Давыдзька, фармулёўку назвы рабочай групы вырашылі змяніць з‑за «дзяржаўнай устаноўкі па гуманізацыі заканадаўства».

    — Так, зменена назва рабочай групы, таму што ёсць агульная дзяржаўная ўстаноўка па гуманізацыі заканадаўства нават да тых, хто пераступіў межы агульнадазволенага і не годны чалавекам звацца. Гэта адлюстравана ў назве групы — «па пытанні адмены смяротнага пакарання», таму што да гэтага трэба імкнуцца, гэта нядобра, калі адзін чалавек забівае другога, гэта няправільна, — лічыць Генадзь Давыдзька. — Але грамадская думка, мяркуючы нават па апошніх прысудах, калі былі асуджаныя забойцы, на баку дзяржавы.

    — Адкуль вы ведаеце? Хто праводзіў такое апытанне?

    — Я ведаю гэта, таму што апытаў людзей. І з таго, як гэта падаецца ў СМІ. Дапусцім, сястра, якая ведала пра злачынства, робіць нейкія прамовы, спрабуе ачалавечыць, стварыць грамадскую думку, што гэта нядобра [смяротнае пакаранне]. Я бачу ў гэтым ангажаванасць і тэндэнцыйнасць. Але тым не менш мы павінны рухацца ў гэтым рэчышчы. Я разумею, што адмена смяротнага пакарання ў іміджы краіны будзе нешта значыць для некаторых заходніх структур. Хоць мне глыбока непрыемна, што яны не прад’яўляюць такія прэтэнзіі да іншых цалкам цывілізаваных краін, такіх як ЗША, Японія. Але, з іншага боку, вывучэнне статыстыкі не супакойвае: наяўнасць або адсутнасць смяротнага пакарання на крымінагенную абстаноўку не ўплывае. З гэтага наша рабочая група будзе рабіць высновы.

    На думку Давыдзькі сёння тыя, хто «сядзяць на канапе з гамбургерам», кажуць пра чалавека, асуджанага на смяротнае пакаранне, «як пра ахвяру дзяржавы». Дэпутат з такім меркаваннем не згодны.

    — Я б хацеў, каб гаварылі пра злачынцу, як пра нелюдзь, які здзейсніў нешта нечалавечае. Але калі мы гаворым пра смяротнае пакаранне, мы, у першую чаргу, гаворым пра магчымасць судовай памылкі. Таму смяротны прысуд павінен быць адтэрмінаваны на некалькі гадоў, нельга спяшацца. Альбо трэба смяротнае пакаранне адмяніць і стварыць такія ўмовы, пры якіх смяротнае пакаранне злачынцу будзе здавацца выратаваннем. Але тут уступаюць у сілу правы чалавека — мы не маем права здзекавацца з жывога чалавека. Для ўсіх паказчык Брэйвік і яго трохпакаёвы турэмны нумар і магчымасць атрымліваць у турме адукацыю. Але мы, напэўна, да гэтага яшчэ не дараслі, або, наадварот, мы значна больш цывілізаваная дзяржава, — лічыць Давыдзька.

    Пераклад NN.BY

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці