• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Кінакрытыкі ёсць, а кінакрытыка знікла”. Гутарка з Ірэнай Кацяловіч

    Пра ролю культурніцкай журналістыкі ў сённяшнім дні і спецыфіку працы з творчымі асобамі, пра перспектывы беларускага кіно БАЖ распытала журналістку і вядомага кінакрытыка Ірэну Кацяловіч.

     

    “Было забаўна назіраць, колькі медыяў адрэагавала на міністэрскую цэнзуру”

    — Па якіх прычынах вы збольшага адышлі ад культурнай журналістыкі?

    — Акурат у верасні ва ўсю моц прыкідваюся, што я ўсё яшчэ кінакрытык: еду на Генеральную асамблею Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў, а пасля збіраюся расказаць пра беларускае кіно на паказах нашых фільмаў у Нарвегіі.

    Пры гэтым я ўжо не памятаю, калі апошні раз пісала рэцэнзію, і ўвогуле не адчуваю, што якому-кольвек чытачу ў Беларусі сёння патрэбная мая ацэнка.

    Культурная журналістыка, наадварот, моцна патрэбная (увесь час думаю пра гэта пад словы “геданісты не старэюць” з песні “Петли пристрастия”). Па-першае, не мусім заставацца адно з рэпрэсіямі і вайной. Па-другое, беларуская культура нармальна сябе пачувае, недарма яна вывезла сябе за мяжу, каб не стаць “культурай ГУЛАГу”. Зрэшты, “культура ГУЛАГу” ў нас — асобны феномен, і добра, каб усё гэта было зафіксавана, не толькі навінавым фарматам, бо інакш проста растане ў часе.

    Сама я адышла ад культурнай журналістыкі 24 лютага і ў шоку занялася надзёншчынай. І пакуль што не бачу, як да культуры вярнуцца на стала. Цяпер я проста журналіст.

    — На колькі, на вашу думку, тэма вайны выціскае тэму культуры сёння: гэта больш пытанне попыту чытача ці палітыкі СМІ і прафесійных інтарэсаў саміх журналістаў?

    — Тэма культуры ніколі не лічылася папулярнай у чытача/гледача, а ў час татальнай драмы наўкол можна толькі меркаваць, яна становіцца больш запатрабаванай ці менш.

    Я ўжо стамілася тлумачыць: культура важная, нягледзячы на прагляды. І разлічваю на тое, што дарослым людзям гэта даказваць не трэба.

    А трэба — і журналістам, і СМІ — намацваць спосаб расказваць пра яе так, каб у гэтым былі і снабісцкія рэчы для “абраных”, і папулярны энтэртэйнмент.

    У нашай сціплай медыяпрасторы такі выбар і да 2020 года рабілі нямногія. Я адзін год кіравала прэс-службай кінафестываля “Лістапад”. Памятаю, тады здарыўся скандал праз тое, што мінкульт паспрабаваў выключыць з Нацыянальнага конкурсу некалькі стужак. І мне было забаўна назіраць, колькі медыяў адрэагавала на міністэрскую цэнзуру — з тых, хто нават не спрабаваў акрэдытавацца на фэст, хоць у нашай прасторы гэта была адна з самых высакакласных культурніцкіх падзей.

    Відавочна, у многіх не было нават практыкі асвятлення тэмы культуры, шмат хто думаў і думае дагэтуль, што гэта тое, у чым у прынцыпе разбіраецца кожны. Але калі я бачу пытанне пісьменніку: “Як гэта вашая кніга мастацкая, калі яна заснавана на рэальных падзеях?” ці ў чарговы раз чытаю да скрыгату зубоў надакучлівы шаблон “пясняр” у дачыненні да Янкі Купалы, думаю: “Не, гайз, так не пойдзе”.

    Культурная журналістыка заслугоўвае прафесіянальных працаўнікоў. Адказваючы на пытанне, тэму культуры выціскае традыцыя — традыцыя ставіцца да яе, як да нечага неабавязковага, і з боку медыяў, і з боку чытачоў, праз тое, што нашае надзённае — гэта ўвесь час нейкая барацьба, асабліва сёння. 

    Але я бачу пазітыўныя моманты: анлайн-медыя Reform.by адвяло для тэмы культуры асобную рубрыку, больш увагі і высілкаў, якасныя рэчы публікуе “Новы Час”, “Наша Ніва” ўвесь час то серыял параіць, то яшчэ што, “Будзьма” ўсімі праўдамі і няпраўдамі збірае культурніцкія публікацыі на сваёй старонцы. Добра ў гэтым сэнсе працуе сайт майго “Белсата”.

    Развіваюцца крутыя YouTube-праекты, дазволю сабе палічыць іх за журналістыку. Але ці дастаткова гэтага, каб замацаваць і асэнсаваць нашыя сённяшнія культурныя працэсы? Не.

    “Па-ранейшаму кайфую ад кіно, “працую” кінакрытыкам для самой сябе”

    — Якім вы бачыце стан сённяшняй беларускай кінакрытыкі, чаго не стае? 

    — Нічога не стае таму, чаго няма. Кінакрытыкі ёсць, а кінакрытыка знікла.

    У нашыя часы дэфініцыя “беларускі кінакрытык”, здаецца, немагчымая па вызначэнні: беларускі і без таго кульгавы кінапрацэс раз’ехаўся па замежжы і толькі зрэдчас дае нагоду пра яго ўзгадаць, кінапракат у Беларусі запоўнены прахаднымі фільмамі, а на стрымінгавых платформах кшталту Net­flix падпісчыкі глядзяць пераважна серыялы, а гэта іншы кірунак крытыкі.

    Мне і самой часам складана запаволіцца да прагляду, хаця, вядома, для многіх кіно становіцца паратункам. Я перабіваюся рэдкімі актыўнасцямі, па-ранейшаму кайфую ад кіно, “працую” кінакрытыкам для самой сябе. Але пакуль нічога не дазваляе мне сказаць, што ў нас ёсць нейкі кінакрытычны працэс.

    Даказаць тым, хто прымае рашэнні ў СМІ, вартасць кінакрытычных матэрыялаў сёння хіба яшчэ складаней, чым запэўніць у вартасці культурнай рубрыкі.

    А дзяржаўны сегмент СМІ, калі там раптам спрабуюць праводзіць нейкі аналіз кіно, — я шчыра не ведаю — асуджаны на непаўнавартаснасць і ўшчэрбнасць, бо ён, вядома, праігнаруе тое, што робяць незалежныя кінематаграфісты. А які вобраз беларускага кіно апошніх гадоў без “Куражу” і “Калі кветкі не маўчаць”?

    Дарэчы, падчас працы ў “Звяздзе” мне ніколі не даводзілася даказваць вартасць ані кінакрытыкі, ані культуры. Ім было пляваць на прагляды, таму я магла дазволіць сабе якую-небудзь рэцэнзію на прэм’еру індыйскага фільма на Ama­zon Prime Video, які, я перакананая, апроч мяне ў Беларусі паглядзела не больш за пяць чалавек.

     

    “Фільм, канешне, будзе лайно, але рэцэнзію на яго можна напісаць шэдэўральную”

    — Якія мэты ставіліся пры стварэнні прэміі кінапрэсы “Чырвоны верас” і ці ўдалося іх дасягнуць? Ці будзе працяг?

    — Ідэю прэміі беларускіх кінакрытыкаў мы абмяркоўвалі некалькі гадоў. Помню вячэру з калегамі ў адной з кавярняў на праспекце Незалежнасці яшчэ ў часы мірнай дыктатуры — мы прыдумалі жартаўлівую назву “Залаты агрэст” і абмеркавалі, каму б гэтыя “Агрэсты” ўручылі. А калі кінапрастора — такая, якая яна ў нас была,— стала разбурацца, а кінафестываль “Лістапад”, што быў месцам тусоўкі беларускіх рэжысёраў, аддалі “Беларусьфільму”, ідэя свайго спосабу адзначыць беларускіх фільммейкераў паўстала наноў.

    Кінакрытык Тарас Тарналіцкі прапанаваў зладзіць прэмію і ўвесь час нас штурхаў, каб мы рабілі сваю працу. І мы зрабілі.

    Я асабіста перадавала пару дыпломаў нашым пераможцам. І пасля фразы, маўляў, у такія моманты думаеш, што варта працягваць займацца кіно, магу сказаць так, мы дасягнулі нашых мэтаў. І мы абмяркоўваем працяг.

    — Чым адрозніваецца погляд на стужку прафесіянала ад звычайнага гледача, якія вы бачыце перспектывы айчыннага кіно?

    — Перспектывы беларускага кіно залежаць ад агульных перспектыў беларускай дэмакратыі. Я баюся прадказваць другое пасля таго, як пасля прысуду Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай сказала, што такі тэрмін яны дакладна не адсядзяць, але Дар’я выйшла на волю, адсядзеўшы поўны тэрмін, у Кацярыны яшчэ адзін прысуд за “здраду дзяржаве”.

    Калі агульныя перспектывы добрыя, то ў айчыннага кіно будзе хоць і безграшовая, але новая хваля. Калі ўся гэтая трагедыя зацягнецца, ніякай пакуль новай хвалі, але само па сабе незалежнае кіно нікуды не дзенецца — час ад часу нешта ды будзе з’яўляцца, проста афіцыйна гэта будзе не беларускае кіно, а кіно паводле краіны вытворцы. Мы так жывем ужо гады.

    Кінакрытыкі ў любым выпадку зафіксуюць гэты час і стан, і якасць, і атмасферу. Адказваючы на першае пытанне, аналіз кінакрытыка, на мой погляд, у тым ліку цікавы тым, як ён упісвае стужку ў кантэкст. Прынамсі я люблю гэта рабіць, з гэтага гледзішча ў галаву прыходзіць будучая стужка “Беларусьфільма” “Мы адзіныя” пра быццам бы цяжкі час польскай акупацыі — фільм, канешне, будзе лайно, але рэцэнзію на яго можна напісаць шэдэўральную. 

    “Самае надзённае для нашых журналістаў сёння — не звар’яцець”

    — У сваёй нядаўняй публікацыі ў Фэйсбуку спадар Альгерд Бахарэвіч прывёў прыклады няўдалай камунікацыі з журналістамі, наракаючы на непрафесіяналізм некаторых з іх. Пісьменнік лічыць, што “надыходзіць час перафарматаваць стасункі з журналістамі”. Ці здараюцца непаразуменні паміж журналістам і героем, ці бывае складана працаваць з творчымі асобамі?

    — Не змагу выдзеліць прадстаўнікоў культуры ў нейкую асобную “складаную” катэгорыю: свае тараканы ў галаве ёсць шмат у каго, незалежна ад таго, творчы ён ці не, у тым ліку ў мяне самой.

    Са смешнага, у 2020‑м мы хацелі зрабіць інтэрв’ю з Міхаілам Фінбергам для “Нашай Нівы”. Гэта была ідэя цяпер палітзняволенага Ягора Марціновіча. Прыйшлі да філармоніі, але аказалася, што Фінберг проста з’ехаў дадому — бо стаміўся. Напэўна, разумеў, што лёгкіх пытанняў яму не будзе.

    Мы толькі пасмяяліся і пайшлі з фатографкай піць каву ў Paul, і інтэрв’ю гэтаму спадару больш не прапаноўвалі.

    Агулам магу сказаць, што як журналісту, які з кім толькі не паразмаўляў, мне даводзіцца працаваць з выхаванымі, інтэлігентнымі і мілымі людзьмі, часам яны мяне натхняюць, часам я сяджу і ўсміхаюся пасля інтэрв’ю –— беларусы такія. Адзін толькі спосаб мыслення мяне часам працверажае, ён праглядвае і ў згаданым пасце спадара Альгерда:

    нешта накшталт “гэта не я да вас звярнуўся, гэта вы да мяне звярнуліся” з усімі выняткамі. Ёсць у гэтым нейкая вычварнасць постсавецкіх стасункаў паміж людзьмі. 

    Гайз, ніводнае з папулярных шоу (бярэм за ўзор заходнюю журналістыку) з дасціпнымі жартамі з гасцей і ніводнае каверзнае пытанне Арыаны Фалачы ці Лары Кінга не адбыліся б, калі б чувакі прыходзілі да іх з думкай “я раблю вам ласку”. 
    Вельмі хачу, каб тым часам і нашая журналістыка бесперапынна пракачвала свой прафесіяналізм і выгадоўвала сваіх Арыан Фалачы. Хаця разумею: самае надзённае для нашых журналістаў сёння — не звар’яцець пасля тыдня за тыднем пра прысуды і ахвяраў вайны.

    Чытайце яшчэ:

    «З усіх ЗАГСаў Кіева толькі адзін пагадзіўся распісаць украінца з беларускай»: журналісты пра выпрабаванні ў эміграцыі

    Аліна Коўшык праз 15 гадоў працы на «Белсаце» сыходзіць з тэлеканала

    Задачка со звездочкой: свобода слова, права человека или национальная безопасность?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці